Ад Дзьвіны да Сэны: 10 фактаў пра беларуска-францускія адносіны

Напярэдадні візыту ў Францыю Сьвятланы Ціханоўскай нагадаем 10 фактаў пра адносіны Беларусі і Францыі ў палітыцы, эканоміцы і культуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская адправілася зь візытам у Францыю

1996

1. 11–13 ліпеня 1996 году адбыўся афіцыйны візыт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Францыю, у Парыжы ён сустрэўся з францускім прэзыдэнтам Жакам Шыракам. Гэта быў адзіны візыт Лукашэнкі ў Францыю.

2015

2. 11-12 лютага 2015 году адбыўся візыт прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда ў Беларусь для ўдзелу ў перамовах для ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. У перамовах таксама ўдзельнічалі канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. У выніку перамоваў падпісаныя Менскія пагадненьні.

Франсуа Алянд, Ангэла Мэркель і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 12 лютага 2015

2018

3. У 2018 годзе прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон запрасіў Лукашэнку на Форум міру — адзначэньне сотай гадавіны замірэньня ў Першую сусьветную вайну. Кіраўнік Беларусі атрымаў запрашэньне як лідэр краіны, тэрыторыя якой ад 1915 году апынулася ў эпіцэнтры супрацьстаяньня Германскай і Расейскай імпэрыяў. Аднак Лукашэнка на запрашэньне ў Парыж не паехаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыю запрасілі лідэраў 80 краінаў, у тым ліку Лукашэнку

2020

4. 26 верасьня 2020 году прэзыдэнт Францыі Макрон у інтэрвію выданьню Le Journal du Dimanche заклікаў Лукашэнку добраахвотна пакінуць пасаду. Заява была зробленая напярэдадні заплянаванай сустрэчы францускага лідэра з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.

27 верасьня Лукашэнка адказаў на прапанову Макрона: «Як спрактыкаваны палітык нясталаму хачу параіць спадару Макрону менш глядзець па баках і замест гэтага заняцца нарэшце ўнутранымі справамі Францыі. Хаця б пачаць вырашаць праблемы, якіх у краіне набралася нямала», — працытавала яна словы Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка параіў «нясьпеламу» Макрону заняцца ўнутранымі справамі Францыі

«І, нарэшце, як чалавек хачу адзначыць, што, як здаецца нам тут, у Беларусі, Эманюэль Макрон занадта шмат увагі аддае аднаму з экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. З улікам таго, што гэты экс-кандыдат — дама, францускі лідэр рызыкуе да ўнутраных праблемаў Францыі атрымаць яшчэ і асабістыя — у сябе дома», — заявіў Лукашэнка.

5. 29 верасьня 2020 году ў Вільні адбылася сустрэча Макрона зь Ціханоўскай. Падчас сустрэчы францускі лідэр выказаў спадзяваньне на тое, што, дзякуючы ўключэньню ў працэс АБСЭ, удасца завязаць дыялёг паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй. Падчас сустрэчы Макрон запрасіў Ціханоўскую выступіць перад парлямэнтам Францыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі разьлічвае на дапамогу АБСЭ ў дыялёгу для ўрэгуляваньня ў Беларусі і запрасіў Ціханоўскую ў Парыж

Тады ж, выступаючы ў Віленскім унівэрсытэце, Макрон заявіў, што Францыя, Нямеччына і Эўразьвяз імкнуцца падштурхнуць беларускія ўлады да згоды на пасярэдніцтва АБСЭ.

«Мы гаварылі пра гэта з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Цяпер наша мэта палягае ў тым, каб такое пасярэдніцтва адбылося ў найбліжэйшыя дні або тыдні» — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі Макрон выказаўся ў Вільні пра мірны пераход улады ў Беларусі

«З гэтай мэтай мы, з аднаго боку, маем намер праводзіць палітыку ціску на Менск з дапамогай санкцый. А з другога — весьці дыялёг з Расеяй, таму што мы ня зможам дамагчыся тут вынікаў без удзелу прэзыдэнта Пуціна на гэтым этапе», — патлумачыў Макрон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон хоча, каб беларуская апазыцыя далучылася да саміту G7

6. Францыя была адзінай краінай Эўразьвязу, якая пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году накіравала ў Беларусь новага амбасадара. Новы амбасадар Нікаля дэ Лякост уручыў копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі Ўладзімеру Макею 8 сьнежня 2020 году.

Крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі тады паведамілі, што ўручэньне копіяў даверчых граматаў новым амбасадарам Францыі міністру Макею не было ўзгодненае зь іншымі дзяржавамі – сябрамі Эўразьвязу.

2021

7. У траўні 2021 году прэзыдэнт Макрон заявіў, што хацеў бы запрасіць беларускую апазыцыю на чарговы саміт «вялікай сямёркі» ў Корнуоле ў чэрвені, калі Вялікая Брытанія пагодзіцца. Але беларускую апазыцыю на саміт не запрасілі.

У траўні 2021 году Аляксандар Лукашэнка прыняў даверчыя граматы 6 амбасадараў. Сярод іх амбасадара дэ Лякоста не было, на час цырымоніі ён пакінуў Беларусь з прычын асабістага характару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік ЭЗ пра даверчыя граматы амбасадара Францыі ў Менску: «Крок не ідэальны, але чаканы»

8. Таваразварот паміж Беларусьсю і Францыяй параўнальна невялікі, у 2020 годзе ён склаў 423 мільёны даляраў. У апошнія гады экпарт Беларусі ў Францыю павялічваўся — з 66,5 мільёна даляраў у 2016 годзе да 119 мільёнаў даляраў у 2020 годзе. Пікам імпарту з Францыі ў Беларусь быў 2013 год, калі ён склаў амаль паўмільярды даляраў, летась францускі імпарт складаў 304 мільёны даляраў.

9. У Беларусі зарэгістраваныя 44 фірмы з францускім капіталам. Найбуйнейшымі кампаніямі, якія працуюць у Беларусі, зьяўляюцца Renault, Danone, Sanofi, Lactalis, Yves Rocher, Paul.

10. Зоркі францускага жывапісу ХХ стагодзьдзя Хаім Суцін і Марк Шагал — ураджэнцы Беларусі.

Падчас леташняй прэзыдэнцкай кампаніі нечаканымі ахвярамі сталі карціны гэтых мастакоў. Пасьля ператрусаў у «Белгазпрамбанку», які раней узначальваў Віктар Бабарыка, да крымінальнай справы аб адмываньні грошай і нявыплаце падаткаў былі далучаныя 150 палотнаў, у тым ліку «Ева» Суціна, а таксама «Гадзіньнік на палаючым небе» і «Зялёны пэйзаж» Шагала. Сьледзтва тады заявіла, што карціны «рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта рэйдэрскі захоп». Дзе цяпер мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» з карцінамі Шагала і Суціна