Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску ўшануюць стагодзьдзе Казімера Сьвёнтка


Казімір Сьвёнтак
Казімір Сьвёнтак

Урачыстасьці з нагоды 100-й гадавіны народзінаў кардынала Казімера Сьвёнтка пройдуць у Пінску 25 кастрычніка.

Стогадовы юбілей Казімера Сьвёнтка адзначаецца 21 кастрычніка. У менскім ды пінскім касьцёлах Найсьвяцейшай Панны Марыі адбудзецца імша ў гонар першага беларускага кардынала.

У Пінску, дзе пахаваны Казімер Сьвёнтак, яго памяць ужо ўшанаваў мясцовы клюб аматараў польскай літаратуры і гісторыі. Грамада зладзіла ўрачыстае паседжаньне, дзе ўспаміналі жыцьцёвую і духовую дзейнасьць нябожчыка кардынала.

Асноўныя ўрачыстасьці адбудуцца ў пінскай катэдральнай базыліцы Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Панны Марыі 25 кастрычніка. У гэты дзень тут чакаецца шмат паломнікаў з усёй Беларусі, у прыватнасьці, зь менскага Чырвонага касьцёла.

Казімер Сьвёнтак нарадзіўся ў 1914 годзе ў Прыбалтыцы. У 30-я гады мінулага стагодзьдзя скончыў сэмінарыю і служыў сьвятаром у Пружанах (Берасьцейшчына). У 1941 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на сьмяротнае пакараньне. Вызвалены з турмы ў Берасьці немцамі, вярнуўся ў Пружаны. У 1944 годзе савецкія ўлады асудзілі яго на 10 гадоў сыбірскіх лягераў. Вярнуўшыся адтуль, служыў сьвятаром у Пінску.

Пасьля падзеньня Савецкага Саюзу Казімер Сьвёнтак стаў мітрапалітам Менска-Магілёўскім. А ў 1994 годзе папа Рымскі Ян Павал ІІ абвясьціў яго кардыналам.

Казімер Сьвёнтак — адзіны кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі.

Казімір Сьвёнтак, 2000 год
Казімір Сьвёнтак, 2000 год

У 2006 годзе ў 91-гадовым веку Сьвёнтак быў вызвалены ад кіраўніцтва архідыяцэзіяй, застаўшыся апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Апошнія гады жыў у Пінску, дзе і спачыў у 2011 годзе ў 96-гадовым веку.

І пры жыцьці, і пасьля сьмерці кардынал Казімер Сьвёнтак быў і застаецца несумненным духовым аўтарытэтам для беларускіх каталікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG