Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.
Публікуем фрагмэнты кнігі.
У апошні летні дзень 2022 году з тэлевізіі калёнія даведалася, што памёр Міхаіл Гарбачоў. Мы сядзелі ў «ленцы», глядзелі навіны па расейскім канале, не запомніў па якім. Толькі што на трагічнай ноце скончыліся навіны пра вайну ва Ўкраіне. Маўляў, «нэафашысты абстралялі Данецк»... А далей ужо будзённым голасам вядучая адбарабаніла: «У Маскве... памёр... былы першы прэзыдэнт СССР... Міхаіл Сяргеевіч...».
Ледзь стрымаў вокліч жалю, а вось вакол нікога сумная навіна не зачапіла. Ня ўбачыў аніякай рэакцыі. «О, — кажу суседу па лаўцы. — А я ж у яго інтэрвію браў». Ні слова ня кажа, падымаецца і сыходзіць, ледзь не ўцякае. Прыходжу ў «хату»: «Чулі? Гарбачоў памёр». Адказы блізкія да такіх: «А хіба ён яшчэ жыў?». «Дык пажыў нармальна». Нават сябры-аднадумцы не падзялілі смутку. Адзін завёў быў дыскусію: «Ведаеце, у мяне да Гарбачова стаўленьне супярэчлівае. Паглядзіце, як ён адрэагаваў на вайну — ніяк».
Шчыра скажу, чуць такія водгукі было ніякавата, хоць яны і былі справядлівыя. Хіба вырвеш з сэрца вялікі кавалак жыцьця, зьвязаны з Гарбачовым, распачатую ім перабудову? Апрача таго, давялося пры даволі незвычайных абставінах зь ім размаўляць (пра гэта пазьней), адчуць шчырасьць і адкрытасьць першага прэзыдэнта былой агульнай краіны, а потым зноў і зноў параўноўваць гэтыя ўражаньні з эмоцыямі ад сустрэч зь іншым першым прэзыдэнтам — Беларусі.
Вельмі хацелася з хлопцамі абмеркаваць ролю Гарбачова ў нашым жыцьці, у гісторыі. Схітрыў, закінуў «кручок»: «А я ж зь ім сустракаўся калісьці». Не з такой ужо вялікай зацікаўленасьцю, хутчэй проста па зэкаўскай звычцы бавіць час размовамі, але адгукнуліся: «А ну, раскажыце. Інтэрвію бралі, ці як?»
Прылёг на ложак. Пачаў так: калі падводзіць нейкі вынік, дык Гарбачоў для мяне быў палітыкам, які даў майму пакаленьню ня толькі свабоду, але і крылы, адчуваньне сваёй, нацыянальнай, а не агульнай савецкай, радзімы, разуменьне адказнасьці за яе далейшы лёс. Гэта дзякуючы Гарбачову я, як і мільёны грамадзянаў, уцягнуўся ў палітычнае жыцьцё, а да таго, хоць і працаваў журналістам найбуйнейшай газэты Беларусі, у палітычным сэнсе плыў па цячэньні. Сям’я, праца, кватэра, адпачынак. І зноў па тым жа коле: сям’я, праца, кватэра, адпачынак...
Хто «ня мог паступацца прынцыпамі»
У Беларусі перабудова буксавала праз кансэрватызм і замшэласьць мясцовай камуністычнай намэнклятуры, якую пісьменьнік Алесь Адамовіч аднойчы трапна назваў «Вандэяй перабудовы», і гэтая назва засталася ў гісторыі. Вандэя — правінцыя на захадзе Францыі, дзе ў часы Вялікай францускай рэвалюцыі мясцовыя арыстакраты падбухторылі сялян на паўстаньне супраць рэвалюцыйнага Парыжу.
Аналёгія зь Беларусьсю сярэдзіны і канца 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя была вельмі дарэчная, але з той розьніцай, што на адкрытае супрацьстаяньне з Масквой чырвоны намэнклятурны Менск не адважыўся, духу хапіла толькі на маўклівы сабатаж. Мясцовыя камуністычныя начальнікі рабілі выгляд, што перабудоўваюцца, а самі трымалі дуліны ў кішэні ды чакалі, калі ж Гарбачоў на чымсьці пасьлізьнецца.
Шанец выпаў увесну 1988 году, пасьля таго як у газэце «Советская Россия» зьявіўся артыкул «Не могу поступаться принципами» Ніны Андрэевай. Ленінградзкая выкладчыца Андрэева абяляла дыктатара Сталіна, асабліва ўсхваляючы ягоны ўнёсак у перамогу ў Айчыннай вайне, а вось лібэральную прэсу чыхвосьціла за пошукі праўды пра войны і рэпрэсіі. Артыкул Ніны Андрэевай пазьней справядліва назавуць маніфэстам антыперабудовачных сілаў. Нездарма яго ўхваліў сакратар ЦК КПСС Ягор Лігачоў, які вёў кулюарную барацьбу зь Міхаілам Гарбачовым. Мяркуецца, што якраз на прапанову Лігачова ягоныя аднадумцы ў ЦК кампартыі Беларусі вырашылі шырока распаўсюдзіць той артыкул у беларускіх газэтах.
Тады я працаваў адказным сакратаром газэты «Знамя юности» — друкаванага органа беларускага камсамолу, якому, як і ўсесаюзным выданьням, дазвалялі свабоды крыху больш, чым газэтам абласным, а тым больш раённым. Нагадаю, недзяржаўных мэдыя ў той час увогуле яшчэ не было. «Знамёнка», так коратка называлі нашу газэту, лічылася адной з самых дэмакратычных у рэспубліцы і, на маю думку, гэта было справядліва. Мы не абміналі актуальных палітычных і грамадзкіх тэмаў, якіх іншыя газэты пазьбягалі, баючыся атрымаць па шапцы ад куратараў з аддзелу прапаганды ЦК КПБ. Загадчыкам там сядзеў такі Савелій Паўлаў, заўзяты сталініст, адно імя якога выклікала ў беларускіх рэдактараў нэрвовую дрыготку.
Але не ў «Знамёнцы». Мы нават першымі ў рэспубліцы ўмудраліся паведамляць пра дзейнасьць народных франтоў, што ўзьніклі і імкліва набывалі папулярнасьць у прыбалтыйскіх рэспубліках. Ідэя стварэньня народнага фронту і ў Беларусі ўжо лунала ў паветры, нездарма начальства з ЦК кампартыі нават словазлучэньне «народны фронт» ужываць на старонках газэт катэгарычна забараніла.
Ідэі не спыніць, не стрымаць
Тут я крыху адхіляўся ўбок ад асноўнай тэмы і апавядаў маім слухачам пра асабісты сакрэт, які дапамагаў абыходзіць забарону друкаваць зьвесткі пра народныя франты Эстоніі, Латвіі і Літвы.
Паводле службовых абавязкаў трэцюю газэтную паласу для заўтрашняга нумару я павінен быў фармаваць самастойна. Звычайна гэтая паласа забівалася матэрыяламі і навінамі з стужак саюзных інфармацыйных агенцый ТАСС і АПН. Зрэдку яшчэ і БелТА. Зрэдку, бо айчынны аналяг ТАСС працаваў надта нецікава, фактычна на сьметніцу. Выкарыстаньне матэрыялаў інфармагенцый давала рэдакцыям магчымасьць эканоміць ганарарны фонд і разнастаіць тэматыку артыкулаў, таму ў нашай моладзевай газэце «блёку замежжа» аддавалі ажно адну з чатырох палос. Я вынайшаў яшчэ адзін плюс.
Кожная паласа пасьля набору ў тыпаграфіі, выпраўленьня памылак рэдакцыйнымі карэктарамі і дзяжурнымі, адносілася яшчэ на чытку цэнзару. Чалавек з такой пасадай сядзеў у Доме друку ў асобным кабінэце, ягоным абавязкам было праверыць усе сыгнальныя экзэмпляры газэт, перад тым як іх пачнуць друкаваць тысячнымі тыражамі. Найперш цэнзар шукаў хаця б намёкі на сакрэты вайсковай службы альбо службаў бясьпекі, а палітычныя памылкі яго цікавілі меней, бо лічылася, што гэта зона адказнасьці рэдактара. І я паступова заўважыў, што трэцюю паласу з матэрыяламі пра замежжа цэнзар праглядае мімаходзь, адным вокам. Можа, таму, што матэрыялы агенцый ужо правяраліся іхнымі ўнутранымі цэнзарамі, ці таму, што цікаўнасьць да падзей за мяжой стала ў той час мінімальнай.
Прыйшло ў галаву скарыстацца такой магчымасьцю, і ў выніку некалькі разоў, макетуючы чарговую трэцюю паласу, я сьвядома ставіў у «замежны блёк» артыкул пра дзейнасьць у Эстоніі «Народнага фронту». Альбо пра літоўскі «Саюдзіс».
Але вернемся ў сакавік 1988 году. Дакладна ведаю, што гэта з аддзелу прапаганды ЦК КПБ прыйшоў загад у рэдакцыю неадкладна перадрукаваць артыкул Ніны Андрэевай.
Але чаму, насуперак рэпутацыі самага «дэмакратычнага выданьня», чыноўнікі з ЦК вырашылі разьмясьціць свой маніфэст менавіта ў «Знамени юности»? Чаму не ў падпарадкаванай ім наўпрост «Советской Белоруссии» ці хаця б «Сельскай газеце»?
Мяркую, найперш з прычыны вялікага накладу. Нагадаю, «Знамя юности» тых часоў мела тыраж, большы за 600 тысяч экзэмпляраў і выходзіла 5 разоў на тыдзень. Тады людзі жартавалі, што з кожнай паштовай скрыні ў рэспубліцы тырчыць «Знамёнка». То бок ахоп аўдыторыі з аднаго разу быў бы ўнушальны. Другая прычына — разьмяшчаць яўна антыгарбачоўскі артыкул у вядучых партыйных газэтах беларускія камуністычныя начальнікі забаяліся: а раптам Гарбачоў даведаецца, пазбавіць пасадаў? Вось і вырашылі запусьціць пробны шар праз нашу моладзевую газэту. І час для публікацыі падабралі ўдалы — нядзельны нумар, калі чытачоў найбольш.
Добра памятаю тую пятніцу, калі выканаўца абавязкаў рэдактара Аляксандар С., сыходзячы пад вечар з працы, нібыта як нешта другаснае, неахайна кінуў на стол гранкі нейкага артыкула. «На другую паласу пастаў. Ну, я пайшоў». Далей, як адказнаму сакратару, мне заставалася толькі па гэтых гранках падлічыць радкі, знайсьці артыкулу месца на макеце будучага нумару, аздобіць загалоўкам і рубрыкай, а потым таксама можна зьбірацца дадому. Сам артыкул можна было і не чытаць, бо карэктура над ім ужо папрацавала — гэта было бачна па выпраўленьнях, пазначаных асадкай.
Пачаў рабіць сваю справу, і калі дайшло да загалоўка, раптам усьвядоміў: ці ня той гэта скандальны артыкул з «Совраски» (так называлі цэнтральную газэту «Советская Россия», з намёкам на яе асаблівую пазыцыю), пра які ўжо чуў? Пачаў перачытваць. Асабліва зачапіўся вокам за ўспамін Уінстана Чэрчыля пра Сталіна. За той кавалак, дзе прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі надзвычай камплімэнтарна згадвае «правадыра ўсіх народаў»: «Когда он входил в зал Ялтинской конференции, все мы, словно по команде, вставали. И странное дело — держали руки по швам»...
Гэта ўжо пазьней даведаўся, што ўспамін Чэрчыля, які цытавала Андрэева, быў суцэльнай падробкай, але і тады прачытанае насьцярожыла, узьнік моцны недавер да ўсяго артыкула. Падумалася, што наўрад ці гэткі спрэчны артыкул будзе да месца ў нашай дэмакратычнай газэце. Але што рабіць?
Такіх паўнамоцтваў, каб зусім ня ставіць у нумар артыкул, ухвалены рэдактарам, я ня меў. Паводле службовых абавязкаў мусіў гэта зрабіць без разваг, і так было б яшчэ год таму. Але на календары быў ужо 1988 год. Мы ўжо паверылі, што мы ня вінцікі, што ад нас таксама нешта залежыць, не баяліся абурацца, калі нам падсоўвалі нейкую сталінскую мярцьвячыну. Можа, гэта і была адказнасьць, якую абудзіла распачатая Міхаілам Гарбачовым перабудова.
Тут сваю ролю выканалі і дэкляраваныя Гарбачовым новыя нормы жыцьця. Ня толькі галоснасьць, але і ўдзел грамадзтва ў кіраваньні. Спачатку гэта было на ўзроўні дэклярацыі, але паступова людзі сапраўды пачалі нібы прачынацца, сьмялей браць адказнасьць на сябе. У нашай газэце, напрыклад, заявіла пра сябе рэдакцыйная калегія — выбарны кансультацыйны орган пры рэдактуры. Раней рэдкалегію склікалі, калі трэба было прыструніць каго за нядбайнасьць і памылкі, але цяпер рэдкалегія пачала ўмешвацца і ў рэдакцыйную палітыку.
Вось да гэтай рэдкалегіі і вырашыў тэрмінова зьвярнуцца — добра, што з працы журналісты яшчэ не разышліся. Ужо празь дзесяць хвілін большасьць рэдкалегіі сабралася на сход, кожны прачытаў артыкул Андрэевай, потым выказаліся. Здаецца, нават галасаваць не давялося, бо ніхто ня быў за тэрміновую публікацыю артыкула. Знайшліся тыя, хто прапаноўваў яе адкласьці, а за гэты час падрыхтаваць дыскусійныя матэрыялы. Але так зьнянацку аддаць паласу нумара пад гэты артыкул — катэгарычна не!
«Малайцы! Я ў вас верыў!»
Тыя, хто быў супраць, заявілі пра сябе ў панядзелак, калі грымнуў скандал: у нядзельным нумары артыкула Андрэевай не аказалася. Для выканаўцы абавязкаў рэдактара гэта быў магутны ўдар. Аляксандар хадзіў па рэдакцыйным калідоры з шэрым тварам, кабінэты некаторых супрацоўнікаў абмінаў. Намесьнік ягоны, Уладзімер Б., таксама нэрвова кусаў губы і адводзіў вочы. Нас па адным сталі запрашаць у рэдактарскі кабінэт даваць тлумачэньні. Калі прыйшла мая чарга, за даўгім сталом убачыў інструктара аддзелу прапаганды ЦК КПБ таварыша К., куратара рэспубліканскай моладзевай прэсы. Той ані слова не прараніў, пакуль я тлумачыў, навошта склікаў рэдакцыйную калегію. Але як выходзіў, К. падняўся, дагнаў мяне ўжо ў калідоры і там зашыпеў, каб ніхто ня чуў: «Гадзяня, ды я цябе...»
Цягам дня сытуацыя была ўсё ж дзіўная. З аднаго боку, не спыняўся разбор, ішлі размовы за зачыненымі дзьвярыма зь сябрамі рэдкалегіі, і быў даволі моцны псыхалягічны ціск, асабліва на маладых журналістаў. Ім пагражалі вымовамі, нават звальненьнем. Але пры гэтым наўпрост зьмяніць рашэньне рэдкалегіі ці адмяніць яго зусім начальства не наважвалася. Нібыта за калектывам усё ж прызнавалі права на самастойную пазыцыю. Мяне нават не адхілілі ад працы адказнага сакратара, у той дзень, як звычайна, маляваў макет трэцяй паласы будучага нумару. Прычым маглі ж паставіць скандальны артыкул у нумар і безь мяне, знайшлося б каму зрабіць сакратарскую працу, але такога загаду супрацоўнікам не аддалі.
Наступным днём сытуацыя зьмянілася. К. у рэдакцыю больш не прыходзіў, мы адпрацавалі, як у ранейшыя часы, спакойна, і паводле графіку здалі нумар. Назаўтра тое самае. Ужо пазьней стала вядома, што якраз на час, калі Міхаіл Гарбачоў быў зь візытам у Югаславіі, прыпалі спробы публікацыі артыкула Андрэевай у розных савецкіх газэтах. Дзесьці ўдалыя, дзесьці не. Верагодна, гэта была кампанія, сплянаваная праціўнікамі Міхаіла Гарбачова ў ЦК КПСС, а беларуская «Вандэя», як заўсёды, і тут вызначылася, узяўшы «пад казырок».
Мы ў «Знамёнцы» зрабілі такую выснову. А ўжо потым даведаліся, што па вяртаньні зь Югаславіі Гарбачоў склікаў паседжаньне Палітбюро ЦК, на якім абмяркоўвалі артыкул Андрэевай, і што па выніках таго паседжаньня паплечнік генсека Аляксандар Якаўлеў напісаў артыкул, у якім палемізаваў зь Нінай Андрэевай, а яе публікацыю назваў «маніфэстам антыперабудовачных сілаў». Адтуль і пайшоў гэты крылаты выраз.
Што да нашых разважаньняў пра замову на артыкул Ніны Андрэевай у беларускай мэдыйнай прасторы, дык вось яшчэ адзін ускосны доказ. Празь некалькі дзён, як наступ на нас скончыўся, той жа в.а. рэдактара Аляксандар С. пры ўсім калектыве ціснуў мне руку і дзякаваў за «праяўленую ўвагу». І таксама хваліў за пільнасьць усю рэдакцыйную калегію. Казаў нам нешта кшталту: «Малайцы, не саступілі! Я ў вас верыў, не падвялі!»
Ну, так. Каб не рашучасьць маладых сябраў рэдкалегіі, хадзіў бы спадар в.а. рэдактара па высокіх кабінэтах з бледным выглядам і пісаў бы тлумачальныя запіскі, чаму адмовіўся ад прынцыпаў, пайшоў супраць «лініі партыі». А так пранесла, ды яшчэ выставіў сябе героем!
Згадваў тую даўнюю гісторыю сваім турэмным сябрам, каб паказаць, як усяго за некалькі гадоў гарбачоўскай перабудовы маглі зьмяніцца палітычныя погляды, манаполія камуністычнай ідэалёгіі саступала месца палітычнаму плюралізму. Вядома, гэта быў яшчэ не сапраўдны плюралізм поглядаў, у рэальнасьці мы адзін знак памянялі на другі і так жа некрытычна падхапілі новыя ідэі, як раней прапагандавалі былыя. Паварот да ідэі дэмакратычнай нацыянальнай дзяржавы быў яшчэ наперадзе. Але рэдакцыя «Знамёнкі» ўзору 1988 году яўна была сярод тых, хто рушыў да гэтай мэты.
Менавіта ў той час сярод маладых супрацоўнікаў газэты зьявіўся Алесь Ліпай, з ініцыятывы якога частка матэрыялаў пачала друкавацца па-беларуску. Аляксандар С. так і ня быў зацьверджаны рэдактарам газэты і ўцёк на працу ў ЦК КПБ, ягоны намесьнік Уладзімер Б. ня змог паладзіць з калектывам і таксама звольніўся.
Рэдактарам «Знамени юности» стаў Аляксандар Класкоўскі, пры якім газэта працягнула курс на разьвіцьцё дэмакратыі ў рэспубліцы.
«А што цяпер? А цяпер — жопа! Вось і цана вашых рэформаў!» — так мой сябар у калёніі Сяргей паставіў сваю тлустую кропку пад гісторыяй пра гарбачоўскую перабудову.
Хлопцы доўга рагаталі. А я злаваў, не пагаджаўся, хоць па сутнасьці запярэчыць нічога ня мог.
У запасе ў мяне была яшчэ адна гісторыя, ужо непасрэдна зьвязаная зь перабудоўшчыкам Гарбачовым і ягоным прыездам у Беларусь праз два гады ад згаданых падзей, на пачатку 1990 году.
Гарбачоў едзе ў Менск
У канцы 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя адносіны Менску з Масквой заўважна разладзіліся.
Да адкрытай канфрантацыі беларускай «Вандэі» зь Міхаілам Гарбачовым і ягоным атачэньнем не даходзіла, усе кампаніі, ініцыяваныя Масквой, у сталіцы Беларусі, дзе кіраваў камуністычны артадокс Яфрэм Сакалоў, нібыта старанна дубляваліся, але заўважна было нават на ўзроўні моладзевай прэсы, што паразуменьня паміж саюзным і рэспубліканскім начальствам ужо няма. Паказчыкам было хоць бы тое, што Гарбачоў настойліва абмінаў Сакалова ўвагай і не прыяжджаў у Менск, пакуль той заставаўся першым сакратаром ЦК КПБ. Прыходзілі зьвесткі, што Гарбачоў настойвае на вышэйшых кадравых зьменах у Беларусі. Між тым у самой Маскве ўлада з рук кампартыі высьлізгвала. Калі ў лістападзе 1990 году Сакалова адправілі ў адстаўку, Гарбачоў ужо быў абраны прэзыдэнтам СССР і менавіта ў гэтай якасьці ў канцы лютага 1991 году прыехаў з працоўным візытам у Беларусь.
Першым пунктам ягонай праграмы было наведваньне Менскага трактарнага заводу, другім — Вярхоўнага Савету, трэцім — сустрэча з прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі ў Акадэміі навук. Нават асобнага наведваньня ЦК КПБ прадугледжана не было.
Навошта ўзгадваў такія акалічнасьці? Каб суразмоўцы разумелі палітычны фон і асаблівасьць тых падзей: Гарбачоў ужо прэзыдэнт СССР, ён з усіх сілаў спрабуе ўтрымаць рэспублікі ў адзіным саюзе, але гэта ўжо, найхутчэй, немагчыма. Толькі што, у студзені 1991-га, у суседняй зь Менскам Вільні савецкія войскі стралялі па абаронцах незалежнай Літвы, загінулі 14 чалавек. У адказ на тую трагедыю ў Маскве прайшоў паўмільённы мітынг салідарнасьці зь Літвой.
Дэмакратычныя сілы ў Расеі гуртуюцца вакол Барыса Ельцына, які выступае з ідэяй незалежнасьці Расейскай Фэдэрацыі. Але гэта шлях, які разбурыць СССР і непазьбежна прывядзе да краху палітычную кар’еру Гарбачова. Наколькі ініцыятар перабудовы гэта ўсьведамляе?
Што сытуацыя пагаршаецца, можна было бачыць і падчас візыту Гарбачова ў Менск. Знаёмы журналіст, які працаваў на прыезьдзе Гарбачова на МТЗ, падзяліўся зьвесткамі пра тое, як яго сустрэлі. Як ужо бывала раней, Міхаіл Гарбачоў зламаў падрыхтаваную схему і сам знайшоў суразмоўцаў сярод рабочых. І яму паскардзіліся на разрыў гаспадарчых сувязяў, што не хапае камплектуючых. А што будзе яшчэ праз паўгода? Гарбачоў на гэта зацягнуў любімую песьню пра новую саюзную дамову, але рабочыя рэагавалі на яго словы без энтузіязму. «Няма таго, што раньш было», — падсумаваў калега.
Мы размаўлялі за пару гадзін да таго, як прэзыдэнт СССР прыехаў у Акадэмію навук на сустрэчу з інтэлектуальнай элітай. Было вядома, што пасьля выступу Гарбачоў дасьць прэсавую канфэрэнцыю, і мне ў «Знамени юности» даручылі зрабіць рэпартаж ды па магчымасьці задаць яму пытаньне. Гарбачова трэба было чакаць у Акадэміі, куды прапусьцяць па журналісцкім пасьведчаньні.
«Не зьвяртайце на Ельцына ўвагі»
Ужо было цёмна, калі чорны лімузін Гарбачова павольна пад’ехаў да калянады Акадэміі навук. Да аўтамабіля падбеглі ахоўнікі ў цывільным, адзін адчыніў дзьверцы. Пад калянадай шчыльным паўколам стаялі менчукі, некаторыя з плякатамі. Бліжэй да ўваходу людзей не пускала ахова ў цывільным і міліцыянты.
Прэзыдэнт СССР выйшаў зь лімузіна і пайшоў да ўваходу ў Акадэмію праз натоўп. Яму пляскалі ў ладкі, ён у адказ махаў рукой, шырока ўсьміхаўся, але не спыніўся, каб зь некім пагаварыць, як раней. Вось ён ужо на сярэдзіне паўкруглай пляцоўкі. Сярод журналістаў стаю ля ўваходу знутры, назіраю за набліжэньнем Гарбачова празь дзьвярное шкло. Нейкі строгі чалавек у цывільным, відаць, гэбіст, загадвае нам адыйсьці ад дзьвярэй, зрабіць праход.
Раптам у натоўпе нехта падымае плякат, на якім напісана «Ельцын». І адначасова некалькі чалавек пачынаюць скандаваць усё гучней: «Ельцын! Ельцын!» А далей адбываецца непрадказальнае. Гарбачоў, нібы атрымаўшы стрэл у сьпіну, спыняецца, рэзка разварочваецца і такім жа хуткім крокам ідзе да тых, хто скандуе прозьвішча ягонага антаганіста. Вось ён у натоўпе, здалёк бачна, што там пачалася размова, але пра што? Са сьпіны Гарбачова закрываюць ягоныя целаахоўнікі, наблізіцца немагчыма, і я прымаю рашэньне выйсьці зь дзьвярэй, але не ісьці бліжэй да Гарбачова, бо ўсё роўна не падпусьцяць, а чакаць тут, на пляцоўцы. Пройдзе ж міма.
Праз пару хвілін так і адбылося. Гарбачоў набліжаўся, але ўжо без усьмешкі, відаць было, што нэрвуецца. Набіраюся сьмеласьці і задаю сваё пытаньне: «Міхаіл Сяргеевіч, можна даведацца, пра што вы размаўлялі з гэтымі людзьмі? Чаму яны скандуюць „Ельцын“? Як вы гэта ацэньваеце?»
Гарбачоў на імгненьне затрымаўся. Спытаў, хто я, а пачуўшы, што журналіст, махнуў рукой. «А, не зьвяртайце на Ельцына ўвагі! Які там Ельцын! Вось зараз пра ўсё буду гаварыць, закрытых тэмаў ня будзе».
Выступаючы з трыбуны Акадэміі навук, Міхаіл Гарбачоў, аднак, абмінуў тэму рознагалосьсяў з Барысам Ельцыным і ўвогуле ў прагнозах і мэтах стараўся быць як мага больш аптымістычным. Між тым кіраваць краінай яму заставалася меней за год, а рэальную ўладу ён страціць ужо праз паўгода, у жніўні 1991-га. Прычым калі той, першы ўдар Гарбачоў атрымае ад паплечнікаў, дык другі, вырашальны, — ад Барыса Ельцына, якога яўна недаацаніў.
Уладзімір Пуцін. Адзін
Мой успамін пра Міхаіла Гарбачова будзе няпоўны, калі не падзялюся ўражаньнем ад сцэны, якую ў Магілёўскай калёніі ўбачыў у тэлевізары. Гэта быў кароткі рэпартаж расейскага тэлеканала з грамадзянскага разьвітаньня зь апошнім генсекам і прэзыдэнтам СССР.
У абсалютна пустой залі да труны зь нябожчыкам, да якой не было ўскладзена яшчэ ніводнай кветкі, вельмі павольна, кароткімі крокамі наблізіўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, паклаў у труну букет цёмна-пунсовых руж, пастаяў і выйшаў з кадра.
Глядзеў на гэтую сцэну ашаломлена. Нібы хавалі надзею, а яе забойца прынёс кветкі. Нехта з хлопцаў побач хмыкнуў, настолькі недарэчна выглядаў адзінокі Пуцін у пустой залі сам-насам з труной Гарбачова.
Далей тэлевізар паказаў кароткую чараду тых, хто прыйшоў разьвітацца з ініцыятарам перабудовы. Рэпартаж быў зьняты так, каб не было зразумела, колькі яшчэ людзей зьбіраюцца аддаць Міхаілу Гарбачову апошнія знакі павагі.
Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі
Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».
У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».
Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.
Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.
У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.
Цяпер жыве ў Вільні.
У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.