Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На галаве заўхоза апынулася талерка з кашай. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча


Па дабаўку. Магілёў, ПК-15. Малюнак Алега Грузьдзіловіча.
Па дабаўку. Магілёў, ПК-15. Малюнак Алега Грузьдзіловіча.

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Алькаголікі — наш профіль

Згадаем, чым у нэгатыўным сэнсе, акрамя дыктатуры, адметнае жыцьцё ў Беларусі? Хіба не рэкордным спажываньнем алькаголю? Калі так, прыкмета мусіць пацьвердзіцца ў турме празь вялікую колькасьць асуджаных за цяжкія злачынствы на глебе п’янства.

Так і ёсьць, з гэтым сутыкнуўся ва ўсіх вязьніцах, пачынаючы з «Валадаркі». Там за тры месяцы сустрэўся з трынаццацьцю сукамэрнікамі, тры зь якіх трапілі за краты менавіта праз п’янства. Адзін п’яным пабіўся зь міліцыянтам, калі той прыехаў на выклік ягонай жонкі. Другі ў нецьвярозым стане зьбіў суседа, зь якім выпіваў за адным сталом. Падчас бойкі ножкай зэдліка прабіў грудзі сабутэльніку. Трэці да крыві зьбіў сужыцельку і пакінуў у двары сплываць крывёй. Сышоў, бо сам ледзь стаяў на нагах.

За два месяцы сядзеньня ў магілёўскай Т-4 сутыкнуўся яшчэ з чатырма хуліганамі, якіх на лаву падсудных прывяло сыстэматычнае п’янства, і двума алькаголікамі — тыя здабывалі на гарэлку крадзяжом мэталалому. У камэры сядзелі 18 чалавек, значыць, трэцяя частка — алькаголезалежныя злачынцы.

А потым была магілёўская калёнія, дзе сустрэўся ўжо ня проста з хуліганамі. Сярод новых знаёмых аказалася некалькі забойцаў. У асноўным таксама на глебе сыстэматычнага п’янства.

На шыхтаваньні штодня стаяў побач з маладым чалавекам, які нажом у сэрца забіў сабутэльніка. Выпівалі-выпівалі, адзін сказаў другому крыўднае слова. Той за нож — гатова!

Іншага асудзілі ажно на 15 год за забойства знаёмай, цела якой знайшлі ў студні. Віны не прызнаў, спасылаўся на тое, што быў нецьвярозы, нічога ня памятае.

Яшчэ адзін забойца таксама нажом забіў сабутэльніка і таксама казаў, што пра здарэньне нічога ня памятае. Ведаю сама меней яшчэ пра чатырох забойцаў з нашага атраду, якія зьдзейсьнілі злачынствы пад градусам.

Заўхозам («загадчыкам гаспадаркі», а фактычна галоўным у самакіраваньні атраду) таксама быў вязень, асуджаны за забойства, прычым на вялікі тэрмін.

А на калідоры дзяжурыў забойца адразу двух людзей. Тут прычына — «кактэйль» з гарэлкі і рэўнасьці. З паляўнічай стрэльбы забіў маладую жонку і яе бацьку.

Або вось сем’янін, зь вялікім стажам, так зьбіў жонку, што тая памерла ў шпіталі. Прычым сам быў цьвярозы. Кажа, ня вытрымалі нэрвы. Жонка беспрабудным п’янствам давяла да злачынства.

Раз сустрэў яшчэ аднаго асуджанага за забойства, але абставінаў злачынства ня ведаю. Чалавек быў цалкам закрыты, кантактаваў толькі са сваёй групай, сфармаванай па нацыянальнай прыкмеце — такія групы ёсьць фактычна ўва ўсіх беларускіх калёніях. Асуджаныя там збольшага за наркотыкі ці крадзяжы, але трапляюцца і забойцы.

Падвядзем вынік: пры колькасьці атраду 100–110 чалавек забойцаў сярод нас было ня менш за дзесяць. Гэта толькі каго я ведаў. 9–10% — вельмі немалы працэнт, які паказвае небясьпечны ўзровень агрэсіі ў беларускім грамадзтве.

Вызначыўшы тры амаль аднолькавыя па колькасьці вялікія групы асуджаных — наркаманы, палітычныя, забойцы — адззначу і чацьвёртую, крыху меншую па колькасьці, але найбольш уплывовую ў турэмным жыцьці групу. Гэта бізнэсоўцы, кіраўнікі гаспадарчых суб’ектаў, былыя чыноўнікі. Каго пасадзілі за хабарніцтва, каго за нясплату падаткаў, каго за эканамічныя злачынствы. Паводле маіх назіраньняў, такіх вязьняў недзе 5%, і менавіта яны займаюць самыя выгадныя месцы ў структуры самакіраваньня ў калёніі. Адзін наглядае за атраднай лядоўняй, дзе захоўваюцца прадукты (вельмі выгаднае, сытае месца), другі загадвае сховішчам торбаў з рэчамі асуджаных, так званай «капцёркай», а ёсьць яшчэ гаспадарчы, вытворчы, культурны, спартовы сэктары, якімі таксама кіруюць актывісты.

Актывісты часьцей жывуць у камфортных асобных пакоях, добра абсталяваных, разьлічаных усяго на 2–3 чалавек. У нашым атрадзе ў такім пакоі жылі тры вязьні: заўхоз, старшыня вытворчага сэктару і асуджаны, які працаваў у штабе. Іх ложкі стаялі ў адзін ярус, а ня ў два, як у звычайных «кубрыках», а каля ўваходу быў вялікі акварыюм з залатымі рыбкамі. Памятаю, як быў шакаваны, калі ўпершыню трапіў у гэты пакой і ўбачыў тых рыбак. О, карцінка як у дзяцінстве! Вялікая залаціста-чырвоная рыбка з пушыстым хвастом праплывае ў блакітнай вадзе сярод зялёных расьлінак, якія калыхае нябачны ветрык. Прыгажосьць! А як нэрвы супакойвае!

Дарэчы, паводле турэмных правілаў, якія нам убівалі ў галаву падчас рэгулярных заняткаў у карантыне, утрымліваць рыбак, таксама як іншых жывых істотаў, у турэмных памяшканьнях забаронена. Адзін хлопец у атрадзе паспрабаваў трымаць у слоіку рыбку, дык яе хавалі ад кантралёраў усім атрадам. А вось актывістаў, як відаць, забарона ня тычыцца.

Колькі асуджаных у калёніі

Неяк зацікавіўся: колькі асуджаных у нашай калёніі?

Пачуўшы гэтае пытаньне, нават дасьведчаныя вязьні называлі прыблізную лічбу, бо з дакладнай статыстыкай там нікога не знаёмяць. Даводзіцца карыстацца ўласнымі падлікамі.

У калёніі 21 атрад, а ў кожным недзе па 100 чалавек. Атрымліваецца, што ў калёніі ня меней за 2 тысячы зьняволеных. Паўтаруся, дакладную лічбу на пэўны дзень ведае толькі адміністрацыя, і гэтая лічба штодня вагаецца.

У нашым 9-м атрадзе, калі я туды заехаў у чэрвені, спачатку было прыблізна 100 чалавек. Празь месяц на шыхтаваньні ўжо гучала лічба 105, у жніўні нас стала 110. А ў верасьні колькасьць вязьняў зноў пачала зьмяншацца.

Чаму такая цякучка? За чатыры месяцы, што я адбыў у атрадзе, штомесяц два-тры зьняволеныя выходзілі на волю па заканчэньні тэрміну.

Таксама асуджаныя выяжджалі праз замену пакараньня. Пераважна на мякчэйшае, са зьняволеньня на «хімію». Так з нашага пакоя паехаў на «хімію» хлопец, прафэсійны футбаліст. Ён быў капітанам каманды атраду, дапамог нашым выйграць чэмпіянат калёніі па футболе. Адмаўляў, што «хімію» заслужыў футболам. Але праўда і тое, што ў калёніі даюць ня толькі спагнаньні, але і заахвочваньні, якія потым улічвае камісія, калі вырашае, ці варты чалавек, каб яму зьмякчыць пакараньне. Той кубак, які заваявала каманда, застаўся стаяць у нашым «кубрыку». Магчыма, у ім цяпер хлопцы нешта хаваюць ад кантралёраў, якія любяць наляцець з раптоўным шмонам.

Таксама некага могуць перавесьці ў іншы атрад па асабістай заяве. Такое бывае, калі чалавек ня ўжыўся з суседзямі ці хоча зьмяніць месца працы, бо ў кожнага атраду свая працоўная спэцыялізацыя. Напрыклад, наш 9-ы атрад працаваў у асноўным на ачыстцы дратоў. Неяк адзін хлопец перавёўся ад нас у іншы атрад. Потым бачыў яго некалькі разоў у складзе будаўнічай брыгады, якая займаецца рамонтам па ўсёй калёніі і таму перасоўваецца па тэрыторыі адносна вольна.

Але найчасьцей адміністрацыя сама пераводзіць вязьня ў іншы атрад, звычайна праз канфлікт зь іншым зьняволеным. Так, у жніўні да нас перавялі вязьня пасьля ягонага канфлікту з заўхозам. Казалі пра разьвязку той сутычкі ў сталоўцы: на галаве заўхоза апынулася талерка з кашай. А прычына канфлікту — ня склаліся адносіны. Без дэталяў. Ведаю дакладна, што парушальнік за свой учынак адбыў дзесяць сутак у ШЫЗА, але і заўхоз пацярпеў — зьнялі з пасады.

Істотна на агульную колькасьць вязьняў у атрадзе ўплываюць пакараньні. Кагосьці за парушэньне адправілі ў ШЫЗА, хтосьці за некалькі парушэньняў запар апынуўся ў ПКТ, а некага паводле новага прысуду па 411 артыкуле адправілі ўвогуле ў іншую калёнію. Але такое — выключныя выпадкі.

Часьцей атрад нясе «страты» праз тое, што вязень адпраўляецца на вялікае спатканьне са сваякамі, і тады яго няма ажно тры дні.

У выніку атрымліваецца, што на шыхтаваньні ледзь ня штодня гучаць новыя лічбы. Збольшага, паводле дасьведчанага вязьня Сяргея, цякучка ў атрадзе амаль не залежыць ад пары году. Пры гэтым той жа вязень зазначаў, што ўлетку атрад нібы крыху разбухае, а восеньню робіцца меншым. Але што да зьяўленьня ў атрадзе новых палітычных вязьняў, дык тут зьмяншэньня восеньню 2022 году не назіралася. На пачатку лета ў атрадзе было сем палітычных, у верасьні — восем. Супраць нас судовы канвэер працаваў спраўна.

Заўхоз

Шыхтаваньне для ранішняй праверкі адбываецца ў сэктарах з разьбежкай недзе ў паўгадзіны. У сэктары, дзе разьмяшчаўся наш атрад, ранішняя праверка пачыналася а сёмай. Адчыняліся дзьверы з сэктару, і вязьні адразу трох атрадаў, як гусяняты, адзін за адным выходзілі на вуліцу ды шыхтаваліся ў калёны.

І кожны раз бачыў адну і тую ж карціну: маларослы, румяны асуджаны, як выйдзе на дарогу, спачатку бяжыць да заўхоза Аляксея, каб павітацца зь ім за руку, і толькі потым займае сваё месца ў калёне ды вітаецца з зэкамі вакол сябе. Паступова пераканаўся, што рацыя ў такіх паводзінах для некаторых ёсьць, і немалая. Бо Аляксей — самая важная пэрсона ў атрадзе, зь ім лепш сябраваць.

Атрад складаецца зь некалькіх вытворчых брыгадаў, кожная зь якіх разьмешчана ў асобным пакоі, пад наглядам брыгадзіра. Яшчэ структуру атраду ўтвараюць грамадзкія сэктары, кшталту гурткоў, у якія вязьні ўступаюць нібыта добраахвотна. Вытворчы сэктар нібыта займаецца праблемамі вытворчасьці, выкананьня нормаў, тэхнікай бясьпекі на працоўных месцах. Гаспадарчы сэктар — гэта пра бытавы лад, пра рамонты, парадак на складзе рэчаў і ў лядоўні. Спартовы займаецца ўдзелам у спартовых спаборніцтвах, культурніцкі — гэта пра ўплыў на мазгі. Лічыцца, што вязень сам выбірае сабе сэктар, але нават калі асуджаны не захоча займацца грамадзкай працай, яго абавязкова ў нейкі сэктар запішуць. Бо лічыцца, што безь сяброўства вязьняў у сэктарах немагчымы працэс іх перавыхаваньня. І самі асуджаныя нібыта зацікаўленыя быць прыпісанымі да сэктара, бо ад гэтага залежаць іх шансы на датэрміновае вызваленьне.

Але можа атрымацца, што асуджанага не залічаць у сэктар наўмысна. Так, мне пэрспэктыва быць у складзе пэўнага сэктара была закрытая фактычна адразу, як трапіў у атрад. Падставай палічылі тое, што ў мяне ўжо чатыры пакараньні — два ШЫЗА, пазбаўленьне доўгатэрміновага спатканьня і пазбаўленьне вялікай перадачы. Хаця хто мне на загад зьверху ўляпіў гэтыя пакараньні? Хіба ня тыя ж афіцэры з адміністрацыі, якія потым разьвядуць рукамі і скажуць: ну, у цябе ж ужо чатыры «штрафы», ты ня хочаш выпраўляцца, дык ніякага табе сэктару, і трохкутнік з рукава ты здымі. Інакш зноў у ШЫЗА загрыміш.

І тое ж адбываецца з большасьцю палітычных. Мэта ясная: калі палітычны ня стаў на шлях выпраўленьня, значыць, яму не атрымаць датэрміновага вызваленьня. Нават калі абвесьцяць амністыю, хай на яе не разьлічвае.

Праўда, гэтае правіла тычыцца ня толькі палітычных. Сусед з артыкулам 328 пасьля трох ШЫЗА і ПКТ таксама быў пазбаўлены трохкутнай нашыўкі як такі, што ня стаў на шлях выпраўленьня, і пра датэрміновае вызваленьне ўжо ня марыў.

Калі сяброўства вязьня ў нейкім сэктары — справа фармальная, дык старшынства над сэктарам надае асуджанаму рэальную вагу, пабытовыя прывілеі. Старшыня савету атраду, старшыні сэктараў — гэта і ёсьць атрадная эліта, тыя актывісты, на якіх адміністрацыя абапіраецца ў кіраваньні атрадам і кантролі над ім. Фактычна старшыню савету атраду і старшыняў сэктараў прызначае адміністрацыя. За свае «хлебныя» пасады актывісты мусяць расплачваецца ляяльнасьцю да адміністрацыі, паслугамі.

Галоўнае месца ў гэтай структуры займае ўсё ж не старшыня савету атраду, а заўхоз. Фармальна гэты актывіст «курыруе» толькі гаспадарчыя і пабытовыя справы ў атрадзе, але ў рэальнасьці ён першая асоба, ад якой жыцьцё звычайнага зэка залежыць больш, чым ад якога іншага актывіста. Заўхоз разьмяшчае цябе ў «кубрыку», прымае і перадае наверх твае заявы адносна побыту, выводзіць атрад на рэжымныя мерапрыемствы, прымае заявы на спатканьні з роднымі.

У кожнай з гэтых спраў заўхоз можа табе дапамагчы, а можа і нашкодзіць. Да прыкладу, скарэктаваць у пэўны бок атрадны графік спатканьняў, у якім тваё месца можа быць зручным ці наадварот. Раніцай і ўвечары менавіта заўхоз на шыхтаваньні дапамагае афіцэру праводзіць штодзённыя праверкі. Здавалася б, ну што тут асаблівага? Трымаць скрыню пэрсанальных картак атраду і перадаваць іх пачак за пачкам дзяжурнаму, калі той праводзіць пераклічку. Хіба гэта прывілей, якім можна неяк скарыстацца?

А насамрэч так і ёсьць. Выглядала, што наш заўхоз Аляксей быў знаёмцам усіх вартаўнікоў, жартаваў зь імі, перакідаўся словамі пра надвор’е, пра навіны ў калёніі. Зразумела, мог пры патрэбе замовіць за каго слова, а мог і прамаўчаць, мог падказаць, хто варты паблажкі, а хто пакараньня. І для апэратыўных супрацоўнікаў, верагодна, менавіта заўхоз — галоўныя вушы і вочы адміністрацыі ў атрадзе. А тое, што гэтыя вочы і вушы звычайна належаць асуджанаму за забойства — ну дык апэратыўніку гэта якраз і лепш. Заўхозу на волю ня хутка, ён праседзіць у калёніі гадоў 10–15. Ня трэба мяняць, шукаць новага кандыдата на такую істотную пасаду.

Грамадзянін начальнік

Нават малая доза самакіраваньня, вядома, лепш, чым ніякая, але галоўны ў атрадзе ўсё ж не калега па няволі, а чалавек у міліцэйскай форме пясочнага колеру з карычневымі плямамі. Ён можа ня мець з сабой зброі, яна ў калёніі забароненая ўсім, акрамя спэцыяльных падразьдзелаў для змаганьня з бунтамі. Ён можа нават не насіць дубінкі і ня мець з сабой кайданкаў, балёнчыка зь сьлезацечным газам ці ліхтарыка.

Службіст з пагонамі старшага лейтэнанта з тэчкай у руках толькі заходзіць у сэктар, а днявальны ўжо раве: «Начальнік на атрадзе!» І гэтым крыкам усё тлумачыцца. Тое, хто насамрэч у атрадзе гаспадар, ад каго залежыць, будзеш ты сёньня спаць спакойна ці будзеш варочацца ўсю ноч, разважаючы, складуць заўтра на цябе рапарт за кавалак хлеба, знойдзены ў тумбачцы, альбо не складуць, пашкадуюць.

Бывае, такім жа гаспадаром у тваім атрадзе на нейкі вечар можа стаць начальнік суседняга атраду. Чамусьці яны любяць мяняцца дзяжурствамі, і суседні начальнік можа прыйсьці правяраць нас, каб прадэманстраваць, які ён строгі, але справядлівы.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG