Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыбыў у самаабвешчаную Абхазію зь неафіцыйным візытам

абноўлена

Сьцяг самаабвешчанай Абхазіі
Сьцяг самаабвешчанай Абхазіі

На парадку дня — абмеркаваньне двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і самаабвешчанай рэспублікі.

Інфармацыю, якую распаўсюдзіла «Эхо Кавказа» са спасылкай на крыніцу, пацьвердзіла агенцтва «Апсныпресс». Паведамляецца, што Аляксандар Лукашэнка праводзіць сустрэчу з абхаскім лідэрам Асланам Бжанія.

«На парадку дня пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, аналіз міжнароднай сытуацыі, бягучых выклікаў і пагроз», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней у сацсетках апублікавалі відэакадры картэжу, які перамяшчаецца па Абхазіі ў суправаджэньні машын дарожна-патрульнай службы. Telegram-канал Амра-life пісаў, што «картэж з прэзыдэнтам сяброўскай краіны ўжо праехаў Гагру».

На сустрэчы Лукашэнкі і Бжаніі прысутнічаў таксама міністар замежных спраў непрызнанай рэспублікі Інал Ардзінба. Частка перамоў прайшла без удзелу журналістаў, падрабязнасьці пакуль не раскрываюцца.

Разам з Лукашэнкам на сустрэчы прысутнічаюць прэс-сакратарка Натальля Эйсмант, былы кіраўнік Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Віктар Шэйман, памочнік Мікалай Латышонак і супрацоўніца службы пратаколу Дар’я Шманай.

Абхазія — рэспубліка з насельніцтвам прыблізна 245 тысяч чалавек у складзе Грузіі. У 2008 годзе падчас жнівеньскай вайны Абхазію разам з Паўднёвай Асэтыяй акупавала Расея, на акупаваных тэрыторыях мясцовыя прамаскоўскія ўлады абвясьцілі незалежнасьць сваіх рэспублік.

Аднак незалежнасьць Абхазіі прызналі толькі пяць краін ва ўсім сьвеце: Расея, Сырыя, Вэнэсуэла, Науру, Нікарагуа. Тыя ж дзяржавы прызналі і 57-тысячную Паўднёвую Асэтыю. Вайсковую агрэсію Расеі і яе мясцовых калябарантаў асудзілі на міжнародным узроўні.

У жніўні 2021 году Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка тады назваў «нядобрым фактам» падзею, «калі Асэтыю адарвалі ад Грузіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG