Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 датычных да Беларусі вайскоўцаў загінулі на вайне з боку Расеі. Хто гэтыя людзі


Зьлева направа: Уладзіслаў Чарноў, Ільля Курналёў, Пятро Лузанаў, Мікалай Маркаў, Павал Яўглеўскі
Зьлева направа: Уладзіслаў Чарноў, Ільля Курналёў, Пятро Лузанаў, Мікалай Маркаў, Павал Яўглеўскі

Чацьвёрты месяц працягваецца расейская ваенная агрэсія ва Ўкраіне. Беларусы гінуць з абодвух бакоў фронту расейска-ўкраінскай вайны.

Беларусы, якія бяруць удзел у баявых дзеяньнях на баку Ўзброеных Сіл Украіны (УСУ), сфармавалі свой полк імя Кастуся Каліноўскага.

Вядома ўжо пра сьмерць шасьці грамадзян Беларусі, якія баранілі цэласнасьць і незалежнасьць Украіны. Ня стала Ільлі «Літвіна» Хрэнава, Аляксея «Тура» Скоблі, Зьмітра «Тэрора» Апанасовіча, Зьмітра «Ганса» Рубашэўскага, Канстанціна «Фэнікса» Дзюбайлы і Паўла «Волата».

Але ёсьць зьвязаныя зь Беларусьсю вайскоўцы, якія ваююць і на баку Расеі. Хоць пра іх значна радзей пішуць, але сярод іх таксама ёсьць чалавечыя страты. Свабода знайшла зьвесткі пра пяцёх ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі ва Ўкраіне. Магчыма, гэты сьпіс няпоўны.

Пятро Лузанаў (33 гады)

Загінуў 24 сакавіка, у той жа дзень, што і Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч. На сайтах так званай «Наваросіі» пра Лузанава напісана, што быў намесьнікам камандзіра батальёну, капітанам.

Сам Лузанаў родам з Мазыра, вучыўся ў Вайсковай акадэміі ў Менску (год выпуску 2012-ы). Меў пазыўны «Пятровіч».

У сацсетках месцам жыхарства ў Лузанава пазначаны Дакучаеўск Данецкай вобласьці, там у яго засталася жонка. Служыў у вайсковай частцы № 08805 Данецку.

Загінуў паблізу Марыюпалю, калі група танкаў пад кіраўніцтвам Лузанава натрапіла на праціўніка.

Павал Яўглеўскі (51 год)

Нарадзіўся ў Лідзе Горадзенскай вобласьці. Удзельнічаў у вайне на ўсходзе Ўкраіны ад 2014 году, у 2015-м быў паранены.

Пазыўны — «Кадэт». Вучыўся ў Менскай сувораўскай вучэльні, потым у Данецкай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні. Гаварыў, што стаў вайскоўцам па сьлядах бацькі.

Загінуў 9 красавіка, калі батальён «народнай міліцыі ДНР» пад кіраўніцтвам Яўглеўскага паспрабаваў атакаваць пазыцыю байцоў «Азова» ў Марыюпалі.

Ільля Курналёў (21 год)

Пазыўны «Беларус». Загінуў 30 сакавіка. Родам зь Ганцавічаў Берасьцейскай вобласьці, але сям’я пераехала ў Данецк. У Беларусі засталося шмат сваякоў.

«Дзякуй, што абараняў нас», — напісала ў сацсетках ягоная сястра Хрысьціна.

Уладзіслаў Чарноў (25 гадоў)

Малодшы сяржант расейскага войска. Нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці, але ў двухгадовым узросьце сям’я пераехала ў Тамбоўскую вобласьць Расеі.

Па адукацыі быў майстар у абслугоўваньні і рамонце аўтамабіляў. У 2016 годзе быў прызваны ў армію. Дэмабілізаваўся, але ў 2020-м пайшоў у войска на кантракт. Служыў у Ленінградзкай вобласьці.

Загінуў 28 сакавіка. Узнагароджаны пасьмяротна расейскім ордэнам Мужнасьці.

Мікалай Маркаў (67 гадоў)

Палкоўнік авіяцыі Рэспублікі Беларусь, жыў у Лідзе. Скончыў Чарнігаўскую вышэйшую вайскова-авіяцыйную вучэльню. Спачатку служыў у Казахстане і ГДР, а потым у беларускіх Паставах і Лідзе.

Быў штурманам палка. Вядома, што Маркаў езьдзіў на заробкі ў Афрыку. У складзе якога падразьдзяленьня ён ваяваў ва Ўкраіне, невядома. Зьбіты 12 траўня над Папаснай Луганскай вобласьці. Пахаваны ў Лідзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG