Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пасьля футболу: «Які Саюз, б...і, развалілі». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча


Футбольная сустрэча палітыкаў і журналістаў, пачатак 2000-х. Трэці справа ў верхнім шэрагу — Анатоль Лябедзька, другі справа — Яраслаў Раманчук, чацьверты справа — Алег Грузьдзіловіч, крайні зьлева — Валер Карбалевіч. У ніжнім шэрагу крайні справа — Міхаіл Падаляк.
Футбольная сустрэча палітыкаў і журналістаў, пачатак 2000-х. Трэці справа ў верхнім шэрагу — Анатоль Лябедзька, другі справа — Яраслаў Раманчук, чацьверты справа — Алег Грузьдзіловіч, крайні зьлева — Валер Карбалевіч. У ніжнім шэрагу крайні справа — Міхаіл Падаляк.

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Футбол як рэлігія

У жніўні калёнія перажыла ашаламляльную па напале жарсьцяў падзею — свой чэмпіянат па футболе. Можна сказаць, што назіраў за ім знутры, бо ў выніку чэмпіёнам стала каманда нашага, 9-га, атраду. Юры, капітан каманды, пад воклічы сяброў па «кубрыку» прынёс і паставіў на паліцу кубак, які ўручаюць найлепшай камандзе.

А праз пару дзён Юры зьехаў на «хімію». Магчыма, «хімія» і была ягоным залатым мэдалём за перамогу на зэкаўскім мундыялі. Іншыя сябры каманды таксама атрымалі заахвочваньні: хто спатканьне, хто падзяку з занясеньнем у асабовую справу. Пазьней прыдасца на камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Але, каб мы і прайгралі фінал, усё роўна гэта было незабыўнае відовішча. Уявіце калідор турэмнага будынку, а ў канцы калідора, дзе тарцавое вакно выходзіць якраз на стадыён, стаіць натоўп і не разыходзіцца па «кубрыках», нават калі дзяжурны крычыць: «Кантралёры на сэктары!». Больш за 20 галоваў вытыркнуліся з вакна і ўголас крычаць, калі нашы забіваюць, альбо мацюкаюцца, калі мяч ляціць міма брамы. На гэты час турэмнае жыцьцё нібы спыняецца. Пра кантралёраў забываюць, дый самі кантралёры да нас ня лезуць, нікога за парушэньні не караюць, а проста адыходзяць у бок.

Футбол у калёніі сапраўды як нейкая агульная рэлігія, храм, у які абавязкова трэба прыйсьці памаліцца. Нават таму, хто ў бога ня верыць.

Хакейны тэмп на стадыёне

Пасьвячэньне навічка ў гэтую рэлігію адбываецца ў самы цяжкі для яго момант. Ты трапляеш зь СІЗА ў карантын калёніі, дзе цябе муштруюць, як салагу ў войску, не даюць на хвіліну прысесьці, ганяюць туды-сюды, палохаюць штрафным ізалятарам. Ты марыў нарэшце прайсьціся па зялёнай траве, а перад вачыма толькі бэтонная агароджа, шэрая плітка дарожкі ўздоўж корпусу карантыну.

І раптам атрад вядуць у лазьню, ты ідзеш нібы па сапраўднай вуліцы, вакол — амаль цывільнага выгляду трохпавярховыя будынкі зь белай цэглы, у вокнах твары (праўда, ніводнага жаночага). Але ўсё роўна — нехта нават махае рукой, па дарозе людзі ў адзеньні рамонтнікаў цягнуць вазок зь пірамідай цэглы, на невысокай вышцы пасьміхаецца ахоўнік. Калёну даводзяць да вышкі, ахоўнік аддае каманду, і зь левага боку ад агароджы адчыняецца крывая жалезная брама, шчыльна абматаная дротам.

Нас заводзяць у браму, і вось па правую руку адкрываецца стадыён, па якім ганяюць мяч загарэлыя хлопцы ў рознакаляровых трусах і майках.

Стадыён пяшчаны, на ім ані травінкі. На процілеглым баку ўзвышаецца трыбуна, зь левага боку відаць таблё. У гульцоў ногі па калені брудныя ад пяску, клубіцца пыл, твары гульцоў блішчаць ад поту, голеныя галовы — пясочнага колеру. І тэмп гульні не футбольны, а хакейны, шалёны, быццам таймы доўжацца ўсяго па пяць хвілін і трэба хутчэй аддаць гэтаму полю ўсю назапашаную за зіму энэргію барацьбы. Дагэтуль у вачах тое дзіўнае відовішча, і ад перажытых тады эмоцый, напэўна, значна перабольшваю ўражаньні. Але пасьля пяці месяцаў амаль нерухомага сядзеньня ў ізалятарах і не такое прымярэсьціцца.

Ня дзіва, што калі амаль празь месяц пасьля ШЫЗА мяне прывялі да будынку 9-га атраду, што якраз насупраць стадыёну, гэтыя пачуцьці зноў закружылі галаву. Памятаю, пакуль сядзеў у «ленцы» на сваім матрацы і чакаў разьмеркаваньня ў пакой, хлопцы мяне пра нешта пыталіся, а я не разумеў, чаго яны хочуць: перад вачыма быў толькі футбол.

І гэтае пачуцьцё ня зьнікла, тым больш за падзеямі на стадыёне цяпер мог назіраць ледзь ня кожны дзень. Часьцей па вечарах, але ў выходныя дык і цягам усяго дня. Найлепшае месца, зразумела, у вакне каля днявальнага, але падвоканьне звычайна занятае ягонымі сябрамі. Ну і ладна, з дворыку таксама нешта відаць.

Нават ёсьць свае перавагі, бо часам мяч пералятаў праз два платы ды дарогу паміж імі і апынаўся ў нашым сэктары. Калі пасьпяваў першым, можна было мяч падняць, адчуць знаёмую зь дзяцінства пругкасьць скураной сфэры. А потым, шырока размахнуўшыся, перакінуць мяч цераз плот, а то і ўдарыць па ім нагой. Уяўляў сябе ў такі момант малым, які ў двары падкідае мяч старэйшым хлопцам. Праўда, зь першага разу дык і ня змог перакінуць. Плот высозны, за два мэтры. Яшчэ трэба пастарацца.

Неяк адзін хлопец шпульнуў мяч цераз наш плот гэтак, што той праляцеў над дарогай, а другога плоту не адолеў — зачапіў мэталічную стойку са сьцяжком, якая тырчыць яшчэ на паўмэтра вышэй. Ну і ўсё. Мяч нырк на дарогу, паскакаў і ляжыць. А па дарозе ніхто не ідзе. Гульня спынілася. Усе крычаць дзяжурнаму на вышцы, каб пультам адчыніў фортку з сэктара, выпусьціў каго па мяч, але дзяжурны ці то заўпарціўся, ці то захацеў пазьдзекавацца, — не адчыняе.

Тут з клюбу выходзіць таварыш маёр. Бачыць пад нагамі нічыйны мяч і, зразумела, яму таксама, як той казаў, у срацы дзяцінства зайграла, — бац па мячы нагой у боце. Мяч і пакаціўся па дарозе ў кірунку штабу, далёка-далёка. Пад рогат і мацюкі зэкаў некалькіх атрадаў.

Ілюзія свабоды

Магчыма, футбол таму і папулярны ў калёніі, што дорыць гульцам і гледачам ілюзію свабоды, вяртаньне ў дзяцінства, роўнасьць. Нібы мы зноў апынаемся там, дзе няма падзелу на правых і вінаватых, старых і маладых, чыстых і «нячыстых».

Хоць ня буду і перабольшваць, прызнаю, што футбол усё ж не фаварыт у калёніі. На першым месцы — трэнажоры. Самаробныя трэнажоры ўсталяваныя на адмысловых пляцоўках каля кожнага атраду, а яшчэ ёсьць вялікая пляцоўка з трэнажорамі на стадыёне. Мяне, праўда, туды не пускалі, як і іншых палітычных, жаўтабірачнікаў. Тым, хто пастаўлены на ўлік як схільны да экстрэмізму, знаходзіцца на стадыёне падчас спаборніцтваў забараняецца.

А на выходных стадыён заняты фактычна ўвесь час. Адны футбольныя каманды прыходзяць, іншыя сыходзяць. Робіцца графік, які нельга парушаць, бо ён зацьверджаны начальствам. У будны дзень, калі праца скончаная, стадыён таксама заняты. Улетку бывае, што праца заканчваецца каля 14 гадзіны, бывае і раней, тады вязьні адразу ідуць гуляць альбо заўзець.

У чым гуляюць футбалісты на зоне, ці дазваляюць ім мець адмысловую форму?

Звычайна вязьням нельга апранаць нічога каляровага, але на футбол забарона не распаўсюджваецца. У першыя ж дні ў атрадзе са зьдзіўленьнем заўважыў, што хлопцы на стадыёне пераадзяваюцца ва ўсё рознакаляровае. Адкуль бярэцца гэтая форма? Аказваецца, атрымліваюць альбо ў пасылках, альбо на спатканьнях. Неяк умудраюцца мець. У выніку адна каманда бегае ў чырвоных футболках, другая ў белых. А ніз, гетры — ужо хто як. Каманда звычайна 6-7 чалавек. Буцаў няма, звычайныя красоўкі.

Замены таксама іначай адбываюцца. Пабегаў чалавек і адпачывае, замест яго выходзіць нехта іншы. Вырашаюць самі гульцы. Потым зноў мяняюцца.

Парадку на матчах пільнуюць адмыслова выбраныя судзьдзі, таксама зь ліку асуджаных. Яны нават маюць сьвісткі. Падчас чэмпіянату на наведваньне стадыёну ў пэўны час запісваюцца як гульцы, так і гледачы. А вось адмысловага агляду пры ўваходзе на стадыён у калёніі няма.

Дарэчы, футбольныя матчы ў калёніі адрозьніваюцца ад гульняў на свабодзе яшчэ і лексыкай. Падчас гульні мацюкі часам можна пачуць, але толькі з трыбуны, ад заўзятараў, і нягучна. Але барані Бог ужываць словы, якія ганебна апісваюць асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, што часта здараецца на стадыёнах ува ўсім сьвеце. У калёніі гэта катэгарычна нельга. Такі ўчынак можа мець самыя дрэнныя наступствы.

Футбол з Лукашэнкам

Футбольны чэмпіянат у калёніі стаў нагодай, каб падзяліцца ўспамінамі з маладымі вязьнямі. Неяк меў неасьцярожнасьць кінуць пару словаў пра тое, што калісьці гуляў у футбол з Лукашэнкам. «Што? А вось цяпер, спадар Алег, падрабязьней». І прыйшлося расказваць ад самага пачатку.

Была восень 1993 году. У паветры ўжо вісела ідэя прэзыдэнцкай рэспублікі, хоць яшчэ ня толькі выбараў не прызначылі, але і Канстытуцыі не прынялі. Ідэю прасоўвала тагачасная намэнклятура Беларусі ў выглядзе ўраду пад кіраўніцтвам Вячаслава Кебіча і апарату Саўміну, плюс камуністы ды іх хаўрусьнікі. З усіх сілаў упіраліся толькі дэпутаты ад Апазыцыі БНФ. Кажу пераканана, бо працаваў у той час парлямэнцкім карэспандэнтам друкаванага органа Вярхоўнага Савету — «Народнай газэты» — і добра памятаю, што менавіта на тэму выбараў прэзыдэнта былі ў парлямэнце самыя гарачыя спрэчкі.

Дэпутаты ад Апазыцыі БНФ, якія не складалі большасьці ў тым парлямэнце, але былі рухавіком дасягненьняў першых гадоў незалежнасьці, ідэі прэзыдэнцтва катэгарычна не прымалі. Пэўна, прадчувалі, якой бядой для краіны станецца гэтае прэзыдэнцтва, і, як цяпер вядома, у прадчуваньнях не памыліліся. А тады спрачаліся ня толькі ў сьценах парлямэнту. Як модна гаварыць цяпер, на кожнай магчымай пляцоўцы.

Неяк у лістападзе таго ж году менавіта так, жорсткай спрэчкай, скончылася чарговая гульня ў футбол паміж камандамі дэпутатаў Вярхоўнага Савету. У адной камандзе, дзе давялося пагуляць, было некалькі дэпутатаў ад апазыцыі, у другой — цэнтрысты, дэпутаты-вайскоўцы, аграрыі. Быў у той камандзе і Аляксандар Лукашэнка.

Ліст Алега Грузьдзіловіча з калёніі да родных.
Ліст Алега Грузьдзіловіча з калёніі да родных.

Але па парадку. Спачатку патлумачу, як я там апынуўся.

На дзьве футбольныя дэпутацкія каманды парлямэнтароў звычайна не набіралася альбо хапала ледзь-ледзь. Таму арганізатары гульні запрашалі далучацца маладых памочнікаў і акрэдытаваных пры Вярхоўным Савеце журналістаў. Я таксама некалькі разоў прымаў такую прапанову. З тых, з кім гуляў у адной камандзе, памятаю Анатоля Лябедзьку (тэхнічны форвард), Юрася Беленькага, Лявона Баршчэўскага (самааддана стаяў на браме), Сяргея Антончыка (моцны паўабаронца). Са складу каманды-суперніка памятаю Аляксандра Лукашэнку і вайскоўца Валера Паўлава. Гэта ён дамаўляўся аб арэндзе спартовага палаца ва Ўруччы і вырашаў транспартнае пытаньне.

Пасьля вось такой прэлюдыі ў расказе для маіх сукамэрнікаў я пераходзіў да асноўнага — гульні Аляксандра Лукашэнкі. Усіх найбольш цікавіла, якім ён быў гульцом.

Прыхільнікаў Лукашэнкі даводзілася расчароўваць успамінамі пра даволі грубую, на грані фолу, гульню будучага першага прэзыдэнта. Удакладняў, што тэхнічна Лукашэнка быў не найгоршы, гуляў на сярэднім узроўні. Збольшага валодаў прыёмамі абводкі, мог і нядрэнна ўдарыць. Памятаю ягоны трапны ўдар блізка ад лініі штрафной, нечаканы, з кароткім замахам, але моцны, акурат пад перакладзіну. Прыгожы быў гол.

Але такіх момантаў было адзін-два за гульню, а рэшта часу ў ягоным выкананьні — цягучая валтузьня зь мячом у цэнтры поля. Хуткія гульцы, як Анатоль Лябедзька ці Юрась Беленькі, лёгка абыходзілі Лукашэнку і беглі зь мячом наперад. І вось тут наступала тое, што таксама запомнілася з гэтых гульняў. Як Лукашэнка спрабуе тых форвардаў дагнаць, зразумела, што пры сваёй масе не пасьпявае, і тады проста б’е іх па нагах. Альбо штурхае рукой у сьпіну.

Думаю, у яго гэта было нешта асабістае: сядзела ў падсьвядомасьці і не адпускала. Гуляў жа ў асноўным супраць сяброў Апазыцыі БНФ. Тады Народны фронт быў на хвалі папулярнасьці, а Лукашэнка... Хто тады ведаў Лукашэнку?

Хлопцы сьмяяліся. «Ну, – казаў ім, – не сьпяшайцеся з адказам».

Пры гэтым агульная атмасфэра ў камандах была даволі мірная, паважлівая. Звычайна аўтобус з гульцамі адпраўляўся на футбол з плошчы Незалежнасьці, ад будынку Дому ўраду. Хутка ўсе зьбіраліся, і аўтобус выяжджаў на праспэкт Скарыны (тады так зваўся галоўны праспэкт сталіцы), а потым спыняўся на Кастрычніцкай плошчы. Навошта? А каб падабраць дэпутата Аляксандра Лукашэнку, які жыў побач, у гатэлі «Кастрычніцкі».

У тыя разы, калі я езьдзіў на дэпутацкі футбол, Лукашэнка пазьніўся, але калегі яго цярпліва чакалі. Памятаю, аднаго разу чакалі хвілін дзесяць. Ён нарэшце прыбег, у сваіх чырвоных спартовых шараварах залез у салён празь пярэднія дзьверы. Яго пачалі крыху дакараць. Маўляў, усіх прымусіў столькі чакаць, гульнявы час ужо пачынаецца. Але Лукашэнка стаў адбрэхвацца, быццам гэта ён кагосьці чакаў, а не яго.

«Які Саюз, б...і, развалілі»

У той дзень Лукашэнка на маіх вачах счапіўся з дэпутатамі ад Народнага фронту. Было гэта ўжо пасьля гульні, у лазьні. Дэпутаты сядзелі распараныя, захутаныя ў прасьціны, выпівалі пад прынесеную з дому закуску. Каўбаска, сальца, агурочкі. Ня шмат, але, здаецца, пару бутэлек гарэлкі было. І Лукашэнка чаркі не адводзіў, падымаў, як усе.

Але я не пра гэта. А пра спрэчку, што міжволі ўспыхнула паміж ім і дэпутатамі ад апазыцыі. Пачалі пра прычыны развалу Савецкага Саюзу, потым пра тое, хто лепш разумее інтарэсы народу і, вядома, пра неабходнасьць прэзыдэнцтва. У нейкі момант дыскусіі Лукашэнка сказаў калегам, што зьбіраецца стаць прэзыдэнтам. Гэта выклікала кпіны, сьмех. І жарсьці зноў закіпелі.

Тлум стаяў моцны, як звычайна бывае ў п’янай кампаніі, гаманілі адразу ў некалькі галасоў. Спрэчка ад застольля перайшла і ў парылку. Удзелу ў спрэчцы я ня браў, таму хутка выйшаў з парылкі і залез у маленькі басэйнчык з халаднаватай вадой. Плаваю там, астываю, як раптам дзьверы лазьні нібы ад выбуху разьлятаюцца ў бакі, вырываецца белая пара, а зь яе выходзіць голы Лукашэнка.

Даволі звычайная сытуацыя ў лазьні. Твар чырвоны, сам таксама распараны. І адразу – боўць у той самы басэйнчык, дзе я. Акунуўся з галавой і нейкі час не падымаецца. Памятаю, што шчыра яго тады пашкадаваў і ўжо рыхтаваў словы падтрымкі. Падумаў, як паявіцца з-пад вады, скажу яму нешта кшталту: “Ну што вы, Аляксандар, так перажываеце? Ну ня вераць яны, што вы можаце быць прэзыдэнтам...»

І вось нарэшце з вады паказалася галава Лукашэнкі. Прычым так рэзка, нібы субмарына ўсплывае з глыбінь акіяну: спачатку чырвоная лысіна, потым твар, аблеплены доўгімі валасамі, якімі ён свой плех прыкрываў, каб выглядаць маладзейшым. Потым галава затрэслася, рука абцерла з твару ваду, а вусны прашыпелі: «Які Саюз, б...і, развалілі!».

На гэтым усё маё жаданьне суцяшаць суседа па басэйне адразу зьнікла.

Народны прэзыдэнт

Але з майго боку будзе несумленным не згадаць заканчэньне гэтай гісторыі пра адзін футбольны дзень з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Заканчэньне было сымбалічнае.

Выяжджалі са спарткомплексу позна ўвечары, і на выезьдзе затрымаліся каля шлягбаўма. Пакуль паласатае бервяно падымалася, у спадарожніцы папрасіліся дзьве сярэдніх гадоў жанчыны, мяркую, супрацоўніцы спарткомплексу: «Вы да цэнтру?».

Як адмовіць? І вось едзем, ужо за вокнамі прамінуў мікрараён Уручча, а дыскусія пра тое, хто лепш ведае, чаго трэба народу, і хто лепш будзе яго абараняць, усё не сьціхае. Наадварот, гвалт стаіць, як на рынку. І сярод галасоў асабліва выдзяляецца адзін, сіплаваты, які часам пераходзіць у фальцэт.

І раптам адна з жанчын абарочваецца тварам да салёна і так радасна-радасна кажа: «А мы вас ведаем! Вы дэпутат Лукашэнка! Вы ў парлямэнце так прыгожа прамаўляеце».

Галасы амаль адначасова змоўклі, потым раздаліся некалькі рэплік, але ўжо не такія задзірыстыя, а цішэйшыя. Скрып тармазоў, нехта выйшаў на прыпынку, нехта пасунуўся бліжэй да выхаду, і праз пару хвілін дыскусія ўвогуле памерла.

Да цэнтру пад’яжджалі ў магільным маўчаньні, хмурыя, нібыта і не было пасьляматчавага застольля. Нядаўнія бяседнікі адзін за адным выходзілі, скупа разьвітваючыся. Лукашэнка ж сядзеў выпрастаўшыся, фанабэрыста пазіраў на іншых, нібы дэманструючы, што поле бою засталося за ім. Маўляў, вось вам і народ, пра які вы казалі, і ён сам разабраўся, хто за яго.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG