Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра заслугі і памылкі Шушкевіча. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча


Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, архіўнае фота Ул. Сапагова
Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, архіўнае фота Ул. Сапагова

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

У канцы траўня 2022 году зь ліста ад жонкі даведаўся пра сьмерць Станіслава Шушкевіча.

У 1990-х гадах даводзілася зь ім шмат кантактаваць: браў інтэрвію, камэнтары, проста пры нагодзе было цікава і карысна пагаварыць зь вядомым чалавекам. Цяпер насамрэч перажываў з прычыны гэтай сьмерці і падзяліўся настроем з суседзямі па «кубрыку».

«Ты знаў Шушкевіча? Нічога сабе! Раскажы», — хлопцам, каму за трыццаць, сапраўды было цікава. А вось маладзейшыя мой расповед спачатку слухалі няўважліва. «А гэта хто такі, Шушкевіч?»

Важна было патлумачыць маім новым сябрам ня толькі ролю Станіслава Станіслававіча ў ключавых для Беларусі падзеях, але і абмеркаваць ягоныя памылкі ды іх прычыны. Прыйдзе час, і беларусам зноў давядзецца ісьці дарогай стварэньня дэмакратычных інстытутаў, на якую мы былі выйшлі разам з Шушкевічам.

З чалавекам, якога называюць адным з трох «магільшчыкаў Савецкага Саюзу», лёс зьвёў у 1989 годзе, у час, калі пачалася кампанія выбараў на зьезд народных дэпутатаў СССР.

Зьявіўся гэты вышэйшы орган дзяржаўнай улады з ініцыятывы Міхаіла Гарбачова дзеля прасоўваньня рэформаў, якія пачалі буксаваць. «Прарабы перабудовы», як называлі ініцыятараў перамен, вырашылі, што прыйшоў час дадаткова абаперціся на народ, і прыдумалі склікаць нешта кшталту ўстаноўчага сходу, зь якога потым абяруць сапраўдны парлямэнт — Вярхоўны Савет СССР. Але атрымалася тое, чаго ніхто не чакаў.

Сапраўдныя канкурэнтныя выбары, паседжаньне з бурнымі дыскусіямі, за якімі па радыё і тэлевізіі сачыла ўся краіна, стварэньне дзеяздольнай апазыцыі ў выглядзе МГД — міжрэгіянальнай групы дэпутатаў. Ужо на першым зьезьдзе дагаварыліся да найвышэйшай крамолы — прапановы скасаваць у Канстытуцыі артыкул аб вядучай ролі Кампартыі! Па тых часах — жах! Гэта як цяпер на Ўсебеларускім сходзе заявіць пра нелегітымнасьць Лукашэнкі.

Але гэта ўсё будзе крыху пазьней, а на пачатку году яшчэ належала абраць саміх народных дэпутатаў. Прарэктар БДУ Станіслаў Шушкевіч вырашыў балятавацца, яго падтрымалі калегі па ўнівэрсытэце.

Тады я працаваў адказным сакратаром самай тыражнай (за 600 тысяч экзэмпляраў) у Беларусі газэты, «Знамя юности», друкаванага органа беларускага камсамолу. На рэдкалегіі прагледзелі сьпіс кандыдатаў, і ўзьнікла ідэя зьвярнуць увагу на Станіслава Шушкевіча — яркі, цікавы чалавек, гутарка з такім абяцала журналісцкую ўдачу. А ў эпоху галоснасьці гутаркі сталі ў газэтах ледзь ня самым папулярным жанрам, бо зьявіўся вялікі попыт на новыя ідэі, сьмелыя думкі, шчырасьць выказваньняў. І вось, папярэдне сазваніўшыся, адправіўся да Шушкевіча ў БДУ.

Столькі гадоў мінула, і ўжо ня памятаю, якія дакладна пытаньні задаваў Станіславу Станіслававічу. Затое запомнілася, што быў уражаны ягоным кругаглядам, палітычнай сьмеласьцю, пачуцьцём гумару. Яшчэ ў Шушкевічу падкупляла шчырасьць. З гутаркі, якая адбылася ў ягоным працоўным кабінэце, выйшаў зь перакананьнем, што ў нас будзе моцны палітык.

Зноў пачалі камунікаваць пасьля жніўня 1991 году, калі праваліўся путч ГКЧП і Станіслава Шушкевіча абралі старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ўжо незалежнай Беларусі. А яшчэ праз тры месяцы адбыліся Віскулі: Шушкевіч, Ельцын і Краўчук падпісалі Белавескае пагадненьне, у якім абвясьцілі распад СССР.

Дарэчы, спачатку я быў зьдзіўлены актыўнай роляй Станіслава Шушкевіча ў распадзе «імпэрыі зла». У маім ранейшым уяўленьні Шушкевіч быў палітык не настолькі адчайны, каб увязацца ў гульню з такімі вялікімі стаўкамі. Ён жа падтрымліваў Гарбачова ў ягоных намаганьнях захаваць СССР у новым саюзе. Але тут я памыліўся.

Цяпер сваім знаёмым у калёніі тлумачыў той паварот Шушкевіча тым, што ён быў сапраўдным навукоўцам, фізыкам і змог пралічыць, што ў СССР не засталося дастаткова рэсурсаў, каб утрымліваць далей 15 рэспублік разам. У выніку паехаў у Віскулі і падтрымаў варыянт стварэньня СНД — саюзу незалежных дзяржаў. Але абрысы новага саюзу Шушкевіч, здаецца, пэўна не ўяўляў.

Тут у мяне быў адзін успамін.

Ядзерная зброя ў Беларусі

У сьнежні 1991 году, неўзабаве пасьля падпісаньня Белавескіх пагадненьняў, на прэсавых канфэрэнцыях у Вярхоўным Савеце, дзе даводзілася працаваць як карэспандэнту, журналісты шмат разоў спрабавалі атрымаць ад Шушкевіча адказ, чаго чакаць далей, у што ператворыцца прастора, якую раней называлі СССР. Калі СНД, як тлумачыў Шушкевіч, гэта ня новая дзяржава, а саюз незалежных дзяржаў, то чаму пад кантролем Масквы застаецца агульнае войска і, самае галоўнае, — ядзерная зброя, разьмешчаная ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі?

Ужо і раней Станіслаў Шушкевіч прынцыпова выказваўся за адмову Беларусі ад валоданьня ядзернай зброяй і нэўтральны, няблёкавы статус краіны. Чуў ад яго і такі аргумэнт, што ў Беларусі ў пераліку на колькасьць насельніцтва ядзерных боегаловак больш, чым у любой іншай з новых краін, апрача Расеі. Шушкевіч добра разумеў, што Беларусь, пакуль у яе застаецца гэтая зброя, будзе ў закладніках — у выпадку канфлікту Расеі з Захадам яна непазьбежна стане мішэньню для ракетнага ўдару ў адказ. «Гэта нам ня трэба», — настойваў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Але пры гэтым не гучала тлумачэньняў, што робіцца зь ядзерным арсэналам цяпер, хто за ім даглядае, хто фінансуе абслугоўваньне, куды і калі яго перададуць і ці ня варта атрымаць за яго кампэнсацыю. Тут Станіслаў Шушкевіч адмоўчваўся альбо спасылаўся на тое, што пытаньне сакрэтнае, парлямэнт і ўрад разьбяруцца з гэтым у закрытым парадку. Шушкевіч раней кіраваў катэдрай ядзернай фізыкі ў БДУ і мог уявіць праблемы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем гэтай зброі ў Беларусі. Але мы, маладыя журналісты, маглі палічыць, што ён нешта недаацэньвае. Нам хацелася ад яго больш адказаў, больш адкрытасьці.

На пачатку 1992 году са мной зьвязаліся журналісты японскага тэлеканалу NHK з просьбай дапамагчы ў арганізацыі інтэрвію з Станіславам Шушкевічам. Тлумачылі, што як прадстаўнікоў краіны, пацярпелай ад выбухаў дзьвюх атамных бомбаў, найперш іх цікавіла менавіта ядзерная бясьпека. Усе ведалі, што на тэрыторыі Беларусі ёсьць ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі, але хто іх кантралюе? Па-ранейшаму Масква ці ўжо Менск? Хто можа гарантаваць бясьпеку ва ўмовах, калі ёсьць два гаспадары?

Лідэр новай незалежнай Беларусі пэўна мог бы ўнесьці яснасьць у гэтае пытаньне, але да яго была чарга з прадстаўнікоў вядомых міжнародных мэдыя. Дапамагло ранейшае, яшчэ па працы ў камсамоле, знаёмства з памочнікам Станіслава Шушкевіча Іванам Сьцяпурам. Інтэрвію адбылося.

Японскія журналісты былі ў захапленьні ад размовы зь лідэрам незалежнай Беларусі — адкрыты, шчыры, кампэтэнтны, добразычлівы. «А што ён казаў пра нашу ядзерную зброю?» — паспрабаваў я распытаць калегу з NHK пасьля інтэрвію. Японскі журналіст адказаў, што Станіслаў Шушкевіч прапануе адмовіцца ад ядзернай зброі і мяркуе, што парлямэнт яго ў гэтым падтрымае. Але больш яны гаварылі пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы. «У Японіі вялікі досьвед ліквідацыі падобных наступстваў, у прыватнасьці, у лячэньні людзей, пацярпелых ад радыяцыі. Мы падзяляем ваш боль, што ад Чарнобылю будуць пакутаваць і будучыя пакаленьні беларусаў, і мы гатовыя дапамагаць», — дадаў японскі калега.

Мяркую, на той момант лёс беларускай ядзернай зброі яшчэ ня быў вызначаны, і задаваць пытаньні на гэтую тэму было бессэнсоўна. Дый магчымасьцяў ужо амаль не было. Станіслаў Шушкевіч як старшыня Вярхоўнага Савету краіны для журналістаў стаў дасяжны толькі на прэсавых канфэрэнцыях, а мае нефармальныя адносіны зь ім зусім спыніліся. Збольшага, гэта ўспрыняў цалкам нармальна. Новыя рэаліі.

Ельцын — Шушкевічу: «Ну дай сказаць»

Пачатак 1992 году быў пікам папулярнасьці Станіслава Шушкевіча ня толькі сярод журналістаў. Памятаю дадзеныя сацыялягічных апытаньняў: яго тады падтрымлівалі да 50%. На жаль, гэты паказьнік далей будзе толькі зьніжацца.

Законапраекты адносна рэформаў, найперш эканамічных, у парлямэнце буксавалі, а Шушкевіч разводзіў рукамі — «Не мая справа, ня маю паўнамоцтваў». І, канечне, было вельмі балюча назіраць за тым, як ён, раней такі адкрыты і дэмакратычны, паціху мяняўся, абрастаў бюракратычным панцырам.

У 1992 годзе ў Беларусь некалькі разоў прыяжджаў першы прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын. Памятаю, як у адзін зь візытаў Ельцын наведаў Вярхоўны Савет. Яны ішлі па плошчы ў Дом ураду разам, Шушкевіч нават крыху паперадзе Ельцына. Абодва сьпяшаліся.

Акрэдытаваныя ў парлямэнце журналісты чакалі ўнутры, а іншыя, каму не дасталася акрэдытацыі, паспрабавалі распытаць палітыкаў пра мэты візыту на плошчы. Асабліва цікавіў лёс войскаў і ядзернай зброі, што засталіся на тэрыторыі Беларусі пасьля распаду «імпэрыі зла».

І вось, убачыўшы журналістаў зь мікрафонамі, Барыс Ельцын зрабіў некалькі крокаў у наш бок. Адразу пасыпаліся пытаньні. Але наблізіўся Станіслаў Шушкевіч і літаральна адцягнуў за рукаў паліто гаваркога калегу. «Барыс Мікалаевіч, гэта ж такія журналісты, ім скажы, усё перайначаць...» Але Ельцын упёрся: «Ну дай сказаць». І нешта сказаў, але так, агульныя фразы.

У журналісцкай кампаніі, якая чакала на плошчы двух палітыкаў, мацней за беларусаў расчаравана вохкалі (і ня толькі вохкалі) расейскія калегі. За тое, каб здабыць першымі кожнае слова Ельцына, яны гатовыя былі біцца з кім заўгодна, а тут такі аблом! І хто сапсаваў маліну — нейкі старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі... У мяне ж былі свае рэзоны для шкадаваньня — вось і паважаны мною Станіслаў Станіслававіч бранзавее, ад журналістаў пачынае трымацца далей і далей.

Зянон Пазьняк: «Нават крэсла б падтрымалі»

Найбольш прынцыпова і жорстка крытыкаваў Станіслава Шушкевіча лідэр апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк. За нерашучасьць, саступлівасьць Расеі, спробы ўлагодзіць намэнклятурную большасьць. Вочы Пазьняка проста іскрыліся, калі ён выказваўся пра непасьлядоўнасьць Шушкевіча.

Пры гэтым у 1993 годзе, калі пракебічаўская большасьць першы раз спрабавала скінуць Станіслава Шушкевіча з пасады кіраўніка парлямэнту, толькі дзякуючы падтрымцы Апазыцыі БНФ ім гэта не ўдалося. Быў на той прэсавай канфэрэнцыі, калі Зянон Пазьняк акрэсьліў сытуацыю наступным чынам: «Нават крэсла б падтрымалі, каб не было горш».

У Зянона Пазьняка тады, у 1990-х, было вельмі шмат прыхільнікаў, мільёны. Цяпер сярод маіх новых сяброў у калёніі таксама знайшоўся чалавек, які дагэтуль называе сябе пазьнякоўцам.

Хто зарубіў рэфэрэндум

Вязьня звалі Сяргеем. Уласна, наша сяброўства і пачалося зь ягонага прызнаньня, што некалі ў 1994 годзе, на першых прэзыдэнцкіх выбарах, ён галасаваў за Зянона Пазьняка, а не за Станіслава Шушкевіча. Чаму былы мэханік тады зрабіў такі выбар? Таму, патлумачыў Сяргей, што Шушкевіч «зарубіў рэфэрэндум», на якім мог вырашыцца лёс краіны. «Беларусь магла стаць нармальнай краінай. Ня стала — і ператварылася, прабач, у... гаўно!» — злаваў новы сябра. На гэтым моманце маладыя вязьні ўдакладнялі: пра які рэфэрэндум гаворка?

Паспрабаваў праверыць суразмоўцаў на веданьне гісторыі Беларусі. Якія былі ў нас рэфэрэндумы? Нехта ўспомніў рэфэрэндум 1996 году, калі Лукашэнка зьмяніў Канстытуцыю і фактычна пачаў правіць аднаасобна. Але не, ня тое. Тады згадалі, што годам раней Лукашэнка зладзіў незаконны рэфэрэндум аб дзяржаўнай мове і дзяржаўнай сымболіцы, пасьля якога расейскую мову зрабілі другой дзяржаўнай, а бел-чырвона-белы сьцяг замянілі на чырвона-зялёны. Не, яшчэ раней.

Сяргей патлумачыў, што казаў пра іншую падзею — пра ініцыятыву дэпутатаў ад БНФ правесьці рэфэрэндум аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і выбарах новага парлямэнту. Прычына — што Вярхоўны Савет 12-га скліканьня абіраўся яшчэ ў часы СССР, а з таго моманту палітычная сытуацыя настолькі зьмянілася, што парлямэнт нават прыблізна ўжо не адпавядаў настроям грамадзтва.

Ініцыятыва была аформленая ў 1992 годзе, сябры БНФ праз свае мясцовыя арганізацыі сабралі каля паўмільёна подпісаў за правядзеньне такога рэфэрэндуму. Ва ўсякім разе, значна больш, чым патрабаваў тагачасны закон. На свае вочы бачыў вялікія кардонныя скрыні з подпісамі, якія актывісты БНФ прывезьлі ў Цэнтравыбаркам. Яму заставалася прызначыць дзень рэфэрэндуму, калі за гэта прагаласуе Вярхоўны Савет. Якраз ішла сэсія, і настрой грамадзтва быў спрыяльны для посьпеху ідэі перавыбараў. Але Станіслаў Шушкевіч не паставіў пытаньне на галасаваньне, і дэпутаты разышліся на адпачынак. Чаму так адбылося?

Пазьней палітык спасылаўся на расклад сіл у парлямэнце. На думку Шушкевіча, ініцыятыва ўсё роўна б не сабрала патрэбнай колькасьці галасоў, а правакаваць людзей на вулічныя пратэсты ён лічыў няправільным.

Мяркую, што тагачасны Вярхоўны Савет сапраўды не прагаласаваў бы за правядзеньне плебісцыту, бо вынікам яго сапраўды маглі стаць новыя выбары. Відаць, у такім выпадку апазыцыя разьлічвала вывесьці на вуліцы тысячы сваіх прыхільнікаў і дамагчыся свайго праз грамадзкі ціск. Але нерашучасьць Станіслава Шушкевіча стала перашкодай. Як тады многія вырашылі, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету проста баяўся датэрміновых выбараў, бо ня быў упэўнены, што ў новым парлямэнце атрымае тую ж пасаду.

Пытаюся цяпер у Сяргея, ці быў шанец тады, у 1993 годзе, абраць парлямэнт з дэмакратычнай большасьцю? Пайшлі б людзі за Пазьняком?

Сяргей сьцьвярджае, што шанец на рэформы яшчэ быў, людзі іх чакалі, бо рэальных рэформаў яшчэ і не праводзілі. «Толькі што прэса зьявілася недзяржаўная, бізнэс крыху заварушыўся. А больш нічога. Прыватызацыя забуксавала, сялянам зямлю не даюць, як у Расеі ці Ўкраіне».

Пагаджаюся. Калі б на пачатку 1993 году, як плянавала апазыцыя, прайшлі новыя парлямэнцкія выбары і па іх выніках сфармавалі б рэфарматарскі ўрад ды прынялі дэмакратычную Канстытуцыю, цяпер жылі б значна лепш. У нэўтральнай, рынкавай, дэмакратычнай краіне. Зразумела, змагаліся б з карупцыяй, тутэйшыя алігархі зводзілі б рахункі, сымпатыі выбарцаў хісталіся б улева-ўправа. Але дакладна гэта была б не прэзыдэнцкая краіна, бо ідэя прэзыдэнцтва тады збольшага не ўхвалялася грамадзтвам, расчараваным ва ўладзе камуністаў. Гэтую ідэю праціснула ў Канстытуцыю камуністычная большасьць Вярхоўнага Савету — чырвоныя дырэктары, старшыні калгасаў, вэтэраны ды партыйныя і савецкія намэнклятуршчыкі. Яны рыхтавалі прэзыдэнцкае крэсла пад тагачаснага прэм’ера, іх лідэра Вячаслава Кебіча. Але перабольшылі свае сілы і пралічыліся.

Скрыня ржавых цьвікоў

Вяртаемся да размовы пра Станіслава Шушкевіча. Заклікаю не забываць, што гэта пры Шушкевічу стварылі беларускую армію, памежны камітэт і мытню, беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай. Ён шмат рабіў важнага для замацаваньня фундамэнту незалежнасьці.

Альбо ўзяць адмову ад ядзернай зброі. Беларусь першай у сьвеце падпісала адпаведныя міжнародныя дакумэнты і пачала іх выконваць — яшчэ пры Шушкевічу з тэрыторыі Беларусі вывезьлі тактычную ядзерную зброю (ад стратэгічных ядзерных ракет пазбавіліся ў 1996-м, калі ўжо правіў Лукашэнка). У сьвеце Беларусь за Шушкевічам адназначна асацыявалася з прагрэсам грамадзтва, рынкавымі рэформамі і міралюбнай палітыкай. А цяпер — выключна з дыктатурай.

Кантраст паміж тым, як Шушкевіча ўспрымалі ў сьвеце і як цанілі дома, асабліва выявіўся ў гісторыі зь ягонай адстаўкай. Яна адбылася пры канцы студзеня 1994 году.

За паўтара тыдня перад тым у Беларусь зь візытам прыляцеў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Першы і пакуль апошні раз у нас пабываў лідэр дэмакратычнага сьвету. Пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Беларусі Клінтан наведаў Курапаты, выступіў у Акадэміі навук перад прадстаўнікамі грамадзкасьці.

Для маладой краіны падобны візыт — адназначны палітычны посьпех яе лідэра, умацаваньне ягоных пазыцый. І новыя пэрспэктывы на шляху ў Эўропу. Мяркую, гэтага больш за ўсё і забаяліся. Камуністычная большасьць у парлямэнце разыграла спэктакль са «скрыняй ржавых цьвікоў», за якія нібыта не расплаціўся старшыня Вярхоўнага Савету, калі рамантаваў лецішча. Для гэтага ім і прыдаўся дэпутат Лукашэнка — абвясьціў пра «злоўжываньне становішчам». (Дарэчы, менавіта Шушкевіч годам раней рэкамэндаваў Лукашэнку на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі). Гэтым разам за адкліканьне Шушкевіча з пасады старшыні галасавалі і некаторыя дэпутаты зь ліку дэмакратаў.

Калі Шушкевіч расчараваўся ў Ельцыну

У ліку некалькіх журналістаў наступным вечарам пасьля адстаўкі Станіслава Шушкевіча я апынуўся на ягоным лецішчы. Мы сядзелі ў сталовай, дзе над кушэткай быў умацаваны бак, звараны зь лістоў нержавеючага жалеза. Гаспадар у гэтым баку грэў ваду ацяпляць дом. Калі вада даходзіла да пэўнай тэмпэратуры, сьценка выгіналася, і гучаў хлапок. Шушкевіч супакойваў гасьцей, каб не баяліся. «Тут усталявана рэле, яно адключае награваньне пры высокай тэмпэратуры, а потым зноў уключыць», — казаў ён з гонарам за зробленую ім самім прыладу. Калі ж загаварылі пра адстаўку, гаспадар бадзёрыўся, казаў, што ня сыдзе з палітыкі. Так і атрымалася. Але тады па твары Шушкевіча было бачна, што ён вельмі перажывае, расчараваны і пакрыўджаны.

Гэта было тое самае лецішча, празь якое яго адправілі ў адстаўку з пасады сьпікера. І мы маглі пераканацца, што будынак сьціплы, рамонт даўно скончаны, і ўвогуле цьвікі ні пры чым. Сам Шушкевіч казаў, што прычынай адстаўкі стала менавіта тое, што Беларусь пры ім задалёка разьвярнулася з усходняга кірунку на заходні. Але зьдзіўляўся — дысбалянс у бок Расеі яшчэ вялікі.

Відаць, крыўдна было Станіславу Станіслававічу адразу пасьля трыюмфальнай сустрэчы зь Білам Клінтанам пазбавіцца пасады. Было бачна, што сам у гэта яшчэ ня можа паверыць. Але ані слова не сказаў пра магчымую ролю спэцслужбаў і ролю Расеі. Проста гэта не камэнтаваў. Разводзіў рукамі — «Ня ведаю». Мяркую, ня быў з намі шчыры. На Барыса Ельцына, зь якім, здаецца, пасябраваў, ён мог крыўдаваць, бо яўна разьлічваў на ягонае заступніцтва. Што ж да ролі спэцслужбаў, дык каму, як не старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, было ведаць, чаго можна чакаць ад КДБ.

Пэўна, наступ на Станіслава Шушкевіча гэтая тайная арганізацыя рыхтавала даўно і па ўсіх франтах. Магу прывесьці такі факт.

Званок з КДБ

У тыя гады, як ужо гаварылася, я працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты». Недзе восеньню 1993 году ў газэце выйшаў артыкул, у якім даваўся аналіз дзейнасьці Вярхоўнага Савету і ягонага сьпікера за папярэдні год. Выснова была зробленая для Станіслава Шушкевіча ня надта прыемная. Рэформы буксуюць, час губляецца, расьце расчараваньне выбарцаў, а старшыня парлямэнту займаецца пражэктамі — у краіне, пацярпелай ад Чарнобылю, ён прапануе будаваць атамную станцыю.

Вядома, сярод высноваў былі спрэчныя, і аўтар не выключаў вострай размовы з Станіславам Шушкевічам альбо зь некім зь ягоных дарадцаў. (Бачыце, час быў настолькі дэмакратычны, што ў парлямэнцкай газэце можна было крытыкаваць старшыню парлямэнту, ды яшчэ разьлічваць на шчырую размову зь ім у ягоным кабінэце, а ня ў камэры на «Валадарцы»). Аўтарам быў я. А першым, хто мне пазваніў з нагоды зьяўленьня артыкула, быў намесьнік старшыні КДБ Генадзь Лавіцкі.

Генадзь Лавіцкі назваўся і сказаў, што падзяляе шэраг маіх высноваў. Мы абмяняліся яшчэ парай дзяжурных фраз, і тады спадар намесьнік старшыні КДБ прапанаваў сустрэцца ды абмеркаваць тэму больш дэталёва. Для сустрэчы дастаткова будзе набраць нумар ягонай прыёмнай. Мне засталося падзякаваць і разьвітацца, але адразу вырашыў нікуды не званіць. Узьнікла думка, што супраць Шушкевіча сьпее змова, шукаюць ягоных антаганістаў, а я ў гэткіх справах ня ўдзельнічаю.

За наступныя больш як 25 гадоў пасьля адстаўкі Станіслава Шушкевіча яшчэ дзясяткі разоў кантактаваў зь ім як журналіст газэт «Свабода» і «Навіны», потым Радыё Свабода. Адзначу, што з гадамі Станіслаў Станіслававіч у камэнтарах і гутарках станавіўся ўсё больш рашучым і непахісным змагаром за незалежнасьць, усё больш крытычным як да рэжыму Лукашэнкі, так і да кіраўніцтва Расеі. Пры гэтым палітык дэманстраваў ясны розум, ад чаго размовы зь ім заўсёды атрымліваліся такім ж цікавымі, як і тады, у 1989 годзе, у лепшыя часы перабудовы. Ад інтэрвію ён ніколі не адмаўляўся, а пра 1992 год я не нагадваў.

«Дзякуй за глыток сьвежага паветра!»

Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня 2022 году. У гэтыя дні я ўжо быў у магілёўскім сьледчым ізалятары, пра сьмерць вядомага палітыка даведаўся зь ліста. А ў канцы траўня жонка на спатканьні расказала, як у Архікатэдральным касьцёле ў Менску праходзіла грамадзкае разьвітаньне з Шушкевічам. Больш як дзьве гадзіны да труны ішлі сотні і сотні людзей. Двойчы рабіліся кароткія перапынкі, каб расчысьціць труну ад кветак, для якіх ужо не хапала месца. А пасьля імшы, пакуль з сабору выносілі цела першага кіраўніка незалежнай Беларусі, людзі праводзілі яго воплескамі і скандавалі «Дзякуй!», «Дзякуй за глыток сьвежага паветра!». «Жыве Беларусь!» не гукалі зь меркаваньняў бясьпекі, згадала той момант жонка.

У той жа дзень пра разьвітаньне з Шушкевічам паведамілі на сайце прарасейскага інтэрнэт-рэсурсу «Спутник». У рэпартажы расказалі, што «разьвітацца з Шушкевічам прыйшлі ягоныя сваякі і сябры». Пра сотні ўдзячных беларусаў — ані слова. Беларускія дзяржаўныя мэдыя ўвогуле абмежаваліся толькі кароткімі паведамленьнямі пра сьмерць палітыка.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG