Брытанскі цэнтр Chatham House правёў у Беларусі сацыялягічнае дасьледаваньне стаўленьня беларусаў да даты 17 верасьня, якое ўлады абвясьцілі новым дзяржаўным сьвятам — «Днём народнага адзінства».
Прадстаўнік цэнтру Рыгор Астапеня апублікаваў вынікі дасьледаваньня.
- Агулам 61% апытаных (у цэлым згодныя і хутчэй згодныя) падтрымалі думку, што тады пачалося аб’яданьне беларускіх зямель.
- 54% апытаных падтрымалі думку, што падзеі 17 верасьня 1939 году адбыліся ў выніку дамоўленасьцяў паміж СССР і гітлераўскай Нямеччынай.
- 41% апытаных падтрымалі думку, што 17 верасьня пачалося вызваленьне Заходняй Беларусі ад польскай акупацыі.
- 37 адсоткаў — што тады пачаўся гвалтоўны захоп гэтай тэрыторыі Савецкім Саюзам.
«Але калі мы рабілі сацыялягічнае дасьледаваньне, то даведаліся, што толькі 18% беларусаў ведаюць гэтую дату (таму гаварыць асабліва няма пра што). У заходніх абласьцях дату ведае кожны трэці, ва ўсходніх — кожны дзясяты.
Вядома, калі 17-га верасьня як афіцыйнае сьвята пару гадоў пражыве, то лічба пазнаваньня палепшыцца, але наўрад ці значна.
Што горш, дык гэта тое, што беларускае стаўленьне да гэтай даты можа сфармавацца праз стаўленьне да Лукашэнкі. Зноў давядзецца пасьля яго ўсё перапрацоўваць», — мяркуе Рыгор Астапеня.
Што такое «Дзень народнага адзінства»
Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».
Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».
У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».