«Працагалізм – гэта форма залежнасьці, як алькагалізм і наркаманія». Размова з псыхолягамі пра тое, чаму важна адпачываць

Працагалізм, ілюстрацыйнае фота

Даведаліся ў экспэртаў, як увайсьці ў працоўны рытм пасьля сьвятаў, не выгараць і якасна адпачываць, а таксама пра карысныя звычкі, якія варта ўключыць у сваё жыцьцё.

«Чалавек знаходзіцца ў залежнасьці і сыходзіць такім спосабам ад рэальнасьці»

Пасьля адпачынку і сьвятаў людзі часта стамляюцца, бо гэта таксама стрэс для арганізму, кажуць псыхолягі Аляксандар і Валерыя (імёны зьмененыя на просьбу суразмоўцаў).

«Існуе шкала стрэсу Холмса-Рэя, дзе на самым версе стаіць сьмерць мужа ці жонкі, ніжэй ідуць разводы, а яшчэ ніжэй усё ж такі адпачынак, бо гэта нешта нязвыклае, тое, што мы ня робім увесь час, нейкія новыя дзеяньні. А калі гаворка пра сьвяты, то гэта вялікая эмацыйная нагрузка, якая можа прыводзіць да спустошанасьці: Новы год, мы ўсе радуемся, салют грыміць, і калі ўсё вельмі насычана, то потым пасьля сьвята здараецца адкат», – кажа Аляксандар.

Калі на сьвятах прысутнічае алькаголь, які ўплывае на фізычны стан, то адысьці яшчэ складаней, зьвяртаюць увагу адмыслоўцы. Таксама пасьля сьвятаў і выходных зьбіваецца рэжым дня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як уратавацца ад "працагалізму"?

«Напрыклад, мы прывыклі прачынацца а 7-й на працу, то бок у нейкі фіксаваны час, а тут ня два выходныя дні, а больш. Плюс правялі іх ня так, як звычайна, а інтэнсіўна сьвяткуючы. Як правіла, першыя пару дзён цяжкія, «уваходныя«, калі чалавек, акрамя таго, што ён стаміўся ад самога сьвята, яшчэ і не высыпаецца», – тлумачыць Аляксандар.

Калі чалавек доўга ня быў у адпачынку, то працяглыя сьвяткаваньні і выходныя на яго таксама паўплываюць ня вельмі добра, перакананыя псыхолягі.

«Чалавек доўга не адпачываў, а потым сыходзіць на сьвяты на тыдзень – гэта стрэс для арганізму. Атрымліваецца, чым больш чалавек не адпачываў, тым больш адчуваецца нязвыкласьць гэтага адпачынку, таму таксама можа быць цяжка ўваходзіць назад у рытм», – дадае Валерыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стрэс дайшоў да стадыі „абы не пасадзілі“». Чаму з дэпрэсіяй сярэдняй цяжкасьці можна будзе займаць дзяржпасады?

Экспэртка заўважае, што вяртацца ў працоўны рытм таксама трэба вельмі асьцярожна.

«Калі рэзка ўліцца ў нейкі стабільны рэжым, кучу працы наваліць на сябе, то гэта зноў стрэс, гэта эмацыйна цяжка. Самае галоўнае, па магчымасьці, вяртацца ў рытм акуратна, паступова дадаючы нагрузку, пры гэтым добра харчавацца, высыпацца, шпацыраваць, рабіць усё, што трошкі палегчыць наш яшчэ і фізычны стан, акрамя эмацыйнага».

Калі вы працаголік, але задаліся пытаньнем, як больш адпачываць, то вы ўжо на «шляху выпраўленьня», заўважае Аляксандар.

«Працагалізм – гэта форма залежнасьці, гэтак жа як алькагалізм, наркаманія, гульняманія і іншае. Адзінае адрозьненьне працагалізму – гэта сацыяльна прымальная форма залежнасьці, у адрозьненьне ад іншых. Людзі думаюць: «Шмат працуе? Ну ок!« Але па факце чалавек знаходзіцца ў залежнасьці і сыходзіць такім спосабам ад рэальнасьці. Што рабіць? Разумець, усьведамляць, ад чаго ўцякаеш, пытаць у сябе: што ў гэтым сьвеце ёсьць такога цяжкага, што трэба працаваць і працаваць?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі нічога ня хочацца рабіць? Размова з псыхатэрапэўткай пра эмацыйнае выгараньне

«Самая галоўная эмацыйная прыкмета выгараньня – гэта страта сэнсу»

Тое, што чалавек пастаянна шалёна працуе, прывядзе яго да выгараньня і праблемаў у сям’і.

«Калі ёсьць такая залежнасьць, то рана ці позна дзецям, жонцы ці мужу гэта ўсё можа надакучыць. Таксама гэта прывядзе да таго, што чалавек будзе не вырашаць, а адцягваць свае жыцьцёвыя праблемы, якіх пазьбягае з дапамогай працагалізму, яны будуць як пухліны нарастаць. А яшчэ гэта можа прывесьці да праблемаў са здароўем», – кажа Аляксандр.

Валерыя заўважае, што праца больш за 55 гадзін у тыдзень штогод забірае сотні тысяч жыцьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Клапаціцца аб трываласьці псыхікі — ваш уласны абавязак». Псыхоляг тлумачыць, як даваць рады страшным навінам

«У 2016 годзе выкліканыя перапрацоўкамі захворваньні сталі прычынай сьмерці 745 тысяч чалавек. У параўнаньні з 2000-м на 42 адсоткі вырас паказчык сьмерцяў ад сардэчна-сасудзістых захворваньняў. Стрэс лічыцца хваробай XXI стагодзьдзя, а для арганізму праца на знос – гэта і ёсьць стрэс».

Тое, што ў людзей стала нашмат больш сядзячай працы, павялічвае эмацыйную і фізычную нагрузку, што таксама нясе свае рызыкі, мяркуе Аляксандар. Ад залішняй працы могуць праяўляцца пэўныя сымптомы выгараньня.

«Акрамя фізычных сымптомаў, такіх як стомленасьць, дрымотнасьць, страта апэтыту, самая галоўная эмацыйная прыкмета выгараньня – гэта страта сэнсу. Атрымліваецца, рэчы, якія мы рабілі раней, здаюцца бессэнсоўнымі, праца, якая раней выконвалася і была зараджана нейкай матывацыяй, губляе сэнс. Надыходзіць выгараньне, калі чалавек нечым моцна гарэў, перапрацаваў, занадта шмат уклаў эмоцый, не разьлічыў сілы, і ўсё, што ён далей робіць, становіцца бессэнсоўным», – тлумачыць псыхоляг Валерыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусам выжыць у сытуацыі штодзённага стрэсу. Парады псыхоляга

Страта сэнсу пачынаецца або працягваецца выгараньнем, бо чалавеку важна разумець, для чаго ён нешта робіць, кажа экспэртка.

«Асабліва выгараньне характэрнае для людзей, якія працуюць у сфэры «чалавек-чалавек»: лекары, выхавальнікі, псыхолягі, сацработнікі. І, вядома, калі хто ня вельмі задаволены сваёй працай і лічыць, што гэта «не маё«, я тут часова, маё жыцьцё ідзе ня так, як магло б, я займаюся ня тым, чым хачу, – гэта прамая дарога да выгараньня», – дадае Аляксандар.

Пры гэтым, калі не даваць сабе перапынкаў, нават самая любімая і клясная праца можа прынесьці нэгатыўныя наступствы, заўважае Валерыя.

«Я раблю недастаткова»

Таксама ў людзей, якія нават вельмі шмат працуюць, можа зьявіцца думка: «Я раблю недастаткова».

«Пачуцьцё «я недастаткова добры« можа быць адной з прыкмет дэпрэсіі. Але, вядома ж, па адной прыкмеце ставіць дыягназ нельга, патрэбная сукупнасьць фактараў, і ў любым выпадку дыягназ гэты ставіць лекар-псыхатэрапэўт або псыхіятар. Што рабіць, калі вы адчулі вось гэтую «недастатковасьць«? Не абясцэньваць тое добрае, што ўжо зроблена. Можна скласьці сьпіс зробленага і на яго абапірацца, а не на тое, што ня зроблена. Усё зрабіць немагчыма», – тлумачыць Аляксандар.

Праблема «недастатковасьці» часта ўзьнікае яшчэ і таму, што мы схільныя ставіць вельмі глябальныя мэты і не разьбіваць іх на падмэты, кажа экспэрт.

«Вось ёсьць нейкая мэта, груба скажам: «купіць кватэру«, – кажа Валерыя. – Чалавек уладкоўваецца на працу, бярэ праекты, робіць задачы, зьбірае грошы, але кватэра ўсё не купляецца. Яму здаецца: «Я раблю недастаткова«. Хоць калі ўсе гэтыя маленькія крокі прапісаць, усе задачы, то можна зьдзівіцца, які насамрэч вялікі сьпіс выкананых спраў. Пачынаць можна з малога: калі ты раніцай устаў, зрабіў сьняданак і кудысьці пайшоў, то гэта ўжо лічыцца. Ня можаш ісьці да мэты? Сядзі ці ляжы ў кірунку мэты. Гэта бяз жартаў. Мы проста ня бачым, якія крокі мы робім, таму і здаецца, што робім «недастаткова».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уся краіна цяпер у вельмі стрэсавай сытуацыі». Прафэсар Робэрт ван Ворэн аб праекце псыхалягічнай самадапамогі для пацярпелых

«Калі трэба адпачыць, набрацца сіл, то ня трэба ехаць на тыдзень у госьці да сваяка, які будзе «калупаць мазгі»

У кожнага свой адпачынак, мяркуюць псыхолягі, таму сказаць, як правільна адпачываць, амаль немагчыма.

«Вельмі важна: калі мы вылучаем час на адпачынак, то праца не павінна там прысутнічаць, бо будзе зноў пераключэньне і туды сыдзе энэргія. Варта па магчымасьці зьмяняць абстаноўку, нездарма кажуць, што падарожжа лекуе. Напрыклад, мы працуем, і ў нас кожны дзень рутынная абстаноўка, мозг працуе ў адной катэгорыі. А калі мы падарожнічаем ці проста некуды выяжджаем хаця б на дзень або выходныя, мозг пачынае бачыць у іншай сыстэме каардынатаў, ён быццам «разьмяўся«, «асьвяжыўся«. То бок нават у мазгавых працэсах адбываецца пераключэньне».

Ляжаньне на канапе таксама можа быць адпачынкам, калі ваш арганізм гэтага патрабуе. Падчас адпачынку варта выключыцца цалкам з працы, пазьбягаць эмацыйных нагрузак, якія нэгатыўна ўплываюць, пераконваюць спэцыялісты.

«Напрыклад, калі трэба адпачыць, набрацца сіл, то ня трэба ехаць на тыдзень у госьці да сваяка, які будзе «калупаць мазгі». Выключайце эмацыйную нагрузку, калі мэта – рэальна перазагрузіцца», – кажа Валерыя.

Кожны сам разумее, які адпачынак яму патрэбны, можа і вельмі актыўны: лыжы, сноўборд і іншае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прывучыць сябе да страху? Размова з псыхатэрапэўткай

«Для мяне, напрыклад, паездка на мора – гэта найлепшае, што можа быць, – кажа Аляксандар. – Калі я прыяжджаю ў любую краіну, дзе ёсьць мора, можна купацца, то вось першае маё акунаньне – гэта моцны прыліў эндарфінаў, такое пачуцьцё свабоды і адчуваньне таго, што жыцьцё цудоўнае. Гэта дакладна мяне пераключае. І ў кожнага можа быць нешта сваё: паглядзець сэрыял і з дапамогай ідэнтыфікацыяй з героямі выключыцца з гэтага жыцьця і пагрузіцца ў іншае, і так адпачыць ад рэальнасьці, у якой знаходзісься штодня. Адпачынак можа быць розны, але адпачываць у любым выпадку важна».

«Чым больш ты сябе нагружаеш, тым складаней потым адпачыць за кароткі прамежак часу»

Каб не хварэць, каб імунітэт трымаўся, каб арганізм не прымушаў нас адпачываць, важна адсачыць, калі надыходзіць стан «усё, ужо шмат, ужо хопіць, трэба зрабіць перапынак». А праца «не падымаючы галавы» не спрыяе прадуктыўнасьці.

«У нас ёсьць ілюзія: «Я сяджу, ад кампутара не адрываюся, я такі прадуктыўны, я клясна працую«. Насамрэч гэта памылковая думка, бо калі мы працуем безь перапынку, то мы мозгу не даём «дыхаць«. Ёсьць такая working-ёга – пяціхвілінны перапынак, які можна зрабіць нават у офісе, гэта разганяе арганізм, і праца становіцца прадуктыўней, – тлумачыць Валерыя. – Чаму ў прасунутых кампаніях ёсьць цэнтры адпачынку, трэнажорка, пакоі адпачынку і гульняў? Бо так мозг перазагружаецца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захаваць стасункі ці адстаяць пазыцыю?» Псыхоляг пра тое, як не пасварыцца з блізкімі праз палітыку

Таксама варта разумець, што чым больш вы не адпачываеце, тым больш часу на адпачынак вам спатрэбіцца ў будучыні. Калі вы ня будзеце адпачываць своечасова, арганізм вас прымусіць гэта зрабіць.

«У нашым мэнталітэце прынята, што адпачынак ёсьць раз ці два на год. Насамрэч гэта ня вельмі правільна з пункту гледжаньня псыхікі, бо адпачываць нам трэба значна часьцей. Я наогул маўчу пра тых, хто гадамі не адпачывае. Чым больш ты сябе нагружаеш, тым складаней потым адпачыць за кароткі прамежак часу. У нейкі момант выходных не хапае, адпачынку на тыдзень ці два – таксама. Ёсьць выпадкі, калі людзі псыхуюць і сыходзяць у творчы адпачынак на паўгода, хто можа сабе дазволіць, і там перазагружаюцца, бо да гэтага яны вельмі шмат працавалі безь перапынку», – расказвае Валерыя.