Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятары УПЦ Маскоўскага патрыярхату пайшлі пратэставаць да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны


Сьвятары Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыйшлі да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны. Кіеў, 20 сакавіка 2023 году
Сьвятары Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыйшлі да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны. Кіеў, 20 сакавіка 2023 году

Пасяджэньне Сыноду адбывалася на тэрыторыі Кіева-Пячорскай лаўры, дамову аб арэндзе якой улады разрываюць.

Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату) 20 сакавіка правяла пасяджэньне свайго Сыноду, а пасьля яго завяршэньня ўдзельнікі збораў накіраваліся да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, каб патрабаваць сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім і расказаць яму пра патрыятычнасьць сваёй царквы.

Пасяджэньне Сыноду адбывалася на тэрыторыі Кіева-Пячорскай лаўры, дамову аб арэндзе якой улады разрываюць з 29 сакавіка. Да гэтага часу працоўныя групы маюць правесьці інвэнтарызацыю рэлігійных і гістарычных каштоўнасьцяў, якімі карысталася УПЦ МП.

Калі сьвятары на чале з сваім кіраўніком мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Ўкраіны Ануфрыем падышлі да Офісу прэзыдэнта, да іх выйшла прадстаўніца сакратарыяту і прапанавала перадаць іхны зварот Уладзіміру Зяленскаму, але тыя адмовіліся, настойваючы на тэрміновай сустрэчы з кіраўніком Украіны.

Сьвятары перакананыя, што прэзыдэнт атрымлівае непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

«Інфармацыя пра УПЦ скажаецца, і ствараецца ілжывы вобраз нашых вернікаў. Мы заўсёды выступалі за канструктыўныя ўзаемаадносіны, імкнуліся разьвіваць дачыненьні паміж дзяржавай і УПЦ. Такі дыялёг — гэта важны аспэкт, зьвязаны з разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці», — сказаў мітрапаліт Нежынскі і Прылуцкі Клімент.

Сьвятар падкрэсьліў, што УПЦ зьяўляецца «царквой патрыётаў», дапамагае ўкраінскаму войску і вернікам, якія абараняюць Украіну.

«Ня трэба адгароджвацца ад грамадзян Украіны. Вернікі УПЦ вартыя таго, каб іх пачулі і каб дзяржава ня ставілася да іх як да людзей другога гатунку, каб не было варожасьці ў грамадзтве. Хочацца спадзявацца, што кіраўнікі нашай дзяржавы змогуць ня толькі пачуць, але і ўбачыць тое канкрэтнае, што кожны дзень вернікі робяць для сваёй Радзімы», — заявіў мітрапаліт Клімент.

13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла Ўкраінскай праваслаўнай царкве аб разрыве з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.

Падставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю.

Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэджаньне міністэрства «ўльтыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў.

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую лаўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя лаўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.

Сьвятары чакалі сустрэчы больш як дзьве гадзіны і разышліся пасьля таго, як стала вядома, што яе няма ў працоўным графіку Ўладзіміра Зяленскага, а ў Кіеве абвясьцілі паветраную трывогу.

«Мы чакалі прэзыдэнта каля дзьвюх гадзін. Цяпер пачалася паветраная трывога, якая не дае магчымасьці нам працягваць тут заставацца», — сказаў кіраўнік УПЦ мітрапаліт Ануфры.

2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.

Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мае распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.

Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадваньне аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).

З канца лістапада 2022 году сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі вобшукі ў эпархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні аб апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Першага сьнежня 2022 году ва Ўкраіне зарэгістравалі статут Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай лаўры (мужчынскага манастыра) Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая чатыры гады таму атрымала Томас Канстантынопальскай царквы.

Сёлета ў студзені Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) атрымала дазвол украінскіх уладаў на адпраўленьне першай службы ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай лаўры. У той жа час самастойная ўкраінская царква пакуль не атрымала ў сталае карыстаньне ніводнага памяшканьня Кіева-Пячорскай лаўры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG