«Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее Лукашэнка

Вільгельм Кейтэль, Аляксандар Лукашэнка, Пятро Машэраў, бацька Мінай. Каляж

Рэаліі жыцьця тысяч беларускіх сем’яў сёньня — трывога за блізкіх, якія невядома за што апынуліся ў турмах і вымушаным выгнаньні.

Дывэрсантаў, якія пашкодзілі расейскі вайсковы самалёт у Мачулішчах, нібыта тут жа схапілі і схопленыя ўжо ва ўсім прызналіся. А «жэстачайшая зачыстка», якая стала адказам улады на дывэрсію, тым ня менш, не спыняецца ўжо каторы дзень па ўсёй краіне. Прычым хапаюць тых, хто да выбуху яўна ня мае і ня меў ніякага дачыненьня. Пад ударам кожны, хто хоць калісьці пакінуў недзе ў сеціве праяву сваёй нязгоды з рэжымам — фатаздымак, пост, лайк... Ня кажучы ўжо пра такія «страшныя крымінальныя злачынствы», як захоўваньне нацыянальнага сьцяга альбо выхад тры гады таму на вуліцу з антылукашэнкаўскім плякатам.

Лукашэнка падчас інтэрвію Agence France-Presse 21 ліпеня 2022

Тое, што ў сёньняшняй Беларусі фактычна ўведзена калектыўная адказнасьць для ўсіх, хто калі-небудзь адзначыўся скептычным стаўленьнем да Лукашэнкі і ягонай палітыкі, улада ўжо не асабліва і хавае. Прыўладны прапагандыст (а ад мінулай суботы па сумяшчальніцтве і член палітрады партыі «Белая Русь») Аляксандар Шпакоўскі публічна заклікае:

«Лібэральных балбатуноў і фронду — у лягеры, здраднікаў радзімы, карупцыянэраў і сабатажнікаў — да сьценкі».

Аляксандар Шпакоўскі

І ніякага дыялёгу аб прымірэньні ў грамадзтве, бо, як лічыць Шпакоўскі, любое пагадненьне з апанэнтамі «робіцца дзеля таго, каб завабіць у пастку і потым забіць». А таму:

«Адзіная дарожная мапа „прымірэньня“: зброю на зямлю — рукі ўгору — марш адбываць працоўную павіннасьць — а там паглядзім».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падтрымае Бяляцкага, які заклікаў да нацыянальнага прымірэньня? Дыскусія экспэртаў

Можна было б сьпісаць непрымірымыя інвэктывы на ўласьцівыя гэтаму прапагандысту максымалізм і агрэсіўнасьць, але ў рэальнасьці дзеяньні тых, хто прымае ў сёньняшняй Беларусі рашэньні, цалкам адпавядаюць прыведзенай схеме. Шпакоўскі проста апісвае тое, што ўжо стала фактам.

Рэаліі жыцьця соцень (калі ня тысяч) беларускіх сем’яў сёньня — трывога за блізкіх, якія невядома за што апынуліся ў турмах і вымушаным выгнаньні. А яшчэ штодзённы непакой за ўласны лёс, бо атмасфэра ў краіне такая, што нават самы законапаслухмяны і грамадзка інэртны чалавек ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы. У беларускім паветры лунае адно пытаньне: «Калі ж гэта скончыцца?». Хоць адказу няма і не прадбачыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як своечасова заўважыць тыранію і супраціўляцца. Размова з дасьледчыцай Вольгай Шпарагай

Можна заўважыць, як многія з прыкметным раздражненьнем і трывогай гавораць і пра гэтыя дывэрсіі, і пра амбітныя пляны апазыцыянэраў, якія ўцяклі на Захад. Маўляў, ім там лёгка гаварыць пра супраціў, а нам пасьля кожнай такой дывэрсіі чакай новай «зачысткі» — затрыманьняў, арыштаў, ператрусаў. Сытуацыя ў чымсьці нагадвае часы нямецкай акупацыі падчас Другой сусьветнай вайны. Помста ўладаў распаўсюджваецца ня столькі на тых, хто непасрэдна аказвае супраціў, колькі на выпадковых людзей, якія некалі зь нейкіх прычынаў трапілі пад падазрэньне.

Колькі было падобных выпадкаў падчас вайны: уначы партызаны выйшлі зь лесу, сьпілавалі пры дарозе тэлеграфныя слупы, а ўдзень прыехалі немцы і спалілі найбліжэйшую да сьпілаваных слупоў вёску. Каго пракліналі на пажарышчах уласных хатаў няшчасныя людзі? Ведаю пэўна па аповедах жывых сьведак падобных падзеяў, зь якімі ня раз даводзілася сустракацца і размаўляць: ня толькі немцаў, якія гэта ўчынілі. І ў гэтым адметнасьць «калектыўнай адказнасьці»: у ахвяраў складваецца скажонае ўспрыманьне рэальнасьці і яны часта перакладваюць частку віны з тых, хто сапраўды вінаваты ў злачынстве, на тых, хто гэтых ахвяраў тым ці іншым чынам спрабаваў абараніць, але пры гэтым сьвядома ці несьвядома справакаваў агрэсара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маленькі бронзавы Лукашэнка. Пра тое, што застанецца ў памяці, калі дыктатура ператворыцца ў руіны

«Выкараніць намер супраціўляцца»

Таталітарныя рэжымы ўвогуле ніколі не абцяжарвалі сябе маральнымі пакутамі, калі размова ішла пра зьнішчэньне палітычных апанэнтаў у барацьбе за ўладу. «Часам не да законаў» — гэты ўнівэрсальны для дыктатараў прынцып прыдумаў зусім не Лукашэнка.

Нямецкія нацысты, пачынаючы заваёўніцкія паходы на ўсход у канцы 30-х гадоў, з самага пачатку прадугледжвалі, што «ўсялякі супраціў з боку мясцовага насельніцтва будзе карацца ня шляхам судовага перасьледу вінаватых, а шляхам стварэньня такой сыстэмы тэрору, якая будзе дастатковай для таго, каб выкараніць у насельніцтва намер супраціўляцца» (цытата з загаду фэльдмаршала Вільгельма Кейтэля, начальніка вярхоўнага камандаваньня Вэрмахту, ад 23 ліпеня 1943 году).

Той жа Кейтэль 16 верасьня 1941-га падпісаў загад пра расстрэл закладнікаў на акупаваных тэрыторыях на ўсходзе (ад 50 да 100 чалавек мясцовых жыхароў за забойства аднаго нямецкага салдата), а 16 сьнежня 1942 году зьняў зь нямецкіх салдатаў любую крымінальную адказнасьць за забойства партызанаў ці жорсткае абыходжаньне з затрыманымі падазраванымі ў дапамозе партызанам (дазваляліся любыя сродкі без абмежаваньняў — у тым ліку ў дачыненьні жанчын і дзяцей). Сотні спаленых беларускіх вёсак, тысячы загінулых, пры гэтым ні ў чым не вінаватых, людзей — наступства якраз гэтага загаду, які разьвязваў рукі карнікам.

Кіраўнік вярхоўнага камандаваньня Вэрмахту Вільгельм Кейтэль падпісвае ратыфікаваныя ўмовы капітуляцыі нямецкай арміі Берлін, 9 траўня 1945

Да нямецкіх фашыстаў прынцып калектыўнай адказнасьці і пазасудовых распраў шырока выкарыстоўвалі расейскія бальшавікі. Вось, напрыклад, некалькі радкоў з тэлеграмы Леніна, пасланай 9 жніўня 1918 года на адрас Пензенскага губвыканкаму ў сувязі зь мяцяжом, які там здарыўся: «Неабходна... правесьці бязьлітасны масавы тэрор супраць кулакоў, папоў і белагвардзейцаў; сумнеўных закрыць у канцэнтрацыйны лягер па-за горадам».

У адказ на загад правадыра зь Пензы паслухмяна справаздачыліся: «За забойства таварыша Ягорава, петраградзкага рабочага, прысланага ў складзе харчатраду, было расстраляна 152 белагвардзейцы. Іншыя, яшчэ больш суровыя, меры будуць прынятыя супраць тых, хто адважыцца ў будучыні замахнуцца на жалезную руку пралетарыяту».

Вільгельм Кейтэль сярод іншых нацыстоўскіх злачынцаў на лаве падсудных падчас Нюрнбэргскага трыбуналу 30 верасьня, 1946

Бальшавікі хутка адчулі, якім эфэктыўным бывае тэрор. У далейшым канцэнтрацыйныя лягеры для патэнцыйных ворагаў і расстрэлы без суду і сьледзтва набылі масавыя маштабы. Толькі за восень 1918 года, паводле ацэнак тагачаснай прэсы, было такім чынам зьнішчана сама меней 10 000–15 000 чалавек.

Пазьней, пры Сталіну, размах палітычных рэпрэсій і масавага тэрору вырас да вялізных маштабаў: пераемнік творча разьвіў напрацоўкі папярэдніка і ў зьнішчэньні ўласнага народу ва ўсім перасягнуў яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпрэсіі —гэта спосаб існаваньня рэжыму». Палітоляг Класкоўскі тлумачыць, да чаго Лукашэнка рыхтуе Беларусь 

Як загінулі бацькі Машэрава

Драматычная гісторыя сям’і Ігара і Дар’і Лосікаў таксама выклікае сумныя алюзіі на самыя змрочныя эпізоды нацысцкай акупацыі. Дар’ю, мужнага і самаахвярнага чалавека, асудзілі на два гады турмы толькі за тое, што гаварыла праўду пра палітычную справу свайго мужа. Па сутнасьці, гэта помста ёй і іхнай маленькай дачцэ, якая засталася без бацькоў. Практыка, калі, змагаючыся з партызанскім супрацівам, акупацыйная адміністрацыя выкарыстоўвала ў якасьці закладнікаў альбо аб’ектаў помсты ні ў чым не вінаватых сваякоў партызанаў і падпольшчыкаў (у тым ліку іхных дзяцей) была паўсюднай у гады акупацыі.

Колішні кіраўнік БССР Пётра Машэраў да канца сваіх дзён дакараў сябе за сьмерць маці. 54-гадовую Дар’ю Машэраву арыштавалі ў Расонах у верасьні 1942-га менавіта за сына: ведалі, што ён у той час ужо камандаваў адным зь мясцовых партызанскіх атрадаў. Дапытвалі, катавалі, білі. Потым расстралялі разам зь іншымі арыштаванымі (хтосьці зь іх сапраўды быў зьвязаны з партызанамі, кагосьці толькі падазравалі). Сястра Машэрава пазьней успамінала, што партызанскі атрад, якім камандаваў брат, прыйшоў у Расоны праз 10 дзён пасьля расстрэлу. Знайшлі магілу расстраляных. Машэраў пазнаў маці і некаторых сваіх знаёмых, у тым ліку маленькіх сясьцёр сваіх сяброў. Пачуцьцё віны за тое, што не забраў своечасова маці ў лес і тым не ўратаваў яе, як успамінала сястра, не пакідала потым Машэрава на працягу многіх гадоў.

Пётра Машэраў, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі,

Дарэчы, цікавы факт. У машэраўскім атрадзе існавала такая практыка: калі ў навакольных вёсках набіралі новых партызанаў, нярэдка інсцэнавалі іх арышт (рабілі выгляд, што забіралі ў лес сілком, вялі пад рулямі вінтовак). Рабілася гэта выключна дзеля таго, каб пазьбегнуць перасьледу сваякоў, якія заставаліся ў вёсцы.

Увогуле, Пётра Машэраў у сваім жыцьці пацярпеў ад таталітарных рэжымаў спаўна. У 1937-м ягонага бацьку, простага калгасьніка, абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі і асудзілі на 10 гадоў лягераў. Там ён і загінуў, недзе на паўночным лесапавале. Рэабілітаваны толькі пасьля сьмерці Сталіна, у 1959-м.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцякуць з фронту, здадуцца ў палон ці ўварвуцца ва Ўкраіну? Што будзе, калі Лукашэнка пашле беларусаў на вайну

Машэраву выпала кіраваць савецкай Беларусьсю ў часы Брэжнева. Многім сучасьнікам ён запомніўся як чалавек мяккі, няпомсьлівы і незласьлівы. І, хоць савецкія дысыдэнты таго пэрыяду могуць прыпомніць нямала фактаў перасьледу іншадумцаў, насамрэч, калі параўноўваць палітычныя рэпрэсіі таго часу зь сёньняшнімі, можна хіба што іранічна ўсьміхнуцца. За захоўваньне і чытаньне антысавецкай літаратуры ў часы Машэрава ў найгоршым выпадку маглі адлічыць з унівэрсытэту (з магчымасьцю празь нейкі час аднавіць навучаньне). Параўнайце з тым, як караюць за падпіску на апазыцыйныя тэлеграм-каналы пры Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка так шмат гаворыць пра генацыд. Тлумачаць гісторыкі

Чацьвёра дзяцей Бацькі Міная

Яшчэ адна падобная гісторыя, шырока вядомая дзякуючы ўключанай у школьную праграму па беларускай літаратуры «Баладзе аб чатырох заложніках» Аркадзя Куляшова, — драматычны эпізод вайны, зьвязаны з забойствам гітлераўцамі чацьвярых дзяцей партызанскага камандзіра Міная Шмырова (Бацькі Міная). На пачатку 1942 года, пасьля некалькіх няўдалых спробаў зьнішчыць партызанаў у ваколіцах Суража, акупанты паводле звыклай завядзёнкі выкарысталі шантаж: арыштавалі чацьвярых малалетніх дзяцей Шмырова і выставілі ўльтыматум — паабяцалі пакінуць іх жывымі, калі бацька здасца ў палон. Закладнікаў трымалі ў Суражы. Бацька ведаў пра ўльтыматум і нават нібыта парываўся здацца, каб уратаваць сям’ю. Але неўзабаве атрымаў зь няволі напісаную старэйшай з дачок, 14-гадовай Лізай, цыдулку: «Тата, за нас не хвалюйся, нікога ня слухай, да немцаў не ідзі. Калі цябе заб’юць, то мы бездапаможныя і за цябе не адпомсьцім. А калі нас заб’юць, тата, то ты за нас адпомсьціш».

Мінай Шмыроў зь лесу ня выйшаў. Усіх чацьвярых дзяцей, а таксама ягоную сястру і цешчу, гітлераўцы расстралялі.

Мінай Філіпавіч Шмыров арганізатар партызанскага руху ў Віцебскай вобласьці ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Пасьля вайны былы партызанскі камандзір быў усяляк аблашчаны савецкай уладай — яго зрабілі і героем, і генэралам, і высокім начальнікам. У яго зьявілася новая сям’я. Але, як расказвалі сваякі, да апошніх ягоных дзён часта раніцай падушка колішняга героя-партызана была мокрай ад слёз.

Сёньня рэжым Лукашэнкі спрабуе выстройваць афіцыйную ідэалёгію, абапіраючыся на памяць пра тую вайну, на пакуты, перажытыя народам, на трагедыю Хатыні і соцень іншых беларускіх вёсак, спаленых нацыстамі ў якасьці помсты за народны супраціў. Але адначасова з гэтым у краіне адбываюцца працэсы, якія ня могуць не выклікаць прамых аналёгій і паралеляў з тымі мэтадамі, якія выкарыстоўваў акупацыйны фашысцкі рэжым, спрабуючы задушыць народны пратэст. Нават дзіўна, што гэтых двухсэнсоўнасьці і цынізму не заўважаюць самі Лукашэнкавы чыноўнікі (асабліва ў мундзірах і пагонах), у лексыконе якіх гучаць сёньня практычна тыя ж словы, што можна было пачуць ад гітлераўскіх гаўляйтэраў у гады акупацыі («зачыстка», «аблава», «ліквідацыя падпольля», «экстрэмісцкая ячэйка»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка наведаў Хатынь, расказаў пра нэанацыстаў і будучыя выбары

«Я толькі выконваў загады Гітлера»

Калектыўная адказнасьць па-лукашэнкаўску: якая б дывэрсія ні здарылася (ці то рэйкавыя партызаны спалілі рэлейную шафу на чыгунцы, ці то нейкі «украінскі дывэрсант» пашкодзіў дронам расейскі самалёт, ці выявілі і застрэлілі загадкавага замежнага дывэрсанта ў Горадні, адказ адзін — «жэстачайшая зачыстка». Ня толькі супраць тых, хто ўсё гэта рыхтаваў і ажыцьцяўляў. Супраць усіх нязгодных: хто выходзіў зь мірным пратэстам альбо камэнтаваў палітыку Лукашэнкі ня тымі словамі, якія яму падабаюцца. І гэта пры Лукашэнку ўжо ня зьменіцца. Стаўка на сілу, гвалт, ігнараваньне закону, па сутнасьці, ніколі яго не падводзіла. І наадварот: спробы дасягнуць згоды, кампрамісу, паразуменьня ў грамадзтве, якія рабілі палітыкі на ягонай памяці (гарбачоўская перабудова, першыя гады беларускай незалежнасьці, досьвед Шушкевіча), заўсёды прыводзілі да адставак і сыходу колішніх галоўных фігур з палітычнай сцэны. Гэта ў ягоным уяўленьні праява слабасьці і знак жыцьцёвай катастрофы.

Людзі стаяць каля сьцяны ў Савецкім РУУС Менску. 2020 год


Што з гэтага вынікае для тых, хто спрабуе арганізаваць супраціў ці грамадзкія пратэсты ў сёньняшняй Беларусі? Найперш тое, што варта цьвяроза ўсьведамляць, з кім маеш справу, пралічваць рэакцыю гэтага рэжыму на любы акт нязгоды зь ім. Супрацьпаставіць нешта тэрору, які арганізаваны з дапамогай дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны, надзвычай складана. У 30-я гады ХХ стагодзьдзя апанаваныя жахам савецкія людзі, за якімі не было ніякай віны, паслухмяна чакалі стуку ў дзьверы, кожную ноч прыслухоўваючыся да гукаў з вуліцы: ці ня едзе «варанок». І якія грамадзкія пратэсты былі магчымыя ў тыя часы?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна «жэстачайшая зачыстка». Памнажаючы нянавісьць і страх, Лукашэнка набліжае свой фінал

Ніякі пашкоджаны расейскі самалёт сёньняшнія праблемы беларусаў ня вырашыць. А вось тое, што пад рэпрэсіі ў выніку трапяць ня толькі тыя, хто сьвядома рызыкуе, ажыцьцяўляючы гэты акт, але і дзясяткі (а можа, і сотні) іншых людзей, найчасьцей зусім выпадковых, якія ня мелі і ня маюць да дывэрсіі ніякага дачыненьня, — гэта дакладна. Вядома, можна захапляцца мужнасьцю герояў, якія сьвядома выбіраюць самаахвярнасьць і пакуты ў турэмных засьценках. Але пытаньне: ці варта ўсё гэта заплачанай тысячамі людзей высокай цаны, якая вымяраецца гадамі зьняволеньня і пакалечаным лёсам, у сытуацыі, калі на трываласьць рэжыму гэта ніяк істотна не ўплывае, бо абваліцца ён, відавочна, пад цяжарам зусім іншых абставінаў.

...Вялікі аматар змагацца з народным супрацівам шляхам «калектыўнай адказнасьці», аўтар шматлікіх загадаў аб арыштах і расстрэлах закладнікаў, гітлераўскі фэльдмаршал Вільгельм Кейтэль пасьля вайны быў арыштаваны і паўстаў перад Міжнародным трыбуналам у Нюрнбэргу. Апраўдваўся тым, што ён «толькі выконваў загады Гітлера». Павешаны як ваенны злачынца 16 кастрычніка 1946 года, адразу пасьля Ёахіма Рыбэнтропа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.