Аляксей Арастовіч: Сацыясыстэму Беларусі зьменіць толькі сьмерць Лукашэнкі
«Гэта магло быць не забойства, а проста чалавек памёр сам, аднак найважнейшымі зьяўляюцца наступствы, а не прычыны гэтага», — такую думку выказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Аляксей Арастовіч.
Арастовіч кажа, што ня верыць у забойства Макея як папярэджаньне Лукашэнку: «Ніхто не папярэджвае пра забойства, бо тады патэнцыйная ахвяра мае магчымасьць нарасьціць сваю ахову. Часьцяком вакол такіх падзей пачынаюць будаваць кансьпіралёгію, але ў жыцьці бываюць супадзеньні. Чалавек мог памерці сам».
Арастовіч лічыць, што значна важнейшыя наступствы гэтай сьмерці. «Лукашэнку цяпер трэба шукаць новага міністра, але ва ўмовах наяўнага ў Беларусі кадравага голаду зрабіць гэта будзе цяжка. Але ў цэлым сацыясыстэму Беларусі сьмерць нават такога чалавека, як Макей, ня зьменіць, толькі сьмерць Лукашэнкі», — перакананы Арастовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто прыйдзе на месца Макея?Украінскі журналіст Гардон: Макей «шчыра сымпатызаваў Захаду» і «не любіў Расею»
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей «быў празаходнім палітыкам», так думае вядомы ўкраінскі журналіст і выдавец Дзьмітро Гардон.
«Макей шчыра сымпатызаваў Захаду, — зазначыў ён. — Ён гаварыў на дзьвюх замежных мовах. Ён не любіў Расею, кажу я, зыходзячы з нашых размоў зь ім. Яго няма, чаго ўжо хаваць? Ён дрэнна ставіўся да Расеі».
Паводле Гардона, ён размаўляў кіраўніком МЗС Беларусі падчас абмеркаваньня пляну «Менск-2» для ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, а таксама перад інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам у жніўні 2020 году.
Украінскі журналіст сьцьвярджае, што ў прысутнасьці Макея казаў «такія гадасьці аб [прэзыдэнту РФ Уладзіміру] Пуціну», і той «спакойна да гэтага ставіўся». «Для справядлівасьці скажам, што і Лукашэнка ў інтэрвію мне нядобра гаварыў пра Расею», — зазначыў ён.
Па словах Гардона, міністар быў «найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі», які «мог заняць пасаду прэзыдэнта, калі б нешта здарылася з Лукашэнкам», аднак Пуціна ён «не задавальняў», таму што быў празаходнім.
Журналіст лічыць сьмерць Макея невыпадковай і бачыць у гэтым расейскі сьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка: «У 2020-м многія чакалі, што Макей пяройдзе на бок народа. Гэта зрабіў яго сын, але ня сам Макей. Ён здрадзіў сам сабе»Дарадца кіраўніка МЗС Украіны: «Макей мог сканаць ад атручэньня»
Дарадца кіраўніка МЗС Украіны Антон Герашчанка ў сваім акаўнце ў Twitter паведаміў, што гэты выпадак мог стаць сыгналам сама абвешчанаму прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
«Памёр кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей, 64 гады. Ходзяць чуткі, што яго маглі атруціць. Макея называлі магчымым пераемнікам Лукашэнкі. Ён быў адным зь нямногіх, хто не знаходзіўся пад расейскім уплывам. Кажуць, што гэта можа быць намёкам Лукашэнкі», —напісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якую спадчыну пакінуў Макей? Абмеркаваньне аналітыкаўРасейскі палітоляг Аркадзь Дубноў: Уцякаць лепш своечасова — і паміраць тады без падазрэньняў
Расейскі палітоляг Аркадзь Дубноў выкарыстаў мэтафару «пасьцельнік дыктатара» пра памерлага кіраўніка МЗС Беларусі.
«Пасьцельнік дыктатара, які памірае сваёй сьмерцю пры выкананьні абавязкаў, вядома ж, нонсэнс. Ён асабістая ўласнасьць свайго гаспадара, ён ня мае права памерці прыватным чынам, не папытаўшыся на гэта яго дазволу. Калі пасьцельнік адышоў без дазволу, то ён сам злачынец, або злачынец той, хто яго „сышоў“ без дазволу гаспадара... Таму ўзяць і памерці ад якога-небудзь чалавечага інфаркту гэты няшчасны ня мае права. Арганізуй уцёкі з гаспадарскага двара і памірай сабе на вольніцы колькі хочаш, але дакумэнтальна каб даказана было, што сам сабе шкоду нарабіў, зьбеглы здраднік», — напісаў Дубноў у сваім тэлеграме.
Таму, паводле расейскага палітоляга, раптоўная сьмерць «галоўнага дыплямата пры Лукашэнку проста ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Драздах не магла не спарадзіць сто тысяч пяцьсот кансьпіралягічных вэрсій, ад атручэньня да самагубства...». Дубноў падсумоўвае, што «ўцякаць лепш своечасова — і паміраць тады добра, без падазрэньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ не надалі сьмерці Макея асаблівай увагі. ФатафактПракрамлёўскі палітоляг Маркаў: «Канал сувязі з Захадам зьнік»
Пракрамлёўскі палітоляг Сяргей Маркаў лічыць што са сьмерцю Макея «стаў немагчымы курс на адрыў з Расеяй».
Маркаў у сваім тэлеграм-канале заявіў, што «Макей быў асноўным фаварытам Захаду на пасаду праэўрапейскага прэзыдэнта Беларусі». На яго думку, Аляксандр Лукашэнка трымаў яго на пасадзе МЗС для таго, каб быў канал з Захадам.
«Макей прапанаваў саюз з Захадам і адрыў ад Расеі. У гэты момант ёсьць два прэтэндэнты на ролю пераемніка: намесьнік кіраўніка МЗС і былы амбасадар у Турэччыне. Але канчатковае рашэньне за прэзыдэнтам», — лічыць Маркаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выступаў пад Пагоняй, размаўляў па-беларуску, але застаўся верным Лукашэнку. Чым запомніцца Ўладзімер МакейРасейскі журналіст Папкоў: Абсалютна людаедзкія публічныя заявы Макея
Расейскі журналіст Раман Папкоў у сваім тэлеграм-канале камэнтуе ў тым ліку і рэакцыю на сьмерць Макея галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава, які пісаў, што той «шмат дапамагаў, пакуль мог, з вызваленьнем палітвязьняў».
«Чалавек займаў адну з найвышэйшых кіроўных пасад тыранічнага рэжыму, забясьпечваў функцыянаваньне яго найважнейшых вузлоў, само яго існаваньне. Тым самым ён, як мог, спрыяў таму, каб палітвязьні былі, каб іх колькасьць павялічвалася. Мы ўжо не гаворым пра абсалютна людаедзкія публічныя заявы Макея», —піша журналіст, былы вязень Бутыркі і Акрэсьціна.
Расейскі апазыцыянэр і блогер Фейгін: Макей быў камунікатарам паміж Беларусьсю і краінамі Захаду
На думку расейскага юрыста, апазыцыянэра і блогера Марка Фейгіна, сьмерць Макея магла быць сыгналам Лукашэнку ад Масквы. Фейгін лічыць факт раптоўнай сьмерці кіраўніка МЗС Беларусі Уладзімера Макея дзіўным.
Як Фейгін расказаў украінскаму «24 каналу», Макей быў камунікатарам паміж Беларусьсю і краінамі Захаду. Акрамя таго, Лукашэнка яму вельмі давяраў, лічыць блогер.
«Я камэнтаваў інфармацыю аб тым, што Лукашэнку пагражае сьмерць за яго непадатлівасьць. І тут замест яго памірае Макей... Мы нічога не прыдумляем, але гэта неяк дзіўна. Гэта як на вайне памерці ад насмарку — вельмі дзіўна», — растлумачыў ён.
Віцэ-спікер Савета Фэдэрацыі Расеі Касачоў: Макей быў патрыётам
Патрыётам, надзейным таварышам і прафэсіяналам найвышэйшай пробы назваў Макея віцэ-спікер Савету Фэдэрацыі Расеі Канстанцін Касачоў.
«Добра ведаў Уладзімера Макея, шмат і нязьменна канструктыўна ўзаемадзейнічалі... Прафэсіянал найвышэйшай пробы, патрыёт, надзейны таварыш. Вечная памяць», — напісаў Касачоў у сваім тэлеграм-канале.
Генэральны сакратар АДКБ Зась: Праваднік ідэй інтэграцыі ў Эўразіі
Генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась лічыць, што Макей праявіў сябе сапраўдным патрыётам і правадніком ідэй інтэграцыі ў Эўразіі.
«На ўсіх пасадах, якія займаў У. У. Макей, ён праявіў сябе як перакананы патрыёт сваёй Радзімы, актыўны прыхільнік умацаваньня пазыцый Беларусі на міжнароднай арэне, праваднік ідэй ваенна-палітычнай інтэграцыі ў Эўразійскім рэгіёне», — гаворыцца ў спачуваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімера Макея пахаваюць на Ўсходніх могілках у Менску