Амністыя як дараваньне скрозь зубы. Чаму нельга чакаць ад Лукашэнкі літасьці і спагады

Абяцаная Лукашэнкам амністыя, можа, і адбудзецца, але яе цяжка будзе нават разгледзець за новымі арыштамі, затрыманьнямі, рэпрэсіямі. Чакалі амністыі, а дачакаліся яшчэ большага «закручваньня гаек».

Прынамсі, ніякім знакам зьмякчэньня, лібэралізацыі рэжыму яна ня стане. Ні масавага вызваленьня палітвязьняў, ні выхаду з турмы знакавых фігур чакаць ня варта. Лукашэнка ня з тых, хто даруе і праяўляе літасьць: ён з тых, хто карае і помсьціць.

Час ад часу з вуснаў Лукашэнкі гучаць правільныя словы пра народнае адзінства, прымірэньне, неабходнасьць «перагарнуць старонку» (тое, што, відавочна, раяць казаць дарадцы і кансультанты, дый уласная інтуіцыя ня можа не падказваць — пры такім палітычным досьведзе). Але ўрэшце ўсё роўна верх бярэ ягоная ўнутраная сутнасьць, натура, у якой так шмат помсьлівасьці, нянавісьці і зласьлівасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцячы і не вярнуцца. Чаму Лукашэнку не дае спакою тэма «беглых»

«Сьвядомыя» — гэта ворагі

Пра хуткую амністыю для «палітычных» Лукашэнка на працягу трох першых тыдняў верасьня выказваўся неаднаразова. І кожны раз гэтыя выказваньні былі надзвычай супярэчлівыя.

  • То ён кажа: «Калі гэтыя людзі раскаяліся, сталі на шлях выпраўленьня, цалкам загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць літасьць».
  • То засьцерагае «сілавікоў»: «Мы ня можам налева і направа адпускаць усіх. Хто павінен сядзець у турме, павінен сядзець».
  • То абяцае: «Ёсьць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова... Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: усіх мачыць, саджаць і так далей. Ведаеце, адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дабаўляла».
  • А празь некалькі дзён, 20 верасьня, падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам ужо запісвае ўсіх у ворагі: «А гэтыя „сьвядомыя“ — гэта ворагі... Яны ўвесь час будуць круціць-муціць і падкідваць нам гэтыя пытаньні. А потым у патрэбны момант зноў пойдуць граміць, бамбіць, зьдзекавацца зь людзей».

А калі ўсе «сьвядомыя» — ворагі, то як жа іх выпускаць? Дзеля таго каб «круцілі-муцілі» і рыхтаваліся «граміць, бамбіць і зьдзекавацца»?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Філёзаф Мацкевіч з-за кратаў: «Дзе Лукашэнка — там канфлікт, крызіс і рэпрэсіі»

Страшна вызваляць невінаватых

За мінулыя 28 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі праз турмы прайшлі тысячы ягоных палітычных апанэнтаў. Былі сярод іх і вядомыя, і малавядомыя, і зусім нікому не вядомыя асобы. Здараліся і амністыі, і памілаваньні. Але адбывалася гэта галоўным чынам тады, калі «ціснуў» Захад, калі гэта было прадметам гандлю — і за кожную «галаву» апазыцыянэра можна было атрымаць узамен нешта матэрыяльнае: зьняцьце санкцый, магчымасьць кантактаў з цывілізаваным сьветам, крэдыты. Кожны раз гэта было «дараваньне скрозь зубы».

Вызвалены з турмы палітвязень Андрэй Саньнікаў, 15 траўня 2012 году

Лукашэнка нават калі і выпускаў каго са сваіх палітычных праціўнікаў датэрмінова, дык не таму, што яму іх стала шкада, што дараваў, што кіраваўся пры гэтым матывамі міласэрнасьці, гуманізму і спагады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ну падпішы, ты што, дадому ня хочаш?». Былы палітвязень расказвае, як яго прасілі напісаць прашэньне аб памілаваньні

Ну немагчыма ўявіць яго міласэрным і паблажлівым, велікадушным, незласьлівым і незлапамятным. За тры дзесяцігодзьдзі беларусы мелі магчымасьць пераканацца ў гэтым шмат разоў. Згадайма хоць бы пра лёс ягоных найбліжэйшых паплечнікаў, якія вялі яго да ўлады, якім ён абавязаны сваім кар’ерным узьлётам, зь якімі хадзіў і езьдзіў па гарадах і вёсках Беларусі на перадвыбарныя сходы ў 1994-м. Яны сядзелі за адным сталом у ягоным гатэльным нумары гасьцініцы «Кастрычніцкая», разам рагаталі над анэкдотамі, разам весяліліся і пілі да раніцы гарэлку ў тыя памятныя вечар і ноч у ліпені 1994-га, калі ўсё вырашылася. Абдымаліся, віншавалі адзін аднаго (і асабліва — яго). Яны ж лічыліся амаль сябрамі!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​Хто, як і чаму? 20 гадоў таму выкралі экс-міністра ўнутраных справаў Захаранку

А потым... Потым не здрыганулася рука кáта, які ўзьнімаў расстрэльны пісталет, накіраваны на Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку. І ніякія сантымэнты не перашкодзілі кінуць на 10 гадоў у лягеры хворага літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту. І няма сумневу, што такі ж лёс напаткаў бы Валерыя Цапкалу, калі б той, добра ведаючы норавы колішняга «сябра», не пасьпеў уцячы за мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапраўдныя змоўшчыкі — пры ўладзе. Пра што сьведчаць прысуды Фядуту-Кастусёву-Зянковічу

Усе апошнія супярэчлівыя выказваньні Лукашэнкі пра амністыю сьведчаць пра адно: ступіўшы крок наперад, ён тут жа робіць два крокі назад, азіраючыся наўкол і нібы пытаючыся, ці не занадта шчодрым і гуманным выглядае. Яму страшна вызваляць невінаватых. Бо за іхнымі постацямі — цені жніўня 2020 году.

Увогуле, азіраючыся на ягоную палітычную біяграфію, цяжка ўспомніць нейкія шырокія і высакародныя жэсты. Калі б працягнуў руку пераможанаму ў сумленнай барацьбе суперніку. Ці прызнаў заслугі і талент усясьветна вядомых асобаў (няхай і палітычных апанэнтаў): як было ў выпадках з Васілём Быкавым і Сьвятланай Алексіевіч. Ці проста шчыра паспачуваў бы чужому гору. Ці часта за 30 гадоў яго бачылі на пахаваньні вядомых асобаў (нават ягоных бліжэйшых паплечнікаў)?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка можа стаць першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны, — украінскі палітоляг Магда

Гуманізм Гітлера і спагадлівасьць Сталіна

Гітлер і Сталін таксама час ад часу праводзілі нейкія амністыі і літасьціва мілавалі некаторых сваіх ахвяраў. Напрыклад, у 1935 годзе Гітлер памілаваў асуджаных эсэсаўцаў канцлягера Ханштайн — адпетых лягерных садыстаў, вінаватых у катаваньнях і сьмерцях многіх зьняволеных. А аднаго разу нават захаваў жыцьцё габрэю — лекару зь Лінца Эдуарду Блоху, які лячыў маці Гітлера, калі тая памірала ад раку малочнай залозы. Калі Нямеччына анэксавала ў 1938 годзе Аўстрыю, Гітлер асабіста абараніў Блоха ад арышту. А пазьней яму нават было дазволена эміграваць у ЗША. Праўда, усе гэтыя гады бесьперапынна дымілі печы Асьвенціма і Майданэка, у якіх згарэлі мільёны ні ў чым не вінаватых супляменьнікаў Эдуарда Блоха.

Адольф Гітлер у 1938 годзе

А Сталін у 1938–1939 гг. даў дазвол на масавае вызваленьне тых «контрарэвалюцыянэраў», якіх не пасьпелі расстраляць у 1937-м. На волю выйшлі ад 100 да 150 тысяч ні ў чым не вінаватых «ворагаў народу». «Гэта Яжоў многіх бязьвінных загубіў. Мы яго за гэта расстралялі», — са скрухай наракаў у 1941 годзе таварыш Сталін. Пры гэтым створаны ім ГУЛАГ яшчэ амаль паўтара дзесяцігодзьдзя спраўна працягваў перамолваць у сваім чэраве мільёны бязьвінных ахвяраў.

Мікалай Яжоў і Іосіф Сталін, 1937

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Горадзеншчыне зноў разбурылі могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Гэта ўжо сёмы выпадак

Пасьля Лукашэнкі

Наўрад ці ў Беларусі пасьля Лукашэнкі будзе інакш, чым у СССР пасьля Сталіна. Маю на ўвазе ня першую пасьля сьмерці тырана амністыю, не «халоднае лета 1953-га». (Тады паводле пасьпешлівых і хаатычных рашэньняў Берыі на волю выйшлі пераважна крымінальнікі, сотні тысяч чалавек. Што праўда, былі сярод вызваленых і палітычныя, але толькі асуджаныя на тэрмін, меншы за 5 гадоў. Такіх была меншасьць: «антысаветчыкам» звычайна адмервалі значна больш важкія тэрміны, як гэта робяць і цяпер у Беларусі адносна «пратэстуноў».)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год помсты і рэваншу. Рэпрэсіі: бязьлітасныя і бессэнсоўныя

Масавае вызваленьне і рэабілітацыя вязьняў сталінскага ГУЛАГу адбывалася пазьней, ужо як асэнсаваная і мэтанакіраваная акцыя, у рамках абвешчанага Хрушчовым «разьвенчваньня і пераадоленьня наступстваў культу асобы».

Мікіта Хрушчоў і прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі, 1961

Хрушчоўская рэабілітацыя адбывалася ня шляхам амністыі, а ў індывідуальным парадку. Мікіта Сяргеевіч добра ведаў мэханізм сталінскіх палітычных рэпрэсій (бо сам у іх актыўна ўдзельнічаў), а таму без залішняга мудраваньня загадаў зноў стварыць «тройкі» з партыйных функцыянэраў, пракурорскіх і міліцэйскіх начальнікаў, якія хутка выносілі рашэньні без грувасткіх юрыдычных працэдураў. Гэтыя камісіі «па праверцы спраў і рэабілітацыі» дзейнічалі з 1953 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж ГУЛАГам і Акрэсьціна. Чаму ў брэжнеўскім СССР было лепш, чым у сёньняшняй Беларусі

Працавалі спраўна: за гады хрушчоўскага кіраваньня, паводле падлікаў гісторыкаў, колькасьць апраўданых і рэабілітаваных вагаецца ад 800 тысяч да двух мільёнаў чалавек. У той жа час, што адметна, размова не ішла пра поўнае аднаўленьне правоў былых палітвязьняў: часта пакараньне не адмянялася зусім, а толькі зьмякчалася. Гэта дазваляла выпусьціць людзей на свабоду, але пры гэтым не ішло ніякай размовы ні пра кампэнсацыю бязьвінна асуджанаму, ні пра адказнасьць тых, чыімі рукамі палітычныя рэпрэсіі ажыцьцяўляліся. Такая непаўнацэнная рэабілітацыя тлумачылася вельмі проста: тысячы запэцканых у сталінскіх злачынствах партыйных функцыянэраў, пракурораў, сьледчых, міліцыянтаў заставаліся ў «абойме». Калі б пачалі па-сапраўднаму разьбірацца і караць вінаватых у злачынствах, у турмы трэба было б кінуць іх саміх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаў

У кожнага Сталіна свой Хрушчоў

Нешта падобнае, хутчэй за ўсё, можа адбыцца і адразу пасьля Лукашэнкі. Размах палітычных рэпрэсій, якія адбываюцца зараз у Беларусі, цалкам параўнальны са сталінскім. Ці знойдзецца сёньня ў краіне пракурор, міліцыянт, сьледчы, «вэртыкальшчык», які тым ці іншым чынам не датычны да палітычнага перасьледу іншадумцаў?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарбачоў сышоў без крыві, Лукашэнка б так ня змог», — дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі ўзгадвае апошняга кіраўніка СССР

Той новы беларускі Хрушчоў, які прыйдзе пасьля Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, будзе зь ягонага цяперашняга атачэньня: так найчасьцей здаралася на прасторах былога СССР. І вельмі верагодна, што ён, як і Хрушчоў у СССР, адмовіцца ад лукашэнкаўскай дыктатарскай спадчыны і зробіць сабе імя на адмаўленьні таталітарызму. І пачне вызваляць, амніставаць, рэабілітоўваць тысячы палітычных зьняволеных — ахвяраў рэжыму Лукашэнкі. Але, як і пры Хрушчову, тая першая постлукашэнкаўская амністыя наўрад ці будзе поўнай і пасьлядоўнай. Выпускаць і рэабілітоўваць будуць, хутчэй за ўсё, тыя ж людзі, якія саджалі паводле фальшывых абвінавачаньняў. Іншым на першым часе проста ня будзе адкуль узяцца. Самі саджалі — самі будуць і выпускаць.

...Самадзяржаўныя правіцелі Расеі ў ХІХ стагодзьдзі, здаралася, ня раз велікадушна даравалі сваім ворагам. І якім ворагам! Афіцэрам, якія са зброяй у руках выводзілі свае палкі на Сэнацкую плошчу, якія сапраўды рыхтаваліся зьнішчыць імпэратара дзеля высокіх ідэалаў свабоды Айчыны і вызваленьня суграмадзян. Першую ў Расейскай імпэрыі амністыю правёў у 1856 годзе Аляксандар II: ён вызваліў дзекабрыстаў, петрашэўцаў і ўдзельнікаў польскага паўстаньня 1831 году. Тая амністыя стала знакавай падзеяй, зь якой пачалася першая расейская «адліга».

Аляксандар Лукашэнка сядае на самалёт на аэрадроме Балбасава для палёту на саміт ШАС, 15 верасьня 2022

Лукашэнка карае шматгадовымі лягернымі тэрмінамі, быццам тэрарыстаў і небясьпечных дзяржаўных злачынцаў, тых, хто падчас мірных шэсьцяў 2020 году разуваўся, ступаючы на лаўку, каб памахаць сьцягам ці шарыкам; хто маляваў бела-чырвоныя сэрцайкі на шыбах альбо разьвешваў бялізну «па БЧБ-схеме». Іншы цар — іншыя ворагі. Фальшывы цар — фальшывая амністыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка больш ня кажа, што Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне, і маўчыць пра амністыю. Гэта насьцярожвае, — Рудкоўскі

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.