Паводле ацэнак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), ад 200 тысяч да паўмільёна беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
З гэтай нагоды Камітэт міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў ПАРЭ зьвярнуўся да дэпутата парлямэнту Люксэмбургу Поля Галя з просьбай падрыхтаваць справаздачу аб канкрэтных праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні. У сакавіку 2023 году прадстаўнік ПАРЭ наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць зь беларускімі ўцекачамі, а таксама ўладамі гэтых краін.
Аўтар дакладу «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні» Поль Галь прадставіў свой даклад 20 чэрвеня на сэсіі Асамблеі ў Страсбуры, дзе дакумэнт і быў зацьверджаны.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр расказвае пра тое, якія праблемы былі акрэсьленыя ў дакладзе і якія будуць наступныя крокі.
«Увесь гэты працэс важны, таму што вельмі яскрава падкрэслівае беларусаў як спэцыфічную групу, дзеля якой трэба ствараць умовы — выдача гуманітарных візаў і стварэньне гуманітарных калідораў, паляпшэньне ўмоваў доступу да рынку працы і адукацыі, стварэньне асаблівых працэдураў легалізацыі», — адзначыла Крысьціна Рыхтэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чальцы Рады Эўропы павінны забясьпечваць належны ўзровень абароны беларусаў у выгнаньні, — спэцдакладчык РадыУ дакумэнце падкрэсьліваецца, што важна адрозьніваць беларусаў і рэжым, ад якога яны ўцяклі, і адзначаецца фундамэнтальная роля Сьвятланы Ціханоўскай і розных органаў, створаных дэмакратычнымі сіламі для задавальненьня патрэб сваіх суайчыньнікаў:
«Сфальшаваныя прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня 2020 году ператварылі Беларусь у турму пад адкрытым небам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык аб беларускіх уцекачах у ПАРЭ: «Рада Эўропы адрозьнівае рэжым ад народу Беларусі»
Прызнаючы, што беларускі народ нельга атаясамліваць з рэжымам Лукашэнкі, Асамблея лічыць:
«Беларусы на эміграцыі не павінны зазнаваць дыскрымінацыйнае стаўленьне за ўдзел рэжыму ў вайне супраць Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ прызнала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам і заявіла пра датычнасьць да гэтага Лукашэнкі
Дакладчык дае наступныя рэкамэндацыі краінам-чальцам Рады Эўропы:
- Беларусы, якія пакінулі сваю краіну пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, былі вымушаныя рабіць гэта ад страху перасьледу.
- Гэтая прымусовая эміграцыя прывяла іх да таго, што яны сталі ахвярамі парушэньняў правоў чалавека ў прымаючых краінах, дзе яны знайшлі прытулак, часам як вымушанае наступства санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі.
- Хоць іх галоўнае жаданьне — вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь, чым больш праходзіць часу, тым больш аддаленай становіцца гэтая пэрспэктыва.
- Ліквідацыя юрыдычных, адміністрацыйных і практычных перашкод, зь якімі яны сутыкаюцца, і аказаньне падтрымкі беларусам на эміграцыі павінна быць прыярытэтам для краінаў Рады Эўропы, таму што дэмакратычная і бясьпечная Беларусь зьяўляецца часткай вырашэньня праблемы бясьпекі ў Эўропе.
- Нельга ігнараваць той факт, што дэмакратычныя сілы імкнуцца стварыць «новую Беларусь» у выгнаньні. Варта падтрымаць іх намаганьні аблягчыць праблемы, зь якімі сутыкаюцца суайчыньнікі.
- У той жа час інтэграцыя беларусаў на эміграцыі ў грамадзтвах, якія іх прымаюць, застаецца важным фактарам, каб пазьбегнуць гетаізацыі і псыхалягічнага адчужэньня.
- Гэты даклад прапануе прагматычныя і практычныя прапановы дзяржавам-чальцам, куды ўцякаюць рэпрэсаваныя беларусы, каб яны маглі весьці нармальнае жыцьцё, без усялякіх перашкод для ажыцьцяўленьня асноўных правоў.
- Аўтар дакладу лічыць, што ўсе 46 дзяржаваў – сяброў Рады Эўропы павінны забясьпечваць эквівалентны, калі не ўніфікаваны, узровень абароны беларусаў у выгнаньні, дазваляючы ім інтэгравацца, захоўваючы і ўмацоўваючы пры гэтым іх нацыянальную ідэнтычнасьць.