Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла прадстаўніцтву Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне (яна зарэгістраваная як Ўкраінская праваслаўная царква, УПЦ. — РС) аб разрыве дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай ляўры.
«Дагавор бясплатнага карыстаньня УПЦ Кіева-Пячорскай ляўрай разрываецца з 29 сакавіка 2023 году. Гэта датычыць усіх памяшканьняў, якія арандуе УПЦ у Ляўры», — паведаміў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандар Ткачэнка.
Паводле яго, падставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю.
Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэжаньне міністэрства «ўльтыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў. На афіцыйным сайце арганізацыі адзначаецца, што ў лісьце не пазначаны юрыдычныя падставы разарваньня дамовы.
«Таму адзінай падставай для адсяленьня манахаў з праваслаўнай сьвятыні зьяўляецца толькі выдаваньне жаданага за сапраўднае чыноўнікамі зь Міністэрства культуры, як гэта было пры савецкай уладзе ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя», — адзначаецца ў паведамленьні УПЦ МП.
Цяпер на тэрыторыі Кіева-Пячорскай ляўры пачалі працаваць рабочыя групы, які праводзяць інвэнтарызацыю маёмасьці. Украінскія СМІ паведамляюць, што цягам трох дзён на тэрыторыі ляўры выявілі 36 незаконна пабудаваных аб’ектаў камэрцыйнага, а не манастырскага прызначэньня.
Ва УПЦ заявілі, што гэтыя рабочыя групы ствараліся з парушэньнем юрыдычных нормаў.
Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую ляўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя ляўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацый.
Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мусіць распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.
Адзінай рэлігійнай арганізацыяй, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, зьяўляецца Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадваньне аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьвятару УПЦ Маскоўскага патрыярхату прысудзілі 12 гадоў турмы за супрацоўніцтва з расейскім войскамЗ канца лістапада 2022 году сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі вобшукі ў эпархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні аб апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Першага сьнежня 2022 году ва Ўкраіне зарэгістравалі статут Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай ляўры (мужчынскага манастыра) Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая чатыры гады таму атрымала Томас Канстантынопальскай царквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны ўпершыню адправіць калядную службу ў галоўным храме Кіева-Пячорскай ляўрыСёлета ў студзені Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) атрымала дазвол украінскіх уладаў на адпраўленьне першай службы ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай ляўры. У той жа час самастойная ўкраінская царква пакуль не атрымала ў сталае карыстаньне ніводнага памяшканьня Кіева-Пячорскай ляўры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Царкоўная дэмакратыя падчас вайны. Ва Ўкраіне паступова пераходзяць на сьвяткаваньне Калядаў 25 сьнежня