Пра гэта паведаміў у Facebook бацька палітвязьня Аляксандар Знак.
Максім Знак ставіць рэкорды па напісаньні лістоў з-за кратаў. Невядома, ці нехта яшчэ са зьняволеных даслаў больш вестачак на волю.
Ён часта піша свае пасланьні на паштоўках, яны кароткія, ёмістыя па зьмесьце, быццам прымаўкі, і зазвычай пазытыўныя.
«Мяне засмучае ваш пэсымізм. Новы год будзем сустракаць разам! Заўваж, я не ўдакладняю, у якім годзе, але годзе сумаваць (ах, якая гульня годзе-годзе) і лічыць, што сустрэну на этапе. А калі так, то ў падарожжы жыць — шчасьце. Як сустрэнеш, так і правядзеш. Лепей у падарожжы, чым у склепе, а яшчэ лепей на свабодзе», — напісаў у адным з апошніх лістоў сваякам Максім.
Знак знаходзіцца за кратамі 462 дні, з 9 верасьня 2020 году. Атрымліваецца, што ён пісаў у сярэднім па 15 лістоў за дзень.
Палітвязень ставіць рэкорды таксама і па колькасьці прачытаных кніг. На 10 лістапада ён прачытаў 300 кніг. Гэта значыць, што ён чытае адну кнігу ў сярэднім за паўтара дня. Сярод апошніх — «Радзіва Прудок» Горвата, «Мужчыны з Марсу, жанчыны з Вэнэры» Грэя, «Круты маршрут» Гінзбург, творы Муракамі.
Максім Знак — адвакат, сябар Каардынацыйнай рады, паэт, музыкант, спартовец, трыятляніст. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году. У закрытым рэжыме асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам бы «стварыў экстрэмісцкае фармаваньне».
Максім сядзіць на «Валадарцы», неўзабаве яго чакае этап у калёнію.
Напісаць яму ліст можна па адрасе: СІЗА №1, 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2а, Знаку Максіму Аляксандравічу.