Ганна Матуляк сьцісла:
- Для запалохваньня беларускага грамадзтва ўладай існуе «магутны бэкграўнд», зьвязаны з мноствам рэпрэсій у мінулым Беларусі.
- Страх пазбаўляе нас нармальнай функцыянальнасьці, бо гэтая эмоцыя засяроджаная перш за ўсё на тым, каб дапамагчы нам захаваць сваё жыцьцё і сваё здароўе.
- Існуюць тры агульна вядомыя рэакцыі на страх: бі, уцякай, замры.
- Страх можа быць чалавеку памочнікам, як і любая іншая эмоцыя.
- «Найпершае пытаньне, якое трэба сабе задаць: чаго канкрэтна я баюся?»
- Гэта вялікая памылка, калі мы ня думаем пра свой страх і робім выгляд, што нічога не баімся.
Страх ад мінулых пакаленьняў
«У псыхалёгіі ёсьць такое паняцьце, як трансгенэрацыйная перадача акрэсьленага досьведу. Нашы продкі, перажыўшы нейкую падзею, перадаюць нам гэтыя перажываньні. Мы можам фактычна знаходзіцца ў бясьпецы, але адчуваць вельмі моцныя эмоцыі пры малюсенькіх трыгерах. У нас падрыхтаваная глеба для гэтага. Ня трэба вялікага ўзьдзеяньня, каб тыя страхі ўзнавіліся».
Тры рэакцыі
«Ёсьць тры вядомыя, эвалюцыйна сфармаваныя рэакцыі на страх: бі, уцякай, замры. Рэакцыя „замры“ актывізуецца ў нас, калі счытваем пагрозу як больш моцную і калі мы зь ёю ня здольныя справіцца. І пра гэтае заміраньне мы можам гаварыць ня толькі як пра фізіялягічнае заміраньне ў дадзены момант, але як пра заміраньне ўсіх важных працэсаў жыцьцёвай дзейнасьці, як пра заміраньне ці замарожваньне нашых мэтаў, магчымасьцяў, здольнасьцяў, памкненьняў да чагосьці.
Калі мы гаворым пра рэакцыю „ўцякай“, то яна можа распаўсюджвацца і на тыя выпадкі эміграцыі, якія цяпер адбываюцца. (…)
І рэакцыя „бі“ — гэта рэакцыя барацьбы, калі я счытваю, што ў мяне і майго праціўніка прыкладна аднолькавыя сілы і ў мяне хапае ўнутранага рэсурсу на барацьбу. Гэтая барацьба можа выглядаць як заўгодна, у тым ліку як і дыялёг, напрыклад, з прадстаўнікамі ўлады. Гэта таксама рэакцыя „бі“…».
Страх як памочнік
«Страх дапамагае нам сфакусаваць свае думкі і свае дзеяньні на тым заданьні, якое цяпер перад намі стаіць. Калі я баюся, напрыклад, затрыманьня, калі ўва мне існуе гэты страх, то я магу прадумаць усе крокі, як гэтага пазьбегчы або як сябе абараніць, або як мінімізаваць рызыку гэтага… Калі ж я блякую гэтыя думкі ў сваёй сьвядомасьці, калі я іх усяляк адганяю, тады ў пэўным сэнсе мы можам казаць, што я страчваю сувязь з рэальнасьцю».
Мясцовы страх
«Зьяўляюцца такія вельмі лякальныя страхі, якія можна назваць, гаворачы ўмоўна, беларускімі страхамі. Напрыклад, страх надзець нешта ў чырвона-белай гаме — ён ужо існуе».
Рацыяналізацыя страху
«Найпершае пытаньне, якое трэба сабе задаць: чаго канкрэтна я баюся? І, можа быць, нават выпісаць у пунктах. Наступны крок: паглядзець, што канкрэтна я магу зрабіць з кожным пунктам, як я магу засьцерагчы сябе ад небясьпекі. Як я магу гэта прадухіліць? Як я магу гэта мінімізаваць? Наступнае важнае пытаньне: наколькі рэальнае тое, чаго я баюся? Абазначыць для сябе імавернасьць гэтага. І, можа быць, прадумаць, якія мае дзеяньні і крокі павялічваюць гэтую імавернасьць ці, наадварот, памяншаюць. Наступны важны момант: што самае страшнае можа здарыцца?
Чаму я акцэнтую на гэтым увагу? Таму што найбольш распаўсюджаны спосаб, які выкарыстоўваюць людзі ў змаганьні са страхам — гэта спрабуюць яго заглушыць. Спрабуюць ня браць яго пад увагу, ня думаць аб ім і рабіць выгляд, што яны не баяцца. Гэта вялікая памылка, таму што ў такім стане чалавек можа прапусьціць важныя сыгналы, якія дапамогуць яму на папярэдніх этапах. (…)
У адрозьненьне ад сытуацыі ўвогуле ня думаць пра страх ці максымальна пакідаць яго ўбаку, я заўсёды рэкамэндую «прайграваць», пачынаючы з пытаньня, што самага страшнага можа здарыцца, і паціху, малымі крокамі, такую сытуацыю «пракручваць» ва ўяўленьні, даючы сабе магчымасьць перажываць тыя эмоцыі, якія ўзьнікаюць. (…)
Чаму гэта бывае важна? Таму што мы не назапашваем гэтую напружанасьць, якая потым вырываецца ўспышкай навонкі ў выпадку пагрозы, а мы яе расьсейваем, як быццам прывыкаем да яе. Гэта можа гучаць дзікавата, але мы трэнуем сваё эмацыянальнае ўспрыманьне для таго, каб у нас не адбылося рэзкай, раптоўнай успышкі, зь якой псыхіка можа справіцца або і не.