Больш за палову Севераданецку пад кантролем расейцаў; Славянск абстрэльваюць. 98-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінскія войскі ў Харкаўскай вобласьці

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейскія войскі кантралююць 80% абласнога цэнтру Луганскай вобласьці, але Лісічанск пакуль ня могуць захапіць.
  • Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне.
  • Украінскія войскі вядуць атакі ў Херсонскай вобласьці, вызвалілі некалькі вёсак.
  • Украіна правяла пасьпяховую контратаку на поўдзень ад Крывога Рога, сьцьвярджае начальнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандар Вілкул.
  • Расейцы прымушаюць марыюпальскіх дзяцей вучыцца ў разбуранай школе. Адзін з унівэрсамаў у горадзе ператварылі ў сховішча трупаў.
  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 1 чэрвеня

Расейцы захапілі больш каля 80% Севераданецку

Расейскія войскі захапілі каля 80% Севераданецку, у тым ліку ўсходнія кварталы, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, вулічныя баі ў горадзе працягваюцца. Гайдай заклікаў «ня ставіць крыж на Севераданецку». «За Севераданецк будуць біцца да канца», — сказаў ён.

Севераданецк пасьля захопу Луганску ў 2014 годзе выконвае функцыі абласнога цэнтру Луганскай вобласьці.

Таксама захопнікі вядуць наступальныя дзеяньні каля Ліману. Пра гэта паведамілі ў Генштабе Ўзброеных cіл Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: у баях на Данбасе штодня гінуць да 100 украінскіх салдатаў

Ад расейскіх абстрэлаў у Славянску на Данеччыне зьнішчаны тры прыватныя будынкі, яшчэ 10 пашкодзілі

Кіраўнік Славянскай гарадзкой вайскова-цывільнай адміністрацыі (Данецкая вобласьць) Вадзім Лях паведаміў, што ў выніку ранішняга абстрэлу гораду расейскімі войскамі зьнішчылі тры прыватныя будынкі і яшчэ больш за 10 пашкодзілі.

«На шчасьце, абышлося без ахвяр», – напісаў Вадзім Лях на сваёй старонцы ў Facebook. Кіраўнік адміністрацыі заклікаў мясцовых жыхароў тэрмінова эвакуавацца.

Баі на Бахмуцкім кірунку

«На Ліманскім кірунку праціўнік узмацніў падразьдзяленьні і перагрупаваў іх. Пры падтрымцы верталётаў Ка-52 наступленьне вядзецца ў кірунку Ліман — Стары Караван, баі працягваюцца. Асобнымі падразьдзяленьнямі дасягнуты посьпехі, яны замацаваліся ў цэнтры гораду», — гаворыцца ў паведамленьні.

На Бахмуцкім кірунку праціўнік спрабуе выціснуць падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Украіны з пазыцый у раёнах Белагораўкі і Ўрубаўкі. Акупанты выкарыстоўваюць штурмавую і армейскую авіяцыю ў населеных пунктах Камішуваха, Бераставое і Ніркавое.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скінуўся нават дом састарэлых». Як літоўцы сабралі на «Байрактар» для Ўкраіны

У Мікалаеве ў выніку абстрэлу пашкодзіла электрастанцыю

Падчас сёньняшняга абстрэлу Мікалаева пашкоджана гарадзкая электрастанцыя, паведаміў мэр горада Аляксандар Сянкевіч. Мікалаеў актыўна абстрэльваюць апошнія два тыдні — 28 траўня пад абстрэламі былі параненыя як мінімум сем чалавек, адна жанчына загінула. 29 траўня стала вядома пра аднаго мужчыну, які загінуў пад абстрэламі.

У Львове правялі акцыю памяці забітых расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх дзяцей

На Херсоншчыне ўкраінскія войскі вызвалілі 20 населеных пунктаў

На Херсоншчыне з боку Днепрапятроўскай вобласьці Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі больш за 20 населеных пунктаў, заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемаратону кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Генадзь Лагута. Ён ня стаў удакладняць назваў населеных пунктаў, але падкрэсьліў, што Узброеныя сілы Ўкраіны працягваюць ісьці наперад, вызваляючы Херсонскую вобласьць.

Расейскія сілы штурмуюць Севераданецк, працягваюць абстрэлы розных абласьцей Украіны: галоўнае зь вечаровай зводкі ўкраінскага Генштабу

  • На Валынскім і Палескім напрамках асноўныя намаганьні ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь сканцэнтраваны на выведцы, інжынэрным абсталяваньні пазыцый і баявой падрыхтоўцы.
  • З тэрыторыі Курскай вобласьці расейцы абстралялі падразьдзяленьні ўкраінскіх сіл абароны ў раёнах Белапольля і Стукалаўкі Сумскай вобласьці.
  • На Харкаўскім кірунку расейцы з мэтай стрымліваньня прасоўваньня УСУ абстралялі пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у раёнах Рускіх Цішкоў, Золачава і Дзергачоў.
  • На Славянскім кірунку расейцы абстраляў падразьдзяленьні УСУ ў раёнах Сьвятагорскі і Роднага. Расейскія вайскоўцы спрабавалі наступаць у напрамку Доўгенькага і Дзіброўнага, панесьлі страты і адышлі.
  • На Данецкім кірунку расейская авіяцыя наносіла ўдары ў раёнах Аўдзееўкі, Нью-Ёрка, Навасёлаўкі, Шчарбакоў і недалёка ад населеных пунктаў Роты, Пакроўскае і Навасёлаўка.
  • Расейскія сілы штурмуюць Севераданецк, збольшага пасьпяхова, устанавілі кантроль над усходняй часткай горада.
  • На Паўднёвабускім кірунку расейскія вайскоўцы працягваюць інжынэрнае абсталяваньне пазыцый і рубяжоў, праводзілі паветраную выведку ў раёнах Іванаўкі, Лепетыхі і Зеленадольска.
  • Праціўнік павялічыў інтэнсіўнасьць агнявога паражэньня ўкраінскіх войскаў у раёнах Сьнегіроўкі, Высокапольля і Залатой Бэлькі. Расейцы працягваюць абстрэлы аб’ектаў цывільнай інфраструктуры і жылых кварталаў, у тым ліку ў Мікалаеве.
  • На Северскім, Аўдзееўскім, Курахаўскім, Навапаўлаўскім і Запароскім напрамках актыўных баявых дзеяньняў не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У офісе Зяленскага заявілі, што Ўкраіна страціла праз вайну больш за траціну ВУП

Ва Ўкраіне расьсьледуюць 1042 крымінальныя справы аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў у дачыненьні да дзяцей

Украінская пракуратура паведаміла, што расьсьледуе 1042 крымінальныя справы аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў у дачыненьні да дзяцей на тэрыторыі краіны.

Паводле апошняй інфармацыі, з пачатку расейскага ўварваньня 243 дзіцяці ва Ўкраіне загінулі, 446 атрымалі раненьні, 145 дзяцей прапалі бязь вестак. Больш за ўсё дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Кіеўскай, Луганскай, Мікалаеўскай, Сумскай, Харкаўскай, Херсонскай, Запароскай і Чарнігаўскай абласьцях.

Самым маленькім забітым дзецям было 23 дні, паўтара і тры месяцы.

Валянтэры знайшлі на могілках ва Ўльянаўску магілы 42 вайскоўцаў. Пра іх сьмерць не паведамлялі публічна нават сваякі

На Заволскіх могілках ва Ўльянаўску валянтэры сфатаграфавалі 42 магілы з датамі сьмерці пасьля 24 лютага 2022 году, амаль усе надмагільлі ўпрыгожаныя сьцягамі ВДВ. Як паведамляе «Медиазона», рэдакцыя вывучыла сьпіс пахаваных і параўнала са зьвесткамі, сабранымі камандай валянтэраў. Высьветлілася, што пра сьмерць 21 чалавека публічна не паведамлялі ні СМІ, ні сваякі.

Па дадзеных рэдакцыі, ва Ўльянаўску базуецца 31-я гвардзейская асобная дэсантна-штурмавая брыгада. Як аказалася, многія з пахаваных служылі менавіта ў гэтым падразьдзяленьні. Усяго, паводле падлікаў журналістаў, у гэтай брыгадзе загінулі ня менш як 52 чалавекі. Пры ўказаньні месца гібелі дэсантнікаў згадваюцца гарады Гастомель пад Кіевам і Валнаваха ў Данецкай вобласьці.

У Луганскай вобласьці ўкраінскія войскі правялі шэраг контратак і захапілі ў палон 6 вайскоўцаў РФ

Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай у эфіры нацыянальнага тэлемаратону: «Нават сёньня нашы хлопцы рабілі такія пробныя контратакі, нават на некаторых вуліцах адсунулі крыху расейцаў на іх бок. Захапілі палонных — зараз паглядзім, што яны раскажуць. Шасьцёра. Не стаўце крыж на Севераданецку! За Севераданецк будуць біцца да канца!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве сьцьвярджаюць, што Расея спрабуе закінуць ва Ўкраіну дывэрсантаў з тэрыторыі Беларусі і вядзе выведку

Расейцы выпусьцілі ракеты па Сумшчыне

Каля 13:30 вайскоўцы РФ нанесьлі ракетны ўдар з самалёта па тэрыторыі Шосткінскага раёну. Папярэдне — выпусьцілі 6 ракет, зьвесткі наконт разбурэньняў і пацярпелых удакладняюць.

У Мікалаеўскай вобласьці да 15% населеных пунктаў застаюцца акупаванымі

«На Мікалаеўшчыне 10-15 працэнтаў населеных пунктаў застаюцца акупаванымі», — паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім. Ён падкрэсьліў, што сёньня расейскія войскі выкарыстоўваюць дальнабойную ствольную артылерыю, каб абстрэльваць горад Мікалаеў, і гэта наносіць адчувальную шкоду жылым дамам.

У Данецкай вобласьці за дзень загінулі 4 мірныя жыхары

1 чэрвеня ў Данецкай вобласьці загінулі чатыры мірныя жыхары, яшчэ дзевяць атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Данецкай абладміністрацыі Павал Кірыленка. Паводле яго, сёньня таксама ўдалося пацьвердзіць інфармацыю аб трох загінулых у Сьвятагорскай лаўры.

Больш за 234 тысяч дзяцей прымусова вывезьлі ў Расею, «ДНР», «ЛНР» і Беларусь

З пачатку поўнамаштабнай вайны больш за 234 тысячы ўкраінскіх дзяцей былі прымусова вывезеныя ў РФ, на часова акупаваныя ёю тэрыторыі або ў Беларусь, паведаміла ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны па правах дзіцяці і дзіцячай рэабілітацыі Дар’я Герасімчук.

«Гэта прымусова дэпартаваныя, прымусова перамешчаныя дзеці альбо на часова акупаваныя тэрыторыі, альбо ў РФ, альбо ў Рэспубліку Беларусь», — падкрэсьліла Герасімчук.

У той жа час, згодна з паведамленьнем Міністэрства абароны Расеі, за мінулыя суткі на расейскую тэрыторыю вывезьлі 2 886 дзяцей, а з пачатку вайны — 257 156 дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі загінулі 243 дзіцяці, і яшчэ 257 тысяч прымусова вывезеныя ў Расею

Што адбываецца ў Расеі

Газпром пацьвердзіў спыненьне паставак расейскага газу ў Данію

Таксама зь першага чэрвеня кампанія спыняе пастаўкі для Shell Energy Europe у Нямеччыну з прычыны адмовы плаціць за паліва ў рублях.

Прыхаваная мабілізацыя ў Расеі

У Благавешчанску Амурскай вобласьці жыхарам гораду ў паштовыя скрыні пачалі раскладваць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а таксама на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьне Сота.

Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыць уласнае жытло» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 датычных да Беларусі вайскоўцаў загінулі на вайне з боку Расеі. Хто гэтыя людзі

Расавіяцыя падоўжыла забарону на палёты ў 11 аэрапортаў РФ

Расавіяцыя падоўжыла рэжым часовага абмежаваньня палётаў у 11 аэрапортаў Расеі да 6 чэрвеня 2022 году. Гэта тычыцца Анапы, Белгарада, Бранска, Варонежа, Геленджыка, Краснадара, Курска, Ліпецка, Растова-на-Доне, Сімферопаля і Элісты. Авіякампаніям рэкамэндавана арганізаваць перавозку пасажыраў па альтэрнатыўных маршрутах, выкарыстоўваючы аэрапорты Сочы, Валгаграда, Мінэральных Водаў, Стаўрапаля і Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі супраць патрыярха Кірыла і іншых кіраўнікоў РПЦ за падтрымку вайны

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская армія сёньня ня здольная весьці маштабную вайну супраць Украіны», — Паротнікаў

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генштабе Ўкраіны не выключаюць, што Беларусь неўзабаве перадасьць Расеі свае танкі і БМП

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

ЗША афіцыйна абвясьцілі пра новы пакеце ваеннай дапамогі Ўкраіне, які ўключае РСЗА

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў аб новым пакеце дапамогі ў галіне бясьпекі для Ўкраіны, які ўключае перадавыя рэактыўныя сыстэмы залпавага агню. Пра гэта на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне

Урад Нямеччыны прыняў рашэньне аб пастаўцы ва Ўкраіну СПА IRIS-T SL

Пра гэта аб’явіў канцлер ФРГ Олаф Штольц. «Урад вырашыў паставіць сыстэмы IRIS-T — гэта самая сучасная сыстэма супрацьпаветранай абароны з тых, якія мае ФРГ», — сказаў Шольц. Аб тым, што Бэрлін разважае над такім рашэньнем у сярэдзіне траўня пісаў Reuters і Bild. Па дадзеных Bild, гэтыя комплексы здольныя эфэктыўна паражаць паветраныя цэлі ў зоне радыюсам у 40 км і вышынёй 20 км.

Макрон: да канца году ЭЗ павінен скараціць закупкі расейскай нафты на 92%

Да канца 2022 году Эўразьвяз павінен скараціць закупкі расейскай нафты на 92%, заявіў 31 траўня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Газасховішчы ЭЗ зараз запоўненыя на 41% — гэта на 4% больш, чым 31 траўня мінулага году, паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шольц: Нямеччына паставіць Украіне сучасныя сродкі СПА

Сябры OPEC вывучаюць магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Расеі ў зьдзелцы па здабычы

Чальцы Арганізацыі краін – экспартэраў нафты (OPEC) вывучаюць магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Расеі ў пагадненьні аб здабычы з прычыны ўведзеных санкцый ЭЗ і эмбарга. Яны лічаць, што здольнасьць Расеі здабываць паліва падарваная і сёлета можа скараціцца на 8%. Краіны OPEC і дзяржавы, якія не ўваходзяць у картэль, дамовіліся каардынаваць здабычу нафты і скараціць яе аб’ёмы для падтрыманьня цаны на сыравіну ў сакавіку 2020 году.

Калі ўдзел Расеі ў пагадненьні будзе прыпынены, вытворцы нафты змогуць нарасьціць здабычу і зьнізіць на яе цэны. Дзякуючы такому кроку зьнізяцца цэны на бэнзін і дызэль, а Масква будзе атрымліваць меншы прыбытак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў, што ЗША паставяць Украіне ракетныя сыстэмы

Нарвэгія прыме 550 параненых украінскіх вайскоўцаў на лячэньне

У паведамленьні на сайце ўраду ўдакладняецца, што ў Нарвэгіі няма досьведу эвакуацыі параненых салдат падчас ваеннага канфлікту, які працягваецца, але ёсьць «моцнае прафэсійнае асяродзьдзе» ў шпіталях.

Канцлер Нямеччыны заявіў, што Пуціну не ўдалося дасягнуць усіх яго стратэгічных мэтаў

Оляф Шольц выказаў упэўненасьць, што прэзыдэнт Расеі не пераможа ў вайне ва Ўкраіне.

Ён заявіў, што «захоп усёй Украіны Расеяй сёньня здаецца больш аддаленым, чым на пачатку вайны». «Пры гэтым, як ніколі раней, Украіна падкрэсьлівае сваю эўрапейскую будучыню», — дадаў ён.

ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра

25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.