Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступаў пад Пагоняй, размаўляў па-беларуску, але застаўся верным Лукашэнку. Чым запомніцца Ўладзімер Макей


Уладзімер Макей на прыёме МЗС Беларусі для іншаземных амбасадараў. 2019 годзе
Уладзімер Макей на прыёме МЗС Беларусі для іншаземных амбасадараў. 2019 годзе

26 лістапада раптоўна памёр міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Яму было 64 гады. Прычыны сьмерці не паведамляюцца. Свабода сабрала старонкі біяграфіі чыноўніка, чым ён запомніўся на розных пасадах.

Сын конюха і бібліятэкаркі

Афіцыйная біяграфія Ўладзімера Макея заўжды была сухой і сьціслай. Не называлася нават месца нараджэньня чыноўніка, пісалася проста «Горадзенская вобласьць». Толькі ў 2011 годзе журналісты адкапалі, што ён нарадзіўся ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёну.

Сям’я Макея была зусім небагатая, нават па вясковых мерках. Бацька Ўладзімер працаваў конюхам, а маці Фаіна — бібліятэкаркай. У Макея ёсьць таксама сястра Натальля, якая жыве ў Баранавічах, ніякіх дзяржаўных пасад яна ніколі не займала. Калі памерла маці чыноўніка, то бацьку апошнія гады даглядала менавіта сястра.

Служба ў выведцы СССР

Уладзімер Макей скончыў Менскі пэдагагічны інстытут замежных моваў. Пасьля гэтага ў біяграфіі Макея ідзе вялікі прабел. Паведамляецца толькі, што з 1980 да 1991 год ён служыў у Галоўным разьведвальным упраўленьні Міністэрства абароны СССР, даслужыўся да палкоўніка. Якія функцыі і дзе выконваў Макей — загадка. Газэта «Наша Ніва» ў 2011 годзе пісала са словаў аднавяскоўцаў Макея, што той ваяваў у Афганістане і нават меў раненьне, але ніякага пацьверджаньня гэтаму не было.

У 1992 — 1993 Уладзімер Макей прайшоў кароткатэрміновыя курсы ў Дыпляматычнай акадэміі МЗС Аўстрыі. Назваць гэта паўнавартаснай адукацыяй не выпадае, але доўгі час лічылася, што ён быў ледзьве не адзіным чыноўнікам, хто мае за плячыма вучобу на Захадзе. Ад 1993 пачынаецца ягоная дыпляматычная кар’ера.

У 1996 — 1999 гадах быў прадстаўніком Беларусі пры Радзе Эўропы ў Страсбуры. Апазыцыйныя палітыкі расказвалі, што ў той пэрыяд Макей не цураўся сустрэч зь імі. Ад 2000 да 2008 быў памочнікам Лукашэнкі ў пытаньнях замежнай палітыкі.

Зьмяніў Шэймана

На першыя ролі Ўладзімер Макей стаў выходзіць у 2008 годзе, калі замяніў Віктара Шэймана на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтыя кадравыя рашэньні прымаліся адразу пасьля тэракту на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня.

Упершыню на людзях Макей зьявіўся ўвосень таго самага 2008 году, калі завітаў на «Менскі форум», што традыцыйна ладзіў цэнтар імя Ёганэса Раў. Там кіраўнік Адміністрацыі адказваў на вострыя пытаньні з розных бакоў, а таксама меў асобную сустрэчу зь лідэрам апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам.

Яшчэ адным сыгналам ад Макея пра палітычную лібэралізацыю стала стварэньне кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта, куды ўвайшлі старшыня ТБМ Алег Трусаў, ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, эканаміст Леанід Заіка. Зрэшты, паўнавартасна запрацаваць той орган ня змог.

Напярэдадні выбараў 2010 году ў этэры расейскага ТВ Макей казаў, што апазыцыя рыхтуе ў Менску выбухі. Пасьля разгону Плошчы і арышту апазыцыйных кандыдатаў Макей трапіў пад санкцыі Эўразьвязу.

Падчас прыёму ў Мінстэрстве замежных спраў для амбасадараў і прадстаўнікоў дыпмісій зь семʼямі. Уладзімер Макей з сынамі, жонкай Верай Паляковай-Макей і расейскім амбасадарам Дзьмітрыем Мезенцавым. 2019 год
Падчас прыёму ў Мінстэрстве замежных спраў для амбасадараў і прадстаўнікоў дыпмісій зь семʼямі. Уладзімер Макей з сынамі, жонкай Верай Паляковай-Макей і расейскім амбасадарам Дзьмітрыем Мезенцавым. 2019 год

Надзяваў вышыванку

У жніўні 2012 году Ўладзімер Макей становіцца міністрам замежных спраў, на гэтай пасадзе ён заставаўся да сьмерці. У хуткім часе зь яго былі зьнятыя санкцыі, каб ён мог наведваць эўрапейскія краіны. Час ад 2014 году да першай паловы 2020 году лічыўся пэрыядам палітычнай лібэралізацыі і паляпшэньня адносін з Захадам. Макей адыграў у гэтым значную ролю, ён пастаянна сустракаўся са сваімі калегамі і іншымі эўрапейскімі палітыкамі.

У 2015 годзе ў Макея быў вялікі візыт ва Ўкраіну, дзе ён сустракаўся з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, а таксама кіраўніком Адэскай вобласьці Міхэілам Саакашвілі. На тых сустрэчах міністар заяўляў, што Беларусь працягвае лічыць Данецкую і Луганскую вобласьці Ўкраінай, а з тэрыторыі Беларусі ніколі ня будзе нападу на суседнюю краіну.

Макей запачаткаваў традыцыю прыёмаў для дыпляматаў у Міністэрстве замежных справаў у вышыванках. Сам надзяваў вышыванку. Выступаў пад Пагоняй на зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Называў беларускую мову «фундамэнтам незалежнасьці».

Макей выступае на Зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску. 2017 год
Макей выступае на Зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску. 2017 год

Сам няблага размаўляў па-беларуску, заўсёды адказваў па-беларуску на беларускамоўныя пытаньні журналістаў. У камэнтары Эўрарадыё прызнаваўся, што чытае кнігі па-беларуску, Сяргея Пясэцкага і Андруся Горвата. Менавіта Макею належала ідэя бязьвізавага наведваньня Беларусі грамадзянамі Эўразьвязу, ЗША і іншых краін.

Абяцаў разгром грамадзянскай супольнасьці

У 2020 годзе падчас масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў Макей цалкам заняў пазыцыю Лукашэнкі. З МЗС звальнялі людзей, якія выказвалі свой пратэст адносна падзей у краіне. Насупраць МЗС людзі выходзілі зь лёзунгам «Макей, не рабей». У жніўні міністар выступіў з заявай, што Беларусь выступае «за эвалюцыйнае разьвіцьцё без вонкавага ўмяшаньня».

У верасьні 2020 году з МЗС звольніўся старэйшы сын Макея Віталь, які працаваў у галоўным упраўленьні шматбаковай дыпляматыі. Ніхто так і не пацьвердзіў, ці гэтае звальненьне было зьвязанае з падзеямі ва Ўкраіне ці не.

Нейкі час у Макея яшчэ заставаліся кантакты з сваімі замежнымі калегамі, але іх станавілася ўсё меней. У 2021 годзе рыторыка міністра заўважна зьмянілася, напрыклад, ён мог назваць Літву «краінай-пігмэем», называў апазыцыянэраў, якія былі вымушаныя зьехаць з краіны празь перасьлед, «беглымі шкоднікамі». Менавіта Макей агучыў вясной 2021, што ў выпадку неадмены санкцый у Беларусі будзе зьнішчаная грамадзянская супольнасьць, так яно і сталася.

Макей і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у Маскве. 2 верасьня 2020
Макей і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у Маскве. 2 верасьня 2020

Абяцаў, што расейцы пакінуць Беларусь

За некалькі дзён да пачатку вайны ва Ўкраіне Макей запэўніваў, што па сканчэньні беларуска-расейскіх вучэньняў усе расейскія вайскоўцы пакінуць краіну. У тыдзень сьмерці Макей наведваў Ерэван, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ, дабіраўся чыноўнік туды транспартным самалётам.

У асабістым жыцьці Макей быў двойчы жанаты. Другая ягоная жонка — актрыса, тэлевядучая, кіраўніца Тэатру юнага гледача Вера Палякова. Ад кожнага са шлюбаў у яго засталося па сыну. Старэйшы сын Віталь ужо сам мае дзяцей. Малодшаму сыну Арцёму 13 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG