Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны з 21 сакавіка закрыла доступ Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) да некалькіх рэлігійных аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Кіева-Пячорскай лаўры.
У адпаведным лісьце, накіраваным кіраўніцтву УПЦ МП, адзначаецца, што доступ закрыты да Блізкіх і Далёкіх пячор, а таксама да трох цэркваў Кіева-Пячорскай лаўры. Афіцыйная прычына — дзейнасьць рабочых груп, якія праводзяць інвэнтарызацыю рэлігійных і гістарычных каштоўнасьцяў, якімі на праве арэнды карысталася Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату.
«Нагадаем, УПЦ МП павінна пакінуць Кіева-Пячорскую лаўру да 29 сакавіка», — адзначаецца ў паведамленьні міністэрства.
УПЦ МП правяла 20 сакавіка пасяджэньне свайго Сыноду, на якім выключыла са свайго складу мітрапаліта Сімферопальскага і Крымскага Лазара. У студзені 2023 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства за падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятары УПЦ Маскоўскага патрыярхату пайшлі пратэставаць да Офісу прэзыдэнта ЎкраіныПасьля Сыноду сьвятары УПЦ МП накіраваліся да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны на вуліцы Банкавай з патрабаваньнем тэрміновай сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім. УПЦ МП перакананая, што Ўладзімір Зяленскі атрымлівае непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
Як адзначаецца ў звароце, ухваленым на Сынодзе УПЦ МП, сьвятары намагаюцца дабіцца перагляду рашэньня ўладаў аб разрыве дамовы аб арэндзе аб’ектаў Кіева-Пячорскай лаўры з 29 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны папярэдзіў УПЦ Маскоўскага патрыярхату аб патрэбе пакінуць Кіева-Пячорскую ляўру13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла Ўкраінскай праваслаўнай царкве аб разрыве з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.
Падставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю.
Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэджаньне міністэрства «ўльтыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў.
Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую лаўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя лаўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.
Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадку аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьвятару УПЦ Маскоўскага патрыярхату прысудзілі 12 гадоў турмы за супрацоўніцтва з расейскім войскамЗ канца лістапада 2022 году сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі вобшукі ў эпархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні ў апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усяленскі патрыярх уручыў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны. ВІДЭАПершага сьнежня 2022 году ва Ўкраіне зарэгістравалі статут Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай лаўры (мужчынскага манастыра) Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая чатыры гады таму атрымала Томас Канстантынопальскай царквы.
Сёлета ў студзені Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) атрымала дазвол украінскіх уладаў на адпраўленьне першай службы ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай лаўры. У той жа час самастойная ўкраінская Царква пакуль не атрымала ў сталае карыстаньне ніводнага памяшканьня Кіева-Пячорскай лаўры.