Беларусы зноў могуць удзельнічаць у амэрыканскай адукацыйнай праграме «Фулбрайт». Сьпіс кірункаў

Сьцяг ЗША на фоне Капітолія ў Вашынгтоне. Ілюстрацыйнае фота

Пачаўся прыём заявак на ўдзел у некалькіх адукацыйных праграмах ЗША з поўным фінансаваньнем выдаткаў.

Амэрыканскія рады па міжнароднай адукацыі (American Councils for International Education) пачалі прыём заявак ад беларусаў на ўдзел у шэрагу праграм «Фулбрайт».

Грамадзяне Беларусі, якія адпавядаюць крытэрам адбору, незалежна ад месца жыхарства, могуць падаць заяўкі на ўдзел у некалькіх адукацыйных праграмах ураду ЗША з поўным фінансаваньнем выдаткаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія вылучыла ўрадавыя стыпэндыі, каб падтрымаць беларускае студэнцтва

Для студэнтаў

Праграма «Фулбрайт» для замежных студэнтаў (The Fulbright Foreign Student Program) прапануе поўнае фінансаваньне на навучаньне ў амэрыканскіх унівэрсытэтах для атрыманьня ступені магістра. Грант пакрывае выдаткі на навучаньне, авіябілеты, а таксама ўключае штомесячную стыпэндыю, мэдычную страхоўку і візавую падтрымку (у тым ліку для чальцоў сям’і).

Падчас праграмы таксама ёсьць магчымасьць стажу ў амэрыканскіх арганізацыях. Акрамя беларускага грамадзянства, кандыдаты павінны мець закончаную вышэйшую адукацыю і выдатна валодаць ангельскай мовай. Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рэпрэсаваным беларускім студэнтам атрымаць нямецкія дыплёмы. 10 парадаў з Бона

Для навукоўцаў і дасьледчыкаў

Праграма «Фулбрайт» для навукоўцаў і дасьледчыкаў (The Fulbright Visiting Scholar Program) прапануе магчымасьць праводзіць дасьледаваньні ці чытаць лекцыі ў адным з унівэрсытэтаў ЗША на працягу 3–6 месяцаў. Кандыдат павінен працаваць ва ўнівэрсытэце або дасьледчай установе ў Беларусі ці іншай краіне, мець навуковую ступень кандыдата або доктара навук і добра валодаць ангельскай мовай.

Удзельнікі атрымліваюць фінансаваньне на міжнародныя пералёты, штомесячную стыпэндыю і дадатковыя адначасовыя выплаты на набыцьцё літаратуры, уладкаваньне на новым месцы, візавую падтрымку (у тым ліку для членаў сям’і), а таксама мэдычную страхоўку. Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз запусьціў праграму стыпэндый для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў і навукоўцаў

Для выкладчыкаў ВНУ

Праграма «Фулбрайт» для выкладчыкаў ВНУ (The Fulbright Faculty Development Program) прапануе прафэсійную стажыроўку на працягу аднаго сэмэстра без атрыманьня акадэмічнай ступені. Праграма ўключае знаёмства з адукацыйнымі курсамі, распрацоўку навучальных праграм, збор матэрыялаў, наведваньне канфэрэнцый, супрацу з амэрыканскімі калегамі, правядзеньне прэзэнтацый.

Удзельнікам аплачваюць міжнародныя і ўнутраныя пералёты, мэдычную страхоўку і штомесячную стыпэндыю. Кандыдат павінен быць выкладчыкам установы вышэйшай адукацыі ў Беларусі ці іншай краіне, мець досьвед выкладаньня ня менш за два гады, вышэйшую адукацыю, а таксама добра валодаць ангельскай мовай. Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія навучальныя праграмы і стыпэндыі цяпер дасяжныя маладым беларусам. Парады прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі «Рада»

Праграма Г’юберта Гамфры

Праграма стыпэндый Г’юберта Гамфры (Hubert H. Humphrey Fellowship Program) дае магчымасьць навучацца ва ўнівэрсытэце на ўзроўні магістратуры і адначасова ўдасканальваць сваё прафэсійнае майстэрства ў ЗША на працягу году без атрыманьня акадэмічнай ступені. Кандыдаты павінны мець вышэйшую адукацыю, ня менш за 5 гадоў досьведу працы ў адпаведнай галіне, добра валодаць ангельскай мовай, а таксама дэманстраваць лідэрскія якасьці і імкненьне прыносіць карысьць грамадзтву.

Праграма аплачвае міжнародныя пералёты, кошт навучаньня ва ўнівэрсытэце, мэдычную страхоўку, а таксама штомесячную стыпэндыю і аднаразовыя выплаты. Праграма таксама прапануе візавую падтрымку (у тым ліку для чальцоў сям’і). Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прапанавала стварыць у Гарвардзе стыпэндыю для беларусаў імя Алеся Бяляцкага
  • Заяўкі на гэтыя праграмы прымаюцца да 23:59 (па менскім часе) 3 верасьня 2023 году.
  • Праграмы даступныя для ўсіх грамадзян Беларусі, якія адпавядаюць патрабаваньням, незалежна ад цяперашняга месца жыхарства.
  • Дадатковая інфармацыя пра гэтыя і іншыя адукацыйныя магчымасьці — на сайце Амэрыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі.
  • Пытаньні можна накіраваць на электронную пошту belarus@americancouncils.org.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтку юрфаку адлічылі перад абаронай дыплёмнай працы, бо яна спаслалася на «экстрэмісцкія матэрыялы»