Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка так шмат гаворыць пра генацыд. Тлумачаць гісторыкі


Лукашэнка і мэмарыял у Хатыні. Каляж
Лукашэнка і мэмарыял у Хатыні. Каляж

Як улады маніпулююць гісторыяй і хто сапраўдныя фашысты? Ці варта камэнтаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра «арыйскія стандарты» ў дзень 80-годзьдзя трагедыі ў Хатыні?

Пра якую гісторыю Хатыні не было напісана ў савецкіх падручніках? Адкуль і навошта ўзьнік ва ўладаў наратыў пра генацыд? Адказваюць гісторыкі Тацяна Астроўская, якая працуе ў Інстытуце гістарычных дасьледаваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы імя Гердэра ў нямецкім Марбургу, і сацыёляг і гісторык, дасьледчык гістарычнай памяці, дасьледчык у інстытуце «Палітычная сфэра» Аляксей Ластоўскі.

Глядзіце дыскусію на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Лукашэнка атаясамлівае сябе з савецкай арміяй, зь беларускімі партызанамі, і ўсе, хто яго крытыкуе, адначасна становяцца нацыстамі ці фашыстамі»

— Сёньня 80 гадоў трагедыі ў Хатыні. Аляксандар Лукашэнка, гісторык паводле адукацыі, скарыстаў гэтую дату для заяваў, у якіх гісторыя Другой сусьветнай вайны і найноўшая гісторыя прагучала наступным чынам. Вось некалькі цытатаў: «Большасьць краінаў Заходняй Эўропы сталі пад сьцягі гітлераўскай Нямеччыны, і сусьветны капітал аплаціў гэты паход». «„Арыйскія стандарты“ яны замянілі на лібэральныя дэмакратычныя каштоўнасьці. Фільтраваньне народаў на адпаведнасьць новаму эталёну ідзе даўно праз каляровыя рэвалюцыі, мяцяжы, проксі-войны, санкцыі, шантаж». Лукашэнка лічыць, што ў суседніх краінах узьняў галаву сучасны нэанацызм. Як гісторыкі як бы вы пракамэнтавалі такія інтэрпрэтацыі?

Тацяна Астроўская: Трэба сказаць, што Аляксандар Лукашэнка не гісторык паводле адукацыі, а настаўнік гісторыі, і ён не працаваў па спэцыяльнасьці. Тут таксама супярэчнасьць. Яму падаецца, што тое, што ён прапаноўвае, дойдзе да шырокага спажыўца, але, на мой погляд, не заўсёды так. І для мяне вялікае пытаньне, наколькі мы павінны камэнтаваць такія заявы, спробы маніпуляцыі гісторыяй, якія становяцца з часам усё больш радыкальныя. Ці ўсё ж наша праца гісторыкаў — займацца дасьледаваньнямі і рабіць тое, што мы ўмеем як найлепш. Ці не легітымізуем мы такім чынам такія выказваньні, калі спрабуем іх нейкім чынам зразумець?

Аляксей Ластоўскі: Гэта спроба радыкалізацыі таго, што было раней. Лукашэнка падобныя рэчы кажа зь сярэдзіны 1990-х гадоў, асабліва ў кантэксьце Дня Перамогі, бо ён атаясамлівае сябе з галоўным захавальнікам памяці пра Перамогу. Гэта выкарыстоўвалася для легітымацыі яго ўлады ў свой час, каб паказаць, што беларуская дзяржава — пераемніца той рэспублікі, якая перамагла ў Вялікай Айчыннай вайне. Паступова гэта стала выкарыстоўвацца ў мэтах апраўданьня рэжыму і ў зьнешнепалітычным супрацьстаяньні. Тое, што мы чуем, тлумачыцца актуальнай палітычнай сытуацыяй і ўбудавана ў кантэкст супрацьстаяньня з Захадам. Адпаведна, Лукашэнка атаясамлівае сябе з савецкай арміяй, зь беларускімі партызанамі, і ўсе, хто яго крытыкуе, адначасна становяцца нацыстамі ці фашыстамі. Відавочна, што гэта ня мае дачыненьня да гісторыі як такой. Гэта выключна палітычная маніпуляцыя.

«У ініцыятывы „генацыду беларускага народу“ відавочны расейскі сьлед»

— Хацела б згадаць леташнюю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з моладзьдзю і ягоны дыялёг зь юнаком, які расказваў яму, вельмі хвалюючыся, пра беларускую гісторыю і беларускіх герояў. Тады Лукашэнка задаў яму толькі два пытаньні — пра стаўленьне да «генацыду беларускага народу» і пра распад Савецкага Саюзу. Ці можаце вы патлумачыць, адкуль і навошта ўзьнік ва ўладаў гэты наратыў пра генацыд? Як вы ацэньваеце спробы асудзіць нябожчыкаў і спагнаць зь іх кампэнсацыі?

Аляксей Ластоўскі: Я задаваўся гэтым пытаньнем, спрабаваў шукаць карані гэтай ініцыятывы. На маю думку, тут відавочны расейскі сьлед. Значна раней у Расеі сфармавалася ініцыятыва дзеля прызнаньня генацыду савецкага народу. Там ужо выдаваліся кнігі, былі спробы правесьці гэта праз суд. І людзі, якія бралі ўдзел у стварэньні гэтай ініцыятывы, напрыклад гісторык Аляксандар Дзюкаў, вельмі актыўна працуюць у тым ліку ў Беларусі.

Яны падсунулі гэтую ідэю ўладам Беларусі, паспрыялі яе адаптацыі. Калі гаварыць пра нейкі сэнс у вызначэньні генацыду беларускага народу ці любога іншага генацыду, то прызначэньне такіх ініцыятываў — міжнароднае прызнаньне, гэта дазваляе тады зьвяртацца па кампэнсацыі і іншыя правы. Мне падаецца, што ў выпадку Беларусі гэта ў чымсьці правалілася, паколькі тэма генацыду, якая заўжды выкарыстоўваецца толькі ў міжнародным кантэксьце, была скарыстаная толькі для ўнутранага ўжытку. У актуальнай сытуацыі практычна ніводная іншая краіна ня будзе прызнаваць генацыд беларускага народу. І расейскія ўлады асабліва не сьпяшаюцца гэта рабіць.

Тацяна Астроўская: Гэтыя спробы дамагчыся міжнароднага прызнаньня нельга назваць зусім беспадстаўнымі. Сапраўды, у заходняй гістарычнай навуцы і ў публічным дыскурсе няма ўяўленьня пра тую колькасьць ахвяраў, і габрэйскіх ахвяраў, і ахвяраў мірных жыхароў, якую панесла Беларусь падчас вайны. Таму ёсьць у іх і рацыянальная аснова.

У афіцыйнай гістарычнай палітыцы, у палітыцы сучаснай Беларусі ёсьць дзьве асноўныя мэты. Першая — бачыць пагрозу ў Захадзе, змагацца з Захадам як з пагрозай, ствараць гэтую пагрозу, калі яе не існуе. І другая, зьвязаная з гэтай мэтай, — спроба аб’яднаць нацыю. Увесь час спрабуючы паміж гэтымі дзьвюма мэтамі лявіраваць нейкім чынам, гістарычная палітыка адаптавалася, трансфармавалася, і гісторыя Беларусі ў афіцыйнай вэрсіі аказалася вельмі кароткая. Тыя, хто піша гэтую гісторыю, сапраўды загналі сябе ў пастку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG