Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цяпер залежыць ад кіраўніцтва Беларусі


Аляксандар Лукашэнка адказвае на пытаньні журналістаў 17 лютага 2022
Аляксандар Лукашэнка адказвае на пытаньні журналістаў 17 лютага 2022

Выказваньні Лукашэнкі 17 лютага яскрава паказваюць ступень залежнасьці афіцыйнага Менску ад Масквы.

Сьцісла:

  • У пытаньні вываду расейскіх войскаў зь Беларусі ня ўсё залежыць ад Лукашэнкі.
  • Ствараюцца чатыры вучэбныя цэнтры, якія мала адрозьніваюцца ад вайсковых базаў.
  • Мінімізуецца самастойная пазыцыя Беларусі па пытаньні прызнаньня ДНР і ЛНР.
  • Для лукашэнкаўскай Беларусі цяпер моцна абмежаваны свабодны выбар

Цяперашняя драматычная гісторыя вакол сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў яскрава ілюструе, наколькі памяняліся расклады ў двухбаковых адносінах, наколькі моцна Беларусь страчвае самастойнасьць.

17 лютага Лукашэнка прыехаў на Асіповіцкі палігон, каб знаёміцца з ходам вучэньняў, падводзіць іх вынікі. А былі часы, калі прэзыдэнты Расеі прыяжджалі ў Беларусь, каб прыняць тут даклады ад генэралаў пра вынікі вучэньняў. Памятаеце, як Дзьмітрый Мядзьведзеў у статусе прэзыдэнта РФ падарыў малому Колю Лукашэнку залаты пісталет?

Цяпер усё па-іншаму. Лукашэнка заявіў, што едзе ў Расею, каб разам з Пуціным на расейскім палігоне правесьці інспэкцыю вучэньняў. Драбяза, але даволі знамянальная.

Але кідаюцца ў вочы і больш важныя, зьмястоўныя рэчы, якія адбываюцца вакол вучэньняў.

Яшчэ зусім нядаўна Лукашэнка цьвёрда запэўніваў, што пасьля заканчэньня вучэньняў расейскія войскі вернуцца дадому. Дарэчы, і Ўладзімер Макей дзень таму ўпэўнена казаў, што ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля манэўраў.

А вось 17 лютага Лукашэнка пра вывад расейскіх войскаў кажа па-іншаму, ня так адназначна, нават няпэўна. Маўляў, як мы з Пуціным вырашым: «Прымем рашэньне — выведзем за суткі. Прымем рашэньне месяц — будуць стаяць месяц. Столькі, колькі трэба, будуць знаходзіцца тут узброеныя сілы».

Гэты пасаж можна перакласьці з палітычнай мовы на звычайную так: як скажа Пуцін. То бок цяпер Лукашэнка ўжо не паўнавартасны гаспадар на гэтай тэрыторыі? Ня ўсё ад яго аднаго залежыць? Бяз згоды Пуціна гэтае пытаньне не вырашаецца? І самае дзіўнае, што Лукашэнка нават ня здолеў схаваць гэта, вымушаны прызнаць новую рэальнасьць. Такое прызнаньне адбываецца інстынктыўна, падсьвядома.

Акрамя таго высьвятляецца, што нават калі расейскія войскі будуць выведзеныя, боепрыпасы застаюцца на беларускай тэрыторыі.

Лукашэнка заявіў, што «няма неабходнасьці ствараць у Беларусі расейскія вайсковыя базы». Але тут жа аказваецца, што ў Беларусі ўжо створаны тры сумесныя беларуска-расейскія цэнтры. Лукашэнка кажа: «Я буду прасіць, каб быў чацьвёрты цэнтар, па „Іскандэрах“». У гэтых вучэбных цэнтрах разгорнутыя расейскія баявыя падразьдзяленьні. Чым яны адрозьніваюцца ад вайсковых базаў?

Адначасова Лукашэнка кажа, што ў нас «адзінае войска». Акрамя таго, паводле яго, «Беларусь таксама зацікаўленая ў падрыхтоўцы ў Калінінградзе або Мурманску сваіх маракоў, якія б служылі потым у сумесных частках». То бок беларусы пачнуць служыць у ВМФ Расеі?! Вельмі цікавы паварот. Ці абрадуе гэта беларусаў?

Яшчэ адзін момант. Адказваючы на пытаньне аб пазыцыі Менску ў выпадку прызнаньня Расеяй ДНР і ЛНР, Лукашэнка адказаў: «Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш і для Расеі, і для Беларусі, але гэта будзе сумеснае рашэньне». Зноў жа, у перакладзе на зразумелую мову гэтая рэпліка выглядала б так: як загадае Пуцін.

Можна ўзгадаць, што ў свой час, калі Расея патрабавала ад Менску прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, Лукашэнка адмовіўся. Апраўдваў гэта рознымі акалічнасьцямі, маўляў, Захад увядзе санкцыі, ці зможа Расея кампэнсаваць страты, і інш.

Цяпер рыторыка іншая. Самастойная пазыцыя Беларусі мінімізуецца. Цяпер будзе «сумеснае рашэньне», то бок пазыцыя Беларусі ня стане адрозьнівацца ад расейскай.

І апошняе. Было пытаньне пра пазыцыю Беларусі ў выпадку, калі пачнецца вайна на Данбасе. Лукашэнка адказаў: «Мы Расеі акажам любую падтрымку. І вайсковую, і, калі будзе трэба, эканамічную». То бок у лукашэнкаўскай Беларусі цяпер моцна абмежаваны свабодны выбар.

Той час, калі хвост круціў сабакам, застаўся ў далёкім мінулым.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG