Дакумэнт падрыхтаваны ў рамках так званага Маскоўскага мэханізму АБСЭ ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.
10 траўня Сталая рада АБСЭ выступіла з заявай, у якой рэзалюцыю падтрымалі прадстаўнікі 26 краінаў – сябраў Эўразьвязу з 27. Вугоршчына — адзіная краіна – сябра Эўразьвязу, якая не далучылася да рэзалюцыі.
Рэзалюцыю публічна прадставяць 11 траўня на чарговай сэсіі АБСЭ ў Вене. На гэтым паседжаньні сталай рады АБСЭ будуць прадстаўленыя вынікі справаздачы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У дакумэнце пад назвай «Справаздача для АБСЭ аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэньню ў Беларусі з 5 лістапада 2020 году» яе аўтар, прафэсар Сарбонскага ўнівэрсытэту ў Парыжы Эрвэ Асэнсьё падрабязна расказвае пра рэпрэсіўныя зьмены ў заканадаўстве Беларусі і практыку іх прымяненьня, пра стан беларускай грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабод унутры краіны.
Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта — адзіны зь міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу, хто наведваў Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў краіне, гэта адбылося ў лютым 2023 году. У сваю чаргу, міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік наведаў Вугоршчыну ў красавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Вугоршчыны расказаў, навошта прылятаў у Менск ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык АБСЭ аб сытуацыі ў Беларусі: «Урад мае поўны заканадаўчы арсэнал, які перашкаджае любой форме апазыцыі»Пра што даклад
23 сакавіка 2023 году 38 краін – удзельніц АБСЭ прынялі рашэньне ўвесьці ў дачыненьні да Беларусі так званы Маскоўскі мэханізм. Гэта адмысловы мэтад працы арганізацыі ў краінах, дзе адбываюцца грубыя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека. Акцэнт у даручэньні быў зроблены на апошніх зьменах у беларускім крымінальным праве і іншых абставінах, такіх як вайна ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ апублікавала справаздачу аб прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею і БеларусьШто рэкамэндаваў аўтар дакладу ўладам Беларусі
Дакладчык дае шэраг рэкамэндацый, як гэта прадугледжана яго мандатам.
Пра палітвязьняў
- Неадкладна вызваліць палітвязьняў з гуманітарных меркаваньняў.
Пра заканадаўчыя рэформы
- Правесьці маштабную рэформу дзейнага заканадаўства ў Беларусі для прывядзеньня нацыянальнага заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці і Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях у поўную адпаведнасьць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.
- Увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Пра беларусаў у эміграцыі
- Арганізаваць аднаўленьне пашпартоў беларусаў, якія пражываюць за мяжой.
- Устрымацца ад любой дыскрымінацыі беларусаў у эміграцыі.
Пра грамадзянскую супольнасьць
- Адмяніць законы і пастановы, якія абмяжоўваюць стварэньне і дзейнасьць незалежных арганізацый, у тым ліку асацыяцый, прафэсійных саюзаў, палітычных партый і іншых.
- Забясьпечыць, каб журналісты і іншыя прадстаўнікі СМІ маглі працаваць свабодна і незалежна бяз страху цэнзуры або перасьледу.
Што рэкамэндаваў аўтар дакладу краінам АБСЭ і міжнароднай супольнасьці
- Арганізаваць наведваньне ізалятараў і судовых паседжаньняў для забесьпячэньня празрыстасьці і павагі да правоў чалавека.
- Прапанаваць беларусам міжнародную абарону, а таксама дазволы на жыхарства і працу ў эміграцыі, а таксама садзейнічаць іх інтэграцыі праз адпаведныя праграмы.
- Падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на інфармаваньне і дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
- Падтрымліваць ініцыятывы салідарнасьці з ахвярамі беларускіх рэпрэсій.
- Дапамагаць беларускім арганізацыям, праваабаронцам і журналістам у выгнаньні існаваць і дзейнічаць за мяжой.
- Падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на захаваньне беларускай мовы і культуры за мяжой.
Што такое «Маскоўскі мэханізм»
- Маскоўскі мэханізм — мэтад працы АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня, зацьверджаны ў 1991 годзе 38 дзяржавамі – сябрамі арганізацыі на нарадзе ў Маскве. Ён прадугледжвае магчымасьць накіраваньня экспэртных камісій для аказаньня дзяржавам-удзельніцам дапамогі ў вырашэньні канкрэтных пытаньняў або праблем, зьвязаных з чалавечым вымярэньнем.
- Папярэдні раз мэханізм у дачыненьні да Беларусі запускалі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады ў выніковым дакладзе місіі зьмяшчаўся шэраг рэкамэндацый Беларусі: прызначыць новыя прэзыдэнцкія выбары на аснове міжнародных стандартаў, спыніць гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, вызваліць несправядліва затрыманых, пачаць дыялёг з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, стварыць назіральную місію БДІПЧ/ АБСЭ. Рэжым Лукашэнкі цалкам праігнараваў гэтыя рэкамэндацыі.
- У лютым 2023 году Сьвятлана Ціханоўская заклікала перазапусьціць Маскоўскі мэханізм адносна Беларусі.