Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзін спрабаваў уцячы, ды ня змог, затое вызваліліся два іншыя». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча


Ператрус у калёніі. Малюнак Алега Грузьдзіловіча
Ператрус у калёніі. Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Уцёкі зь «пятнашкі»

Тэму ўцёкаў з калёніі там, за калючым дротам, можна абмяркоўваць толькі зь вельмі праверанымі, сапраўднымі сябрамі. Інакш «закладуць» опэру, і потым даказвай, што гэта быў толькі «літаратурны інтарэс». Калі на другі месяц у мяне зьявіўся такі сябар, гэта Сяргей, якому можна было цалкам давяраць, я і задаў правакацыйнае пытаньне: адсюль хто-небудзь уцякаў?

Легенда, якую пачуў, выглядала наступным чынам. Што за мінулыя 15 год сама меней двойчы зэкі спрабавалі ўцячы, і кожны раз — з прамысловай зоны калёніі, так званай промкі.

Чаму адтуль? Промка — гэта адзінае месца ў калёніі, дзе можна схавацца, бо там шмат цэхаў, вытворчых памяшканьняў, абсталяваньня, складоў і звалак. На промку асуджаныя праходзяць арганізавана, пасьля пільнага кантролю і пайменнага пералічваньня, і гэтаксама выходзяць. І калі на выхад прыходзіць на аднаго чалавека меней, гэта і азначае, што нехта ўдарыўся ва ўцёкі.

Сяргей быў перакананы, што насамрэч уцячы з калёніі немагчыма, і пры гэтым не называў тых вязьняў дурнямі, а тлумачыў іх учынкі нэрвовым зрывам. Чалавека маглі давесьці да скрайняга стану сямейныя абставіны, стаўленьне ахоўнікаў, зьдзекі іншых асуджаных. Калі ў такім стане згубіш галаву і знойдзеш нейкае месца, дзе ўдасца пераседзець, дык можа ўзьнікнуць ілюзія, што вырвацца магчыма.

Але якім чынам? «Магу толькі здагадвацца, на што яны спадзяваліся, бо назад ніхто не вяртаўся. Уцекачоў спачатку кідалі ў ШЫЗА, адтуль у ПКТ, а адтуль па новым тэрміне за ўцёкі вывозілі ад нас у іншую калёнію. Але што ведаю пэўна — спадзяваліся неяк прабрацца і схавацца ў аўтамабілях, якія нас абслугоўваюць. Штодня ў калёнію заяжджаюць сьмецьцявозы, грузавікі, будаўнічая тэхніка. Але ўцячы так нікому і не ўдалося, адназначна», — казаў Сяргей.

Паводле Сяргея, аднаго разу ўцекача шукалі на промцы ажно тры дні. І знайшлі толькі пасьля здрады іншых асуджаных.

«Ахоўнікі аблазілі ўсе закуткі, прыводзілі на промку службовых сабак, але ўсё безвынікова. І тады зэкаў пашыхтаваў начальнік калёніі і паабяцаў датэрміновае вызваленьне таму, хто пакажа месца, дзе хаваецца ўцякач. Так бы мовіць, спакусіў воляй. І сапраўды, знайшліся двое асуджаных, якія падказалі. Начальнік сваё слова стрымаў, тыя вязьні выйшлі з калёніі датэрмінова. Папраўдзе, інакш было і немагчыма, бо калі б засталіся, іншыя зэкі іх бы прыдушылі. Але па выніку атрымалася, што адзін спрабаваў уцячы, ды ня змог, затое вызваліліся два іншыя. Хоць гэтым дапамог», — пасьміхнуўся Сяргей.

Жахлівая калючка

Зэк — гэта чалавек з разьвітай практычнай кемнасьцю, як знойдзе, што тырчыць цьвічок ці яшчэ якая жалязяка, паспрабуе пад нешта прыстасаваць. Так насуперак парадку каля сэктараў на шыпах калючага дроту асуджаныя вешаюць сушыць бялізну і памытую адзежу, бо ўсім месца ў сушылцы пад дашкам не хапае. Зразумела, што і каля лазьні, дзе па чарзе мыюцца ўсе атрады, сушыцца на калючцы памытая адзежка, і там тая ж карціна. Але там усё ж інакш.

Уявіце ўражаньні чалавека, які ў той лазьні ўпершыню памыўся. Выйшаў з-пад душа, адчуў, як крыху памаладзеў, скінуў нэрвовую напругу, назапашаную за тыдзень шмонаў і праверак. З будынку лазьні трапіў у дворык, застаўлены лаўкамі, на якіх можна нават прылегчы і пагрэцца на сонейку. Да заканчэньня часу, адпушчанага на мыцьцё, яшчэ паўгадзіны, мо і гадзіна. У дворыку пахнуць кветачкі-аксаміткі, пад нягучную музыку, якую запусьціць брутальнага выгляду лазеншчык, можна пагуляць у нарды. Курыць можна хто дзе хоча, бо наглядчыкаў на тэрыторыі лазьні ня бачна. Карацей — можна расслабіцца. Але перад вачыма не прыгожы «далягляд у барвах бэзу», а калючы дрот, які зэкі завесілі памытымі адзежкамі — чорнымі курткамі і штанамі, палінялымі кашулямі. Пустыя калашыны ды рукавы матляюцца на ветры, як ногі-рукі пудзілаў, але хутчэй карціна нагадвае ня лазьню, а месца пакараньня сьмерцю: строгі шэраг шыбеніц, даўгія целы павешаных, празь якія тырчаць калючкі.

Змрочна, жахліва. Вось табе і расслабіўся. У галаву лезуць цяжкія думкі, успамінаюцца расказы пра тых, хто засіліўся ў калёніі, ня вытрымаў гора, пакутаў уласнага сумленьня альбо зьдзекаў.

Аблога з сабакамі

А як у прынцыпе арганізавана ахова — звонку і знутры?

З уласнай ахвоты па калёніі не паходзіш, толькі калі вядуць некуды ахоўнікі. Або туды, дзе штаб, шпіталь і ШЫЗА, або ў процілеглы бок — дзе клюб, сталоўка і корпус першага атраду, дзе трымаюць пэнсіянэраў і працаўнікоў сталовай. Так мне і ўдалося пабываць у розных месцах калёніі і скласьці ўражаньне пра яе форму і памеры. Гэта прастакутнік прыблізна кілямэтар на 800 мэтраў. З усіх бакоў ён акружаны, як вузкай дарогай, разаранай паласой зямлі і двума платамі калючага дроту вышынёй пад два мэтры. На ўсіх кутах — вышкі з ахоўнікамі.

На паўднёвым баку гэтага прастакутніка — прамысловая зона, якую ўсе завуць промкай. Гэта некалькі даўгіх будынкаў у адзін шэраг, накрытых нізкім чорным дахам, са сваёй прылеглай тэрыторыяй. Над промкай узвышаецца высокі комін кацельні і яшчэ пару невялікіх вэнтыляцыйных комінаў. Ад жылой зоны промку аддзяляе кантрольна-сьледавая паласа — шырынёй з дарогу, старанна прабаранаваная, ані паперчыны, нават недакурка на ёй не пабачыш, нібы яе штодня старанна вымятаюць. Вельмі падобная да КСП (кантрольна-сьледавой паласы) на дзяржаўнай мяжы. Кажу гэта як былы жыхар памежнага Берасьця, які калісьці знаўся з памежнікамі мясцовага атраду і сёй-той аб’ект як госьць наведваў. Адзінае адрозьненьне, што ўздоўж КСП ня бачна сьлядоў службовых сабак. Але гэта — паміж жылой зонай і промкай, а па пэрымэтры калёніі ахоўнікі, найхутчэй, дзяжураць з сабакамі. Нездарма ж упрытык да калёніі — сабачы гадавальнік.

На іншым, заходнім баку калёніі, таксама ўпрытык да плота, — казарма часткі ўнутраных войскаў. Задача вайскоўцаў, па-першае, несьці рэгулярнае дзяжурства вакол калёніі, а па-другое, падаўляць сілай магчымыя бунты асуджаных. Пакуль такі бунт ня здарыўся, унутр калёніі вайскоўцы не заходзяць. Аднак увесь час да гэтага рыхтуюцца і праводзяць трэніроўкі. Ува ўсякім разе, ад штабу і ад будынку ШЫЗА можна пачуць галасы салдатаў, якіх ганяюць на пляцы за плотам калёніі.

Яшчэ што чуваць з штрафнога ізалятара — гэта ранішні брэх службовых сабак, якіх трымаюць у гадавальніку. Мяркуючы па шматгалосьсі, сабак там дзясяткі, можа і паўсотні. Ва ўсякім разе, з трэцяга паверху нашага будынку бачыў дзясяткі сабачых домікаў, але няясна было, ці ўсе яны заселеныя. Паводле зэкаў, гадуюць там выключна ўсходнеэўрапейскіх і нямецкіх аўчарак.

Казалі, што яшчэ гадоў дзесяць таму магілёўскі гадавальнік быў самы вялікі ва Ўсходняй Эўропе, але ці так гэта, не праверыш. Дакладна, што частку сабак задзейнічаюць на начным патруляваньні вакол калёніі, а другую частку рыхтуюць для службы на іншых пэнітэнцыярных аб’ектах. Працы ў чатырохлапых сяброў ахоўнікаў хапае і, відаць, яна вельмі нэрвовая. Бывае, што ўвечары яны брэшуць да дванаццатай ночы, а раніцай пачынаюць брахаць ужо пасьля чацьвёртай.

У калёніі бяз зброі

Што да захадаў аховы ўнутры калёніі — яны традыцыйныя. Кожны будынак акружаны сваім двухмэтровым плотам з вэртыкальных прутоў вышынёй два мэтры, прымацаваных да некалькіх гарызантальных мэталічных рэек. Зьверху нацягнуты калючы дрот. Будынак і тэрыторыя вакол яго, акружаныя такім плотам, завуцца сэктарам, а прастора вакол будынку — лякальнай зонай, або «лякалкай».

Дзьверы ў сэктар зачыняюцца на электронныя замкі. Ахоўнікі на вышцы і кантралёры, якія ходзяць па калёніі, маюць пульты, якімі могуць адмыкаць замкі нават на адлегласьці ў дзясяткі мэтраў. На просьбу асуджанага ахоўнік можа праз пульт выпусьціць яго, каб той прайшоў у клюб да юрыстаў, у сталоўку, па нейкай замове начальства ці яшчэ па якой патрэбе. Але можа і ня выпусьціць. Тады трэба чакаць, калі прыйдзе днявальны, і прасіць ягонага дазволу.

Зброі ахоўнікі і кантралёры з сабой ня носяць, але рознымі прыстасаваньнямі бясьпекі экіпаваныя добра. На кожным ахоўніку вісяць кайданкі, балёнчык зь сьлезацечным газам, ліхтарык, у некаторых — гумовыя палкі. Шмат хто з афіцэраў на куртцы носяць відэакамэры.

Кожная лякальная зона абсталяваная некалькімі відэакамэрамі. Запісы могуць выкарыстоўвацца і як доказ парушэньняў, але часьцей парушэньні фіксуюць супрацоўнікі калёній праз пратакол. Перад складаньнем пратаколу ахоўнік абавязаны папярэдзіць пра гэта парушальніка і ўзяць у яго тлумачэньне. Але, бывае, абыходзіцца і без тлумачэньняў. На маіх вачах кантралёры заявіліся ў лякалку, калі некалькі хлопцаў курылі цыгарэты не ў курылцы, а каля пад’езду, да таго ж адзін быў у тапках на босую нагу.

«Ага, тут курым? Пратакол. А ты чаму ў тапках? Таксама пратакол», — абвясьціў кантралёр. Пасьля гэтага адразу завярнуліся — справа зроблена, плян па пратаколах выкананы — і сышлі з сэктару, нават не заходзячы ў будынак. Наступным днём начальнік атраду ўжо браў у парушальнікаў тлумачэньні. Адзін з хлопцаў, той, што выйшаў з будынку ў тапках, потым адправіўся ў ШЫЗА.

Нэўтральная паласа

Усе сэктары адзін ад аднаго аддзеленыя двума паралельнымі платамі з вэртыкальных мэталічных прутоў прыблізна двухмэтровай вышыні, зьверху якіх яшчэ нацягнута некалькі палос калючага дроту. Паміж платамі пракладзеная дарога шырынёй тры мэтры, з старым, у шчылінах і выбоінах, асфальтам.

Гэтую прастору некаторыя зэкі завуць нэўтральнай паласой, але падазраю, што яе асноўнае прызначэньне не зусім мірнае. Кожная «нэўтралка» мае вароты з боку галоўнай дарогі. Ключы ад варот, зразумела, толькі ў ахоўнікаў. І можна меркаваць, што ў выпадку бунту, калі тэрыторыю сэктару захопяць асуджаныя (а ўявіць такое нескладана, бо звычайна ахоўнікаў у сэктары няма), праз гэтыя вароты на нэўтралку і маюць прайсьці салдаты ўнутраных войскаў, каб атачыць, лякалізаваць бунт, а калі будзе такі загад, ужыць спэцсродкі, зброю. З нэўтральнай паласы гэта рабіць зручна і для сябе бясьпечна.

Але, вядома, калі і ёсьць гэткі плян, ён прадугледжаны на скрайні выпадак. Пакуль жа нэўтралка — даволі мірная нічыйная тэрыторыя. Празь яе зэкі суседніх атрадаў перакідаюць цыгарэты, перагаворваюцца, дзеляцца навінамі, спрачаюцца, часам лаюцца. Карацей, актыўна камунікуюць. А яшчэ раз на тыдзень, перад тым як на сэктар з праверкай прыйдзе нехта з начальства калёніі, туды зь мятлой запускаюць прыбіральшчыка. Абавязкова зь ліку тых зэкаў, каму нельга камунікаваць з усім атрадам, а толькі са сваёй групай. Прыбіральшчык хуценька вымеце недакуркі, прыбярэ рэчы, якія з сушылкі занесла ветрам (звычайна гэта зэкаўскія шкарпэткі ды майкі), і зноў нэўтралку зачыняць на замок. Да новай праверкі гаспадарамі гэтых палосак зямлі застануцца толькі гадаванцы калёніі, каты, якія бессаромна, ва ўсіх на вачах будуць лавіць і жэрці галубоў, што залятаюць сюды падзяўбці накіданага ім хлеба.

Не абысьціся без хаця б прыблізных падлікаў: а колькі міліцыянтаў служыць у калёніі? Лічу: начальнік у званьні палкоўніка і тры ягоныя намесьнікі, падпалкоўнікі. Плюс у кожным з 20 атрадаў па адным начальніку атраду. Плюс у кожным з сэктараў па адным адказным за рэжым афіцэру і па адным апэратыўніку, гэта яшчэ прыблізна 15 афіцэраў. Плюс кантралёры, звычайна ў званьні сяржантаў. Гэтых, як падказвае зрокавая памяць, яшчэ чалавек 20. Каля 10 ахоўнікаў служаць толькі ў блёку ШЫЗА-ПКТ, бо на іншай тэрыторыі іх ня бачыў. Разам, мяркую, набярэцца чалавек восемдзесят. Але гэта без цывільных службоўцаў — лекараў, фэльчараў, кіроўцаў, працаўнікоў крамы, тэхнічных спэцыялістаў.

Магу і памыляцца ў сваіх разьліках у бок зьмяншэньня. Бо актавая заля, у якую мяне завялі ўжо пасьля таго, як уручылі даведку аб вызваленьні, была разьлічаная чалавек на дзьвесьце. Праўда, не магу выключаць, што гэта была актавая заля суседняй часткі ўнутраных войскаў, бо заводзілі туды праз асобны двор, вялі калідорамі празь нейкі вялікі будынак. А я гэты шлях амаль не запомніў. Спачатку быў спакойны, пасьміхаўся, але як зачыталі ўказ і выдалі даведку аб вызваленьні, раптам сэрца закалацілася, і ў вачах — заслона. І замест радасьці ад блізкага вызваленьня зноў адчуў ліпучы страх.

Пра апошнія хвіліны ў калёніі трэба расказаць дакладна. Але пазьней.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG