Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчылі шэсьць месяцаў вайны? 12 высноў Валера Карбалевіча


Рэшткі зьбітага расейскага самалёта СУ-35. Харкаўская вобласьць, красавік 2022
Рэшткі зьбітага расейскага самалёта СУ-35. Харкаўская вобласьць, красавік 2022

Лукашэнка павіншаваў украінскі народ з Днём Незалежнасьці і пажадаў украінцам «мірнага неба».

Палітыка — цынічная рэч. Але з улікам таго, што на ўкраінскія гарады і сёлы зь неба ляцяць ракеты, запушчаныя ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, пажаданьне «мірнага неба» ад Лукашэнкі — гэта цынізм, які б’е ўсе рэкорды.

Сёньня спаўняецца паўгода з часу пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Гэтая вайна стала геапалітычным землятрусам, асабліва для рэгіёну Ўсходняй Эўропы, і найперш для Беларусі.

Адначасова, як ні страшна гэта гучыць, але вайна ва Ўкраіне ўжо стала для грамадзкай сьвядомасьці руцінай, паўсядзённасьцю, у пэўным сэнсе — звыклым фонам жыцьця. Людзі да ўсяго прызвычайваюцца.

Зь іншага боку, паўгода — гэта для нашага бурлівага веку значны адрэзак часу, які дазваляе рабіць пэўныя высновы.

  • 1. У глябалізаваным сьвеце нават лякальная вайна, але з удзелам вялікіх дзяржаў, пагражае сьвету шэрагам катастроф: голадам, радыяактыўным заражэньнем (калі гісторыя з Запароскай АЭС будзе мець драматычны працяг) і інш.
  • 2. На фронце склалася раўнавага сіл. Ніводзін бок ня можа дасягнуць нейкага рашучага пералому.
  • 3. Звычайна ў гісторыі войнаў такі стратэгічны пат становіцца падставай для мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. У нашым выпадку пакуль гэтага не відаць.
  • 4. Пачынаецца вайна на зьнясіленьне. Хто — Расея ці Ўкраіна ў саюзе з Захадам — першым ня вытрымае напружаньня? З тэарэтычнага гледзішча дэмакратычныя краіны больш уразьлівыя, бо іх урады павінны рэагаваць на грамадзкае незадавальненьне. Але ў нашым выпадку сытуацыя больш складаная. Бо розныя суадносіны сіл: 52 краіны супраць 2.
  • 5. Ужо выявіліся бэнэфіцыяры гэтага глябальнага канфлікту: Кітай, Турэччына.
  • 6. Для Беларусі гэтая вайна — абсалютнае зло. Ад яе ніхто ня выйграў, Лукашэнка ў тым ліку. Для беларусаў гэта чужая вайна. У гэтым пытаньні ў краіне існуе кансэнсус.
  • 7. Беларусь, з прычыны палітыкі яе кіраўніцтва, аказалася саўдзельніцай агрэсіі. Лукашэнка дзеля ўтрыманьня асабістай улады быў вымушаны падтрымаць Расею. Тым самым, незалежна ад уласнага жаданьня, склаў усе яйкі ў адзін кошык, усе стаўкі паставіў на перамогу РФ у гэтай вайне.
  • 8. Большасьць грамадзтва і кіроўная эліта не ўсьведамляе пагрозы незалежнасьці Беларусі як непасрэднай і надзённай праблемы.
  • 9. Падтрымка Расеі ў гэтай вайне на афіцыйным узроўні разбурае тую адносна кволую беларускую ідэнтычнасьць, якая сфармавалася за 30 гадоў незалежнасьці, прэзэнтуе Беларусь як частку «русского мира».
  • 10. Вайна мала паўплывала на стаўленьне беларускага грамадзтва да Расеі як да дзяржавы, народу, вэктару геапалітычнай арыентацыі.
  • 11. Агрэсія Расеі супраць Украіны паглыбіла беларускі раскол, жорстка паставіла пытаньне пра геапалітычны выбар, радыкалізавала абодва палітычныя флянгі, падштурхнула апазыцыю да сілавых сцэнароў палітычнай барацьбы.
  • 12. Вайна стымулявала эміграцыю зь Беларусі, нават непалітычную. Людзі ўцякаюць ад вайны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG