«Пацярпіць паразу Расея — нас ня будзе заўтра імгненна». Інтуіцыя Лукашэнкі і прывід прайгранай вайны

Прайграць вайну, але застацца пры ўладзе. Ці не на гэта разьлічвае Лукашэнка, назіраючы правал пуцінскай агрэсіі і спрабуючы падаць знакі Захаду, што ён нібыта ня ўдзельнічаў і ня ўдзельнічае ў гэтай вайне, адмаўляецца пасылаць туды сваіх салдатаў і паважае незалежнасьць Украіны?

Уважлівы спажывец дзяржаўнай прапаганды ня мог не заўважыць: лексыка і танальнасьць прапагандыстаў пры асьвятленьні вайны ва Ўкраіне за апошнія месяцы памяняліся кардынальным чынам.

Калі ў лютым і сакавіку прэзыдэнцкая газэта «СБ» і афіцыйныя тэлеканалы ледзь ня ў кожнай публікацыі і перадачы называлі ўкраінскіх салдатаў «бандэраўцамі, «украфашыстамі», «нацыкамі», то цяпер — амаль паўсюль нэўтральна і нават паважліва: «украінскімі вайскоўцамі», «узброенымі сіламі Ўкраіны».

Калі на пачатку вайны Ўладзімір Зяленскі на старонках і ў эфіры дзяржаўнага агітпропу быў найчасьцей «блазнам», «марыянэткай», «кавээншчыкам», то цяпер, як правіла, ён «лідэр Украіны» і «ўкраінскі прэзыдэнт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыбыў у самаабвешчаную Абхазію зь неафіцыйным візытам

Вецер падзьмуў зусім у іншы бок. «Мэтадычкі», якія паступаюць у дзяржаўныя СМІ з прэзыдэнцкай адміністрацыі, карэнным чынам выпраўленыя і нават перапісаныя нанава. Куды зьнік «безгаловы» і «аморфны» Зяленскі?

Антываенны пратэст у Лёндане, 26 сакавіка 2022

Той самы Лукашэнка, які ў лютым у інтэрвію пуцінскаму прапагандысту Салаўёву называў Зяленскага «безгаловым» і «аморфным чалавекам бяз стрыжня», а ў траўні зьдзекліва-паблажліва раіў «пагаліцца, апрануцца нармалёва» і «выходзіць з вобразу», бо «гульня зацягнулася», цяпер у сваіх публічных выступах стараецца ўвогуле не называць імя ўкраінскага прэзыдэнта і ніяк не камэнтаваць хаду баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б расейцы скарысталі атамную зброю, гэта быў бы канец Расеі». Амэрыканскі аналітык пра Лукашэнку-закладніка і ядзерныя сцэнары

Адзінае, што ён згадвае пры кожным зручным выпадку, гэта тое, што беларускія вайскоўцы на ўкраінскай тэрыторыі не ваявалі і не ваююць. Такое ўражаньне, што ён ужо цяпер апраўдваецца і шукае аргумэнты, каб у будучыні, калі надыдзе пара разьбірацца з падпальшчыкамі вайны, яго ня ставілі на адну дошку з Пуціным.

Саўдзельнікі агрэсіі ў такіх сытуацыях паводзяць сябе больш-менш падобна. Калі настае пара няўдач і паразаў, калі ў паветры пахне смажаным, імкнуцца адасобіцца, адмежавацца ад былога гаспадара, далей адплыць ад «Тытаніка», які вось-вось пойдзе на дно.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Казахстан дыстанцыюецца ад Расеі. У 10 прыкладах

Нешта падобнае перажывалі ўсе хаўрусьнікі Гітлера на пераломе 1943–1944 гадоў, калі ўсім стала зразумела, што гітлераўская «спэцапэрацыя» ідзе зусім не паводле пляну Бэрліна і што няблага было б як найхутчэй ад гэтага «заваёўніка сьвету» адмежавацца.

Рабілі гэта колішнія хаўрусьнікі і ўдзельнікі восі Бэрлін — Рым —Токіё па-рознаму, але вынік быў вельмі падобны: усе спрабавалі як мага хутчэй выйсьці з вайны; усе шукалі кантактаў і перамоваў з будучымі пераможцамі; многія абвяшчалі пра свой «нэўтралітэт» і рабілі спробы як найхутчэй пазбавіцца ад нямецкіх войскаў на сваёй тэрыторыі. І амаль усюды ў гэты момант надыходзілі чорныя дні для дыктатараў, якія яшчэ нядаўна здаваліся ўсёмагутнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ведаючы беларусаў, я думаю, гэта скончыцца нейкім выбухам». Сьвятлана Алексіевіч — пра Расею, дыктатараў і вайну ва Ўкраіне. Відэа


Італія

Выйсьці з вайны атачэньне Бэніта Мусаліні паспрабавала яшчэ ў сярэдзіне 1943 году. Дзеля гэтага італьянская палітычная эліта паспрабавала арганізаваць пераварот і адхіліць дучэ ад улады. Зрабіць гэта змоўшчыкі плянавалі з дапамогай Вялікай фашысцкай рады (своеасаблівага аналягу савецкага палітбюро). Аднак Мусаліні рэзалюцыю рады пра сваю адстаўку праігнараваў. Тым ня менш падчас наступнай аўдыенцыі ў караля дыктатара арыштавалі.

Бэніта Мусаліні і Адольф Гітлер, 1940

Новы ўрад тут жа пачаў таемныя перамовы з ангельцамі і амэрыканцамі пра выхад з вайны. 3 верасьня 1943 году было падпісана перамір’е. 8 верасьня Італія афіцыйна абвесьціла, што спыняе вайну. Рэакцыя немцаў: увод войскаў на італьянскую тэрыторыю, акупацыя паўночнай і цэнтральнай Італіі, вызваленьне Мусаліні, які ўзначаліў марыянэткавую пранямецкую дзяржаву і нават пасьпеў зладзіць трыбунал над тымі былымі паплечнікамі, якія яму здрадзілі. Пяцёх змоўшчыкаў, сярод якіх быў і зяць Мусаліні, пакаралі сьмерцю. Вайна працягвалася яшчэ больш як год.

Целы Бэніта Мусаліні і Клярэты Пэтаччы, падвешаныя за ногі ў Міляне. 29 красавіка 1945

Увесну 1945-га Мусаліні спрабаваў уцячы разам зь немцамі, пераапрануўшыся ў мундзір унтэр-афіцэра Люфтвафэ. Аднак яго пазналі, ён трапіў у рукі італьянскіх партызанаў і быў расстраляны ў красавіку 1945-га разам са сваёй каханкай ды іншымі фашысцкімі лідэрамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паважаны фюрэр, мы вырашылі вас зрынуць...» Як правадыроў, якія цярпелі няўдачы ў вайне, спрабавалі адхіліць ад улады

Баўгарыя

Баўгарыя была хаўрусьніцай Гітлера, прадаставіла немцам сваю тэрыторыю, у тым ліку аэрадромы, аднак цар Барыс дамогся таго, каб самі баўгарскія арміі непасрэдна ва ўварваньнях ня ўдзельнічалі. Адметна, што Баўгарыя была адзінай хаўрусьніцай Нямеччыны, якая афіцыйна не разарвала дыпляматычныя адносіны з СССР і такім чынам фармальна з Савецкім Саюзам не ваявала.

Баўгарскі цар Барыс сустракаецца з Адольфам Гітлерам падчас вайны

Як толькі Гітлер стаў прайграваць, пасьля Эль-Аламейна і Сталінграду, баўгарскі цар стаў шукаць кантакт з брытанска-амэрыканскімі коламі. Неўзабаве пасьля гэтага ён быў выкліканы ў стаўку фюрэра ва Ўсходнюю Прусію. 28 жніўня 1943 году, пасьля вяртаньня ў Сафію, цар Барыс раптоўна памёр. Ва ўзросьце 49 гадоў. Афіцыйна паведамілі, што ад інфаркту.

26 жніўня 1944 году, калі савецкія войскі ўжо стаялі ля баўгарскай мяжы, урад Баўгарыі абвясьціў пра поўны нэўтралітэт і запатрабаваў вываду нямецкіх войскаў з тэрыторыі краіны. Гэта не спадабалася ні Бэрліну, ні Маскве. Немцы пачалі раззбройваць баўгарскія войскі. А Масква абвесьціла Баўгарыі вайну і неўзабаве акупавала яе без усялякага супраціву. Усё кіраўніцтва краіны, якое не пасьпела ўцячы, было арыштавана. Усіх трох рэгентаў разам яшчэ са ста былымі высокапастаўленымі функцыянэрамі былога царскага ўраду і парлямэнту расстралялі 1 лютага 1945 году. На наступныя 45 гадоў сацыялістычная Баўгарыя трапіла ў поўнае падпарадкаваньне Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што здараецца, калі маленькі дыктатар спрабуе перахітрыць вялікага

Вугоршчына

Вугорскі аўтарытарны лідэр — адмірал Міклаш Хорці — адным з першых сярод саюзьнікаў Гітлера ўсьвядоміў непазьбежнасьць паразы краінаў «восі». Ужо з 1942 году пачаў сакрэтныя перамовы з саюзьнікамі. Пры набліжэньні савецкіх войскаў Хорці адхіліў ад улады прагерманскі ўрад і абвясьціў пра замірэньне з СССР. Гітлер, аднак, з гэтым піруэтам хітрага хаўрусьніка не зьмірыўся. У Будапэшце адбыўся арганізаваны Нямеччынай дзяржаўны пераварот. Пад ціскам Гітлера Хорці перадаў уладу лідэру мясцовых нацыстаў Фэрэнцу Салашы, а сам разам зь сям’ёй быў вывезены ў Нямеччыну, дзе ўтрымліваўся пад арыштам.

Міклаш Хорці і Адольф Гітлер, 1938

Пасьля вайны ўцёк у Партугалію. Улады Югаславіі спрабавалі прыцягнуць яго да адказнасьці як ваеннага злачынца за масавыя забойствы ў 1942 годзе ў Ваяводзіне. Аднак дыктатарскі рэжым Салазара яго ня выдаў. Хорці пасьля вайны пражыў у Партугаліі яшчэ 13 гадоў.

Значна меней пашанцавала яго наступніку, «фюрэру вэнгерскага народу» Фэрэнцу Салашы. 6 траўня 1945 году ён на тэрыторыі Аўстрыі здаўся ў палон амэрыканцам, але тыя перадалі яго ўладам Вугоршчыны. 12 сакавіка 1946 года яго, як і іншых лідэраў вэнгерскіх нацыстаў, павесілі ў двары Будапэшцкай гарадзкой турмы.
Дарэчы, адрозна ад амаль усіх іншых саюзьнікаў Трэцяга рэйху, Вугоршчына заставалася з Гітлерам да самага канца. Калі ў 1945 годзе савецкія арміі ўжо наступалі на Бэрлін, менавіта на вугорскай тэрыторыі яны сустрэлі самы жорсткі супраціў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маленькія фюрэры вялікай вайны. Які лёс напаткаў памагатых Гітлера, якія ўзначальвалі невялікія ўсходнеэўрапейскія краіны

Румынія

Румынскі фюрэр («кандукэтар») маршал Ён Антанэску пачаў спробы кантактаў з брытанскімі і амэрыканскімі дыпляматамі, каб знайсьці магчымасьць для сэпаратнага міру, як і іншыя сатэліты Гітлера, у 1943 годзе. На Захадзе яму параілі спачатку дамовіцца пра гэта з Масквой, што «кандукэтара» зусім не задавальняла.
Калі савецкія войскі наблізіліся да мяжы Румыніі і разграмілі румынска-нямецкія сілы ў Яска-Кішынёўскай апэрацыі, румынскі кароль Міхай І у жніўні 1944-га, аб’яднаўшыся з антыфашысцкай апазыцыяй, загадаў арыштаваць Антанэску і абвясьціў вайну Нямеччыне. Каралю пашанцавала: у немцаў ужо не было магчымасьці і часу, каб адрэагаваць на гэта так, як яны рэагавалі, напрыклад, у Італіі.

Расстрэл румынскага дыктатара Ёна Антанэску, 1 чэрвеня 1946 году

У выніку малады кароль атрымаў ад Масквы найвышэйшы савецкі ордэн Перамогі, а былы румынскі фюрэр паехаў у савецкі канцлягер, а адтуль — пад расстрэл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сталіна атрымалася, у Пуціна і Лукашэнкі — не. Чаму ня даў выніку правераны сцэнар анэксіі пад выглядам «вызваленчага паходу»

Фінляндыя

Галоўнакамандуючы Густаў Манэргейм, які на пачатку вайны быў гарачым прыхільнікам Гітлера і вёў пасьпяховыя баі ў раёне Ленінграду і ў Карэліі, ужо ў лютым 1943-га, пасьля Сталінграду, настройваў сваіх генэралаў, што «Фінляндыі пры першай спрыяльнай магчымасьці неабходна паспрабаваць знайсьці спосаб выхаду з вайны». 4 жніўня 1944 маршал Манэргейм становіцца прэзыдэнтам. А 2 верасьня 1944 году Фінляндыя абвесьціла пра разрыў адносінаў зь Нямеччынай і павярнула зброю супраць былога саюзьніка.

Адольф Гітлер і Карл-Густаў Манэргейм, 1942

У адказ на пратэст нямецкага пасланьніка Манэргейм сказаў:

«Гітлер у свой час пераканаў нас, што зь нямецкай дапамогай мы пераможам Расею. Гэтага не адбылося. Цяпер Расея моцная, а Фінляндыя вельмі слабая. Дык няхай ён цяпер сам расхлёбвае завараную кашу...»

Адрозна ад многіх іншых палітычных дзеячаў Фінляндыі, прызнаных ваеннымі злачынцамі, Манэргейм пазьбег крымінальнага перасьледу. Калі Сталіну прынесьлі на подпіс сьпіс ваенных злачынцаў, ён асабіста выкрасьліў зь яго імя Манэргейма чырвоным алоўкам і напісаў: «Не трогать».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не пярэчыць імпэрыі і чакаць яе канца. «Фінляндзкая» тактыка ахвяраў «русского мира»

Прадчуваньне хуткай паразы ў вайне

Лукашэнка сёньня стаіць перад той жа дылемай, перад якой стаялі хаўрусьнікі Гітлера зь ліку лідэраў дыктатарскіх рэжымаў Усходняй Эўропы прыблізна ў 1943 годзе. Фашысцкія дывізіі ваююць пакуль яшчэ на акупаваных тэрыторыях, і Бэрлін бадзёра рапартуе, што «ўсё ідзе паводле пляну». І на фронт адпраўляюцца ўсё новыя эшалёны прымусова мабілізаваных. Але ў перамогу Гітлера ўжо мала хто верыць, нават сярод ягоных найбліжэйшых паплечнікаў. І ўсе яны тым ці іншым спосабам пачынаюць намацваць кантакты зь верагоднымі пераможцамі і задумвацца пра ўласны пасьляваенны лёс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Лукашэнкам у выпадку паразы Расеі ў вайне? Дыскусія аналітыкаў

Надзвычай адметным было нечаканае віншаваньне Лукашэнкі, адрасаванае ўкраінскаму народу 24 жніўня, у Дзень Незалежнасьці Украіны. Саюзьнік Расеі ў вайне жадае ўкраінцам «мірнага неба» і ўмацаваньня незалежнасьці ў той самы момант, калі Пуцін імкнецца любымі спосабамі гэту незалежнасьць зьнішчыць. Гэта тое самае, калі б у разгар Другой сусьветнай хаўрусьнік Гітлера Бэніта Мусаліні паслаў у Маскву тэлеграму з добрымі пажаданьнямі савецкаму народу, які ў гэты час гінуў у акопах Сталінграду.

Лукашэнка робіць дакладна тое ж, што і ягоныя ідэйныя папярэднікі. Спакваля зьнікла ў ягоных публічных выступах агрэсіўная мілітарысцкая рыторыка. Пры кожным зручным выпадку ён нагадвае пра свае «заслугі» — пра тое, што беларускія хлопцы не ваююць ва Ўкраіне. Зрэдзь часу, пасылаючы выразныя сыгналы Захаду, пачаў вызваляць з турмаў асобных палітвязьняў. Міністар Макей, ня надта хаваючыся, праводзіць закулісныя сустрэчы і перамовы з прадстаўнікамі заходніх краін, недвухсэнсоўна намякаючы, што Менск гатовы на саступкі, што «трэба ратаваць Лукашэнку ад Расеі, бо мы ня хочам, каб было, як ва Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што засьведчылі шэсьць месяцаў вайны? 12 высноў Валера Карбалевіча

«Лукашэнку задушаць, як клапа»

Тое, што Лукашэнка зноў спрабуе складваць яйкі ў два розныя кошыкі, наўрад ці падабаецца Маскве. Пра тое, да чаго яго схіляюць, выклікаючы ў Маскву, можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё, запалохваюць гэтак жа, як адкрыта запалохвае ў сваіх публічных выступах Стралкоў-Гіркін, ідэоляг найбольш радыкальнага крыла змагароў за «русский мир»:

«Калі Расейская Фэдэрацыя прайграе гэту вайну, на наступны дзень задушаць Беларусь і самога Лукашэнку, проста як клапа задушаць. І ён нічога зрабіць ня зможа. Нават калі зноў будзе бегаць з аўтаматам па вуліцы. На наступны дзень, максымум тыдзень — гэта самы максымум. Таму ў любым выпадку, калі Лукашэнка не поўны дурань, ён павінен кінуць на шалі ўсё, што ў яго ёсьць, каб мы атрымалі ў гэтым перамогу».

Што будзе далей? Падчас вайны сытуацыя мяняецца імкліва. Гісторыя падказвае: мы можам убачыць і спробы абвяшчэньня Менскам нэўтралітэту ў гэтай вайне, і імкненьне памірыцца з Украінай, а можа, і патрабаваньне вываду расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі (калі справы на ўкраінскіх франтах будуць складвацца зусім ужо катастрафічна для Пуціна). Ці зробіць гэта сам Лукашэнка? Ці зробяць гэта безь яго? Напрыканцы Другой сусьветнай здаралася па-рознаму. Але здаралася абавязкова — у той ці іншай форме.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 18 верасьня 2022

Іншая справа, што месца самога Лукашэнкі ў гэтай цьмянай, але ўжо ня вельмі аддаленай будучыні праглядаецца не зусім выразна. Усе маленькія дыктатары той вайны — хаўрусьнікі Гітлера — пры набліжэньні краху іхнага гаспадара спрабавалі саскочыць, уратавацца, пазьбегнуць міжнароднага (ці айчыннага) трыбуналу. І фактычна нікому гэта не ўдалося. За выключэньнем лідэра Фінляндыі маршала Манэргейма, якога невядома зь якой прычыны пашкадаваў Сталін (дакумэнты на арышт маршала былі ўжо гатовыя). Але ж Лукашэнка не Манэргейм, а Зяленскі ня Сталін.

...У першы дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, раніцай 24 лютага 2022 году, сабраўшы сваіх сілавікоў на нараду, Лукашэнка казаў:

— Уявіце сабе, што заўтра няма Расеі. Пацярпела паразу, крах ды іншае. Вось у гэтым акіяне патанула. У гэты вір каго зацягне першым? Нас ня будзе заўтра імгненна...

Сёньня, калі прывід расейскай паразы выглядае ўсё больш рэальна, інтуітыўнае прадбачаньне Лукашэнкі ўражвае асабліва.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.