Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: «Рэжыму Лукашэнкі вельмі баліць, гэта іх правал». Што дасьць удзел Ціханоўскай ў саміце Рады Эўропы


Сьвятлана Ціханоўская ў Рэйк'явіку
Сьвятлана Ціханоўская ў Рэйк'явіку

Лідэрка дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у саміце Рады Эўропы, які праходзіў у Рэйк’явіку. Пасьля гэтага прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што Менск можа адклікаць заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы.

Чаго можа дамагчыся сваім удзелам у саміце Ціханоўская і што так напалохала рэжым Лукашэнкі? Пра гэта расказвае дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, які разам зь ёй браў удзел у саміце ў Ісьляндыі.

Вячорка нагадвае, што гэта не Лукашэнка падаваў заяўку на ўступленьне Беларусі ў Раду Эўропы. Гэта адбылося яшчэ да яго ўступленьня на пасаду кіраўніка краіны. Заяўку падаваў дэмакратычны ўрад, а Лукашэнка, як дадае Вячорка, акурат ухіляўся ад таго, каб гэтую заяву фіналізаваць. У заяве Анатоля Глаза Вячорка ня бачыць трагедыі. «Значыць, Ціханоўская падасьць новую», — дадае яе дарадца.

«У большасьці краінаў Рады Эўропы ёсьць воля гэта падтрымаць. Гэта доўгі працэс, але мы ўсё роўна яго рэалізуем. Відавочна, што рэжыму Лукашэнкі гэта вельмі баліць. Гэта для іх дыпляматычная параза, што запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую, і тое, што фармалізавалі працу зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Для Рады Эўропы і міжнародных арганізацый гэта беспрэцэдэнтна. Рада Эўропы — гэта міжурадавая арганізацыя, дзе сустракаюцца кіраўнікі ўрадаў, міністры зь міністрамі. І ўпершыню ў гісторыі Рада Эўропы фармальна і афіцыйна супрацоўнічае з дэмакратычным рухам, які пакуль што ня стаў фармальным урадам», — кажа Вячорка.

У выніковай дэклярацыі саміту Беларусь згадваецца двойчы. Гэта зьвязана з дэпартацыяй украінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю і фармалізацыяй адносінаў з дэмакратычнай Беларусьсю.

Сьвятлана Ціханоўская мела размовы ў кулюарах з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам, кіраўніком Эўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем, прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлоні, прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, кіраўніком Літвы Гітанасам Наўседам, прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам, міністрам замежных справаў Швэцыі Тобіясам Більстромам, камісарам Рады Эўропы па правах чалавека Дуняй Міятавіч. Усяго на саміце прысутнічалі кіраўнікі 46 краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG