Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь «на аздараўленьне» прывозяць дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны


Надпіс на плякаце: «Дзе ўкраінскія дзеці?». Генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін (зьлева) выступае падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, 19 красавіка 2023
Надпіс на плякаце: «Дзе ўкраінскія дзеці?». Генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін (зьлева) выступае падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, 19 красавіка 2023

Больш за тысячу дзяцей і падлеткаў з Данбасу прыедуць у красавіку-траўні ў Беларусь у дзіцячы аздараўленчы лягер «Дубрава» ў Салігорскім раёне Менскай вобласьці.

Пра гэта заявіў праўладны актывіст, паралімпіец і заснавальнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай.

Па словах Талая, гэта другая вясновая зьмена: у яе складзе ўпершыню ў Беларусь прыедуць 100 дзяцей і падлеткаў з акупаванай часткі Запароскай вобласьці. З просьбай аказаць такую падтрымку ў аздараўленьні дзяцей у фонд Талая зьвярнуўся «грамадзкі дзеяч з Запарожжа» Ўладзімір Рогаў – прарасейскі актывіст, так званы прадстаўнік прызначанага расейскімі ўладамі савету вайскова-цывільнай адміністрацыі Запароскай вобласьці.

У першую зьмену прыехалі 350 дзяцей з так званых «ДНР» і «ЛНР», яны ўжо знаходзяцца ў Беларусі, расказаў Талай.

Аздараўленьне дзяцей з акупаванай часткі Ўкраіны праходзіць па даручэньні Лукашэнкі, арганізацыяй іх разьмяшчэньня ў Беларусі займаецца фонд Талая пры падтрымцы ААТ «Беларуськалій» і так званай «саюзнай дзяржавы», паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Усяго, паводле Талая, заплянавалі тры вясновыя зьмены, падчас якіх у Беларусі адпачнуць больш за тысячу дзяцей і падлеткаў.

Раней фонд Аляксея Талая пачаў займацца зборам дапамогі «дзецям Данбасу»: бацькам школьнікаў і дзяцей у дзіцячых садах прапаноўвалі добраахвотна прынесьці канцылярскія рэчы, сродкі гігіены, прадукты, цацкі.

Беларускі дыплямат, лідэр «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка зьвяртаў увагу на тое, што дзеці, якія прыяжджаюць у Беларусь з часова акупаваных украінскіх тэрыторый, непаўналетнія, ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў, часта гэта сіроты ці тыя, хто страціў карміцеля. А гэта значыць, падкрэсьлівае Латушка, што толькі ўпаўнаважаны орган у пытаньнях грамадзянства гэтых дзяцей мае права на выезд, і такім органам зьяўляецца Ўкраіна.

Павал Латушка лічыць, што ў гэтым выпадку магла быць парушана Чацьвёртая Жэнеўская канвэнцыя, бо дзяцей нельга вывозіць па іх уласнай волі, а Ўкраіна такой згоды не давала. «Беларусь не зьяўляецца нэўтральнай краінай. Таму такі вываз можна прызнаць нелегальным», – адзначае кіраўнік НАУ. На думку Паўла Латушкі, мог быць таксама парушаны Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду, у якім гаворыцца, што незаконная дэпартацыя дзяцей падчас вайны – гэта злачынства.

Кіраўнік НАУ паведаміў таксама, што арганізацыя зьбірае дакумэнты, якія сьведчаць аб датычнасьці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG