Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паставілі ў чаргу на МРТ мозгу, але яшчэ паўгода чакаць. Ці дажыву, ня ведаю». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча


Візыт фэльчара ў карантын. Малюнак Алега Грузьдзіловіча.
Візыт фэльчара ў карантын. Малюнак Алега Грузьдзіловіча.

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Як у вязьніцах лекуюць

Меркаваньне, што ў турме ня лечаць, а толькі даюць адны і тыя ж таблеткі ад любых хваробаў, правяраў на сабе фактычна ад першага дня пасьля арышту. Ці сапраўды так? І няўжо за апошні час нічога не зьмянілася?

На мэдычны агляд пры «ўезьдзе» на «Валадарку» пайшло дзьве-тры хвіліны: памералі ціск ды спыталі, на што скарджуся, вось і агляд. На той момант збольшага быў здаровы, ні на што істотнае ня скардзіўся.

Больш, чым на мэдагляд, пайшло часу на фатаграфаваньне для асабовай справы. Спачатку чакаў, каб вызваліўся адмысловы кабінэт з дапатопным фотаапаратам. Потым маладая жанчына з сумным тварам доўга ўкладала літары-трафарэты ў нейкую рамку-лінейку — набірала мае імя і прозьвішча. Потым наладжвала апарат. Нарэшце рыпуча вымавіла: «Глядзіце ў аб’ектыў, павярніце галаву. Пачакайце... Яшчэ раз».

Уявіў, як праз шмат гадоў у міліцэйскім архіве гісторык у акулярах убачыць маё фота і зьдзівіцца, што арыштант усьміхаецца. Адмыслова склаў вусны, каб не засталося ўсьмешкі... Маеце яшчэ адно фота да соцень тысяч іншых, каго здымалі на «Валадарцы».

А ў кабінэтах першага паверху Пішчалаўскага замку, дзе афармляюць новых арыштантаў, ледзь не мінусавая тэмпэратура. На аглядзе распранаюць дагала. Калі пасьля агляду выводзяць у калідор, там ня лепш: трывалы скразьняк, цягне холадам і цыгарэтным дымам. Стаіш пры абшарпанай сьцяне, дрыжыш, чакаючы, калі па цябе прыйдуць і павядуць у корпус, у цёплую камэру зь іншымі вязьнямі. Але замест гэтага ў тым жа калідоры заводзяць у брудны пакой з мэталічнымі нарамі ўздоўж сьцен і сьмярдзючым іржавым «ачком».

У холадзе і бяссоньні мінае кароткая ноч, і натуральна, што раніцай, калі павядуць у будучую камэру, у цябе ўжо кашаль, чмыхі і смаркачы. Дзень ты змагаесься з прастудай сам, п’еш гарбату, хлопцы даюць таблетак, але не дапамагае, і ты ўжо спадзяесься на лекара. Просіш дзяжурнага паклікаць доктара, тлумачыш, што цябе зябіць... Я чакаў два дні. Нарэшце прыйшоў фэльчар, сунуў у «кармушку» руку з тэрмомэтрам у выглядзе белага пісталеціка, прыставіў да лоба. І ўжо праз сэкунду зазначыў, што тэмпэратуры няма. Уся дапамога.

«Усё роўна пасадзяць»

Тую прастуду я перажыў на нагах, справіўся сваімі сіламі. Але яшчэ празь месяц хвароба паўтарылася з больш сур’ёзнымі наступствамі. І не ў мяне аднаго, бо ва ўмовах скучанасьці інфэкцыя перадаецца імгненна амаль на ўсю камэру. У мяне два дні трымалася высокая тэмпэратура, часам трэсла, як ад трапічнай ліхаманкі, ноччу прачынаўся ўвесь у поце і мяняў мокрую майку на сухую. І зноў рэальнай дапамогі ад валадарскага лекара не было — атрымаў толькі адну таблетку ад тэмпэратуры, а на пасьцельны рэжым так і не далі дазволу. Недзе праз тыдзень хвароба адступіла сама, але яшчэ месяц, фактычна да этапу ў магілёўскую турму № 4, раптоўна паколвала сэрца.

Наступны кантакт з турэмнай мэдыцынай адбыўся ўжо ў магілёўскай калёніі № 15. Першае ўражаньне, у карантыне, было нават нядрэннае.

Гэта быў канец надзвычай халоднага траўня, па начах мёрз пад ваўнянай коўдрай. Натуральна, ледзь не палова зэкаў карантыну папрастуджваліся. Добра, што празь дзень да нас прыходзіў фэльчар, да якога станавілася чарга, як у сьпякоту да бочкі з квасам. Фэльчар па мянушцы Гусейнавіч даставаў з-пад пахі тоўстую барсэтку, урачыста яе раскрываў, і пачыналася раздача рознакаляровых таблетак проста ў працягнутыя рукі. Ад галавы, ад страўніка, ад тэмпэратуры, для разрэджваньня крыві.

Не абыходзілася бяз спрэчак. Прычынай было тое, што нікому ў карантыне не аддаюць лекі з уласных аптэчак, зь якімі чалавек прыехаў у калёнію. Уласныя лекі застаюцца на складзе, пакуль асуджаны ня трапіць у атрад, але патрэба ў іх можа ўзьнікнуць у любы час. А ў хранічных хворых гэтая патрэба ніколі і не зьнікае. І вось чалавек просіць даць яму адмысловы прэпарат зь ягонай аптэчкі, а фэльчар разводзіць рукамі — не магу. І ўвесь карантын становіцца сьведкам такіх дыялёгаў з фэльчарам Гусейнавічам: «Ну дзе я табе вазьму гэтыя таблеткі? Хоць назву памятаеш?» — «Такія ружовыя, у блістары. У пакунку з маім прозьвішчам». — «Ты што?! Вас такіх у мяне сто чалавек. Як мне вас памятаць? Колькі часу я буду шукаць твой пакунак?!»

Часьцей бывала, што ў наступны візыт Гусейнавіч усё ж прыносіў тое, што ляжала на складзе, і задаволены зэк як мог дзякаваў. Нагледзеўшыся на такія сцэны, я падумаў сабе, што ў калёніі сытуацыя з мэдычнай дапамогай будзе лепшая, чым у сьледчых ізалятарах.

Зарана спадзяваўся.

Празь некалькі дзён вядзе мяне днявальны па карантыне на камісію ў штаб, дзе будуць разглядаць рапарт, які начальнік склаў за маю памылку ў вопісе рэчаў. Вось і штаб, але мы раптам праходзім далей, да шпіталя. «Навошта? — думаю. — Яшчэ ж невядома, адправяць у ізалятар ці абыдзецца якой вымовай». Пытаюся ў днявальнага, але той маўчыць, адварочваецца.

Да нас падыходзіць афіцэр, і зь ім разам заходзім у шпіталь. Спыняемся ў калідоры каля дзьвярэй, дзе за кратамі сядзіць жанчына ў белым халаціку. У гэты момант афіцэр адыходзіць некуды па калідоры, днявальны таксама зьнікае. Лекарка праз краты пытаецца, як пачуваюся, ці маю хранічныя захворваньні. Толькі бяруся адказваць, як падыходзіць малады вязень, відаць, дзяжурны па шпіталі, углядаецца ў мяне і агаломшвае пытаньнем: «Стары, а цябе за што ў ШЫЗА?».

Пакуль лыпаю вачыма, той адыходзіць: «Ясна». Праз хвіліну вяртаецца афіцэр. Кажу яму, што лекарка дала накіраваньне на здачу аналізаў, але афіцэр са словамі «Гэта ўжо неактуальна» бярэ мяне пад руку і цягне ў штаб. Далейшае чытачам вядома. У штабе накрычыць начальнік і прысудзіць дзесяць сутак ШЫЗА, на выхадзе мне дадуць па карку і зацягнуць у штрафны ізалятар, дзе пра мэдычны агляд ніхто і не падумае спытаць. Дык навошта быў гэты спэктакль зь нібыта атрыманьнем дазволу мэдыкаў? Выходзіць, насамрэч стан здароўя таго, каму далі ізаляцыю ў нечалавечых умовах, нікога не цікавіць?

Адказ усім асуджаным відавочны. Але адметна, што ўрэшце ўсё ж удалося атрымаць думку турэмнага мэдыка.

Было гэта ў сярэдзіне верасьня. За знойдзены ў тумбачцы кавалак хлеба зноў на мяне склалі рапарт і адправілі на камісію ў штаб. Перад камісіяй начальнік атраду павёў мяне яшчэ з адным парушальнікам парадку ў тумбачцы на праверку ў шпіталь. Ага! Вядомая ўжо схема.

Для формы фэльчар пытаецца пра здароўе, але сам гатовы і без адказаў падпісаць згоду на пакараньне штрафным ізалятарам. Але я гэтым разам вырашыў лёгка не здавацца і на пытаньне пра стан здароўя адказаў, што нездаровы, ды пералічыў наступствы, якія зьявіліся пасьля мінулага ШЫЗА. Папрасіў улічыць, што верасень выдаўся надзвычай халодны, а ацяпленьне яшчэ ня ўключанае, у такіх умовах магу ня вытрымаць і проста памерці.

На гэта фэльчар крыху раздражнёна прапанаваў зрабіць мне аналіз крыві, а потым спакойна дадаў: «Няўжо незразумела? Калі вырашылі пасадзіць у ШЫЗА, усё роўна пасадзяць».

МРТ — праз паўгода

Гэты дыягназ турэмнай мэдыцыне дапоўняць гісторыі некаторых вязьняў.

З Алегам, хворым на цукроўку, сядзеў яшчэ ў магілёўскім сьледчым ізалятары і бачыў, як яму было складана — з такім захворваньнем апынуцца ў няволі. Тры разы на дзень Алега падзывалі да «кармушкі» — гэта лекар перадаваў яму ўкол. Плюс адмысловая дыета, абмежаваньні ў харчаваньні: таго нельга, гэтага нельга, што ў вязьніцы дадае цяжкасьцяў.

Пабыўшы разам у СІЗА, мы з Алегам сустрэліся ў адной калёніі, хоць і ў розных атрадах, але па суседзтве, і я праз плот мог назіраць, як працягваюцца Алегавы пакуты. Раніцай да 6-й ён ужо выходзіць у лякалку, каб ісьці ў сталовую на ўкол. Гэта паўтаралася ў абед і перад адбоем. У параўнаньні з часам у СІЗА Алег заўважна схуднеў і мала гуляў. Размовы нашы адбываліся праз плот і былі кароткія, бо за размовы празь мяжу атрадаў можна было атрымаць рапарт і трапіць у ШЫЗА.

Я дакладна ведаў, што Алега, не зважаючы на ягоную цукроўку, у ШЫЗА зьмяшчаюць рэгулярна, таму лішні раз на размову яго не выклікаў. Але не ўяўляю, як з цукроўкай можна вытрымаць штрафны ізалятар зь ягоным холадам і адзіноцтвам. Там здароваму чалавеку невыносна, а што казаць пра хранічна хворага. Ня ведаю, ці трапляў Алег у ШЫЗА халоднай восеньню 2022-га, спадзяюся, пашанцавала. А калі трапіў, яму не пазайздросьціш. І заўважце, кідаць хворага на цукроўку чалавека ў штрафны ізалятар дазваляюць прафэсійныя мэдыкі, якія давалі клятву Гіпакрата.

Яшчэ адзін прыклад — асуджаны Анатоль, зь якім пасьпеў некалькі разоў цікава пагаманіць. Анатоль двойчы падчас руху атраду траціў прытомнасьць і на хаду валіўся на зямлю. У чалавека шмат месяцаў моцныя болі ў галаве, яму яўна патрэбная тэрміновая дапамога, але аказаць яе ня могуць. «Паставілі ў чаргу на МРТ мозгу, але яшчэ паўгода чакаць. Ці дажыву, ня ведаю», — казаў Анатоль. На працу ён не хадзіў, але меў трывалы занятак — з усяго сэктару яму несьлі на рамонт гадзіньнікі, і ён неяк умудраўся амаль кожнаму даць рады. Залатыя рукі!

Віктар да арышту працаваў чыноўнікам у дзяржаўнай структуры, зьвязанай з абарончай вытворчасьцю. Сядзіць па карупцыйным артыкуле. Чалавеку пад 60 год, у яго рак страўніка другой стадыі. Лекары пры такой хваробе дазваляюць трымаць чалавека ў калёніі без аніякіх абмежаваньняў. Нават шараговыя ахоўнікі дэманструюць адносна Віктара большую гуманнасьць: калі на шыхтаваньні вязьню становіцца дрэнна і ён ня можа стаяць, тады дзяжурны дазваляе яму прысесьці на лавачку.

Празь нейкі час, як палягчэе, Віктар падымаецца, твар ягоны сьвеціцца такой удзячнасьцю за спагаду, нібы яго адарылі нечым неверагодным. Але так паўтаралася зноў і зноў, і ўсе баяліся, што Віктар больш сам не падымецца. Вязень трымаўся мужна, ня раз казаў: «Нічога, нічога. Усё нармальна. У мяне няма толькі часткі страўніка, а ў астатнім усё нармальна».

Уладзімер — былы прадпрымальнік з Гомля. Падчас сьледзтва ў СІЗА перажыў мікраінсульт, што на прысуд ніяк не паўплывала, судзьдзя ўляпіў па максымуме — каля дзесяці гадоў. Прыбыўшы ў калёнію, Уладзімер амаль што нанава вучыўся хадзіць. І праз год ён ходзіць няўпэўнена, на шыхтаваньні роўна стаяць ня можа. Але ніякага лячэньня, акрамя таблетак, яму не прапісана. Нават цалкам ад працы на «промцы» ня вызвалілі, залічылі да «часткова занятых», што азначае вызваленьне толькі ад двух працоўных дзён зь пяці. Уладзімер не выключае, што ў любы момант можа атрымаць інсульт, і частковая нерухомасьць яму гарантаваная. І што тады? Няўжо не адпусьцяць дадому?

«Ні ў якім разе. Пакладуць у бальнічку, дзе будзе мучыцца, пакуль канчаткова не працягне ногі», — патлумачыў пры выпадковай сустрэчы асуджаны Ігар, які некалькі гадоў, бо актывіст, «пражыў» у шпіталі.

Курыць ці жыць

Паводле шматгадовых назіраньняў Ігара, прыблізна раз на год у калёніі нехта памірае, вельмі часта ад раку. Вось і ўлетку, зусім нядаўна, памёр ад раку вязень, які адбыў толькі палову тэрміну. Тут я згадаў, што, магчыма, бачыў яго ў калідоры шпіталя, калі прыводзілі на мэдычны агляд перад ШЫЗА. Такі дзіўнага выгляду, чамусьці ўвесь у бінтах, крычаў нешта няўцямнае, яшчэ падумалася — ці не вар’ят? Так, пацьвердзіў Ігар, гэта мог быць ён. Апісаньне пасуе.

Свой апошні вечар у калёніі я правёў у шпіталі, і цяпер згадваю яго як самы змрочны час, нават больш дэпрэсіўны, чым дні ў ШЫЗА. Здавалася, вакол чысьценька, італьянская плітка блішчыць. У калідоры нават і пасьля дзясятай вечара працуе тэлевізар, што ў звычайным атрадзе немагчыма. І я мог бы скакаць ад радасьці, бо заўтра мяне адпусьцяць на волю. Але выгляд пацыентаў шпіталя цалкам праганяў перадсьвяточны настрой.

Скручаныя, на мыліцах фігуры тых, хто выходзіць у калідор, — проста жах! Нейкія цені на парадзе. Шэрыя, без усьмешак твары, брытыя ў плямах патыліцы. Позіркі, зь якімі балюча сустракацца вачыма, столькі ў іх зайздрасьці і безнадзейнасьці адначасова. Так, тут не жыве ніякая надзея.

Заўважыў: перад тым як зайсьці ў прыбіральню, там не запальваюць сьвятло. Заходзіш, а ў цемры сьвецяцца агеньчыкі цыгарэт. Аказваецца, хворыя не ўключаюць сьвятла, каб ахоўнікі з вуліцы ня ўбачылі, як яны кураць, бо гэта ў шпіталі забаронена. Значыць, пакараньня за цыгарэты людзі баяцца, але не баяцца пагоршыць сваё здароўе. Ім усё роўна?

Мае змрочныя здагадкі Ігар пацьвердзіў. Сам ён у калёніі больш за дзесяць гадоў, кажа, усяго нагледзеўся і зрабіў выснову, што асуджаныя да няволі лёгка становяцца здабычай раку. Такі лад жыцьця: штодня стрэс, боязь, што за нешта пакараюць, пасадзяць, пазбавяць элемэнтарнага. Плюс кожнага мучыць пачуцьцё віны перад сваякамі, асэнсаваньне таго, што жыцьцё мінае дарэмна і ў будучыні нічога лепшага можа не чакаць. Плюс штогадзінна вязьні кураць, і так дзевяноста працэнтаў кантынгенту. «Вось сярод ахоўнікаў заўзятых курцоў толькі палова, а нашы смаляць як паравозы», — заўважыў Ігар. Таксама ён наракаў на якасьць ежы, на недахоп сьвежага паветра. «У выніку здароўе падарванае, і нават калі ты нарэшце выйшаў на волю, рак цябе можа дагнаць».

Ігар згадаў лёс стваральніка «Данькоў-клюбу» Юрыя Данькова. Таго самага, які ў 2006 годзе спрабаваў стаць прэзыдэнтам, а праз колькі гадоў трапіў за краты нібыта за арганізацыю прытону. Данькоў адбываў свой тэрмін тут, у «пятнашцы», Ігар пазнаёміўся зь ім у шпіталі. «Вызваліўся Данькоў і праз пару год памёр ад раку. Тыповы канец, шмат такіх тут бачыў», — закончыў аповед Ігар.

Ажно тры віды таблетак

Бывае і такое, што мэдыкі ўсё ж сумленна робяць сваю справу, насуперак сыстэме намагаюцца вылечыць хворых вязьняў, дапамагчы добрай парадай і лекамі.

Неяк на пачатку ліпеня з карантыну ў наш «кубрык» перавёўся хлопец, які вельмі моцна кашляў па начах. Тое, што побач зь ім немагчыма было спаць, палова бяды. Інфэкцыя, якую ён прынёс, аказалася настолькі моцная, што неўзабаве закашляў увесь пакой. Мала таго — пасьля кашлю шмат у каго зьявіліся ўскладненьні. Адзін мой сусед дадаткова захварэў на вушы, другому не даваў жыцьця моцны катар.

Калі ў мяне, акрамя кашлю, таксама зьявіліся дадатковыя праблемы са здароўем, ня вытрымаў і пайшоў на прыём у мэдчастку. У той дзень тэрапэўта не было, прыём вёў фэльчар, пра якога ўсе казалі, што ў яго таблетак ня выпрасіш, ня тое што добрага лячэньня. Ужо сабраўся чакаць тэрапэўта, але потым усё ж стаў у чаргу да фэльчара. І не памыліўся.

Паслалі зрабіць аналізы, потым фэльчар уважліва выслухаў і выпісаў ажно тры віды таблетак, у тым ліку антыбіётык. Ды так шчодра, што хапіла, каб акрыяць, і ў запасе засталося. Калі ўзьнікала патрэба, дзяліўся таблеткамі зь сябрамі — ім таксама дапамагло. І ўспамінаў добрым словам фэльчара.

Дарэчы, таго самага, які празь месяц скажа мне шчыра наконт шансаў апынуцца ў ШЫЗА, што «калі вырашылі пасадзіць, усё роўна пасадзяць».

Такія яны, турэмныя мэдыкі. З выгляду суворыя, нутром добрыя, але сыстэмы не ламаюць.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG