Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцячы і не вярнуцца. Чаму Лукашэнку не дае спакою тэма «беглых»


Зьдзекліва запрашаючы палітэмігрантаў вяртацца, Лукашэнка абяцае ім адпаведнае ўладкаваньне на радзіме: «Хто ў турму, хто куды — хто што заслужыў». Лукашэнкава «дараваньне» — толькі праз турэмныя засьценкі. Прычым нават калі вы адседзелі і выйшлі адтуль, няма гарантыі, што вас зноў ня схопяць паўторна, дзеля прафіляктыкі. Альбо адумаўшыся, што папярэдні раз «замала далі».

А «беглыя» ўсё не паўзуць на каленях і ня каюцца...

Лукашэнка зноў і зноў вяртаецца да тэмы «беглых» — хоць у яго пра гэта ніхто асабліва не пытаецца. Апошні раз 21 чэрвеня афіцыйная прапаганда распаўсюдзіла ягоныя выказваньні наконт гэтага, спаслаўшыся на тое, што ён нібыта адказваў на адпаведнае пытаньне супрацоўнікаў аршанскага агракамбінату «Юбілейны». Але насамрэч пытаньне было зусім пра іншае.

Я ўважліва перагледзеў увесь відэазапіс: усхваляваная калгасьніца ў зялёнай кепцы спыталася: «Што трэба зрабіць, каб маладыя людзі імкнуліся ў сельскую мясцовасьць?». А ён, пачаўшы пра камбайны, аграгарадкі і надоі — нечакана пасярод адказу ўсё роўна выкруціў на тэму «беглых»: «Пабеглі за мяжу, а сёньня 95% (яны ўжо пішуць адкрыта) хочуць назад вярнуцца: „Вось калі б Аляксандар Рыгоравіч дараваў і адкрыў мяжу...“ 95% вярнуліся б. Я ня супраць: хто ў турму, хто куды — хто што заслужыў. Трэба вяртацца. Вы там не прыжывяцеся».

Зьвярніце ўвагу: і працэнт ахвотных вярнуцца вызначаны, і цытата з размоваў са сваякамі ці сябрамі «беглых» прыводзіцца ў якасьці доказу. Мала сумневу, што ўсё гэта ўзята з дакладной запіскі спэцслужбаў, якія на ягоны адмысловы загад цікуюць, адсочваюць перапіску, перахопліваюць размовы, фіксуюць настроі. Праўда, тое, што ў канчатковым выніку ў выглядзе высноў кладзецца яму на стол, выклікае вялікія сумневы.

Кажаце, 95 працэнтаў рвуцца назад, ва ўтульную Лукашэнкаву дыктатуру? І колькі ж з гэтых 95 працэнтаў наважыліся вярнуцца? Колькі спраў разгледзела за мінулыя пяць месяцаў славутая камісія Шведа-Азаронка, пра стварэньне якой Лукашэнка публічна абвясьціў на пачатку лютага ў сваім пасланьні? Памятаеце тое «лірычнае адступленьне» з прапановай да «беглых»:

«Мы ім пакуль накіравалі сыгнал. І яны заварушыліся: як быць, што рабіць? Мая вам парада: дамоў! Кайцеся і станавіцеся на калені... Заплаціце штрафныя санкцыі, хоць бы часткова, таму што за тое, што вы натварылі, ня хопіць ні вашай уласнасьці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыцьцё. Перш чым вы, каму трэба, хто гэта заслужыў паводле закону, адседзіце ў мясьцінах ня надта аддаленых, мы створым грамадзкую камісію. Ну, напрыклад, сустаршынямі могуць быць генэральны пракурор і наш „глашатай“ Рыгор Азаронак... Далей будзе горш, таму дамоў на калені, паўзком!»

Прага помсты мацнейшая за лёгіку і разьлік

Тэма помсты, расплаты за ўласныя прыніжэньне і страх 2020 году ўжо каторы месяц застаецца адной з ключавых у публічных выступах і інтэрвію Лукашэнкі. Гэты матыў нязьменна прарываецца, нават калі ён разважае пра зусім іншыя праблемы. Канечне, масавая эміграцыя, абязьлюдзелая Беларусь, эканамічны заняпад і прывід далейшага каляпсу — гэтыя тэмы турбуюць Лукашэнку. І хоць афіцыйная статыстыка ўсё больш становіцца закрытай, недаступнай для грамадзтва, сам Лукашэнка, без сумневу, ведае пра рэальны стан рэчаў.

Апошнія адкрытыя лічбы статыстыкі — імклівае скарачэньне колькасьці людзей, занятых у эканоміцы: паводле зьвестак на канец мінулага году, быў дасягнуты гістарычны мінімум — 4 мільёны 255 тысяч чалавек. Зьвесткі за травень гэтага году яшчэ больш уражваюць — 4 млн 212 тыс. чалавек. Гэта на 21 тысячу меней, чым месяц таму. Гістарычныя рэкорды валяцца адзін за адным. І ўжо зь цяжкасьцю верыцца, што ў сёньняшняй Беларусі жывуць ня тое што дзевяць мільёнаў (як лічыцца афіцыйна), а хоць бы восем мільёнаў чалавек.

А зьяжджаюць жа не пэнсіянэры, не інваліды і не беспрацоўныя — а пераважна адукаваныя і працаздольныя людзі, ініцыятыўныя і прадпрымальныя. Эміграцыя соцень тысяч маладых прадпрымальнікаў, айцішнікаў, фрылансэраў азначае тое, што краіна страчвае энэргію, таленты, будучыню. Прытым, яны ж ня проста зьяжджаюць самі. Яны вывозяць з сабой свае веды, досьвед, грошы, патэнцыял. А ў дадатак — і сем’і, і дзяцей. Хто будзе ствараць ВУП і плаціць падаткі ў Беларусі? Пэнсіянэры? Карпянкоў са сваімі «красаўцамі», якія толькі і глядзяць, каб глыбей залезьці ў дзяржаўную кішэню?

Што ў такой сытуацыі можа быць больш лягічным, чым спроба спыніць драматычны для Беларусі паток, запрасіць вяртацца тых, хто зьехаў? Сам ці пад уплывам дарадцаў і міністраў, якія ўвесь час нагадваюць пра гэтую праблему, Лукашэнка і паўтарае раз за разам: «Не зьяжджайце», «Вас нідзе не чакаюць». (Апошні раз — на балі выпускнікоў ВНУ 28 чэрвеня: «Памятайце адно: рабіце гэта на роднай зямлі. Некаторыя з вас думаюць, „там“ лягчэй і лепш. Вучыцеся на чужых памылках. У тых, хто там, спытайце, як ім там»).

Зрэшты, любыя заклікі не зьяжджаць і вяртацца, як толькі сьвядомасьць вяртае яго да незагоеных ранаў жніўня 2020-га, тут жа разьбіваюцца аб неспатоленую прагу помсты і рэваншу. І тады прарываецца глыбіннае і патаемнае: «Праз турму!», «Паўзком і на каленях!».

Велікадушнасьць і паблажлівасьць, уменьне і схільнасьць дараваць сваім палітычным праціўнікам — рыса моцных і вялікіх, значных палітычных фігур. А маладушныя, дробязныя і помсьлівыя — як правіла, злапомныя і зласьлівыя.

Цана вяртаньня

Многім з тых, хто ўцёк ад рэпрэсій, сапраўды даводзіцца цяжка за мяжой, асабліва першыя тыдні і месяцы. Побытавая неўладкаванасьць, даўгія і складаныя бюракратычныя працэдуры з атрыманьнем афіцыйнага статусу, чужыя мова і звычаі, пошукі працы, туга па родных і блізкіх, якія засталіся на радзіме... Падслуханыя беларускімі спэцслужбамі размовы, якія ў выглядзе дакладных запісак кладуцца на стол Лукашэнку, — праўда. Але далёка ня поўная і ня ўся. Праца рана ці позна знойдзецца. І праблема з дакумэнтамі вырашыцца. І дзеці прывыкнуць да новай школы. І да чужой мовы так ці інакш чалавек прывыкае.

Некаторыя ўсё ж наважваюцца на вяртаньне: «Я ж нічога асаблівага не рабіў. Ну, выйшаў на мірны мітынг — дык жа адміністратыўны тэрмін даўнасьці па гэтай справе даўно мінуў. За гэта ж не саджаюць». У сёньняшняй Беларусі — саджаюць, і без усялякіх тэрмінаў даўнасьці. Ніякія звыклыя нормы права і маральныя абмежаваньні ў цяперашняй Беларусі не працуюць, калі размова ідзе пра помсту за 2020 год.

Успомніце пра лёс хоць бы Дзьмітрыя Наважылава, былога дырэктара інфармацыйнай агенцыі БелаПАН. Інтэлігентны, сумленны, прыстойны і надзвычай акуратны і асьцярожны чалавек. Ён, безумоўна, адчуваў пільную ўвагу да сваёй рэдакцыі з боку ўлады — і быў дакладны і скрупулёзны да любой драбязы, да кожнага дакумэнта, які праходзіў празь ягоныя рукі.

У студзені 2021 году, пасьля затрыманьня былога супрацоўніка рэдакцыі Андрэя Аляксандрава і наступнага ператрусу ў офісе, ён звольніўся з пасады і зьехаў з тэрыторыі Беларусі. Абсалютна слушны крок: сьпіраль рэпрэсій у Беларусі тады ўжо яўна пачынала раскручвацца, рэальная пагроза навісла над усімі незалежнымі СМІ.

І раптам празь некалькі месяцаў Дзьмітрый нечакана вяртаецца з-за мяжы ў Беларусь. (Вырашыў, што пагроза мінула? Меў нейкія абяцаньні ад уладаў, што яго ня будуць чапаць?) 18 жніўня 2021-га яго арыштавалі разам з новай кіраўніцай БелаПАН Ірынай Леўшынай. Ужо амаль год — у турэмнай камэры. Абаім «за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН» пагражае шматгадовы тэрмін зьняволеньня.

Вяртаньне палітэмігрантаў — нярэдкая зьява ў гісторыі. У СССР у сярэдзіне і напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя вярнуліся 180 000 былых падданых былой Расейскай імпэрыі, якія ўцяклі пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году. Спакутаваныя настальгіяй, расчараваныя ў чужыне. Але ў тым выпадку савецкі рэжым хаця б абнадзейваў, абяцаў дараваць усе мінулыя грахі і завабліваў цудоўнай будучыняй у краіне ўсеагульнай роўнасьці (канечне, урэшце рэшт падмануў: амаль усе 180 000 у 30–40-я шчыльнымі радамі пакрочылі ў ГУЛАГ).

Але ў выпадку з Лукашэнкам і гэтай крывадушнасьці і падману няма: ён жа наўпрост і кажа: «Хто ў турму, хто куды...». Лукашэнкава «дараваньне» — толькі праз турэмныя засьценкі. Прычым, нават выйшаўшы адтуль, вы ня маеце гарантыі, што вас зноў ня схопяць паўторна, дзеля прафіляктыкі. Альбо адумаўшыся: «Малавата мінулы раз далі, трэба б дабавіць» (згадайце лёс журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, якую неўзабаве чакае новы суд — гэтым разам «за здраду радзіме»). І дабавяць — хіба ў кагосьці ёсьць у тым сумневы?

Для Лукашэнкі важна, каб вярталіся, каяліся, а ён каб саджаў іх у турму, вырашаў, каго караць, каго мілаваць... Толькі так наталяецца прага помсты.

Пасылаў на сьмерць нават тады, калі сам ледзь дыхаў

Ці застаецца шанец на тое, што Лукашэнка адыдзе ад сваёй зацятай азлобленасьці і помсьлівасьці, што стане больш міласэрным, спагадлівым, паблажлівым да палітычных апанэнтаў? Ва ўзросьце 68 гадоў людзі рэдка мяняюцца. Дыктатары кшталту Лукашэнкі застаюцца помсьлівымі і крыважэрнымі часта да апошніх дзён жыцьця.

Такім быў, напрыклад, гішпанскі каўдыльё Франсіска Франка. Здавалася б: 36 год пры ўладзе. У апошнія гады жыцьця — цяжкая немач (ён цярпеў на хваробу Паркінсона, паміраў доўга і пакутліва). Але нават рыхтуючыся да Божага суду, помсьлівы дыктатар адмаўляўся мілаваць сваіх палітычных праціўнікаў, падпісваў сьмяротныя прысуды. І якія!

У 1974 годзе цывілізаваны сьвет скалануўся ад пакараньня сьмерцю ў Гішпаніі каталёнскага анархіста Сальвадора Пуча Анціка. 25-гадовага хлопца, які змагаўся супраць дыктатуры, франкісцкі рэжым ня проста асудзіў на сьмерць. Яго асудзілі на сьмерць жорсткім сярэднявечным спосабам — на гароце. Гэта такі спосаб сьмяротнага пакараньня праз задушэньне. Ахвяру прывязвалі да крэсла, накідвалі на шыю мэталічны абруч, які кат паступова заціскаў з дапамогай вінта і рычага. Каб сьмерць была яшчэ больш пакутлівай, да вінта мацавалася мэталічнае вастрыё, якое пры павароце паступова ўпівалася ў шыю ахвяры і крышыла ёй шыйныя пазванкі.

З просьбай адмяніць нялюдзкае пакараньне да гішпанскага дыктатара зьвярталіся такія вядомыя асобы, як нямецкі канцлер Вілі Брант і папа Рымскі Павал VI. Франка просьбы праігнараваў.

Франсіска Франка, 1939 год
Франсіска Франка, 1939 год

Усяго за два месяцы да сваёй сьмерці, ужо безнадзейна прыкуты да ложка, Франка падпісаў сьмяротны прысуд яшчэ пяці палітзьняволеным. Памілаваць іх прасілі дыктатара кіраўнікі многіх краін, у тым ліку той жа папа Рымскі Павал VI. Пятнаццаць эўрапейскіх дзяржаў на знак пратэсту адклікалі з Мадрыду сваіх амбасадараў. У многіх эўрапейскіх сталіцах летам 1975 году адбываліся шматлюдныя дэманстрацыі супраць гэтага забойства. Усё — марна. 27 верасьня 1975-га палітвязьняў расстралялі. У гэты ж час марудна і пакутліва паміраў сам Франка. У апошні месяц перанёс два інфаркты; яму ампутавалі 2/3 страўніка, апэравалі з прычыны вострага пэрытаніту... Сканаў ён у пакутах праз два месяцы пасьля расстрэлу сваіх ахвяраў.

Гэты прыклад згадаўся мне ў сувязі з толькі што скончаным сьледзтвам у справе сьветлагорскіх партызанаў — трох маладых мужчын, якія падпалілі рэлейную шафу на чыгунцы. Сьледчы камітэт заявіў, што ў адпаведнасьці з новымі Лукашэнкавымі законамі ім пагражае расстрэл. І ці сумняецца хто, што Лукашэнка зацьвердзіць такі прысуд?

...Пра пакутніцкі лёс і сьмерць Сальвадора Пуча Анціка ўжо ў новай свабоднай Гішпаніі зьнялі фільмы, напісалі кнігі, песьні і карціны. Сьмяротнае пакараньне ў краіне цалкам адмянілі праз два гады пасьля сьмерці Франка. Сам дыктатар задоўга да сваёй сьмерці паклапаціўся пра пачэснае месца ўласнага спачыну — паводле ягонага загаду недалёка ад Мадрыду быў узьведзены велічны мэмарыял — Даліна палеглых, дзе ў крыпце базылікі, побач з алтаром, каўдыльё распарадзіўся пахаваць сябе.

Праз 44 гады пасьля пышнага пахаваньня, 24 кастрычніка 2019 году, парэшткі дыктатара выцягнулі з базылікі і перапахавалі на звычайных могілках. А сам мэмарыял «Даліна палеглых», які Франка задумваў як велічны помнік сабе любімаму, гішпанцы зьбіраюцца ператварыць у мэмарыял ахвярам франкізму.

Дыктатары рэдка знаходзяць супакой нават пасьля сваёй сьмерці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG