Ціханоўская пра вырак Пратасевічу: «Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасьць»

Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 26 красавіка 2023

Былому рэдактару тэлеграм-канала «Nexta» Раману Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня.

5 траўня агучылі выракі ў «справе Nexta». Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Вячаслаў Тулейка ў справе Nexta пакараў:

  • Рамана Пратасевіча — 8 гадамі калёніі,
  • Сьцяпана Пуцілу — 20 гадамі зьняволеньня, вырак вынесены завочна,
  • Яна Рудзіка — 19 гадамі зьняволеньня, вырак вынесены завочна.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала выракі ў «справе Nexta»:

«Гэты прысуд — гэта яшчэ і праверка для ўсіх нас. Бо каштоўнасьці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія:

  • Ніхто не павінен быць асуджаны з палітычных матываў.
  • Ніхто не павінен праходзіць праз катаваньні.
  • Нічыё жыцьцё не павінна быць прадметам гандлю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агучылі выракі ў «справе Nexta», Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму


Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў быць вернымі сваім каштоўнасьцям:

«Сёньня я прашу кожнага беларуса і кожную беларуску: паглядзіце на сябе, ці засталіся вы верныя сваім каштоўнасьцям? Бо бязь іх мы рызыкуем стаць падобнымі да помсьлівага, бесчалавечнага рэжыму.

Мы выступаем за дэмакратыю і за тое, што ўсе роўныя перад законам. Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасьць. Таму кожны, хто цяпер зьдзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі, павінен паўстаць перад судом. Але гэта мусіць быць незалежны і прафэсійны суд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамажыце сабе — пакажыце Бабарыку». Ціханоўская зьвярнулася да памагатых Лукашэнкі

Ціханоўская ў сваім звароце таксама зьвярнула ўвагу на іншых беларускіх палітвязьняў.

«Усе беларусы, якія пераследуюцца ў палітычна матываваных справах, павінны выйсьці на волю. З многімі зь іх у нас няма сувязі некалькі месяцаў. Ад нас усё яшчэ хаваюць інфармацыю аб стане Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і сотняў іншых палітвязьняў. Да кожнага зь іх павінны дапусьціць адвакатаў і сваякоў. Свабоду кожнаму і кожнай», — заклікала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі Віктара Бабарыкі дамагаюцца сустрэчы з палітвязьнем. У МУС іх прыняць адмовіліся

У чым вінавацяць Пратасевіча, Пуціну і Рудзіка

Працэс у «справе Nexta» пачаўся 16 лютага ў Менскім абласным судзе. Аўтараў тэлеграм-канала Сьцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзілі завочна, Рамана Пратасевіча, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, — быў у судовай залі. Ім інкрымінавалі ня менш як 1586 эпізодаў.

Пракурорка прапанавала ўзяць Пратасевіча пад варту ў залі суду, што і зрабілі пасьля вынясеньня выраку.

Раней стала вядома, што Рамана Пратасевіча дадаткова абвінавачваюць у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, зьдзейсьненым паўторна, бо ён нібыта быў адміністратарам тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу», а ня толькі Nexta.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурорка папрасіла 10 год турмы Пратасевічу, Пуцілу і Рудзіку — яшчэ больш, але завочна

Паводле абвінавачаньня, першапачаткова Раман Пратасевіч у траўні–верасьні 2020 году разам са Сьцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам выконваў функцыі кіраўніка Nexta, у тым ліку фармаваў кантэнт тэлеграм-каналаў групы, а ў кастрычніку 2020 году ён пераехаў з Варшавы ў Вільню і да траўня 2021 году адміністраваў і вёў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» і яго сацсеткі, якія ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведамляла «РИА Новости».

У той жа час у новым абвінавачаньні ў дачыненьні да Пратасевіча прыбралі згадку аб «навучаньні і матэрыяльным забесьпячэньні асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках і грубым парушэньні грамадзкага парадку» — яе таксама прыбралі з новага абвінавачаньня Сьцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ГУЛАГ, які ня мае берагоў». Анатоль Лябедзька пра крымінальны перасьлед сына і вайну ў Беларусі

Раней абвінавачаньне ў «паўторным кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем» таксама дадалі Яну Рудзіку: паводле абвінавачаньня, пасьля працы ў Nexta Рудзік у чэрвені 2021-га – траўні 2022 году кіраваў працай тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга».

Пры накіраваньні справы ў суд Генпракуратура «ў інтарэсах дзяржавы» заявіла пазоў аб пакрыцьці абвінавачанымі маёмаснай шкоды на агульную суму звыш 30 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні знайшлі цела 24-гадовага студэнта мэдунівэрсытэту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі праграму праўнай абароны журналістаў