«Мэлёдыя драўлянай лыжкі». Цікавінкі і неспадзяванкі з кнігі ўспамінаў першага кардынала Беларусі Казіміра Сьвёнтака

Кардынал Казімір Сьвёнтак, 2004

Успаміны кардынал пісаў з 1982 па 1988 год, яны апублікаваныя ў Польшчы. Раней такія падрабязнасьці жыцьця Сьвёнтака нідзе не публікаваліся.

Казімір Сьвёнтак — першы кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі, першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасьля 1798 году. Этнічны паляк. Нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 году ў Эстоніі. Пасьля 1922 году жыў з маці і братам у Баранавічах. У 1933 годзе паступіў у Пінскую духоўную сэмінарыю. Сьвятарскую дзейнасьць пачаў у 1939 годзе ў Пружанах. У 1941 годзе быў арыштаваны НКУС, сядзеў у камэры «сьмяротнікаў». Быў вызвалены пасьля нападу гітлераўцаў на Берасьце. У 1944 годзе асуджаны на 10 гадоў лягераў. Адбываў зьняволеньне ў Марыінску, Варкуце і Інце.

Кардынал Казімір Сьвёнтак у Горадні, 2005

У 1954 годзе вярнуўся ў Пінск, служыў ксяндзом. Быў вікарыем Пінскай дыяцэзіі, арцыбіскупам Менска-Магілёўскім, у 1994 годзе Папа Ян Павал ІІ даў яму тытул кардынала. Мае ўзнагароду «Сьведка веры» (Fidei testis) за вернасьць Богу і Каталіцкай царкве. Памёр 21 ліпеня 2011 году, пахаваны ў Пінску.

Вокладка кнігі Казіміра Сьвёнтака «Мэлёдыя драўлянай лыжкі»

1. У першую «зсылку» у Сібір Казімір Сьвёнтак трапіў, калі яму было 3 гады

Казімір Сьвёнтак — этнічны паляк, які нарадзіўся ў Эстоніі, у той час яна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі. Быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 10 гадоў адбыў у лягерах у Сібіры. Але першая «зсылка» у Сібір у Казіміра адбылася, калі яму было тры гады.

У 1915-м, калі да месца жыхарства сям’і Сьвёнтака набліжаўся фронт, малы Казік разам з маці і сваякамі выехаў углыб Расеі. Дзед і дзядзька Казіміра атрымалі працу на чыгунцы ў Сібіры.

«І вось у 1919 годзе мы апынуліся ў далёкім Сібіры. З братам Эдкам мы часта паглыбляліся ў чароўныя сакрэты сібірскай прыроды. Дзіўна, як мы сабе давалі рады і з намі ня здарылася нічога кепскага. Менавіта там у мяне нарадзілася вялікая любоў да прыроды, якую я праяўляў праз усё жыцьцё».

Праз 25 гадоў, у 1944-м, Казімір, тады ўжо ксёндз, зноў выправіцца ў Сібір — у «сталыпінскім» вагоне, у сталінскія лягеры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каталікі там пачалі вазбухаць — Сьвёнтак і яшчэ іншыя». Што Лукашэнка сказаў пра Курапаты на «лініі Сталіна»

2. Казіміра хацелі выгнаць са школы, бо прынёс туды баявы снарад

Казімір Сьвёнтак выдатна вучыўся ў школе, але разам з братам Эдкам быў хуліганам, за што часта атрымліваў ад маці «бярозавай кашы». Аднойчы яго ледзьве ня выгналі са школы. Гэта было ў мястэчку Дукшты (цяпер Літва, раней — Польшча).

Гуляючы з братам па ваколіцах, Казімір знайшоў кінуты вайскоўцамі склад боепрыпасаў. Там былі порах, гранаты і снарады.


«Аднойчы мы закруцілі порах у паперу і засунулі ў дзьверы школы. Хутка мы адмовіліся ад такой забавы — бо рэакцыя настаўнікаў была імгненнай. Нам было загадана не прыходзіць у школу бяз маці. Гэта азначала, што дома трэба было спускаць нагавіцы, класьціся на табурэтку і атрымліваць дзягі. Эдэк атрымліваў больш, я меў паслабленьні за свой малы ўзрост. Аднойчы мы прынесьлі і паклалі на ганак школы артылерыйскі снарад. Можаце толькі ўявіць, што адчуваў дырэктар, калі яму пра гэта паведамілі! У хуткім часе прыехалі ваенныя і магутны выбух давёў да нас, якой небясьпечнай была наша забава. Доўга мусіла маці ўмольваць дырэктара, каб ён пасьля гэтага пакінуў мяне і Эдка вучыцца ў школе».


Ва ўспамінах кардынал занатаваў і іншыя хуліганскія выхадкі. З братам і сябрамі яны зрабілі плыт, і ў час «забавы» Казімір пачаў тануць. Брат выратаваў яго, зрабіўшы штучнае дыханьне. Але дома Эдка чакала «бярозавая каша» як старэйшага. Да Казіміра, як ён сам піша, «была прымененая амністыя як да няўдалага тапельца».

Казімер Сьвёнтак

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрысьціна Лялько: Папрацавалі гады два, і кардынал Казімер Сьвёнтак сказаў — «Экзамен вы здалі»

3. Хацеў паступаць на філялёгію, але каля труны біскупа адчуў пакліканьне да сьвятарства

Перад паступленьнем у Вільню на філялёгію Казімір разам зь іншымі хлопцамі быў на «духоўных практыкаваньнях» у Пінскай сэмінарыі. Юнакі хадзілі да труны памерлага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Тут, ля труны, Казімір папрасіў у нябожчыка заступніцтва: «Каб я да канца жыцьця быў сапраўдным слугой Хрыста і каб мая маці жыла як мага даўжэй».

«„Табе добра, — казалі мне прыяцелі. — Ты ўжо ведаеш дакладна, што пойдзеш вучыцца ва ўнівэрсытэт“. Ува мне паўстаў нейкі ўнутраны пераварот, і я сказаў: „Ведаеце, я не пайду на філялёгію ў Вільні, я пайду ў духоўную сэмінарыю, і выключна ў Пінску“. На гэта прыяцелі выбухнулі сьмехам. Але я не жартаваў».

Пазьней кардынал напіша, што ўсё жыцьцё яму дапамагаў зь неба біскуп Лазінскі. Дзякуючы ягонаму заступніцтву Казімір стаў ксяндзом, прычым застаўся верным пакліканьню, прайшоўшы безьліч выпрабаваньняў. І ягоная маці жыла доўга, больш за 90 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казімер Сьвёнтак, кардынал, які ня ведаў, колькі анёлаў у ягоным храме

4. Ледзь не адлічылі з сэмінарыі за тое, што ў адных плаўках катаўся ў лодцы на Піне

Калі па некалькіх гадах вучобы ў сэмінарыі Казімір быў пасьвечаны на дыякана, здарыўся інцыдэнт, які ледзь не прывёў яго да адлічэньня. Казімір зь іншымі сэмінарыстамі атрымаў дазвол ад рэктара езьдзіць на рыбалку на раку Піну.

«Калі мы плылі па рацэ, натуральна, у сутанах, мы сустрэлі ксяндза Юзафа Казлоўскага, які плыў на лодцы ў плаўках. Праяжджаючы каля нас, ён сказаў: „Для чаго вы пацееце і пакутуеце, плывучы ў сутанах?“. Праз адну хвіліну мы плылі ўжо толькі ў плаўках. Вярнуліся адпачылымі, задаволенымі і вясёлымі. У дзьвярах сэмінарыі мне сказалі, што рэктар загадаў тут жа зьявіцца да яго. „За тое, што вы плылі на Піне на чаўнах без сутанаў, вы ўсе будзеце адлічаныя. Я дашлю ліст у Ватыкан для таго, каб з вас зьнялі статус дыякана“. Я выслухаў гэты прысуд ашаломлены і, ні слова не кажучы, выйшаў. У сваім пакоі ўпаў на ложак. Усё скончана! Страчанае пакліканьне! Біскуп Лазінскі, што рабіць?».


Пасьля ўмяшаньня ксяндза, які дазволіў сэмінарыстам плысьці на лодцы ў плаўках, рэктар зьмяніў сваё рашэньне і навучэнцы засталіся ў духоўнай сэмінарыі.

Казімер Сьвёнтак

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чары Палесься» — кніга пра кардынала-кінарэжысэра Казіміра Сьвёнтка

5. Нямецкі наступ выратаваў ад сьмяротнага прысуду ад НКУС

Калі Казімір Сьвёнтак быў пасьвечаны ў сьвятары, яго накіравалі служыць у Пружаны. 17 верасьня 1939 году Заходняя Беларусь была «вызваленая» Чырвонай Арміяй. Многія польскія ксяндзы вырашылі легальна ці нелегальна пераехаць у Польшчу. Прапанавалі гэта і маладому Казіміру.

«Ксяндзы расказалі мне, што прынялі рашэньне таемна прайсьці цераз Буг у Польшчу. Яны прапанавалі мне далучыцца да іх. Я быў агаломшаны пачутым, глядзеў на іх у непаразуменьні. Яны спрабавалі мне патлумачыць свае паводзіны тым, што ўсё мінула — хутка ўсе сьвятары будуць зьнішчаныя, трэба ўцякаць, пакуль ёсьць час. Астыўшы, я рашуча заявіў, што нікуды не паеду, застануся на сваёй службе. Я спрабаваў даць рады сытуацыі. Пане, што адбываецца? Як можна кінуць касьцёл, парафію?».

На каталіцкіх сьвятароў палявалі савецкія органы, у першую чаргу НКУС. Неаднаразова яны спрабавалі падлавіць ксяндза Казіміра, калі б ён быў адзін. Гэта рабілася, каб не бунтаваць людзей. Ксёндз быў абачлівы і не хадзіў сам. Але аднойчы ноччу да яго ўварваліся супрацоўнікі НКУС, арыштавалі і кінулі ў турму.

Казімер Сьвёнтак

Сьвёнтака абвінавацілі ва ўдзеле ў польскім падпольлі, антысавецкай агітацыі, дывэрсіі і шпіянажы. За такія злачынствы яму пагражала сьмяротнае пакараньне. Умовы ўтрыманьня ксяндза былі падобныя на тыя, якія цяпер ствараюць у беларускіх турмах для палітвязьняў. Уночы не давалі спаць празь бясконцыя допыты. Днём таксама спаць нельга было. У камэры не было ані ложка, ані матраца, звонку не паступала ніякай інфармацыі. Холад, голад, псыхалягічны ціск.

У канцы чэрвеня 1941 году Берасьце захапілі гітлераўцы. Вязьні чулі кананаду і выбухі. Іхныя ахоўнікі некуды зьніклі. Зьняволеныя выламалі дзьверы ў камэрах і выйшлі на свабоду. Зь імі і Казімір Сьвёнтак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пінску ўшануюць стагодзьдзе Казімера Сьвёнтка

6. Некалькі разоў яго спрабавалі вэрбаваць, у тым ліку і генэрал НКУС

Калі сьвятар сядзеў у 1944 годзе ў менскай «Амэрыканцы», яго спрабаваў вэрбаваць генэрал НКУС. Пазьней, пасьля вызваленьня і жыцьця ў савецкай Беларусі, Сьвёнтака, як ён успамінае, таксама спрабавалі вэрбаваць супрацоўнікі КДБ.

«Характарызуючы мяне як разумнага і адукаванага чалавека, ён сьцьвярджаў, што шкада марнаваць час, а можа быць, і жыцьцё, у турмах і лягерах, улічваючы мой малады ўзрост. Стала зразумела, што ён хоча мяне вэрбаваць на службу ў НКУС». «З загадкавым выразам твару ён сказаў, што ў расейскай мове ёсьць такі выраз: „Лепш быць жывой варонай, чым мёртвым арлом“. Больш я ня мог удаваць, што не разумею, у чым справа. Мусіў даць адказ, так ці не. І я даў. На адным дыханьні я вымавіў: „Таварыш генэрал! Як паляк зь вялікім задавальненьнем паведамляю, што такога выразу няма ў польскай мове“. Адказ быў дастаткова ясны для таго, каб генэрал прыйшоў у лютасьць. „Падпалкоўнік, забірай гэтую сволач, інакш я яго заб’ю!“. Падпалкоўнік схапіў мяне за плячо і выштурхнуў з кабінэту».

Разьвітаньне з Казімірам Сьвёнткам. Менск, 2011

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прэзэнтавалі «Імёны Свабоды» Ўладзімера Арлова

7. У лягеры стаў сьведкам жорсткага забойства палітычнага крымінальнікам

У лягеры пакараньне адбывалі разам палітычныя і крымінальнікі. Апошнім было дазволена шмат што, успамінае Сьвёнтак. Аднойчы ў зямлянку, дзе жылі вязьні, уварваўся крымінальнік зь сякерай. Ён жорстка забіў «палітычнага».

«Гэтае злачынства было зробленае на вачах ня менш як 150 чалавек, так моцна напалоханых, тэрарызаваных, што нікому ў галаву не прыйшло накінуцца на забойцу. На судовым паседжаньні на пытаньне, чаму ён забіў чалавека, ён адказаў, што ён, „сын народу“, забіў „ворага народу“. Натуральна, сьмяротны прысуд ня быў вынесены».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малгажата Шэйнэрт напісала кнігу пра неідэалізаванае Палесьсе

8. Крымінальнікі зьелі ягонага хамяка

У лягеры ксёндз Казімір працаваў у тым ліку на палетках, вырошчваў бульбу і моркву. Неяк увесну, прыбіраючы з поля старую салому, Казімір Сьвёнтак знайшоў хамяка. Ахоўнікі дазволілі яму ўзяць жывёлінку да сябе ў зямлянку. Ксёндз зрабіў для хамяка клетку. Кожны дзень з поля ён прыносіў хамяку зярняткі ці аддаваў частку свайго хлеба. Хамяк жыў у асуджанага доўгі час і пасьпеў нават падрасьці і патаўсьцець.

«Аднойчы вечарам, калі я вярнуўся з працы, то ўбачыў, што клетка пустая. Праз паўгадзіны да мяне прыйшлі два крымінальнікі і запрасілі на тую частку зямлянкі, дзе яны жылі. Там стаяў вялікі кацёл зь нейкім супам. Мяне запрасілі сумесна паабедаць. Калі я зазірнуў у кацёл, то ўбачыў там прыгатаванага майго хамяка. Я заплакаў і ўцёк адтуль, на вялікае зьдзіўленьне крымінальнікаў. Яны не маглі зразумець, чаму я плакаў і адмовіўся есьці такую, на іх думку, цудоўную вячэру, на якую яны шчодра запрасілі мяне як уласьніка хамяка».

Пахаваньне Казіміра Сьвёнтка. Пінск, 2011

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паляк, які стаўся беларусам

9. За рашучасьць у адстойваньні веры меў павагу ў іншых асуджаных

Сьвёнтак піша таксама ва ўспамінах, што ў лягеры меў мэдальён з выявай Маці Божай і Хрыста. На яго паквапіліся крымінальнікі.

«Аднойчы, калі я ў цёплы дзень ішоў паміж зямлянкамі без кашулі, гэты мэдальён заўважыў галоўны ў злачынцаў, „блатны“. Ён загадаў мне зьняць мэдальён і аддаць яму. Я цьвёрда адказаў, што, як сьвятар, я ніколі гэтага не зраблю, і толькі забіўшы мяне, яны могуць забраць яго. Бандыт са зьдзіўленьнем паглядзеў на мяне і сказаў, што яму гэта спадабалася, сказаў, што я магу насіць яго бяз страху і ніхто не забярэ ў мяне мэдальён, што я магу жыць спакойна і мяне ніхто ні ў чым не пакрыўдзіць. І сапраўды, з той пары ў мяне не было непрыемнасьцяў з боку крымінальнікаў. Нават бандыта зьдзівіла такая цьвёрдая і гатовая да сьмерці абарона веры ў Бога».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Кардынал Казімір Сьвёнтак

10. Прапаноўвалі адмовіцца ад сьвятарства і стаць дырэктарам, каб «нічога не рабіць»

Пасьля лягераў ксёндз вярнуўся ў Пінск і займаўся там служэньнем, аднаўляў катэдральны касьцёл. У гэтыя часы яму зноў паступіла «цікавая» прапанова ад супрацоўніка КДБ. Той пераконваў ксяндза, што сьвятар ужо пацярпеў за сваё служэньне, чаго ж зноў падвяргаць сябе новым непрыемнасьцям. Супрацоўнік КДБ казаў, што ксёндз мае вялікія веды, жыцьцёвы досьвед, і таму яму могуць прапанаваць любую працу, абы толькі адмовіўся ад сьвятарства.

«Калі хочаце, мы можам вас прызначыць дырэктарам прадпрыемства ці на пасаду ў сфэры адукацыі. Вы будзеце сядзець у кабінэце дырэктара і нічога не рабіць, працу за вас будзе выконваць намесьнік. Вы будзеце атрымліваць такія грошы, што вам будзе дастаткова». Ён глядзеў на мяне, чакаючы толькі згоды і падзякі. Я, гледзячы на ягоны твар, слухаючы агідныя выказваньні, зразумеў чарговы раз у маіх кантактах з чэкістамі, якая глыбокая прорва аддзяляе іх ад нашай хрысьціянскай маралі і этыкі і нават ад звычайнай чалавечай шчырасьці".

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталіцкая Беларусь разьвіталася з кардыналам Казімірам Сьвёнткам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На вуліцы Сьвёнтка ў Пінску ніхто не жыве»