Як зазначаецца, такім чынам кіраўнік ведамства адказаў на заяву дэмакратычных сіл Беларусі аб тым, што «2150 украінскіх дзяцей, у тым ліку сіроты ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў, былі адпраўлены ў так званыя аздараўленчыя лягеры і санаторыі на тэрыторыі Беларусі».
Па словах Косьціна, Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце «гвалтоўнага перамяшчэньня, дэпартацыі 19 тысяч дзяцей» з акупаваных раёнаў Данецкай, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, «у тым ліку ў Беларусь».
«Рэальнасьць і статус адпраўкі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных абласьцей Украіны ў так званыя „лягеры аздараўленьня“ ў Беларусі высьвятляюцца ў рамках названага крымінальнага вядзеньня», — падкрэсьліў ён.
У дэклярацыі па выніках IV саміту Рады Эўропы, які прайшоў у сярэдзіне траўня ў Рэйк’явіку, выказваецца «сурʼёзная занепакоенасьць у сувязі зь незаконнымі перамяшчэньнем і дэпартацыяй украінскіх дзяцей расейскімі сіламі ў РФ і Беларусь». Рада Эўропы «адданая супрацоўніцтву зь міжнароднай супольнасьцю і падтрымцы ўкраінскіх уладаў для забесьпячэньня неадкладнага вяртаньня ва Ўкраіну дзяцей, якія былі незаконна перамешчаныя і дэпартаваныя з Украіны ў Расею, Беларусь».
У пачатку траўня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) на сустрэчах з кіраўніцтвам Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту ў Страсбургу прадставіла справаздачу аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Паводле слоў кіраўніка НАУ, намесьніка старшыні Абʼяднанага пераходнага кабінэта Паўла Латушкі, дакумэнт зьмяшчае «больш за 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў».
Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз заклікаў дзяржавы, якія падпісаліся пад прынятай на саміце дэклярацыяй Рады Эўропы, «спыніць інструмэнталізацыю і палітызацыю праблемы аздараўленьня ўкраінскіх дзяцей». Паводле прадстаўніка замежнапалітычнага ведамства, «практыка аздараўленьня дзяцей за мяжой склалася ўжо даўно і прынята ў многіх краінах сьвету», «дзеці ўяжджаюць і выяжджаюць зь Беларусі легальна ў суправаджэньні дарослых, маючы на руках усе неабходныя дакумэнты».
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай управах дзіцяці пры прэзыдэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з падазрэньнем у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы аналягічнага ордэра ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі – за тое, што Беларусь прымае ў сябе дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.
АБСЭ кваліфікавала вываз украінскіх дзяцей як ваеннае злачынства. У дакладзе экспертаў Маскоўскага мэханізму, апублікаваным 4 траўня, гаворыцца, што «практыка прымусовага перамяшчэння можа кваліфікавацца як злачынства супраць чалавечнасьці».
У дакумэнце згадваецца Беларусь, куды ўкраінскіх дзяцей, у прыватнасьці, перавозілі падчас «наступу расейскіх войскаў у Кіеўскай вобласьці на пачатковым этапе ўварваньня». У высновах паведамляецца аб выпадках, калі бацькам на акупаваных украінскіх тэрыторыях Украіны прапаноўвалася адправіць сваіх дзяцей у «аздараўленчыя лягеры ў Крыме і Расеі (а таксама ў Беларусь)».
Акрамя таго, экспэрты АБСЭ зьвярнулі ўвагу на эпізоды, калі «першапачатковая законная мэдыцынская эвакуацыя ў Расею (у адным выпадку — у Беларусь) была працягнутая з прычын, не зьвязаных з мэдыцынскім лячэньнем».
5 траўня старшыня праўладнай «Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў заявіў, што гэтая структура разам з Фэдэральным агенцтвам РФ у справах СНД, суайчыньнікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Россотрудничества) плянуюць «узаемныя абмены і прыём у Беларусі» дзяцей, вывезеных з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.
Кіраўнік прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Беларусі Юры Макушын заявіў, што ў гэтым кірунку ўжо рэалізуюцца «нейкія ініцыятывы з удзелам беларускіх партнэраў, у тым ліку і прафсаюзаў».