Украіна расьсьледуе ролю Беларусі ў «гвалтоўным перамяшчэньні» дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый, паведамляла днямі агенцтва Reuters з спасылкай на ўкраінскага генэральнага пракурора Андрэя Косьціна. На пачатку траўня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) на сустрэчах з кіраўніцтвам Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту ў Страсбургу прадставіла справаздачу аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Паводле слоў кіраўніка НАУ, намесьніка старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Паўла Латушкі, дакумэнт зьмяшчае «больш за 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў».
Сярод тых, хто працаваў над дакумэнтам на запрашэньне НАУ, — амэрыканскі расьсьледнік Эдвард Снайдэр. У інтэрвію Свабодзе Снайдэр патлумачыў, чаму ён лічыць дзеяньні рэжыму Лукашэнкі спрыяньнем генацыду і хто панясе за гэта адказнасьць.
Сьцісла:
- Рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў пляне Расеі падарваць украінскую нацыянальную ідэнтычнасьць на акупаваных тэрыторыях.
- Незаконны вываз дзяцей з акупаванай тэрыторыі ў іншую краіну бяз згоды бацькоў ці законных прадстаўнікоў, калі ён робіцца з мэтай зьнішчыць нацыянальную ідэнтычнасьць, — гэта генацыд.
- З гэтых дзяцей рыхтуюць новае пакаленьне «салдатаў ДНР», а таксама шпіёнаў і сабатажнікаў. Расьсьледаваньне паказала, што гэтых непаўналетніх ужо выкарыстоўваюць у зоне ваенных дзеяньняў.
- У Беларусі галоўныя адказныя за вываз украінскіх дзяцей — асабіста Лукашэнка і ягоныя ключавыя міністры. Саўдзельнікамі зьяўляецца кіраўніцтва кампаніі «Беларуськалій». Для выканаўцаў ніжэйшага ўзроўню адзіным спосабам атрымаць меншы турэмны тэрмін будзе даць паказаньні супраць большых злачынцаў.
— Што ня так з заявамі ўладаў Беларусі пра тое, што гэта гуманітарныя праграмы, якія дапамагаюць аздараўляць дзяцей?
— Дзяцей з акупаванай Расеяй Данецкай вобласьці прывозяць у лягеры адпачынку ў Беларусь, і рэжым называе гэта «аздараўленьнем» і «рэабілітацыяй». На тых фота і відэа, якія ўлады даюць у дзяржаўныя мэдыя, шмат шоў талентаў, спорту і падобных рэчаў.
Але мы ведаем, што ў такіх таталітарных рэжымах, як у Лукашэнкі і Пуціна, усё заўсёды падманліва. У самой Данецкай вобласьці дзецям прамываюць мазгі і вучаць, што яны расейцы, а Ўкраіна — гэта зло. Маё расьсьледаваньне паказала, што дзяцей, якіх прывозяць з Данецкай вобласьці ў Беларусь, працягваюць русыфікаваць.
Да іх прыходзяць «сілавікі» і вучаць, што гэта «крута» быць салдатам, які будзе ваяваць за расейскі бок. Іх вучаць, што важна падтрымліваць самаабвешчаную гэтак званую «Данецкую Народную Рэспубліку». Гэта ўсё — частка расейскага пляну падарваць украінскую нацыянальную ідэнтычнасьць на акупаваных тэрыторыях.
Гэта ваеннае злачынства. Бо дзеці, якіх вывозяць, яшчэ ня ў тым узросьце, калі яны могуць самі прымаць рашэньні. У асноўным у Беларусь прывозяць дзяцей ва ўзросьце ад 12 да 15 гадоў. Гэтым займаецца фонд Аляксея Талая, прадстаўнікі якога заяўлялі, што некаторыя з гэтых дзяцей — сіроты.
Незаконны вываз дзяцей з акупаванай тэрыторыі ў іншую краіну бяз згоды бацькоў ці законных прадстаўнікоў, калі ён робіцца з мэтай зьнішчыць нацыянальную ідэнтычнасьць, — гэта генацыд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь «на аздараўленьне» прывозяць дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі ЎкраіныНа старонках салігорскага дзіцячага лягера «Дубрава» публікаваліся фота і відэа з подпісамі, што лягер наведвалі прадстаўнікі 3-й брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Яны паказвалі дзецям розныя практыкаваньні, у тым ліку элемэнты рукапашнага бою. Імаверна, што гэта не адзінкавы выпадак.
Сярод тых, хто апякуецца гэтай праграмай вывазу дзяцей у Беларусь, — настаўніца кадэцкага корпусу ў Данецку Алёна Лявіцкая. Інтэрвію зь ёй рабілі беларускія і расейскія дзяржаўныя мэдыя. Некаторыя зь дзяцей, якіх прывозілі з Данецку ў «Дубраву», вучацца ў кадэцкім корпусе.
— Ці застаюцца дзеці ў Беларусі? Ці вывозяць іх празь Беларусь у Расею?
— Большасьць дзяцей, пра якіх я даведаўся, прывозілі ў Беларусь з Данецкай і Луганскай вобласьці, а потым везьлі назад.
Тут важна разумець, што фактычна існуе дзьве праграмы. Першая — гэта гвалтоўны вываз дзяцей, якіх перадаюць у расейскія сем’і. У асноўным гэта робіцца з малымі дзецьмі ўзростам да 5 гадоў. А другая — гэта праграмы русыфікацыі і прамываньня мазгоў для старэйшых дзяцей, у асноўным для падлеткаў.
З гэтых дзяцей рыхтуюць новае пакаленьне «салдатаў ДНР», а таксама шпіёнаў і сабатажнікаў. Маё расьсьледаваньне паказала, што гэтых непаўналетніх ужо выкарыстоўваюць у зоне ваенных дзеяньняў для розных мэтаў — для дапамогі ў лягістыцы, у тым ліку для працы на вайсковых складах, для збору выведнай інфармацыі. Усё гэта наўпрост парушае Жэнэўскія канвэнцыі, якія забараняюць выкарыстоўваць дзяцей у зоне вайны. І ўлады Беларусі актыўна спрыяюць гэтым парушэньням.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі сказаў прадстаўніку ЮНІСЕФ наконт удзелу Менску ў вывазе дзяцей з Украіны— Хто адказны за вываз дзяцей?
— Галоўныя адказныя за вываз украінскіх дзяцей — гэта фактычныя кіраўнікі Расеі і Беларусі. Бо гэта не чыясьці ініцыятыва на ніжэйшым узроўні, а сыстэматычная праграма ператварэньня наступнага пакаленьня ўкраінцаў у этнічных расейцаў. І гэтую праграму праводзяць паводле загадаў Уладзіміра Пуціна, але таксама і Аляксандра Лукашэнкі.
Лінія адказнасьці ідзе ад кадэцкага корпусу і лягера праз абʼяднаньне «Беларуськалій» да самога Аляксандра Лукашэнкі. Людзі зь ягонага атачэньня актыўна ўдзельнічаюць у гэтай праграме. Дзецям кажуць запісваць відэа, на якіх яны дзякуюць «шчодраму прэзыдэнту Лукашэнку за цудоўныя вакацыі ў прыгожай Беларусі».
Усё гэта робіцца не стыхійна. Самі арганізацыі, якія гэтым займаюцца, на сваіх старонках абвяшчаюць, што гэта робіцца на загад Лукашэнкі. Мне здаецца, што яны гэта робяць, каб перакласьці зь сябе адказнасьць, калі іх у будучыні раптам прыцягнуць да суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ апублікавала справаздачу аб прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею і БеларусьЛукашэнка можа гэта адмаўляць, але я знайшоў доказы, якія наўпрост зьвязваюць яго з гэтай праграмай. Ёсьць фатаздымкі, відэа, дакумэнты — пашпарты і дакумэнты на транзыт. Для абвінавачаньняў супраць самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі дастаткова доказаў.
Акрамя Лукашэнкі і ягоных ключавых міністраў саўдзельнікамі зьяўляецца кіраўніцтва кампаніі «Беларуськалій». Бо асноўны дзіцячы лягер, які выкарыстоўваецца ў праграме, «Дубрава», належыць «Беларуськалію».
— Чаму НАУ запрасіў менавіта вас і як вы зьбіраеце інфармацыю?
— Я атрымаў адукацыю ў ЗША — маю ступень магістра ў абарончых і стратэгічных дасьледаваньнях з акцэнтам на вайсковую выведку. Калі ў 2022 годзе пачалася вайна, я з Вашынгтону прыехаў спачатку ў Польшчу, дзе працаваў у гуманітарнай праграме, дзе займаўся ацэнкай рызыкаў і лягістыкай, а потым на некалькі месяцаў далучыўся да Інтэрнацыянальнага легіёну тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны як выведнік. У легіёне ў асноўным добраахвотнікі з заходніх краін, якія адгукнуліся на заклік змагацца за свабоду Ўкраіны і ўсёй Эўропы.
Калі ўзімку мінулага году была вызваленая Харкаўская вобласьць, я вырашыў, што мой досьвед можа быць патрэбны іншым людзям, у тым ліку беларусам. Бо я лічу, што вынік вайны ўжо вызначаны. Украіна пераможа Расею — гэта толькі пытаньне часу. Я атрымаў кантакты офісу Паўла Латушкі і далучыўся да ягонай каманды як незалежны расьсьледнік.
Маё расьсьледаваньне працягваецца, таму я не магу расказваць пра ўсе спосабы, якімі зьбіраю інфармацыю. Але ў асноўным я бяру інфармацыю з адкрытых крыніц — з сацыяльных сетак, дзяржаўных СМІ. Тут важна проста знайсьці яе ў купах інфармацыйнага сьмецьця і шуму.
Калі зьвесткі пра гэтае расьсьледаваньне дайшлі да адміністрацыі Лукашэнкі, ягоныя прапагандысты памянялі асноўную гісторыю, зрабіўшы выгляд, што гэта міжнародная, інклюзіўная праграма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта рэжыму Лукашэнкі скрадзеныя ўкраінскія дзеці— Ці могуць шараговыя ўдзельнікі праграмы лічыць, што сапраўды ўдзельнічаюць у добрай справе дапамогі дзецям?
— У любым генацыдзе заўсёды ёсьць людзі, якія сьвядома хочуць застацца неінфармаванымі. Падчас Нюрнбэрскага працэсу шмат хто з нацыстаў казаў, што проста выконваў загады альбо ня ведаў, што адбываецца.
Але гэта надзвычай слабы аргумэнт. Бо калі б яны задалі хаця б адно пытаньне, дык даведаліся б усё. І ў будучыні адзіным спосабам для гэтых людзей атрымаць меншы турэмны тэрмін будзе даць паказаньні супраць большых злачынцаў. Супраць тых, хто аддаваў загады і быў стваральнікам гэтага генацыду.