Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн заявіў, што ЗША паставяць Украіне ракетныя сыстэмы


Прэзыдэнт Джо Байдэн
Прэзыдэнт Джо Байдэн

Прэзыдэнт Джо Байдэн напісаў, што Злучаныя Штаты дадуць Украіне больш дасканалыя ракетныя сыстэмы і боепрыпасы, каб украінскія вайскоўцы маглі «больш дакладна паражаць ключавыя цэлі на поле бою». Паводле дадзеных «Голасу Амэрыкі», Кіеў атрымае ракетныя комплексы HIMARS.

У аўтарскай калёнцы пад назвай «Што Амэрыка будзе і ня будзе рабіць ва Ўкраіне», апублікаванай у аўторак на сайце газэты New YorkTimes, Байдэн напісаў:

«Уварваньне Ўладзіміра Пуціна ва Ўкраіну доўжыцца ўжо чацьвёрты месяц. Украінскі народ зьдзівіў Расею і натхніў сьвет сваёй ахвярнасьцю, мужнасьцю і посьпехамі на полі бою. Свабодны сьвет, многія краіны на чале са Злучанымі Штатамі перайшлі на бок Украіны зь беспрэцэдэнтнай вайсковай, гуманітарнай і фінансавай падтрымкай.

Па меры таго, як вайна працягваецца, я хачу выказацца ясна аб мэтах Злучаных Штатаў у гэтых намаганьнях. Мэта Амэрыкі простая: мы хочам бачыць дэмакратычную, незалежную, сувэрэнную і квітнеючую Ўкраіну са сродкамі для стрымліваньня і абароны ад далейшай агрэсіі.

Як заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, у канчатковым выніку гэтая вайна „скончыцца толькі дыпляматычным шляхам“. Кожныя перамовы адлюстроўваюць факты на месцы. Мы хутка перайшлі да адпраўкі Ўкраіне значнай колькасьці зброі і боепрыпасаў, каб яна магла змагацца на полі бою і заняць максымальна моцную пазыцыю за сталом перамоваў».

«Мы працягнем пастаўляць Украіне сучаснае ўзбраеньне, у тым ліку супрацьтанкавыя ракеты Javelin, зэнітныя ракеты Stinger, магутныя артылерыйскія і высокадакладныя ракетныя комплексы, радары, бесьпілётныя лятальныя апараты, верталёты Мі-17 і боепрыпасы. Мы накіруем яшчэ мільярды даляраў у выглядзе фінансавай дапамогі Ўкраіне, як гэта санкцыянавана Кангрэсам».

ЗША супраць атак па тэрыторыі Расеі


Байдэн таксама падкрэсьліў, што да таго часу, «пакуль Злучаныя Штаты або нашыя саюзьнікі ня стануць аб’ектам нападу, ЗША ня будуць непасрэдна ўдзельнічаць у гэтым канфлікце: ні адпраўляючы амэрыканскія войскі ваяваць ва Ўкраіну, ні атакуючы расейскія сілы».

«Мы не заахвочваем і не дазваляем Украіне наносіць удары за межамі краіны. Мы ня хочам працягваць вайну толькі для таго, каб прычыніць боль Расеі», — напісаў Байдэн.

Якія ракеты ЗША паставяць Украіне

Адміністрацыя Байдэна абвясьціла ў аўторак, што накіруе Ўкраіне невялікую колькасьць высокатэхналягічных ракетных сыстэм сярэдняй далёкасьці, крытычна важнай зброі, пра што Захад раней прасілі ўкраінскія лідэры.

Вашынгтон спрабуе знайсьці балянс паміж жаданьнем дапамагчы Ўкраіне ў супрацьстаяньні артылерыйскім абстрэлам з боку расейскага войска і адмовай ад перадачы зброі, якая магла б дазволіць Украіне паражаць цэлі ў глыбіні расейскай тэрыторыі, што можа прывесьці да эскаляцыі вайны.

Пасьля публікацыі артыкулу Байдэна высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША на ўмовах ананімнасьці паведаміў журналістам, што Ўкраіне будуць перададзеныя ракетныя сыстэмы HIMARS, піша «Голас Амэрыкі».

Ён адзначыў, што гэтая зброя дазволіць узмацніць баявыя магчымасьці Ўкраіны для адбіцьця расейскага ўварваньня. «Гэтыя сыстэмы будуць выкарыстоўвацца ўкраінцамі, каб адбіць расейскія наступы на ўкраінскай тэрыторыі, аднак яны ня будуць выкарыстоўвацца для нанясеньня ўдараў па тэрыторыі Расеі», — заявіў ён.

Ракетная сыстэма HIMARS
Ракетная сыстэма HIMARS

Мабільныя рэактыўныя сыстэмы залпавага агню M142 (High Mobility Artillery Rocket System — HIMARS) стаяць на ўзбраенні Ўзброеных сіл ЗША і шэрагу іншых арміяў сьвету і маюць досьвед выкарыстаньня ў баявых умовах. Яны выкарыстоўваюць высокадакладныя боепрыпасы.

Чакаецца, што Ўкраіна зможа выкарыстаць гэтую зброю на Данбасе, дзе яны могуць як перахопліваць як расейскую артылерыю, так і зьнішчаць расейскія пазыцыі ў гарадах, дзе ідуць інтэнсіўныя баі, у тым ліку ў Севераданецку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG