Пра фэномэн Знака расказаў ягоны бацька Аляксандар.
Страціў фірму, атрымаў 10 гадоў узмоцненага рэжыму
Максіму Знаку 40 гадоў. У Менску ў яго жонка Надзея і 14-гадовы сын Алесь. Сям’я будавала дом. Сужэнцы мелі юрыдычную фірму. Максім быў вядомым адвакатам, уваходзіў у сусьветныя рэйтынгі. Ва ўнівэрсытэце меў чырвоны дыплём, скончыў асьпірантуру, абараніў кандыдацкую.
Дамогся посьпеху яшчэ ў шэрагу сфэраў: атрымаў званьне кандыдата ў майстры спорту ў трыятлёне, хадзіў у горы, сплаўляўся па горных рэках, хадзіў пад ветразем, пісаў песьні, сьпяваў пад гітару, гуляў у «Што? Дзе? Калі?». Плянаваў узысьці на Эвэрэст і пераплыць Гібральтар.
У 2020 годзе ён далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі, які хацеў стаць прэзыдэнтам. 9 верасьня Знака затрымалі. Суд быў закрыты. Максіму далі 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, у тым ліку, за «спробу захопу ўлады ў Беларусі». За кратамі ён ужо амаль паўтара года. Ён стаў юрыстам, які ня здолеў абараніць сябе, тлумачыць яго бацька.
«Макс — „рэцыдывіст“», — раптам кажа ён. У 2006 годзе сын быў у намётавым мястэчку на Плошчы і трапіў на 13 содняў у Жодзіна.
Галадоўка, «Шанхай», раман, чэмпіён па лістах
Увесь першы этап да суду Максім правёў на «Валадарцы». Амаль адразу пасьля затрыманьня ён 11 дзён трымаў галадоўку.
«Можа, тады ён усьвядоміў, што ніхто зь ім па законе нічога рабіць ня будзе», — думае бацька.
Некалькі месяцаў Знак жыў у цёмнай камэры № 58 у сутарэньні, так званым «Шанхаі», з вадой на падлозе і цьвільлю на сьценах, дзе скакалі жабкі і гніла бялізна. Удзельнічаў у сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Сядзеў у камэры з крымінальнікамі, якія праходзяць па цяжкіх «непалітычных» артыкулах. Займеў сярод іх аўтарытэт. Пераканаў некаторых кінуць курыць.
У СІЗА Максім напісаў больш за 7 тысяч лістоў (ён іх называе «совамі». — РС), больш за 100 турэмных апавяданьняў у зборнік The Cameron, фантастычны раман «Лепстэр», шмат вершаў, пачаў фантастычны цыкль «Юрыдычны бэстыярый». Ён гэта называе «графаманіяй». Прачытаў каля 400 кніг.
«Дні былі шэрыя і аднолькавыя, а год выйшаў цікавы», — напісаў сястры Ірыне Максім у падсумаваньне мінулага году.
На «Валадарцы» Максіма амаль штодня магла наведваць жонка Надзея ў якасьці адваката. Некалькі разоў ён бачыўся ў СІЗА з сынам, бацькам, сястрой. Маці Максіма памерла на пачатку 2020 году.
Нядаўна Надзея Знак сышла з адвакатуры ў юрысты, бо працаваць адвакатам у прыватнай фірме ўжо не дазваляе закон, а ў кансультацыі гэта нявыгадна. А трэба ўтрымліваць сям’ю.
Цяпер Максіму на год дазволеныя тры кароткія спатканьні і два доўгатэрміновыя, аднак, ён кажа, «іх трэба заслужыць», як і званок празь відэасувязь. Проста праз тэлефон вязень можа тэлефанаваць сваякам прыкладна раз на 8 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 штук у дзень. Юрыст Максім Знак напісаў 7 тысяч лістоў з турмы«Макс, атрымліваецца, галоўны маркетоляг „Белпошты“»
Знака этапавалі з «Валадаркі» перад Новым годам, 29 сьнежня. Этап цягнуўся амаль 2 тыдні з транзытам. Калі параўнаць з трыятлёнам, Максім толькі што скончыў плыць і пачаў роварны этап, камэнтуе бацька.
«Забег з чатырма торбамі, калі ты крыху скавана сябе адчуваеш, — гэта ўжо зусім займальны фітнэс», — апісваў спартовец сваю дарогу.
8 студзеня яго прывезьлі ў калёнію № 3, што пад Віцебскам, у пасёлку Віцьба. Адсюль і народная назва ўстановы. Яе лічаць паказальнай. Тут сядзяць чыноўнікі, бізнэсоўцы, сілавікі.
Зь вядомых людзей на «Віцьбе» — праваабаронца Леанід Судаленка, блогер Сяргей Пятрухін, актывіст Максім Вінярскі. Раней тут утрымлівалі сябра каманды Ціханоўскай Дзьмітрыя Фурманава, бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча, а калісьці і кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.
«Мне растлумачылі, чым калёнія адрозьніваецца ад камэры: тут кураць, ядуць, сьпяць і... дэфэкуюць у розных месцах, а не ў адным», — заўважыў Знак.
Ён адразу мусіў разьвітацца зь дзьвюма торбамі з чатырох. Там было больш за 6 тысяч лістоў. Сваякам іх не аддалі. Пасьля гэтага інцыдэнту вязень выпрацаваў схему: адсылаць назад адрасатам лісты, у якіх няма копіі, адказваць — у першую чаргу на пытаньні або на лісты, што выклікалі ў яго шмат думак.
Знак-старэйшы абураецца, што звычайныя лісты Максіму амаль не даходзяць, толькі заказныя. Розьніца ў кошце — амаль 2 рублі. Калі скласьці кошт усіх лістоў, якія Макс атрымаў і даслаў, як заказных, то атрымаецца каля 35 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак і Людміла Казак — ляўрэаты прэміі Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў за ўнёсак у абарону правоў чалавека«Можна ісьці ў салён і купляць новы „Фальксваген Пола“. Макс, атрымліваецца, галоўны маркетоляг „Белпошты“», — заўважае ён.
У калёніі заказны ліст аформіць нельга, але Максім знайшоў выхад: ён даклейвае маркі, якія па кошце адпавядаюць заказному лісту, і піша алоўкам «заказны». Ягоным знаёмым ужо даходзілі гэтыя лісты, аформленыя адпаведна.
«Цяпер кожны з поўным правам можа пісаць: „Дарагі Максім“», — іранізуе вязень.
Бацька і сястра вязьня сталі ягоным «інфармбюро» і выкладваюць у сеткі амаль усе вестачкі пад хэштэгам #невероятные_письма. Іх ужо назьбіралася на кнігу, толькі бацька атрымаў больш за 400.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забег з чатырма торбамі — займальны фітнэс». Максім Знак напісаў пра свой этап у ВіцебскРэжа «барбухайкі», падлічыў дату вызваленьня
Максім падлічыў, што выйдзе на волю 17 студзеня 2030 году. Гэтую дату ён мусіць паўтараць на праверках.
«Я ўжо ня ведаю, навошта пра гэта ўзгадваць зноў і зноў, тым больш што ўсе тут хочуць дадому раней», — напісаў Максім сястры.
Ён вызначыўся, што будзе рабіць бліжэйшыя 8 гадоў, — працаваць швачкай. Пакуль ён ня шые, а абразае ніткі з гатовых вырабаў — «барбухаек са шчупальцамі» і «барабаек з пухам». Што гэта, сваякі ня ведаюць.
«Адказная праца! Я спраўляюся: адрэзаў шмат нітак і ніводнага пальца», — паведаміў Максім бацьку.
«Я рэзкі хлапец — рэжу», — даў ён сабе характарыстыку ў іншым лісьце.
Таксама ён навучыўся вымятаць ваду з лужыны, правільна запраўляць ложак і ставіць зэдлікі «ножка да ножкі»— «як зборная па сынхронным плаваньні».
За кратамі мары пра Эвэрэст зьмяніліся на іншыя.
«Сёньня я даведаўся, што бываюць дні, калі амаль усе мары зьдзяйсьняюцца. Толькі ўяві! Сёньня я хвілін 10–15 быў у лазьні, а таксама атрымаў іголку і нітку, а яшчэ пстрыкалку для пазногцяў», — напісаў Максім бацьку зь віцебскага СІЗА перад «Віцьбай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ушыў штаны, завёў інстаграм, вострыць пілы. Як жыве ў «Воўчых норах» Сьцяпан Латыпаў з «плошчы Перамен»Пагаліўся, пачаў бегаць, грае ў «Гульні розуму», перахварэў
Вязьня ўжо пагалілі «пад нуль», як Бруса Ўіліса.
«Нарэшце я вярнуўся да той фрызуры, якая мне так пасавала ў гады майго дзяцінства (0–1 год)», — пажартаваў ён. Аднак дадаў, што на волі будзе маскаваць чэрап фрызурай.
У СІЗА Максім памажнеў. Пасьля карантыну ў калёніі ён аднавіў бег на стадыёне. Штодня яму можна займацца спортам каля гадзіны. У мясцовую сілоўню доступу ён ня мае. Знак вырашыў адмаўляцца ад вячэры, менш есьці хлебных вырабаў. Пачаў худзець і ўжо ўшываў адзеньне, якое яму выдалі.
Навучыўся «хадзіць у басэйн» — проста трэба пасьля мыцьця падлогі панюхаць рукі, якія пахнуць хлёркай. Стаў закупляцца ў краме.
На «Віцьбе» Макс вярнуўся да інтэлектуальных «Гульняў розуму». Ягоная каманда ўжо выйгравала. Ёсьць у «Віцьбе» і літаратурны клюб, апошнім разам тут расказвалі пра Майкла Джэксана і Ігната Дамейку.
У калёніі Максіма ўразіла сонейка, якое ён бачыў летась толькі 5 разоў, а асабліва — месяц ноччу, якога ня бачыў даўно.
«А яшчэ — уяві такі цуд! — у кране ёсьць гарачая вада. Вось гэта таксама дзіва дзіўнае. Але галоўнае дзіва, што кожную гадзіну можна выходзіць на вуліцу і там дыхаць, дыхаць, дыхаць і глядзець у неба, якое нарэшце не за кратамі», — апісаў цуды калёніі Знак.
Максім перахварэў у лютым на ангіну, але, зь ягоных словаў, ня цяжка, без высокай тэмпэратуры. Піў антыбіётыкі і працягваў хадзіць на працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак з-за кратаў — пра зьмены ў КанстытуцыіХадзіў у горы, пад ветразем, стаў «Айранмэнам»
Бацьку не зьдзівіла, як сын трымаецца ў турме. Ён гэтым ганарыцца, нават больш, чым удзелам Макса ў выбарчай кампаніі.
Аляксандар Знак расказвае, што хлопец загартоўваўся зь дзяцінства. У 7 гадоў ён адзін у лодцы прайшоў 150 кілямэтраў па рацэ Іслачы. У 8 гадоў сплаўляўся на слаламе ў Карэліі, у 9 — на Кольскім паўвостраве. У 10 гадоў ён разам з бацькам пайшоў у першы горны паход па Вялікім Каўкаскім хрыбце. Калі крыху заблукалі і бацька прыхварэў, Максім яго падтрымліваў.
«Можа, тады ён убачыў, што цяжкасьці лягчэй пераносіць, калі ўсьміхаесься», — робіць выснову суразмоўца.
Калі хлопцу было 18 гадоў, яны разам з бацькам пайшлі ў сплаў па рацэ Анод у Саянах. У дарозе высьветлілася, што трэба ісьці пешкі сотні кілямэтраў праз тайгу, бо рака непраходная. Да гэтага не рыхтаваліся. Адзін з удзельнікаў паходу пакінуў у полі свой незвычайны ліхтарык, бо цяжка было несьці. Максім непрыкметна падняў яго, а потым падарыў таму мужчыну на дзень нараджэньня.
У 2018 годзе бацька і сын разам падымаліся на Аннапурну ў Нэпале. Максім абышоў на яхце Канарскія і Балеарскія астравы. Некалькі разоў цалкам (і шмат разоў часткова) праходзіў дыстанцыю Ironman — гэта амаль 230 кілямэтраў, трэба плыць, ехаць на ровары і ўрэшце бегчы. Аднойчы на фінішы ён страціў прытомнасьць.
«Маратон — гэта ўменьне трываць боль», — падсумоўвае Аляксандар.
Аднак так было не заўжды.
«Пэўны час Максім быў зусім не круты, калі скончыў інстытут, была жонка, дзіця. Усё спакойна, сядзячая праца. І ён троху „акукліўся“, як мужыкі, у іх зьяўляецца пуза, другое падбародзьдзе», — камэнтуе бацька.
Але Максім узяўся за сябе і стаў прысьвячаць трэніроўкам па 6 гадзін у дзень. На апошніх спаборніцтвах яму не хапіла 20 хвілін, каб стаць майстрам спорту па трыятлёне.
Пакуль Максім сядзіць, ягоная сяброўка паднялася на Эвэрэст, а ягоны сябар плянуе пераплыць Гібральтар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзіны спосаб зносін зь дзецьмі». Чаму вязьні пішуць вершы
«Моц змагацца ці хаця б голасна енчыць»
Аляксандар мяркуе, што сыну цяжка ў турме. Жартаўлівы тон — гэта і каб блізкія менш хваляваліся, і як супраціў тым, хто пасадзіў.
«Ён трымаецца, ён добрую маску на сябе нацягнуў», — кажа бацька.
Сам ён злуе, што не адгаварыў сына ісьці ў выбарчую кампанію, што сам паверыў яму.
«Макс вельмі асьцярожны чалавек. Калі ён бярэцца за нейкую справу, то верыць, што яна атрымаецца. Ён жа ня п’яны быў, калі пайшоў да Бабарыкі. Ён жа ў штосьці верыў. Ён юрыст, ён верыў, што прасядзіць ня больш за паўтара года, бо яму ня будзе чаго прад’явіць», — успамінае 2020 год Знак-старэйшы.
На ягоную думку, сын усё жыцьцё прысьвяціў навуцы, якая ў Беларусі цяпер не працуе.
«У чым сэнс таго, што мы зрабілі, калі нічога не зьмянілася ў добры бок? Грамадзтва страціла газэты, сайты, столькі людзей зьехала! Гэта трагедыя для абодвух бакоў», — кажа Аляксандар.
— Як вы думаеце, Макс расчараваўся ў тым, што рабіў у 2020 годзе?
— Калі б ён быў нармальны чалавек, то ён павінен расчаравацца. А што ён набыў? Для грамадзтва, магчыма, гэта мае пэўнае значэньне. Макс згубіў абсалютна ўсё: ён зарабляў добрыя грошы, захапляўся ўсім, чым толькі можна захапляцца, і жонка добрая, і сын добры, фірма добрая, сяброў у любой галіне шмат... Жыцьцё ў нас адно, з кожнай хвіліны павінна сыходзіць нейкая карысьць, а там карысьць невялікая, — кажа суразмоўца.
Ён думае, што калі Максім вызваліцца, то яны наўрад ці будуць узгадваць турэмны пэрыяд, настолькі гэта балюча.
«Мне дзяўчына піша: „Здаецца, у вашым прысудзе не сказана „бяз права ліставаньня““. Я ўсьміхнуўся, але падумаў, што часам прысуд як айсбэрг — і асноўнае часткі не відаць. Добра, што яшчэ ёсьць зьдзіўленьне гэтаму зьдзіўляцца і моц — спрабаваць у гэтым штосьці рабіць — змагацца ці хаця б голасна енчыць. Але часам не хапае і на гэта трываласьці. Вось я сяджу і клею дадатковыя маркі», — напісаў Максім бацьку ў адным з апошніх лістоў.