Гэтыя пытаньні ў жывым эфіры на YouTube-канале Свабода Premium абмеркавалі палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка і Пуцін дэманстравалі аднадушша, грунтаванае на супрацьстаяньні Захаду. Гэтая тэма аб’ядноўвае і здымае ўсе супярэчнасьці. Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі ў супрацьстаяньні з Захадам.
- У гэтым кантэксьце разглядаліся і праблемы інтэграцыі, і праблемы абыходу санкцыяў адносна Беларусі.
- Лукашэнка напярэдадні казаў — як мы з Пуціным вырашым, тады расейскія войскі і будуць выведзеныя зь Беларусі. Але сёньня ён прыехаў у Маскву, і Пуцін яму растлумачыў, што трэба рабіць.
- Сёньня не ад Лукашэнкі залежыць, калі расейскія войскі будуць выведзеныя. Ён паказаў, што ён ужо не гаспадар на сваёй тэрыторыі.
- Учора Лукашэнка сказаў, што ўжо тры вучэбна-баявыя цэнтры ў Беларусі, а ён будзе прасіць Пуціна пра чацьвёрты. А гэтыя цэнтры — гэта расейскія войскі, якія стала знаходзяцца ў Беларусі.
- Два тыдні таму міністар абароны РФ Шайгу прыяжджаў у Менск і заявіў, што да канца году заплянавана 20 беларуска-расейскіх вучэньняў. І расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі робіцца сталай.
- А тыя войскі, якія цяпер у Беларусі ёсьць, могуць і вывесьці. Каб у хуткім часе ізноў увесьці на новыя вучэньні.
- Тое, што расейскі ўрад адмовіўся даваць Беларусі 3,5 мільярда даляраў праз Эўразійскі фонд разьвіцьця, — гэта не абавязкова канчатковае рашэньне. Калі Пуцін вырашыць іншае, урад дасьць столькі грошай, колькі скажа Пуцін.
- Для Лукашэнкі важная палітычная падтрымка Расеі ў захаваньні ўлады. Для яго гэта нават важней, чым эканамічная падтрымка. Менавіта цяпер Пуціну патрэбны Лукашэнка ў змаганьні з Захадам.
- Я ня думаю, што пратэсты сёньня стаяць на парадку беларускага палітычнага жыцьця.
- Лукашэнка з украінскай рэвалюцыі 2004 году паўтарае ўвесь час — рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая. Звычайна людзі так часта адмаўляюць тое, чаго яны насамрэч вельмі баяцца. А цяпер у яго ў мазгох, як стрэмка, сядзіць памяць пра жнівень 2020 году. Гэта яго дагэтуль вельмі хвалюе.
Цыганкоў
- Лукашэнка даўно выконвае ролю гэткага малога хулігана, за якім стаіць больш сур’ёзны, аўтарытэтны чалавек. Тое, што ў Пуціна наўме, у Лукашэнкі на языку.
- Лукашэнка на пачатку сустрэчы пажартаваў: маўляў, Пуцін да гэтага адмучыўся з заходнікамі — Макронам і Шольцам, а цяпер сустракаецца з родным чалавекам.
- Лукашэнка звычайна напярэдадні сустрэчаў з Пуціным выказваецца больш рэзка, а падчас сустрэчаў — больш лагодна. Тым самым ён як бы падымае сабе цану.
- Вайну і цяпер нельга выключаць. Але калі разважаць рацыянальна, імавернасьць гэтага цяпер невялікая. Амэрыканцы даволі актыўна вядуць сваю інфармацыйную вайну. Ці не ўпершыню Захад, амэрыканцы не застаюцца пасіўнымі назіральнікамі. Сваёй інфармацыйнай палітыкай у апошнія тыдні яны супрацьдзейнічалі агрэсіўным плянам Расеі.
- Эвакуацыя насельніцтва з самаабвешчаных рэспублік — гэта, зразумела, трывожны чыньнік. Хоць, магчыма, гэта частка гульні ў вызначэньне таго, хто ж агрэсар.
- Я заўсёды казаў, што Расея не зьбіраецца зрынаць Лукашэнку. У некаторых было меркаваньне, што ў верасьні 2020 году Пуцін у Сочы запатрабаваў ад Лукашэнкі транзыту ўлады. Ён, можа, і запатрабаваў, але ў цяперашняй міжнароднай сытуацыі Лукашэнка Пуціну патрэбны.
- Сёлетні рэфэрэндум увойдзе ў гісторыю як прыклад антыўтопіі. Чальцы выбарчых камісіяў засакрэчаныя, фармуюцца атрады сілавікоў, каб ахоўваць гэтых чальцоў камісіяў. Мэтазгодна было б і пытаньні рэфэрэндуму засакрэціць.
18 і 19 лютага Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візытам у Расеі і сустракаецца з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Перад паездкай у Расею Лукашэнка заявіў, што яны з Пуціным абмяркуюць далейшыя дзеяньні сумеснай групоўкі войскаў і што вярнуць вайскоўцаў Беларусі і Расеі ў месцы сталай дысьлякацыі можна за суткі, але яны будуць у Беларусі «колькі трэба».
Таксама ён паведаміў, што з Расеяй ёсьць дамоўленасьць пакінуць у Беларусі пасля вучэньняў завезеныя боепрыпасы. Апрача таго, Лукашэнка сказаў, што папросіць Расею зрабіць у Беларусі яшчэ адзін вайсковы навучальны цэнтар для асваеньня расейскіх ракет «Іскандэр», але неабходнасьці ствараць у Беларусі расейскія вайсковыя базы няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адказ будзе абсалютна асымэтрычны». Лукашэнка сустрэўся з Пуціным і абвінаваціў Захад у спробах разьвязаць вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цяпер залежыць ад кіраўніцтва Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна і Мінабароны Расеі абверглі словы Лукашэнкі наконт расейскіх войскаў у Беларусі пасьля вучэньняўПагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.