Паводле ацэнак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), ад 200 000 да 500 000 беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
З гэтай нагоды Камітэт у справах міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў ПАРЭ зьвярнуўся да дэпутата парлямэнту Люксэмбургу Поля Галя з просьбай падрыхтаваць справаздачу аб канкрэтных праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні.
З кім сустракаўся дакладчык ПАРЭ
У сакавіку 2023 году прадстаўнік ПАРЭ наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць зь беларускімі ўцекачамі, а таксама ўладамі гэтых краін.
У прыватнасьці, аўтар дакладу сустракаўся з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай, прадстаўнікамі Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), Асацыяцыі адвакатаў і іншых арганізацый. Таксама Галь меў магчымасьць абмяняцца думкамі з вучнямі і настаўнікамі віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны.
Спэцдакладчык таксама бачыўся зь беларусамі замежжа, чые сваякі — палітычныя зьняволеныя ў Беларусі.
Пра сваё ўражаньне ад гэтых сустрэч спадар Галь сказаў Свабодзе:
«Мяне найбольш уразілі крэатыўнасьць, мужнасьць і рашучасьць беларусаў у выгнаньні, якія змагаюцца за свае правы і дэмакратыю. Іх жаданьне дапамагчы і жыць у дэмакратычнай краіне вельмі моцнае, але таксама застаецца моцным і страх быць забытымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Радзе Эўропы заклікалі адрозьніваць рэжым Лукашэнкі ад народу БеларусіПра якія праблемы казалі беларусы ў выгнаньні
27 красавіка прайшла прамежкавая прэзэнтацыя дакладу Поля Галя. Яго зацьверджаньне ў камітэце ПАРЭ заплянавалі на 11 траўня.
У сваім дакладзе Поль Галь зьвярнуў увагу на прыняты сёлета беларускімі ўладамі закон аб пазбаўленьні грамадзянства за «экстрэмізм». Як адзначыў палітык, гэты закон даказвае, што сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца:
«Гэты закон стаў яшчэ адной нагодай, каб зьвярнуць увагу дэмакратычных эўрапейскіх краін, у якія ўцякла большасьць беларусаў, на больш спрыяльныя ўмовы для іх легалізацыі», — сказаў Поль Галь.
Падчас размовы Поля Галя зь Сьвятланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту згадвалася пытаньне заменьнікаў беларускага пашпарта. Гэта важна для беларусаў у выгнаньні, калі хто згубіў свой пашпарт, у яго скончыўся тэрмін дзеяньня ці больш няма свабодных старонак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пытаньняў і адказаў пра тое, як беларусу-ўцекачу легалізавацца ў ЭўразьвязеЦяпер абмяркоўваюцца ідэі, што можа замяніць беларускі пашпарт. Поль Галь кажа:
«Гэта вельмі складанае пытаньне, на якое на гэты момант няма канкрэтнага адказу. Спадзяюся, што мой даклад зможа дапамагчы знайсьці рашэньне ў гэтым кірунку».
Сярод галоўных праблемаў, якія хвалююць беларусаў у выгнаньні, дакладчык вылучыў атрыманьне візаў і замену пашпартоў. У прыватнасьці, складанасьць з заменай пашпартоў палягае ў тым, што празь небясьпеку перасьледу шмат хто зь беларусаў ня можа вярнуцца дадому, каб памяняць стары пашпарт на новы.
Яшчэ адно важнае пытаньне, на якое Поль Галь зьвярнуў увагу ў сваім дакладзе, — адкрыцьцё банкаўскіх рахункаў і мэдычнае страхаваньне беларусаў за мяжой. У справаздачы ён таксама адзначыў пытаньні інтэграцыі беларусаў замежжа, у прыватнасьці выкарыстаньне беларускай мовы і культуры.
Што будзе ў рэкамэндацыях
Пасьля зацьвярджэньня дакладу, як адзначыў палітык, будзе шмат рэкамэндацый, у прыватнасьці аб спрашчэньні працэдуры выдачы візаў і пашпартоў. У некаторых краінах такая практыка ўжо прымяняецца.
У якасьці прыкладу ён прывёў Польшчу і Літву, дзе ёсьць магчымасьці выдаваць беларусам «дакумэнт для падарожжаў».
Рэкамэндацыі таксама закрануць і выдачу шэнгенскіх візаў, каб беларусы маглі свабодна падарожнічаць па краінах Эўразьвязу. Даваліся таксама рэкамэндацыі аб спрошчанай працэдуры адкрыцьця банкаўскіх рахункаў за мяжой і паляпшэньні ўмоваў вядзеньня бізнэсу для беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе ініцыявалі спрашчэньне атрыманьня дазволаў на жыхарства для іншаземцаў, гэта закране і беларусаўПаводле спадара Галя, што тычыцца практычнага складніку ягонага дакладу, ёсьць два шляхі яго ўзьдзеяньня:
«Першы — гэта кожная з краінаў-чальцоў Рады Эўропы мае свае амбасады і празь іх можа ажыцьцяўляць рэкамэндацыі гэтага дакладу.
Другі шлях — гэта калі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай і палітычнай супольнасьці за мяжой, маючы гэты дакумэнт пад рукой, могуць прыходзіць да палітыкаў і яшчэ раз падкрэсьліваць, што гэта важна, каб беларусы ў выгнаньні і палітыкі дэмакратычных краін працавалі разам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ прызнала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам і заявіла пра датычнасьць да гэтага ЛукашэнкіСамая важная рэкамэндацыя, якая выцякае з спэцдакладу, — гэта правільнае ўспрыманьне беларусаў-уцекачоў за мяжой. Галь зьвярнуў увагу на тое, што некаторыя краіны — сябры Рады Эўропы ўсё яшчэ думаюць, што Беларусь — гэта бясьпечнае месца:
«Гэтая пазыцыя робіць жыцьцё беларусаў яшчэ больш складаным у гэтых краінах, таму што адсутнічае поўнае разуменьне іхных праблемаў», — сказаў прадстаўнік ПАРЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турыстычныя, працоўныя, гуманітарныя. Візавы гід для беларусаўПалітык згадаў пратэсты 2020 году пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады ўвага была сканцэнтраваная на беларусах. Але пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне аб праблемах беларусаў пачалі забываць:
«Найбольшы страх мноства беларусаў, што іхныя праблемы будуць забытыя», — адзначыў Поль Галь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчыца ААН Анаіс Марэн: «Пасьля 2020 году беларусы сталі рэкардсмэнамі па заяўках у Камітэт ААН па правах чалавека»Прадстаўнік ПАРЭ сказаў, што ў Радзе Эўропы адрозьніваюць палітычны рэжым і народ Беларусі:
«Цяпер у Парлямэнцкай асамблеі разглядаецца шмат дакумэнтаў пра вайну ва Ўкраіне, дзе падкрэсьліваецца гэтая розьніца», — прызнаў прадстаўнік ПАРЭ.
Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.