Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі загінулі 243 дзіцяці, і яшчэ 257 тысяч прымусова вывезеныя ў Расею


Акцыя памяці забітых украінскіх дзяцей у Львове: 8 школьных аўтобусаў прыехалі на плошчу Рынак, але ўсе месцы ў іх пустыя. На крэслах імёны забітых расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх дзяцей, а таксама мяккія цацкі і заплечнікі.
Акцыя памяці забітых украінскіх дзяцей у Львове: 8 школьных аўтобусаў прыехалі на плошчу Рынак, але ўсе месцы ў іх пустыя. На крэслах імёны забітых расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх дзяцей, а таксама мяккія цацкі і заплечнікі.

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны заявіў, што ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі 243 дзіцяці і яшчэ 446 атрымалі раненьні.

Адначасова Расея працягае вывозіць грамадзян Украіны, у тым ліку і ўкраінскіх дзяцей, на расейскую тэрыторыю. Згодна з паведамленьнем Міністэрства абароны Расеі, за мінулыя суткі на расейскую тэрыторыю вывезьлі 2 886 дзяцей, а з пачатку вайны — 257 156 дзяцей.

30 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным парадку наданьня расейскага грамадзянства ўкраінскім дзецям-сіротам, а таксама іхнага ўсынаўленьня расейскімі грамадзянамі. Ва Ўкраіне назвалі гэтыя дзеяньні спробай узаконіць выкраданьне дзяцей з тэрыторыі Ўкраіны.

«Дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да ўкраінскіх дзяцей маюць прыкметы генацыду ўкраінскага народу, бо прымусовая дэпартацыя, зьмена грамадзянства і ўсынаўленьне менавіта і ёсьць прыкметай гвалтоўнай перадачы дзяцей з адной групы людзей у іншую», — заявіла ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны ў правах дзяцей і дзіцячай рэабілітацыі Дар’я Герасімчук 1 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Дырэктар Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і бясьпекі Паўло Лысянскі перакананы, што Расея наўмысна вывозіць дзяцей з Украіны для паляпшэньня ўласных дэмаграфічных паказчыкаў.

«Глядзіце, яны ўсё палічылі: на кожнага забітага расейца яны вывезьлі 10 дзяцей. То бок 30 тысяч загінулых расейцаў ва Ўкраіне, я маю на ўвазе вайскоўцаў, а яны вывезьлі больш за 246 тысяч дзяцей. Выходзіць, што дзяцей яны вывозяць за кожнага захопніка. Усё, у іх усё падлічана. Таму і такая палітыка, таму яны іх так і інтэгруюць, таму яны і закон спрасьцілі», — сказаў Паўло Лысянскі.

Акцыя памяці заітых украінскіх дзяцей у Львове

Восем школьных аўтобусаў прыехалі на плошчу Рынак у Львове. Але ўсе іх месцы пустыя. На крэслах нататкі з імёнамі забітых расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх дзяцей, а таксама мяккія цацкі і заплечнікі.

Акцыя носіць назву пад назвай «Экскурсія па Львове, якой ніколі ня будзе». Яе мэта — паказаць, што вайна зьяўляецца жорсткай і забірае жыцьці дзяцей.

«Калі бачыш дзяцей бяз рук і ног, разумееш, што тут трэба ім дапамагчы. Вы ўявіце сабе дзіця, у якога былі мары і якое ня зможа рэалізаваць гэтыя мары. 243 дзіцяці — і іх няма. Так, мы гэта спынім, але страты вельмі вялікія», — сказаў мэр Львова Андрэй Садавы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG