Пра чарговае здарэньне паведамілі выданьню MOST прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі. Гэта сёмы вядомы выпадак разбурэньня магіл Арміі Краёвай на Горадзеншчыне.
Тут пахаваныя чатыры жаўнеры АК, якія загінулі ў сутычцы зь немцамі 24 верасьня 1943 году каля вёскі Плябанішкі: Казімір Ахрамовіч (Jarski), Мечыслаў Місюта (Nieznany), Баляслаў Місюра (Swierk), Анна Зарыцка (Czarna Hanka).
Вёска Плябанішкі знаходзіцца за 23 кілямэтры на поўнач ад Горадні, каля беларуска-літоўскай мяжы.
У верасьні 1943 году група жаўнераў Арміі Краёвай, у ліку якіх быў паранены капітан Баляслаў Місюра, затрымалася ў лесьнічоўцы каля вёскі Плябанішкі. Солтыс вёскі данёс пра гэта немцам, якія прыбылі ў Плябанішкі і атакавалі жаўнераў. Былі забітыя Баляслаў Місюра і санітарка Ганна Зарыцкая. Цела капітана згарэла ў падпаленай лесьнічоўцы, пасьля чаго немцы ўкінулі астатніх забітых у калодзеж, а цела санітаркі павезьлі ў бок Гожы і закапалі пры дарозе. Мясцовыя жыхары перапахавалі палеглых.
Крыж на месцы сутычкі і гібелі жаўнераў АК быў пастаўлены ў 90-я гады на сродкі Гэлены Пшэпесьць, якая нарадзілася ў Плябанішках, а пасьля жыла ў Гданьску.
Шэсьць раней вядомых выпадкаў
Акт вандалізму ў Плябанішках — першы вядомы выпадак у верасьні. Раней было вядома пра шэсьць выпадкаў разбурэньня магіл жаўнераў Арміі Краёвай у Горадзенскім рэгіёне.
1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэньне пахаваньняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёну, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёну. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэньне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Горадняй. 25 жніўня каля вёскі Сурканты ў Горадзенскай вобласьці невядомыя зраўнялі зь зямлёй могілкі жаўнераў Арміі Краёвай — адны з найбуйнейшых у рэгіёне. Таксама вядома, што каля вёскі Пяскоўцы быў разбураны памятны знак палякам, якія загінулі ў баях з войскамі НКВД.
Старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Каранік як кіраўнік рэгіёну сытуацыю не камэнтуе. Ён далей запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязьвізавым рэжымам і наведаць Горадзеншчыну.