Вуліцы 17 верасьня дагэтуль можна сустрэць шмат у якіх гарадах і мястэчках на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне. Свае назвы яны атрымалі альбо ў 1939–41, альбо ў першыя пасьляваенныя гады. Была такая вуліца і ў маім мястэчку ў Шчучынскім раёне. Праўда, на пачатку 90-х гадоў неяк неўпрыкмет зьнікла: стала ці то Касьцельнай, ці то Гродзенскай.
У 70–80-я гады ўжо мала хто памятаў, чым была адметная гэтая дата — 17 верасьня. Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся, і афіцыйная прапаганда на яго зьвяртала мала ўвагі. Пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў, ні тым больш парадаў у гэтыя дні не праводзілася. Чаму тады было так і чаму цяпер усё зьмянілася?
Афіцыйна гэта не афішавалася, але было відавочна: пасьля таго як Польшча стала сацыялістычнай і далучылася да савецкага блёку, разьдзьмухваць старыя вуглі антыпольскай прапаганды Маскве было няёмка. Тым больш што гістарычным падмуркам для 17 верасьня быў сумнавядомы пакт Молатава — Рыбэнтропа, сакрэтныя пратаколы да якога з плянамі падзелу паміж Гітлерам і Сталіным краінаў Усходняй Эўропы ў Крамлі старанна хавалі ажно да 1989 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якім быць дню народнага адзінстваІншая відавочная прычына: пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у рэспубліцы рэзка павялічылася колькасьць этнічных палякаў — адзін час іх тут налічвалася больш як паўмільёна. На гэтым тле сьвяткаваць падзею, якая мае яўна антыпольскую накіраванасьць, савецкія ідэолягі лічылі недарэчным.
І вось у 2021 годзе дзень 17 верасьня прадпісана лічыць дзяржаўным сьвятам, «актам гістарычнай справядлівасьці ў адносінах да беларускага народу, разьдзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе паводле ўмоў Рыскай мірнай дамовы». Што было недарэчным пры Хрушчову і Брэжневу, стала дарэчным пры Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Chatham House: толькі 18 адсоткаў беларусаў ведаюць, чым адметная дата 17 верасьняЧаканьні і расчараваньні верасьня 1939-га
У гэтыя дні афіцыйная беларуская прапаганда часта паказвае кінахроніку савецкага часу — як насельніцтва Заходняй Беларусі сустракае Чырвоную армію кветкамі і прывітальнымі брамамі. Гэта далёка не заўсёды былі пастановачныя кадры. Я ня раз гутарыў на гэтую тэму са сваімі землякамі — відавочцамі і сьведкамі тых падзей. У многіх зь іх і радасьць, і спадзяваньні ў верасьні 1939-га былі зусім шчырыя.
Мой дзед Уладзіслаў у 30-я гады меў ужо ўласны лямпавы радыёпрымач. І часта, зь вялізнай цікавасьцю, слухаў радыё зь Менску. Магу ўявіць, пра што там тады расказвалі: пра заможнае і шчасьлівае жыцьцё ў калгасах, пра ўсеагульную роўнасьць і дабрабыт, пра трыюмф сацыяльнай справядлівасьці. Людзям у заходнебеларускіх вёсках, якія гэта слухалі, цяжка было дапусьціць думку, што пачутае — на 90 працэнтаў хлусьня і прапаганда. У Польшчы былі іншыя стандарты журналістыкі, іншыя газэты і радыё.
Ня ведаю, наколькі шырока тады разышлася сярод людзей кніга Францішка Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ» — пранізьлівая споведзь даверлівага беларуса, які, паверыўшы савецкай прапагандзе, зьехаў з Польшчы ў БССР і амаль адразу ж трапіў у сталінскі ГУЛАГ. Наўрад ці яе масава чыталі і верылі ў напісанае.
Жыцьцё ў заходнебеларускай вёсцы для сярэднестатыстычнага селяніна не было надта заможным. Так, голаду не было, але не было і вялікага дастатку. Людзі, праўда, пакрысе разжываліся, шмат у каго зьяўляліся і ровары, і радыёпрымачы, і ўласныя малацілкі, кузьні, млыны. Але было і шмат беднасьці, асабліва сярод малазямельных. Чуючы радыёказкі з усходняй Беларусі, многія ў іх хацелі верыць і верылі.
Ацьверазеньне прыйшло потым, калі «вызваліцелі» пачалі ўсталёўваць новы парадак, калі на Ўсход пацягнуліся першыя эшалёны з арыштаванымі і сасланымі, калі ўчарашнія аднаасобнікі, аб’яднаныя ў калгасы, атрымалі «за працадні» свае першыя заробкі.
«Няхай жыве сьвята 11 ліпеня!»
Дзяржаўныя сьвяты, якія грунтуюцца на палітычнай каньюнктуры, часта жывуць ня надта доўга. І рэдка перажываюць тыя палітычныя рэжымы, якія іх паклікалі да жыцьця.
Цяпер ужо мала хто памятае, але галоўным дзяржаўным сьвятам у міжваеннай БССР быў дзень 11 ліпеня — як тады пісалі, «гадавіна вызваленьня Беларусі ад белапалякаў». «Няхай жыве сьвята 11 ліпеня!» — такі плякат у 20–30-я гады ў Менску можна было на пачатку лета ўбачыць на кожным кроку. Хоць насамрэч сьвяткаваць асабліва не было чаго: тыя «белапалякі», якіх выгналі зь Менску 11 ліпеня 1920 году, усяго праз паўтара месяца пасьля адступленьня вярнуліся, і нават яшчэ раз захапілі Менск. Але потым адышлі да Ракава — толькі таму, што апасаліся забіраць надта вялікія тэрыторыі на ўсходзе (хоць расейскія бальшавікі, якія прайгралі савецка-польскую вайну, ім тое і прапаноўвалі).
Тым ня менш дзень 11 ліпеня ў тагачаснай БССР сьвяткаваўся максымальна пампэзна — з парадамі і дэманстрацыямі, працоўнымі падарункамі і ўрачыстымі мітынгамі. Антыпольская прапаганда ўсяляк заахвочвалася і падтрымлівалася. Подых яе дагэтуль можна адчуць, чытаючы літаратурныя творы таго часу — напрыклад, «Дрыгву» Якуба Коласа ці «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Усё гэта было цалкам у рэчышчы тагачаснай савецкай зьнешняй палітыкі зь яе заўважным антыпольскім складнікам. Верасень 1939-га стаў апагеем антыпольскай кампаніі. У савецкіх газэтах у верасьні 1939-га друкаваліся такія, напрыклад, узьнёслыя вершыкі:
«Польши нету больше,
Нету ведьмы злой...»
На што ўжо неаспрэчным і непарушным здавалася для людзей майго пакаленьня сьвята 7 лістапада. Галоўнае дзяржаўнае сьвята ў СССР, якое пасьля вайны ўвайшло ў календары сьвяточных датаў паўтара дзясятка краінаў «сацыялістычнага лягера».
Грандыёзныя парады і ўрачыстыя маршы ад Берасьця да Курылаў. Два выходныя дні з прымеркаванымі да іх прэміямі і сьвяточнымі харчовымі «заказамі» для працоўнага люду — каб маглі закусіць ня толькі «кількай у тамаце», але і сэрвэлятам, і зялёным гарошкам Globus. І што з тым «чырвоным днём календара» сёньня?
Цяпер яго не сьвяткуюць нават у Расеі — на радзіме рэвалюцыі і ейнага правадыра. Лукашэнкава Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая спрабуе ўратаваць імя «Вялікага Кастрычніка», але і тут гэта атрымліваецца з кожным годам усё больш абсурдна і недарэчна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры Ярузэльскім не было і чвэрці таго тэрору, які цяпер у Беларусі», – былы польскі дыплямат у МенскуІ вось Польшча зноў становіцца ледзь не галоўным вонкавым ворагам. І тое, што ўказам Лукашэнкі ад 7 чэрвеня так званы «Дзень народнага адзінства» загадана адзначаць менавіта 17 верасьня — зусім не выпадкова. (Дарэчы, Дзень народнага адзінства ў Расеі, які там з 2005 году адзначаюць 4 лістапада, таксама мае антыпольскія карані).
На палітычнай мапе сьвету больш няма марыянэтачнай, падуладнай Маскве ПНР, а войскі НАТО стаяць за некалькі кілямэтраў ад Горадні і Берасьця. Старыя страхі і прымхі зноў выпаўзьлі на белы сьвет. Саромецца і бянтэжыцца больш няма чаго. Праўда, у Беларусі па-ранейшаму значную частку насельніцтва — каля 300 тысяч чалавек — складаюць этнічныя палякі. Але цяпер афіцыйныя ўлады на гэтыя абмежавальнікі і перасьцярогі не зьвяртаюць ніякай увагі. Гісторыя нібы вяртаецца на пэўны свой ранейшы віток, задаючы новым пакаленьням урокі, так і не засвоеныя іхнымі бацькамі і дзядамі.
Беларуская ўлада адзначае сьвята, якое народжана антыпольскай палітыкай. І якое, відавочна, зьнікне альбо вернецца да свайго ранейшага фармату гістарычнай даты, як толькі гэтая палітыка зьменіцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвяткуючы 17 верасьня, перш за ўсё ўлада хоча паказаць дулю суседзям, палякам, — Пашкевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьмянялася плошча беларускай дзяржавы за апошнія 100 год. ІНФАГРАФІКА