Пра гэта паведамляе Zerkalo са спасылкай на выступ кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака на пасяджэньні Камітэту замежных спраў і абароны парлямэнту Ірляндыі.
«Вайна забрала 35% украінскага ВУП. Мы страцілі больш за 200 заводаў. Нашы прамыя страты ўжо перавышаюць 600 мільярдаў даляраў», — паведаміў Ярмак.
Ён таксама канстатаваў, што праз вайну 5 мільёнаў чалавек былі вымушаныя пакінуць краіну, яшчэ столькі ж пераехалі ў бясьпечныя месцы ўнутры Ўкраіны. Да таго ж у выніку баявых дзеяньняў, паводле слоў Ермака, загінулі ўжо дзясяткі тысяч чалавек.
Ярмак падкрэсьліў, што Ўкраіна працягвае абараняцца, на ўсходзе і поўдні працягваюцца жорсткія баі, і дадаў, што надзвычай вялікая падтрымка для Ўкраіны ў стрымліваньні агрэсіі — узмацненьне жорсткасьці санкцыйнага ціску на Расею.
Раней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль ацаніў страты ўкраінскай эканомікі ў тыя ж 600 мільярдаў даляраў і паведаміў, што прагноз падзеньня ВУП складае 30–50%. Ён адзначыў, што ў выніку гэтага бюджэт выконваецца на 50-70% ад мірнага часу. «Пры гэтым рэзка ўзрасьлі выдаткі на сацыяльныя патрэбы, гуманітарныя патрэбы, на разьмінаваньне», — сказаў кіраўнік ураду.