«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая
Трэст разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў
Ужо празь некалькі тыдняў пасьля вызваленьня быў створаны «Трэст разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» і яго раённыя канторы.
Спэцыялісты трэсту курыравалі ўсю працу, зьвязаную са здабыцьцём будаўнічага матэрыялу на «аднаўленьне» Менску. Яны забясьпечвалі «разборшчыкаў» адпаведным начыньнем, вызначалі месцы працы, аб’ёмы заданьняў і нормы выпрацоўкі, а таксама разьмеркаваньне здабытага будматэрыялу. Трэст нават арганізоўваў нешта накшталт «курсаў падвышэньня кваліфікацыі» — удзельнікі «аднаўленьня» маглі авалодаць нескладанымі будаўнічымі прафэсіямі. Былі прыдуманыя спэцыяльныя тэхналёгіі для ачышчэньня цэглы ад рошчыны з выкарыстаньнем саматужных прыладаў і аднаўленьня іншага будаўнічага матэрыялу.
Паколькі сродкаў на аднаўленьне цагельняў і стварэньне новых будаўнічых камбінатаў у ваенных умовах не хапала, трэст стаў па першым часе асноўным пастаўшчыком будаўнічых матэрыялаў. І яго праца, натуральна, выклікала незадавальненьне высокага партыйнага начальства — патрэбныя былі новыя адміністрацыйныя будынкі і кватэры на Савецкай вуліцы. Пленум ЦК КП(б)Б у ліпені 1945 году прыняў пастанову «О ходе строительно-восстановительных работ в Белорусской ССР». Адзін з пунктаў пастановы гучаў так:
«Предложить Наркомгражданжилстрою, обкомам и горкомам КП(б)Б, облисполкомам и горисполкомам улучшить работу областных и городских стройтрестов по разборке разрушенных зданий и сооружений в городах и восстановлению строительных материалов. Создать при трестах мастерские по восстановлению стройматериалов и склады готовой продукции».
За некалькі месяцаў да заканчэньня вайны, у студзені 1945 году, у Дзяржаўным выдавецтве БССР у Менску выйшла брашура Л. Бірукова і А. Ісаевіча «Памятка участнику восстановления города Минска. Разборка разрушенных зданий и восстановление стройматериалов». У якасьці ўстановаў, пад патранажам якіх ажыцьцёўлена выданьне, фігуравалі Наркамат жыльлёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР і Менскі трэст разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў.
У прадмове аўтары сфармулявалі крытэрыі, паводле якіх павінны разьбірацца разбураныя будынкі:
«Разборке подлежат: 1. Здания, совершенно разрушенные прямым попаданием бомб или в результате пожара. 2. Здания с выгоревшими перекрытиями, перегородками и кровлей, стены и простенки которых имеют крупные трещины по всей высоте, кладка стен выветрилась и неспособна воспринимать нагрузку. 3. Разрушенные отдельные части здания, которое в целом пригодно к восстановлению».
Аднак з далейшага тэксту вынікала, што аўтары дапускалі і разборку зусім захаваных будынкаў:
«При разборке... зданий способом валки должны соблюдаться следующие правила: а) Предварительно, идя сверху вниз, производится разборка кровли, перегородок, перекрытий и других элементов здания с соблюдением правил разборки. Территория возможного падения массива должна быть очищена от мусора, материалов и т. п. б) Допускается просечка перемычек и подготовка отдельных массивов к валке путём их подрубки...»
Падрабязнае азнаямленьне з тэкстам брашуры дазваляе зрабіць выснову, што галоўным клопатам і аўтараў, і арганізатараў выданьня было менавіта здабыцьцё будаўнічага матэрыялу на новае будаўніцтва ў Менску:
«При разборке зданий необходимо принимать меры для максимального сохранения в годном виде материалов и отдельных конструктивных частей зданий, как-то: деревянных и металлических балок, пиломатериалов, оконных переплётов, дверных полотен, труб и сантехприборов, электропроводки и т. п. Одновременно должны быть приняты меры к извлечению сохранившегося оборудования и инвентаря».
А далей — як правільна складаць дошкі, як абавязкова перад складаваньнем зь іх трэба выдзіраць цьвікі, як лепш складаць цэглу ў штабялі, як яе ачышчаць ад рошчыны і г. д.:
«Доставленный к месту складирования материал должен быть рассортирован и уложен в установленном порядке. Металлические балки, арматура, а также лесоматериалы после рассортировки укладываются в штабеля на выровненных площадках по деревянным подкладкам».
Асаблівая ўвага надавалася транспартыроўцы. І асабліва ўражваюць яе спосабы. Мэханізацыі не прадугледжвалася практычна ніякай. Згаладнелыя і зьнясіленыя ў часы акупацыі, часта хворыя жанчыны і дзеці павінны былі ўсё гэта цягаць на сабе пад страхам пазбаўленьня харчовых картак:
«Очищенный камень носилками или на тачках транспортируется к месту укладки в штабеля... Бутовый камень сбрасывается в подвал, откуда транспортируется... носилками... Сыпучий материал: песок, щебень, строймусор транспортируется лучше всего на тачках или вручную в ящиках-окорёнках (носилках), желательно с наплечниками. Транспортировка кирпича производится тачками, носилками или „козами“. Транспортировку мелкого металла и кирпича удобно производить на двуколках, имеющихся в значительном количестве у населения».
Менчукі памятаюць, як спэцыялісты Трэсту хадзілі па старых кварталах гораду, прыглядаліся ня толькі да руінаў, але і да добра захаваных або троху пашкоджаных пажарам дамоў (напрыклад, на вуліцах Камсамольскай або Інтэрнацыянальнай), як аббівалі тынкоўку, ацэньваючы якасьць цэглы і перакрыцьцяў, і калі яна іх задавальняла, то амаль цэлы дом «разьбіралі». Людзі навокал страшэнна пакутавалі ад недахопу жытла і тым ня менш маўчалі — ня той быў час.
А ў новапабудаваныя дамы на вуліцы Савецкай і яе навакольлях засялялі партыйных і савецкіх чыноўнікаў, афіцэраў МГБ, вайскоўцаў і іншых прадстаўнікоў савецкай эліты. Шараговыя менчукі стаялі ў чэргах на атрыманьне жытла да паловы 60-х гадоў.
Напярэдадні вайны на аднаго жыхара гораду прыпадала 4,5 квадратныя мэтры жылой плошчы, а ў 1951 годзе, нягледзячы на нібыта гераічныя высілкі ў аднаўленьні жытла, на аднаго менчука прыпадалі толькі 3,5 квадратныя мэтры. На практыцы, з улікам рознага рангу гарадзкіх жыхароў і іх прывілеяў, гэта азначала, што нехта жыў на адноўленай Савецкай вуліцы камфортна і прасторна, а нехта зь сям’ёй з 4–5 чалавек туліўся на 4–6 квадратных мэтрах гарышча ці падвалу.
Актыўнымі памочнікамі «Трэсту разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» былі члены і старшыні вулічных камітэтаў, якія былі створаныя ўжо праз два-тры дні (!) пасьля вызваленьня. Такая хуткасьць не пакідае сумненьня, што гэта была заплянаваная і добра прадуманая яшчэ да вызваленьня гораду стратэгія. Яшчэ не было вядома, колькі і чаго ў Менску разбурана, яшчэ ішлі налёты на «чыгуначныя вузлы» і «аэрадромы» праціўніка, а савецкія ўлады ўжо добра ведалі, як яны будуць аднаўляць сталіцу БССР.
У абавязкі вулічных камітэтаў, якіх у Менску было больш за 100, уваходзіла і арганізацыя выхаду жыхароў пэўнага кварталу на прымусовыя працы, і агітацыя ў гэтым самым квартале. Таму дырэктывы аб «узмацненьні» і «падвышэньні» прыходзілі ня толькі ў райкамы і выканкамы, але і ў вулічныя камітэты.
Той самы намесьнік наркама жыльлёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР В. Каменскі рапартаваў, што паводле стану на 15 лістапада,
«разобрано, очищено и уложено в штабеля свыше 4 миллионов штук кирпича, заготовлено 2230 кубометров щебня, 4972 тоны разного металла и другие материалы».
1 красавіка «Советская Белоруссия» паведаміла, што з кастрычніка 1944-га па сакавік 1945-га на «восстановлении» Менску адпрацавана 800 000 «человеко-часов» і сабрана больш за 6 мільёнаў цаглінаў. Пасьля былі наступныя рубяжы — 8 мільёнаў штук цэглы, 10 мільёнаў...
Вось як зносы старых будынкаў у першыя месяцы пасьля вызваленьня гораду апісаў іх сьведка — менскі пісьменьнік Аляксандар Станюта:
«Здесь, в центре города, вернее того, что от него осталось, взрывали и сносили полуразрушенные здания. Лучшего зрелища нельзя было придумать. Солдаты с красными флажками оцепляли пустырь вокруг и пересвистывались милицейскими свистками. Мальчишки из ближайших улиц, все прохожие рассаживались на камнях, на грудах кирпичей. Все ждали — долго, терпеливо.
И вот тяжелая каменная глыба глухо бухала нутром, окутывалась пылью, дымом, вздрагивала, оседала и рассыпалась в прах.
Долго не уходило огромное облако на месте взрыва. Долго не удавалось увидеть груды камней там, где только что стояли толстенные стены. Все смотрели как завороженные, как смотрят на огонь, пожар. Все молчали и не спешили расходиться. Не спешили мальчишки и женщины, немецкие военнопленные в своей оборванной и выцветшей, когда-то армейской одежде. Не спешили военные, направлявшиеся перед этим к Дому Красной Армии...»
Аляксандар Станюта ў часе, які ён апісвае, жыў у будынку езуіцкага калегіюму на Плошчы Свабоды і, адпаведна, бачыў тое, што адбывалася ў яго навакольлі. У гэтай цытаце словы «толстенные стены» недвухсэнсоўна сьведчаць, што выбухамі зьнішчаліся старадаўнія будынкі XVII—ХІХ стагодзьдзяў, бо ў ХХ стагодзьдзі сьцены будаваліся ўжо вузейшыя, дый не было, фактычна, у старым цэнтры Менску камяніцаў новых.
Асаблівым дзікунствам уладаў БССР трэба прызнаць знос практычна цалкам захаванай самай старой мураванай вуліцы Менску — Дзям’яна Беднага (Казьмадзям’янаўскай), і захаванай паловы дамоў паміж Дзям’яна Беднага і Вольнай — самага старога мураванага кварталу Менску, які існаваў у горадзе з XVII стагодзьдзя.
Вуліца Дзям’яна Беднага цудоўным чынам перажыла вайну, страціўшы вонкавыя фасады толькі 3–4 будынкаў, пра што пераканаўча сьведчаць нямецкія аэрафотаздымкі 8 і 22 ліпеня 1944 году. Спаленыя дахі на гэтай вуліцы можна было лёгка аднавіць, як гэта было зроблена на многіх іншых спаленых у вайну будынках, што захаваліся да нашага часу, напрыклад, на вуліцах Урыцкага, Валадарскага і шмат дзе яшчэ.
На правым баку ў ніжняй частцы вуліцы Дзям’яна Беднага вайну перажыла камяніца XVII—XVIIІ стагодзьдзяў, якая некалі належала менскаму бурмістру Мацею Бальцаровічу, у верхняй частцы вуліцы зьлева ў перабудаваным выглядзе захаваўся будынак, дзе з XVII стагодзьдзя былі аптэка і пошта. Ва ўнутранай частцы кварталу паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Вольнай яшчэ захоўваліся значныя фрагмэнты камяніц Валадковічаў.
Масавыя разборкі і зносы працягваліся да 1947 году, выбарачныя — і ў наступныя гады. Былі разабраныя асобныя дамы і цэлыя кварталы з франтальнай і ўнутрыквартальнай забудовай на вуліцах Валадарскага, Інтэрнацыянальнай, Калініна, Камсамольскай, Камуністычнай, Леніна, Астроўскага, Рэвалюцыйнай, Рэспубліканскай, Урыцкага, Энгельса і іншых.
Мэце хутчэйшага разьмяшчэньня партыйна-савецкай намэнклятуры і камуністычнай карнай машыны ў новых будынках былі прынесеныя ў ахвяру дзясяткі помнікаў грамадзянскай і культавай архітэктуры Менску, напрыклад, добра захаваны першы мураваны паверх Гродзкага суду XVII—XVIІІ стагодзьдзяў на Замчышчы (беларускія навукоўцы 1920-х гадоў лічылі, што менавіта ў гэтым будынку ў 1862 годзе знаходзілася друкарня Кастуся Каліноўскага), мураваныя фрагмэнты Мясных радоў Нізкага рынку, езуіцкі калегіюм зь вежай на Плошчы Свабоды, самы вялікі храм гораду — дамініканскі касьцёл сьвятога Тамаша Аквінскага XVII стагодзьдзя з кляштарам на вуліцы Энгельса, Францішканскі кляштар XVII стагодзьдзя на рагу вуліц Камуністычнай і Леніна, палац Сапегаў (XVII стагодзьдзе) на Акцябрскай, палац Чапскіх (ХІХ стагодзьдзе) на Савецкай, камяніцы Катніцкага і Жыжэмскага XVIIІ стагодзьдзя на паўднёва-ўсходнім баку Плошчы Свабоды пры яе стыку з вуліцай Энгельса і многія іншыя каштоўныя будынкі, якія захаваліся да ХХ стагодзьдзя ў перабудаваным выглядзе і маглі быць адноўленыя ў наш час.
Першымі справілі ўлазіны супрацоўнікі беларускага МГБ — дом, дзе КГБ месьціцца і сёньня, стаў першым пабудаваным гмахам на новай Савецкай вуліцы. Гэта адбылося ў 1947 годзе. Ніхто сёньня не падлічыць, колькі пры муроўцы яго сьцен было выкарыстана цэглы XVII або XVIII стагодзьдзяў. У пэўным сэнсе — гэта таксама помнік менскай даўніны.
Зрэшты, значным помнікам даўніны трэба лічыць усю галоўную вуліцу беларускай сталіцы.
Па-першае, і іншыя будынкі на ёй узьведзеныя з выкарыстаньнем будаўнічага матэрыялу з разабраных старых дамоў. На кінахроніцы 1950-х гадоў добра відаць, што муляры кладуць сьцены, напрыклад, дому №23 на сёньняшнім праспэкце Незалежнасьці (з унівэрсамам «Цэнтральны»), выкарыстоўваючы менавіта старую цэглу, якая складзена на паверхах у акуратныя штабэлі.
Па-другое, сёньняшнія менчукі не маглі не заўважыць якасьць асфальтавага пакрыцьця праспэкту Незалежнасьці, якое амаль ніколі не псуецца. Абазнаныя ў будаўніцтве дарог людзі ведаюць, што гэта тлумачыцца добрай «падушкай». І гэта праўда. Пры рэканструкцыі вуліцы Савецкай пад палатно будучага праспэкту быў выкапаны даволі глыбокі катлаван, і ў яго засыпалі тысячы тон будаўнічага друзу, які застаўся пасьля працаў, арганізаваных сапёрамі і «Трэстам разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» у старой частцы гораду.
Сымбалічна і містычна старажытны Менск лёг пад шырокую і якасную дарогу на Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: сапёрныя выбухі і «аднаўленьне» «нашего родного Минска» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: чэрвень 1944 году — савецкія бомбы над Менскам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як і хто зносіў Стары горад у акупацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: адкуль руіны на Замчышчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як немцы гаспадарылі ў сталіцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: маштабы разбурэньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: пажары і падпалы першых дзён вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: трагедыя 24 чэрвеня 1941 году і працэнты прапаганды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай