«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая
Хто і як аднаўляў сталіцу савецкай Беларусі
У сьнежні 1943 году ў Маскве пры Саўнаркаме БССР было створана Ўпраўленьне па справах архітэктуры. 13 жніўня 1944 году выканаўца абавязкаў начальніка гэтага ўпраўленьня А. Валноў у інтэрвію газэце «Советская Белоруссия» паведаміў аб сытуацыі ў Менску:
«Подготовительные работы по планировке развернулись более двух недель назад. Сейчас до 15-ти специалистов проводят съёмку города с натуры. Эта работа необходима для создания генерального плана реконструкции города. В Минске создана архитектурно-планировочная мастерская; она будет выполнять работу по планировке городов. Из Москвы ожидается приезд бригады специалистов для опытно-показательной планировки одного из районов Минской области...»
У Масквы, аднак, былі іншыя пляны, і падобна, што А. Валноў — галоўны на той час архітэктар у БССР — пра іх нічога ня ведаў. Бо ўжо праз два дні, 15 жніўня, у Менск прыбыла не «брыгада спэцыялістаў для вопытна-паказальнай пляніроўкі аднаго з раёнаў Менскай вобласьці», але камісія Камітэту па справах архітэктуры пры СНК СССР у складзе вядомых савецкіх акадэмікаў архітэктуры М. Колі, А. Мардвінава, У. Сямёнава, А. Шчусева, члена-карэспандэнта Б. Рубаненкі, а таксама І. Лангбарда і архітэктара зь Беларусі Н. Трахтэнбэрга. І задача ў іх была зусім іншая. Акадэмікі меліся «вопытна-паказальна» сплянаваць вызваленым беларусам новую сталіцу.
Маскоўскай камісіі хапіла пары тыдняў, каб разабрацца ў сытуацыі і падрыхтаваць эскізны праект «Идея центра Минска», датаваны ўжо 27-м жніўня 1944 году.
Сярод прапановаў гэтага праекту была і прапанова захаваць трасу і значную частку забудовы вуліцы Савецкай з увагі на яе вялікую архітэктурную каштоўнасьць — лішні доказ, што вуліца ў 1944 годзе не выглядала так, як гэта цяпер паказваецца на пазьнейшых здымках. Яе забудова цалкам захавалася ад рога з Камсамольскай да Чырвонага касьцёла, прычым тая яе частка, што знаходзілася на месцы цяперашняй плошчы Незалежнасьці, не была нават спаленая і захавала дахі. Але «беларускія вучні» ня выканалі прапановы расейскіх «настаўнікаў». Прычым, як убачым далей, ня толькі адносна лёсу забудовы вуліцы Савецкай.
Падрыхтавалі расейскія акадэмікі і «Записку» да сваёй «ідэі». У гэтым дакумэнце яны, між іншага, канстатавалі, што паводле сваіх архітэктурных вартасьцяў тагачасны (разбураны!) Менск можна параўнаць з такімі гарадамі СССР, як «Вильнюс и Львов», а ў дадатку да эскізу пад назвай «Основные соображения о планировке и восстановлении города Минска», акадэмікі пісалі:
«Расположенный у западных границ СССР город Минск сочетает в себе образы русских городов с большим влиянием городов Запада; он характерен узкими, изломанными в плане улицами, застроен в центре капитальными зданиями, среди которых многие имеют значение как исторические памятники архитектуры. ...На возвышенных частях города расположены монументальные здания церквей, монастырей и городской ратуши, дающие своеобразную красоту силуэту города».
Але нягледзячы на захапленьне заходнеэўрапейскім выглядам крывых вуліц менскага Старога гораду расейскія акадэмікі не пакінулі гэтай частцы Менску ніякіх шанцаў уратавацца і быць адноўленай — яны заплянавалі на месцы Замчышча зялёную зону і Паркавую магістраль, як гэта прадугледжвалася і ў даваенным генпляне.
Будынак езуіцкага калегіюму з гадзіньнікавай вежай у тыя часы многія неабазнаныя памылкова лічылі менскай ратушай. Вельмі характэрна, што сярод неабазнаных аказаліся ня толькі маскоўскія акадэмікі, але і ўраджэнец мястэчка Бахмач на Чарнігаўшчыне, адзін з аўтараў праекту дэталёвай пляніроўкі Менску 1939 году, галоўны архітэктар генплянаў 1946 і 1951 гадоў Навум Трахтэнбэрг — адзіны прадстаўнік БССР у складзе маскоўскай камісіі. З такімі «ведамі» менскай даўніны ён з калегамі неўзабаве і прыступіў да «рэканструкцыі» гораду паводле маскоўска-акадэмічнай «Идеи центра Минска».
У кастрычніку 1944 году Н. Трахтэнбэрг, тады яшчэ начальнік аддзелу пляніроўкі Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР, выступае ў беларускім друку з артыкулам «О будущем нашей столицы». Нягледзячы на тое, што артыкул меў падзагаловак «В порядке обсуждения», ніякіх пярэчаньняў у тагачасным друку выявіць не ўдалося — толькі падтрымка. У сваім артыкуле Н. Трахтэнбэрг пісаў:
«Задачи восстановительного строительства очень сложны, так как город не только должен быть восстановлен, но должны быть исправлены все недостатки прежней планировки и застройки, созданы наилучшие условия городской жизни и благоустройства, разрешены архитектурно-планировочные задачи, связанные с историческим и общественным значениями Минска как столицы Белоруссии...
Основные недостатки городского плана сводятся к следующему: отсутствие архитектурно-выраженного общественного центра города, соответствующего значению Минска как столицы республики; обилие узких, изломанных в плане улиц, не удовлетворяющих ни архитектурным, ни транспортным требованиям... Минск не имел характерного, запоминающегося архитектурного облика».
Вынесшы прысуд «безаблічнаму» Менску і заявіўшы пра неадпаведнасьць вузкіх і крывых вуліц «архітэктурным і транспартным» патрабаваньням, Н. Трахтэнбэрг перайшоў да апісаньня эскізнага праекту будучага генпляну сталіцы. Ён пісаў пра новыя шырокія вуліцы і плошчы, пра паркі і бульвары, пра архітэктурныя ансамблі будучага Менску, і яшчэ тады, у кастрычніку 1944 году, практычна ні ў чым не памыліўся. Намаляваную ім карціну будучага Менску сёньня можна бачыць наяве.
Не «пацэліў» тады Трахтэнбэрг толькі ў цэнтральны пляц гораду — ён (разам з маскоўскімі акадэмікамі) плянаваў перабудаваць у яго Плошчу Свабоды, але пазьней узьнікла ідэя пабудовы такога пляцу насупраць гарадзкога сквэру.
Пішучы пра сыстэму трох гарадзкіх кольцаў і транспартных дублёраў, Н. Трахтэнбэрг паведаміў:
«Улицы, трактуемые планом как основные городские магистрали, расширяются... Для разгрузки Советской улицы от грузового транспорта проектируется дублирующая магистраль. Начиная от площади у железнодорожного моста, грузовое движение, направляющееся в район Комаровки, переключается на улицы Мясникова, Немигу и Торговую, которые выпрямляются и расширяются до габаритов, удовлетворяющих транспортное значение этой магистрали. Упрощается и выпрямляется уличная сеть района Немиги».
Пляны Н. Трахтэнбэрга адносна Нямігі былі выкананыя праз 28 гадоў. У сваім артыкуле ён, фактычна, пераказваў эскіз-праект «Идея центра Минска», створаны зь яго ўдзелам маскоўскімі акадэмікамі архітэктуры. А сам праект «Идея центра Минска» быў тады строга засакрэчаны і пакладзены ў спэцхран, стаўшы даступным для дасьледчыкаў толькі ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя.
Тым ня менш канцэпцыя Н. Трахтэнбэрга была амаль цалкам рэалізаваная ў генплянах Менску 1946 і 1951 гадоў. Гэтаму спрыяла становішча Трахтэнбэрга як начальніка аддзелу пляніроўкі Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР, а ад 1953 году — як кіраўніка майстэрні генпляну ў інстытуце «Белдзяржпраект». Да таго ж ад 1954 да 1976 году Н. Трахтэнбэрг рыхтаваў сабе пасьлядоўнікаў, выкладаючы на архітэктурным факультэце Беларускага палітэхнічнага інстытуту.
У 1945 годзе быў абвешчаны конкурс на архітэктурнае вырашэньне цэнтру Менску, у якім узяло ўдзел шмат архітэктараў з усіх куткоў СССР. У верасьні 1945 году Н. Трахтэнбэрг апублікаваў у часопісе «Беларусь» артыкул «Будучы Мінск», у якім пазнаёміў чытачоў з праектамі, якія выйшлі ў фінальную стадыю. Гэта праект беларускіх аўтараў Асмалоўскага, Казімірава і Савіцкага, а таксама праект Андрэева і Цігачова, праект Алтаржэўскага і праект акадэміка архітэктуры Собалева.
Тым ня менш графічныя матэрыялы да гэтых праектаў і сёньняшні выгляд Менску ў раёне Старога гораду сьведчаць, што Н. Трахтэнбэрг не скарыстаўся з прапановаў калегаў і няўхільна рэалізаваў толькі свае ідэі, выкладзеныя ў кастрычніку 1944 году. У артыкуле 1945 году Н. Трахтэнбэрг зноў назваў езуіцкі калегіюм зь вежай «ратушай» і пагардліва напісаў:
«Мінск не мае ні закончаных архітэктурных ансамбляў, ні архітэктурных традыцый...»
Пляны Н. Трахтэнбэрга на раён Плошчы Свабоды і Старога гораду былі наступныя:
«Плошча Свабоды — гістарычны цэнтар гораду, аформленая будынкам б. Ратушы і іншымі пабудовамі, зьвязваецца з новым цэнтральным ансамблем сыстэмай шырокіх, азелянёных магістраляў (Ленінская вуліца і інш.), зь ніжэйляжачымі вуліцамі (Няміга, Гандлёвая вуліца). Тут жа бярэ свой пачатак запраектаваны шырокі, прадаўжаючы вось плошчы, праспэкт, які зьвязвае цэнтар гораду з Паркам культуры і адпачынку ля штучнага возера і стадыёнам. Праспэкт забудоўваецца толькі з аднаго боку; супрацьлеглы бок, прылягаючы да ракі, вырашаецца ў выглядзе парку. Схілы ўзгорка, на якім разьмяшчаецца комплекс плошчаў цэнтру, мяркуецца не забудоўваць, азеляніць і апрацаваць спускамі, лесьвіцамі і відовымі пляцоўкамі. Такі архітэктурны прыём стварае арганічную сувязь цэнтральнага ансамбля гораду з пэйзажам, прасторам даліны Сьвіслачы, гарадзкім паркам, разьмешчаным на яе берагах, і стварае адчуваньне шырыні і прастору ў цэнтры».
Вядома, нельга ўсю віну ўскладаць на архітэктара Навума Трахтэнбэрга. Ён быў усяго толькі добрасумленным выканаўцам плянаў савецкіх уладаў яшчэ 1930-х гадоў.
Генпляны 1946 і 1951 гадоў, створаныя пад кіраўніцтвам Н. Трахтэнбэрга, мала чым адрозьніваліся — другі быў больш распрацаваным варыянтам першага, самі аўтары называлі яго новай «рэдакцыяй». Аўтары — гэта Н. Трахтэнбэрг, М. Андросаў ды іншыя спэцыялісты з інстытуту «Белдзяржпраект». Насамрэч, як мы ўжо ведаем, гэты генплян быў заснаваны на генпляне Менску 1936 году, распрацаваным у Ленінградзе спэцыялістамі Дзяржаўнага інстытуту праектаваньня гарадоў РСФСР.
Пра генплян 1946–1951 гадоў, які стаў фатальным для Старога гораду і наогул для гістарычнага цэнтру нашай сталіцы, у «Гісторыі Менску» сьціпла напісалі наступнае:
«Паводле яго прадугледжвалася стварэньне новага аблічча горада пры захаваньні толькі самых ацалелых будынкаў (да адной пятай даваеннай забудовы)...»
А менчукі ў канцы 40-х гадоў пра гэта гаварылі проста: «Вырашылі ўсё зьнесьці і пабудаваць новы горад». Гэтую фразу я ня раз чуў ад сваякоў, а пазьней і ад старажылаў, зь якімі гутарыў, рыхтуючы гэтую кнігу.
Яшчэ ў 1944 годзе, хутка пасьля вызваленьня Менску, жыхары Старога гораду зразумелі, што ім давядзецца перабірацца ў іншыя месцы. І тыя, хто жыў у захаваных дамах, і тыя, хто спадзяваўся адрамантаваць сваё пашкоджанае пажарамі і бомбамі жытло, былі горка расчараваныя пастановай гарадзкіх уладаў. Управа галоўнага архітэктара Менску, якая тады месьцілася ў двары дома на вуліцы Рэвалюцыйнай, 1, прыняла «Временные правила по планировке и застройке гор. Минска»:
«На здания и сооружения, подлежащие сносу в связи с генеральным планом восстановления города, закрепление земельных участков не производится, а выдается лишь документ на время их использования в соответствии с очередностью застройки города... Запрещается самовольное какое то ни было новое строительство, восстановление зданий и использование коробок разрушенных и сгоревших сооружений (вылучэньне ўсюды — маё, С. А.) без разрешения Управления Главного Архитектора города Минска».
Натуральна, што ў тых раёнах, дзе паводле генпляну павінна было весьціся новае будаўніцтва і якія падпадалі пад знос, дазволаў на аднаўленьне будынкаў Управа галоўнага архітэктара не давала.
У сьнежні 1944 году была прынятая пастанова СНК БССР аб аднаўленьні Менску. У дадатку № 1 да гэтага дакумэнту пад назвай «Основные положения восстановления столицы Белорусской ССР г. Минска» гаварылася:
«Запроектировать прямую магистраль, соединяющую площадь Свободы с районом озера с таким расчетом, чтобы первая очередь строительства от площади Свободы до Колхозной улицы могла быть осуществлена в 1945 году».
Вось чаму сьпяшаліся спэцыялісты «Трэсту разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў». Стары горад ня меў шанцаў. І хоць саму Паркавую магістраль пабудавалі ўрэшце значна пазьней, але месца для яе, ужо часткова расчышчанае падчас акупацыі, канчаткова «ачысьцілі» своечасова.
Таму адказ на пытаньне «Што рабілася ў Менску пасьля вызваленьня?» можа гучаць зусім коратка: стары Менск зносілі і называлі знос «аднаўленьнем» сталіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як стары цэнтар лёг пад шырокую трасу на Маскву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: сапёрныя выбухі і «аднаўленьне» «нашего родного Минска» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: чэрвень 1944 году — савецкія бомбы над Менскам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як і хто зносіў Стары горад у акупацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: адкуль руіны на Замчышчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як немцы гаспадарылі ў сталіцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: маштабы разбурэньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: пажары і падпалы першых дзён вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: трагедыя 24 чэрвеня 1941 году і працэнты прапаганды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай