Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стрэс дайшоў да стадыі „абы не пасадзілі“». Чаму з дэпрэсіяй сярэдняй цяжкасьці можна будзе займаць дзяржпасады?


Савет Міністраў 5 жніўня вызначыў сьпіс хваробаў, пры наяўнасьці якіх нельга працаваць дзяржаўным службоўцам альбо знаходзіцца ў кадравым рэестры. Закон набывае моц 1 верасьня 2022 году.

Падобны сьпіс існаваў і раней, але ў новым зьявіліся некаторыя зьмены. Найперш, дадаліся два новыя дыягназы, якія не адпавядаюць дзяржслужбе — абсэсіўна-кампульсіўны разлад і дысацыятыўны разлад. Поўны сьпіс хваробаў можна паглядзець тут.

А з пункту «разлады настрою» ў той жа час прыбралі дэпрэсіўныя эпізоды лёгкай і сярэдняй ступені. Гэта значыць, што цяпер няцяжкая дэпрэсія ня будзе падставай для звальненьня са службы.

Міністэрства аховы здароўя таксама зацьвердзіла пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць рабоце зь дзяржаўнымі сакрэтамі: у новай вэрсіі пераліку, які набудзе моц з 1 верасьня, таксама зроблена выключэньне для дэпрэсіўных эпізодаў, але дададзеныя абсэсіўна-кампульсіўныя і дысацыятыўныя разлады.

Чаму так магло адбыцца? Спыталі ў былога чыноўніка Анатоля Котава і псыхатэрапэўткі Натальлі Скібскай.

Анатоль Котаў найперш кажа, што ня чуў пра выпадкі, каб чыноўнікам ставілі дыягназ «дэпрэсія».

«Людзі, што засталіся ў дзяржапараце, працягваюць працаваць у сыстэмным стрэсе. І дэпрэсія, мабыць, самае лёгкае псыхічнае захворваньне, якое зь імі можа здарыцца», — мяркуе былы супрацоўнік Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.

На думку Котава, калі б сёньня дзяржаўныя службоўцы прайшлі сур’ёзны мэдагляд, то дэпрэсію маглі б знайсьці ў большасьці супрацоўнікаў.

«Кожны дзень — гэта вялікая адказнасьць. Прычым усё залежыць ад буйнейшага начальніка, каго менавіта зрабіць крайнім у той ці іншай сытуацыі. Чаму падаюць надоі, скарачаецца валютная выручка або няма беларускіх камплектуючых».

Візыт Аляксандра Лукашэнкі на завод «Мотавела» суразмоўца называе адлюстраваньнем тых праблем, што існуюць у беларускай гаспадарцы сёньня.

«Ты ня можаш быць эфэктыўным, абапіраючыся толькі на сваё. У Мікалая Ладуцькі быў выбар: альбо ляпіць тое, што немагчыма прадаць, альбо завозіць кітайскія камплектуючыя і прадаваць прадукцыю ў Расею як беларускія матацыклы. У выніку за другі варыянт „адгрэблі“. Для ўсяго дзяржапарату востра стаіць пытаньне „калі“. Калі дойдуць да іх? Гэтае чаканьне — стрэс, у якім беларускія дзяржаўныя службоўцы жывуць штодня. Цяпер гэты стрэс дайшоў да стадыі „абы не пасадзілі“, а ў астатнім няхай робяць што хочуць».

Пры гэтым Котаў мяркуе, што самыя набліжаныя да Лукашэнкі чыноўнікі адчуваюць сябе больш-менш спакойна.

«А вось пасады ад намесьніка міністра і ніжэй — расстрэльныя. Аднак гэта сьвядомы выбар большасьці чыноўнікаў, я ім не зайздрошчу і не шкадую. Гаварыць пра трываласьць у такіх умовах вельмі цяжка. Сыстэма ўжо больш за два гады працуе ва ўмовах, калі ад яе патрабуюць больш, чым яна можа вытрымаць».

Традыцыйнымі мэтадамі лячэньня дэпрэсіі і стрэсу ў асяродзьдзі беларускіх чыноўнікаў Котаў называе алькаголь і тытунь.

«З такой зломленасьцю і пустатой кожны змагаецца як можа. Да псыхолягаў і лекараў зьвяртаюцца рэдка, а лечацца „народнымі“ мэтадамі, што не дадае здароўя ні людзям, ні ўсяму апарату ў цэлым».

Псыхатэрапэўтка Натальля Скібская хутчэй зьдзівілася, што ў сьпіс дадалі абсэсіўна-кампульсіўны разлад. Што тычыцца дэпрэсіўных эпізодаў, то яна тлумачыць, што яны могуць зьяўляцца на падставе як вонкавых, так і ўнутраных фактараў. Справакаваць такія эпізоды могуць моцныя перажываньні, празьмерная трывожнасьць і пастаянныя стрэсавыя сытуацыі.

«Колькі людзей працуе ў Беларусі ў такіх умовах? Думаю, большасьць. Пацыент, вядома, пакутуе ад гэтага, але, пэўна, будзе ў стане выконваць сваю асноўную дзейнасьць. Не выключаю, што доля такіх захворваньняў сярод чыноўнікаў павялічылася. Цяпер вельмі складаныя часы, а чыноўнікі жывуць ня ў вакуўме. Наколькі ведаю, раней працэнт чыноўнікаў, якіх шпіталізоўвалі менавіта з дэпрэсіямі, заўсёды быў дастаткова вялікі», — кажа Натальля Скібская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG