Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуляў у хакей з Лукашэнкам, а цяпер трапіў у няласку. Гісторыя жыцьця бізнэсоўца Паўла Белага


Павал Белы, Аляксандар Лукашэнка і іншыя гульцы хакейнай каманды апошняга. Каляж
Павал Белы, Аляксандар Лукашэнка і іншыя гульцы хакейнай каманды апошняга. Каляж

Дзеля таго, каб Павал Белы пабудаваў жыльлёвы комплекс у Лебядзіным, Лукашэнка зьмяніў ахоўную зону. Кватэры там купілі Эйсмант, Баскаў, Карзюк, Шманай.

Павал Белы — адзін з галоўных забудоўнікаў Менску. Ён шмат гадоў быў лідэрам аматарскай хакейнай каманды Лукашэнкі. Цяпер жа, магчыма, у яго ўзьніклі праблемы з законам.

Па інфармацыі выданьня «Наша ніва», Паўла Белага затрымлівалі сілавікі. Тры дні ён правёў у СІЗА, але потым яго вызвалілі. СМІ паведамляе, што крымінальнай справы супраць прадпрымальніка не спынілі. Паводле інфармацыі НН, сілавыя структуры маюць прэтэнзіі да фінансавых пытаньняў адной зь фірмаў, што валодае Белы.

Сайт «Зеркало» паведаміў, што апошнім часам справы ў фірме Белага «Тапас» ішлі ня вельмі добра. Маўляў, кампанія «спраўлялася зь вялізным фінансавым крызісам».

Свабода расказвае гісторыю аднаго з найбольш набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцаў.

Бацька зьмяніў прозьвішча з «Левенштэйн» на «Белы»

Павал Белы нарадзіўся ў 1980 годзе ў казаскім горадзе Тэміртаў у Карагадзінскай вобласьці. Справа ў тым, што ў той час за мясцовую хакейную каманду «Будаўнік» гуляў бацька будучага прадпрымальніка Аляксандар Белы.

Бацька Белага нарадзіўся ў 1952 годзе ў Рубцоўску, што ў Алтайскім краі. Пры нараджэньні ягонае прозьвішча было Левенштэйн, але цягам хакейнай кар’еры будучы бізнэсовец зьмяніў яго на Белы. Цяпер ён паўсюль падпісваецца як «Аляксандар Паўлавіч», хаця, як паведамілі Свабодзе «Кібэрпартызаны», сапраўднае імя па бацьку ў Белага Пінхосавіч.

Адметнай хакейная кар’ера ў Аляксандра Белага ня стала. Гуляць пачынаў у менскім «Тарпэда». На той час гэтая каманда выступала ў другім па значнасьці дывізіёне СССР. Потым пагуляў ва ўжо згаданым «Будаўніку» (Тэміртаў), петрапаўлаўскім «Мэталісьце», краснаярскім «Сокале» і бабруйскім «Шыньніку». Да найвышэйшай лігі чэмпіянату СССР ён так і не падняўся.

У хакей гуляў і родны брат Аляксандра Ўладзімір. Ён таксама падчас кар’еры зьмяніў прозьвішча Левенштэйн, але на Дудаль. Адметна, што гулялі яны ў тых самых клюбах, заўсёды ішлі поруч адзін з адным. Аляксандар быў нападнікам, а Ўладзімір — абаронцам.

Хацеў назваць каманду «Дінамо»

Па сканчэньні кар’еры Аляксандар Белы стаў генэральным дырэктарам менскага Палацу спорту на Нямізе. Працаваў у Беларускай фэдэрацыі хакею, а таксама быў генэральным дырэктарам менскага «Дынама» (2008-2010).

Менавіта Белы-старэйшы прывёў у «Дынама» першых сапраўдных замежных зорак — Джэфа Плата (канадзец пазьней атрымаў беларускі пашпарт), Ханнэса Хювэнэна, Віле Пэлтанэна, Юнаса Андэрсана.

У «Дынама» ў той час зьмяняліся трэнэры, але выніку не было. Каманда так і ня выйшла ў плэй-оф Кантынэнтальнай хакейнай лігі.

За час дырэктарства Белага з хакейным «Дынама» адбыўся анэкдатычны выпадак. Напярэдадні сэзону Аляксандар Белы заявіў, што каманда будзе называцца «Дінамо». Менавіта ў такім напісаньні. Справа ў тым, што тады ішлі спрэчкі з БФТ «Дынама» за таварны знак. Аднак да такой «трасянкавай» назвы справа ўсё ж не дайшла.

Кар’еру скончыў праз траўму сьпіны

Дзяцінства Паўла Белага праходзіла ў мікрараёне Сьцяпянка ў Менску. Ён таксама пачаў займацца хакеем, як і ягоны бацька. Павал — выхаванец школы менскага «Юнацтва».

Пагуляў за «Гомель», менскія «Керамін» і «Дынама», «Юнацтва», а таксама расейскі «Салават Юлаеў» з Башкартастану. Выклікалі Паўла і ў нацыянальную зборную, за якую ён правёў 24 гульні і закінуў адну шайбу. Белы быў двухразовым чэмпіёнам Беларусі ў хакеі.

Кар’еру скончыў у 2007 годзе праз траўму сьпіны. Але яшчэ ў 2005 годзе Белы ўжо значыўся як камэрцыйны дырэктар прадпрыемства «Экспалес» (яму належала 20% акцый), якая займалася продажам прадукцыі з дрэва. Там жа сакратаркай працавала ягоная тагачасная жонка Кацярына.

У 2008 годзе месцам працы Белага ўжо значыцца — заснавальнік ААТ «Тапас». Гэтую кампанію яшчэ ў 2001 годзе заснаваў бацька Паўла. Зь цягам часу «Тапас» стане буйным забудоўнікам Менску.

Дзьве кватэры, два катэджы

Першым вялікім праектам «Тапасу» стала будаўніцтва комплексу на вуліцы Язьмінавай у Менску, што адразу за Нацыянальнай бібліятэкай. На той момант гэта быў адзін з найбольш прэстыжных раёнаў у сталіцы. Кватэры там куплялі бізнэсоўцы і чыноўнікі.

Сам Белы таксама мае нерухомасьць у адным з дамоў на Язьмінавай. У адным з суседніх дамоў жыве ягоны бацька Аляксандар. На вуліцы Філімонава Павал мае двухузроўневую кватэру.

Вядома, што нейкі час Павал Белы таксама быў прапісаны ў двух катэджах на вуліцах Парніковай і Цяплічнай. Двухпавярховы катэдж на Парніковай добра відаць на панарамах «Яндэкс.Мапаў». Там жа прапісаныя і дзьве дачкі-блізьняткі Белага — Аліна і Аніта.

Апроч нерухомасьці ў Менску, ва ўладаньні Белага ёсьць дом у вёсцы Палік Барысаўскага раёну, якая знаходзіцца на беразе аднайменнага возера. Тыя мясьціны вельмі папулярныя сярод паляўнічых. Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», і Павал Белы, і ягоны бацька валодаюць зброяй.

Пабудаваў жыльлёвы комплекс у ахоўнай зоне

Сярод іншых вядомых праектаў «Тапаса» — гандлёвы цэнтар «Пасаж» на Камароўскім рынку, жыльлёвыя комплексы «Браслаўскі», «Аквамарын», «Парк-Сіці», «Мэгаполіс», бізнэс-цэнтры «Дэпарт», «Футурыс», «Аякс».

Менавіта кампанія «Тапас» ўзьвяла жыльлёвы комплекс «Алімпік-Парк», дзеля будаўніцтва якога была зьмененая ахоўная зона ў мікрараёне «Лебядзіны». Указ падпісваў асабіста Лукашэнка.

У сьнежні 2019 году пампэзна быў адкрыты рэстаран «Лебядзіны». На яго адкрыцьцё прыходзіў і Лукашэнка, хаця гэта не афішавалася ягонай прэс-службай. Сярод гасьцей было шмат чыноўнікаў, бізнэсоўцаў, музыкаў. Пазьней гэты рэстаран перааформілі на Нацыянальны алімпійскі камітэт, якім кіруе Віктар Лукашэнка. Эколягі і ўрбаністы крытыкавалі будаўніцтва.

У красавіку 2020 году жыльлё ў «Алімпік-Парку» купіла прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант. Кватэра плошчай у 108 мэтраў квадратных ёй абышлася ў 167 тысяч даляраў. Пры гэтым кватэру Эйсмант купляла ня ў «Тапасе», як большасьць купцоў, а асабіста ў Аляксандра Белага, бацькі Паўла, які зьяўляецца намесьнікам дырэктара кампаніі.

Кватэры ў «Лебядзіным» маюць таксама кіраўнік ДАІ Дзьмітры Карзюк, які катаецца на матацыклах разам зь Віктарам Лукашэнкам, уласьнік «Табакерак» Аляксей Алексін, колішняя кіраўніца дзяржаўнага пратаколу прэзыдэнта Беларусі Дар’я Шманай. Меў там нерухомасьць і «сэнатар», былы кіраўнік Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітры Баскаў, але потым прадаў.

Гульня з Лукашэнкам

Посьпех Паўла Белага зьвязваюць з тым, што ён гуляў у хакей адной камандзе разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Назваць гэтую каманду аматарамі вельмі цяжка, бо ў асноўным гэта былыя прафэсійныя хакеісты, які скончылі кар’еру. На сёньня ў камандзе Лукашэнкі гуляюць нават людзі, якія прайшлі праз наймацнейшую ў сьвеце Нацыянальную хакейную лігу (НХЛ) — Міхаіл Грабоўскі і Андрэй Касьціцын.

Доўгі час Павал Белы выходзіў у адным зьвяне з Аляксандрам Лукашэнкам. На сёньняшні дзень ён ужо ня значыцца ў складзе. Таксама адметна, што каманда Лукашэнкі цяпер найчасьцей гуляе на пляцоўцы «Лебядзіны парк», якую таксама пабудаваў «Тапас».

Выданьне «Наша ніва» сьцьвярджае, што Белы «быў ганцом ад асобных бізнэсоўцаў да Аляксандра Лукашэнкі. Карыстаючыся блізкасьцю да кіраўніка дзяржавы, ён атрымліваў для іншых прэміяльныя ўчасткі зямлі пад забудовы за долю ў кампаніях, якія рэалізоўвалі праект».

КДБ ужо затрымліваў Белага раней

Калі Паўла Белага сапраўды нядаўна затрымлівалі, то гэта ня першы ягоны досьвед сутыкненьня зь сілавікамі. У 2012 годзе многія СМІ пісалі, што Белага затрымліваў КДБ, але камітэт тады ня даў пацьверджаньня гэтаму.

Дзякуючы «Кібэрпартызанам» Свабода дазналася, што ў сакавіку 2012 году супраць Паўла Белага КДБ сапраўды завёў крымінальную справу. Яе спынілі ў канцы ліпеня таго ж году.

Белага тады таксама адпусьцілі праз тры дні пасьля затрыманьня. Амаль адразу ж ён выйшаў на лёд разам з Лукашэнкам. У гульні супраць каманды Берасьцейскай вобласьці прадпрымальнік забіў тройчы, прычым усе разы зь перадач кіраўніка дзяржавы.

У рэйтынгу пасьпяховых бізнэсоўцаў за 2021 год, які складала выданьне «Ежедневник», Павал Белы займаў 21-е месца. Апроч «Тапаса», ён яшчэ мае прадпрыемства «Белскладкомплекс» у Калодзішчах, якое займаецца піламатэрыяламі, агенцтва нерухомасьці «Мэгаполіс», некалькіх трэнажорных і фітнэс-заляў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG