«Мы недаацэньваем сацыяльную апору рэжыму, — цытуе ягоны допіс тэлеграм-канал „Думаць Беларусь“. — Узгадаваная цэлая сацыяльная група, якая ня здольна існаваць па-за гэтым рэжымам. Ён зьяўляецца апорай ня толькі іх матэрыяльнага існаваньня, але і самасьвядомасьці. Рэжым як частка ўяўленьняў пра сябе».
Палітвязень лічыць, што да большасьці беларусаў трэба давесьці відавочную ідэю: там, дзе Лукашэнка — «там скандал, канфлікт, крызіс і рэпрэсіі». А калі да яго дадаецца яшчэ расейскі калега Ўладзімір Пуцін, дык яшчэ «вайна ці прынамсі пагроза вайны».
«Я магу памыляцца, але мела месца згубная недаацэнка паранаідальнага імкненьня Лукашэнкі ўтрымаць уладу, недаацэнка яго помсьлівасьці. Шмат хто падумаў: задушыўшы пратэсты, рэжым спыніцца і супакоіцца. Вельмі многія не хацелі ведаць аб практыцы забароны на прафэсію, якая доўжылася дзесяцігодзьдзі. Не заўважалі ідэалягічнага і юрыдычнага ціску ня толькі на дзяржаўных службоўцаў, але і на ўсё грамадзтва», — падсумаваў ён.
Уладзімер Мацкевіч знаходзіцца за кратамі ад пачатку жніўня. Яму выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Філёзафа ўтрымліваюць у СІЗА № 1 Менску. Ягоныя тэксты правяраюць на «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці».
Праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.
16 сьнежня ў Варшаве адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Уладзімера Мацкевіча «Отвечая за себя. Записки философа с вредным характером». Цэнтар Беларускай Салідарнасьці (Oleandrów 6/2), 18:00.