Памятныя імпрэзы адбыліся з нагоды 80-годзьдзя хатынскай трагедыі, калі нацысцкія захопнікі спалілі 149 жыхароў вёскі ў якасьці помсты за забойства сваіх вайскоўцаў мясцовымі партызанамі.
«Калі вырашыце, што патрэбна вам іншае жыцьцё, паспрабуйце»
Лукашэнка, выступаючы перад журналістамі ў Хатыні, сярод іншага выказаўся пра наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, піша БелТА.
Яго спыталі пра палітычную кампанію, якая будзе праходзіць у наступным годзе ў краіне, і пра тое, у якім стане да гэтага падыходзіць грамадзтва.
«У лютым 2024 году парлямэнцкія выбары, усіх саветаў выбары — адзіны дзень галасаваньня, і празь некаторы час мы пераходзім да выбараў дэлегатаў усебеларускага народнага сходу. Як звычайна, празь некаторы час пераходзім у прэзыдэнцкую кампанію.
Мы рыхтуемся з пункту гледжаньня гарантаваньня бясьпекі для людзей. А астатняе — калі ласка, вы вырашайце. Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што патрэбна вам іншае жыцьцё, — Госпад з вамі, паспрабуйце».
«Я не хачу, каб было так, як сёньня ва Ўкраіне. У мяне дзеці, у многіх з вас дзеці. Хацелася б, каб дзеці жылі нармальна», — сказаў Лукашэнка.
Аб нэанацызьме і каляровых рэвалюцыях
Лукашэнка, гаворачы пра Хатынь, зноў праводзіў паралелі з сучаснымі падзеямі.
«На жаль, ужо і бачым на прыкладзе суседніх краін, дзе на руінах памяці аб савецкай спадчыне і вялікай перамозе, на абломках разбураных помнікаў воінам-пераможцам падняў галаву сучасны нэанацызм.
Бачым, як прачынаюцца інстынкты продкаў, — украінскіх, латыскіх, літоўскіх і польскіх катаў, якія кідалі ў полымя нашых дзяцей, старых і жанчын. Таму мы абавязаныя і зробім усё, каб захаваць у гісторыі подзьвіг пакаленьня савецкіх людзей, якія з годнасьцю прайшлі свой урок мужнасьці і гераізму».
Аляксандар Лукашэнка разам з расейскай прапагандай часта выкарыстоўвае наратывы аб Другой сусьветнай вайне для апраўданьня агрэсіі Расеі супраць Украіны.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая далучыцца да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ў выпадку ваеннага інцыдэнту на мяжы і ўварваньня ўкраінскіх салдатаў на беларускую тэрыторыю.
У лютым 2023 году ўрад Беларусі падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэньні». Як заявіў Лукашэнка, гэта зроблена з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу». У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны». У народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек, паведаміў міністар абароны Віктар Хрэнін, пры гэтым ён ня выключыў, што добраахвотнікаў можа быць болей.